БУ́ЙВАЛ (Валерый Яўгенавіч) (н. 3.7.1955, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія),
бел. мастацтвазнавец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў С.-Пецярбургу (1977). У 1977—89 працаваў у Нац.маст. музеі Беларусі. Даследуе бел., а таксамаітальян., ісп., ірл., англ. мастацтва. Аўтар-складальнік буклетаў пра мастакоў У.Пасюкевіча (1987), Каміля-Камала (1992), альбома «Брэсцкая крэпасць-герой у творчасці мастакоў» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр.Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],
французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́НТЫ (ад лац. vagantes вандроўныя),
вандроўныя студэнты, шкаляры, ніжэйшыя клірыкі ў Зах. Еўропе 11—13 ст., якія складалі на лац. мове і выконвалі сатыр. вершы, застольныя, студэнцкія і любоўныя песні, пародыі, высмейвалі феадалаў, вышэйшае духавенства і заможных гараджан. Наз.таксама галіярдамі. Найб. росквіту творчасць вагантаў, пераважна песенная, дасягнула ў 12—13 ст. Праследаваліся афіц. царквой. З 14 ст. страцілі сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ГАРБА́РНЫ КАМБІНА́Т.
Засн. ў 1965 у г. Бабруйск, у 1971 пушчана 2-я чарга. Цэхі: гарбарна-сыравінны, адмочвальна-попельны, аддзелачны, па выпуску тавараў нар. ўжытку, парасілавы, клею мяздровага. Асн. прадукцыя (1995): хромавыя скуртавары з мяздровага спілку для верху абутку, адзення і мэблі, паўфабрыкат «вет-блу», скура «Краст». Выпускае таксама спілак для каўбаснай абалонкі, клей мяздровы, паўфабрыкат для вырабу жэлаціну, адзенне і галантарэю са скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛЫ (ад лац. annales гадавыя),
запіс найб. значных падзей па гадах; форма гіст. твора ў старажытнасці і сярэднявеччы. Тэрмін аналы ўзнік у Стараж. Рыме, дзе ўсе важныя падзеі штогод запісваліся пантыфікамі (жрацамі) на спец. дошках і выстаўляліся на ўсеагульны агляд. Аналамі наз.таксама творы аналістаў. Пасля назва перайшла і на сярэдневяковыя запісы, якія вяліся звычайна ў манастырах. Форма пагадовых запісаў выкарыстана ў хроніках і летапісах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМО́МЕТР (ад анема... + ...метр),
прылада для вымярэння скорасці ветру і газавых патокаў. У недыстанцыйных анемометрах скорасць патокаў вызначаецца па скорасці вярчэння ветравога кола, вінта, крыжавіны з паўшар’ямі (анемометр чашачны) або па дадатным ціску (т.зв. трубка Піто), у тэрмаанемометрах — па цеплааддачы нагрэтага дроту. Выкарыстоўваецца таксама аўтаматычны анемометр з сігнальным прыстасаваннем для выяўлення небяспечных парываў ветру і ўключэння проціаварыйных прыстасаванняў. Для бесперапыннага запісу скорасці ветру служаць анемографы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЖУ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
каралеўская дынастыя ў шэрагу еўрапейскіх краін сярэднявечча. Паходзіла ад франц. графаў Анжу. Правіла ў Англіі ў 1154—1399 (гл.Плантагенеты), у Паўд. Італіі ў 1268—1442, Сіцыліі ў 1268—82 (намінальна ў 1266—1302). Заснавальнік дынастыі ў Сіцыліі і Паўд. Італіі Карл Анжуйскі (правіў да 1285). Правіла таксама ў Венгрыі ў 1308—87 і ў Польшчы ў 1370—82 і 1384—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́РАЦ (ад ням. Ordonnanz веставы),
у рускай арміі — ваеннаслужачы афіцэр, унтэр-афіцэр, радавы, прызначаны ў распараджэнне камандуючага (камандзіра) або штаба для выканання іх даручэнняў. Ардынарцы вылучаліся таксама ў распараджэнне ганаровых асоб, якія прыбылі ў войскі, і ў ганаровыя варты. У канцы 19 ст. пры пяхотных палках былі каманды конных ардынарцаў. У Сав. Арміі ардынарцы (звычайна з радавых) вылучаліся ў распараджэнне страявых камандзіраў толькі ў ваен.час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я ПАДРЫХТО́ЎКА,
сістэма навучання ваеннаслужачых, падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, камандзіраў і штабоў узбр. сіл вядзенню баявых дзеянняў. Забяспечвае: набыццё тэарэт. ведаў і навыкаў баявых дзеянняў; баявую зладжанасць падраздзяленняў, часцей (караблёў) і злучэнняў. Праводзіцца на падставе загадаў міністра абароны, воінскіх статутаў, адпаведных інструкцый і праграм. Аснова баявой падрыхтоўкі — палявая (марская, лётная) вывучка, найважнейшая частка якой — тактычная падрыхтоўка (навучанне спосабам арганізацыі і вядзення бою; гл.таксамаТактыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІ́ЛЫ [ад бія... + ...філ(ы)],
хімічныя элементы і рэчывы, здольныя акумулявацца ў жывых арганізмах у значна большых колькасцях, чым у навакольным асяроддзі (цынк, кісларод, фосфар і інш. элементы, многія пестыцыды). Часта канцэнтрацыя (каэфіцыент біялагічнага назапашвання) біяфілаў у жывых арганізмах у дзесяткі, сотні і тысячы (сотні тысяч) разоў большая, чым у асяроддзі. Павышанае назапашванне біяфілаў у арганізме прыводзіць да ўзнікнення таксікозаў, нават да гібелі арганізма. Гл.таксамаБіялагічнае ўзмацненне.