плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.

2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рамантава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Праводзіць рамонт ​1. Рамантаваць кватэру. □ Крутаплечы, з пудовымі кулакамі, каваль Кастусь Махнач з ранку да вечара рамантаваў са сваімі памочнікамі плугі, вароны, перацягваў колы, акоўваў перадкі. Курто. Зранку пасля паверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас.

рамантава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Спец.

1. Папаўняць табун або стада маладняком.

2. Ліквідаваць разрэджанасць пасеваў, прысад падсадкай новых раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць парай, варам для ачысткі, размякчэння і пад. Распарыць зерне. □ [Валодзя] выразаў кавалак дубовай кары і распарыў яго. Федасеенка. З грабу высек палазы Ды загнуў, як рожкі, Ды распарыў ён вязы, Выгабляваў дошкі. Бялевіч.

2. Моцна прагрэць, мыючы ў лазні з парай. Распарыць цела. // Разм. Разагрэць да поту; разгарачыць. Чарка гэта была не першая.. Капейка, відаць, і сам палічыў, што ўжо даволі распарыў мужыка. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стажыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Праходжанне выпрабавальнага тэрміну перад залічэннем на работу (на прадпрыемства, ва ўстанову і пад.). Чамусьці прыгадалася [Вячаславу], як упершыню трапіў сюды [на граніцу] і праходзіў стажыроўку на адной з застаў. Шыловіч.

2. Праходжанне навучэнцамі вытворчай практыкі для набыцця вопыту і якой‑н. спецыяльнасці. Штосьці падобнае Чарняхоўскі некалі адчуваў у Бабруйску, прыехаўшы туды з Акадэміі на стажыроўку. Мележ. Затым усе набылі па стажыроўцы ля пультаў Літоўскай ДРЭС. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць суровага. Суровасць клімату. Суровасць характару. Суровасць тону. □ Вы здзівіцеся хараству гэтых мясцін: і пейзажам вясны і зімы, і велічнай суровасці гор, і вадападу. Скрыган.

2. Суровыя адносіны да каго‑, чаго‑н., суровае абыходжанне з кім‑н. [Адвернік:] Дазвольце мне ўступіцца, каб суровасць маці Змяніць на ласку, панна Маргарыта. Клімковіч. // Суровы выраз (у голасе, на твары і пад.). Суровасць на твары, з якой .. [Паходня] вымавіў гэта, нечакана змянілася лёгкай, прыветлівай усмешкай. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. (звычайна са словамі «ледзь», «ледзьве»). Малапрыкметны, слабы, невыразны. Ледзь улоўны пах лугавых траў. □ Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка. Столаначальнік адчуў ледзь улоўную іронію, сярдзіта паглядаў на пісца. Мехаў. Радасць, навеяная пісьмамі, змешвалася з усё больш улоўным пачуццём адзіноты, тым пачуццём, якога Паходня не любіў і стараўся пазбавіцца ў рабоце, у сустрэчах з людзьмі. Хадкевіч.

2. Спец. Які дае добры ўлоў. Улоўны год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цуро́к, ‑рка, м.

1. Нешырокі струмень вады, вадкасці. З мяне на саматканы палавічок сцякалі цуркі вады. Грахоўскі. Барадаты рабочы, з цуркамі поту на поўным твары, адышоў ад хваіны. Гартны.

2. у знач. прысл. цурко́м. Струменем, бесперапынна (цячы, ліцца і пад.). Наташа адчувала, як па спіне цурком збягае пот. Асіпенка. Са стрэх лілося цурком; такога капяжу не было яшчэ ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. Полымя ажно хапае за пальцы, і воск цурком цячэ ў місу. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкі́пер, ‑а, м.

1. Уст. Капітан камерцыйнага судна. Ён бы стаў шкіперам кабатажнага буксіра. Рыкарда з маладых год марыў вывучыцца на шкіпера. Беразняк.

2. Капітан несамаходнага рачнога карабля. Сцяпан, муж, шкіперам хадзіў на баржы. Ракітны.

3. Асоба, адказная за маёмасць, якая знаходзіцца на палубе марскога карабля. Дзядзька Зыгмусь прапанаваў перабрацца да яго. Я адразу згадзіўся і, ядаўшы каюту шкіперу, пайшоў пад канец дня з маім выпадковым знаёмым уніз па рацэ. В. Вольскі.

[Гал. schipper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што́сьці 1, чагосьці, чамусьці, штосьці, чымсьці, аб чымсьці, займ. неазначальны.

Нейкі, невядома які прадмет, нейкая з’ява і пад.; нешта. [Банадысь] нешта яшчэ кешкаўся на таку, стукаў.. па чымсьці драўляным і пустым. Чорны. Адчувалася, што Уладзіміру ёсць пра што расказаць і, відаць, штосьці яго стрымлівае. Кавалёў.

што́сьці 2, прысл.

Невядома чаму, невядома з якой прычыны; чамусьці. Не ездзіцца штосьці сёння Віцю на веласіпедзе. Васілёнак. У гэты час Марына штосьці бразгала пасудаю і ўвіхалася з самаварам. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які абазначаецца ў формулах умоўным сімвалам — лацінскай літарай N, n у значэнні: любы, які хочаш, усякі (пра велічыні). Энны член. Энны лік.

2. перан. (звычайна са словамі: «колькасць», «лічба»). Нявызначанай велічыні, колькасці, вялікі, неабмежаваны. І ўсё ж сваёй шчодрай рукой Выдала [восень-бухгалтарка], згодна з патрэбамі, Энную суму для ўцехі людской... Кляўко. Ведаю: прысніцца на зорцы ў бядзе радзімы белы абрус, бярозка з-пад Мінска на эннай вярсце, белая Белая Русь. Стрыгалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)