род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).
Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХАБІ́ТЫ,
паслядоўнікі вахабізму — рэліг.-паліт. руху ў суніцкім ісламе, што сфарміраваўся як апазіцыя ва ўмовах тур. панавання ў Недждзе (Цэнтр. Аравія) у сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік руху — Мухамед ібн Абд аль-Вахаб (1703—87; назва вахабіты ад яго імя), які заклікаў вярнуцца да чысціні ранняга ісламу і аскетызму племяннога жыцця. Вахабіты асуджалі раскошу і бяздзейнасць уладароў султанскай Турцыі, выступалі супраць пышных культаў святых, музыкі, ужывання віна, кавы, тытуню і інш. Карысталіся падтрымкай бедуінаў. Пасля смерці аль-Вахаба рух узначаліў Махамед Сауд, які распачаў актыўную заваёўніцкую дзейнасць. Яго прыхільнікі — саудзіды падпарадкавалі сабе большую ч. Аравіі са святымі ісламскімі гарадамі Медынай (1804) і Меккай (1806). Супраць Саудзідаў выступіў егіпецкі правіцель Мухамед Алі. Саудзіды змагаліся са сваімі праціўнікамі на працягу ўсяго 19 ст. У 1902 адноўлены вахабіцкі эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе. З 1932 дзяржава Саудзідаў наз. каралеўства Саудаўская Аравія, дзе вахабізм — афіц. ідэалогія.
Літ.:
Васильев А.М. Пуритане ислама? Ваххабизм и первое государство саудидов в Аравии (1744/45—1818). М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтрбел.паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.Ю.Ластоўскі, А. і І.Луцкевічы, Я.Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ КАДА́СТР,
сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх выкарыстанні і якасці вод. Вядзенне воднага кадастра ўключае сістэму інфарм. абслугоўвання карыстальнікаў; перыядычна папаўняецца і абнаўляецца. Выкарыстоўваецца для ацэнкі водных рэсурсаў і складання планаў забеспячэння патрэб розных галін нар. гаспадаркі пры ажыццяўленні воднагасп. мерапрыемстваў. Парадак вядзення дзярж. воднага кадастра Беларусі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў. У СССР водны кадастр па ўсіх відах вод падрыхтаваны ў 1930-я г., сістэматычна вёўся з 1978. У ім адлюстроўваліся звесткі аб водных рэсурсах тэр. Беларусі.
Водны кадастр Рэспублікі Беларусь вядзецца з 1994 і складаецца з кадастраў паверхневых і падземных вод і выкарыстання водных рэсурсаў. У кадастры ўключаны каталогі водных і воднагасп. аб’ектаў, гідралаг., гідрагеал. і гідрахім. штогоднікі і штогоднікі водакарыстання, шматгадовыя характарыстыкі водных рэсурсаў. Водны кадастр вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Мін-вам па надзвычайных сітуацыях і Мін-вам аховы здароўя; галаўная арг-цыя па вядзенні воднага кадастра — Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,
цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп.газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтрбел.нац.-вызв. руху ў кастр.—снеж. 1917. Утворана на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (28.10—6.11.1917). Пастаянна дзеючым органам ВБР быў Выканаўчы к-т з 24 чал. У яго ўваходзілі В.А.Адамовіч (старшыня), А.У.Прушынскі (Алесь Гарун) і А.А.Смоліч (нам. старшыні), Л.А.Сівіцкая (Зоська Верас) і А.Сакалоўскі (сакратары) і інш.К-т падзяляўся на аддзелы ў адпаведнасці з галінамі кіравання. У кантакце з ім працавалі 9 генеральных камісараў Рады (Я.Я.Варонка, Б.А.Тарашкевіч, З.Х.Жылуновіч і інш.). Выканаўчы к-т разам з камісарамі ўтваралі Малую Раду («Савет 33-х»).
ВБР выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі, развіццё нац. культуры і мовы. Разглядала сябе як зародак вышэйшага органа дзярж. улады будучай аўтаномнай Беларусі. Разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай вяла работу па стварэнні бел.нац. войска. Выступіла з ініцыятывай і разам з Бел.абл. к-там склікала Усебеларускі з’езд 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (Hawaiian Islands),
Сандвічавы астравы, архіпелаг у цэнтр. частцы Ціхага ак., штат ЗША — Гаваі і ўладанне Мідуэй. Пл. 16,7 тыс.км². Гавайскія астравы — вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта, складаюцца з 24 вулканічных і каралавых астравоў, выцягнутых з З-Пн-З на У-Пд-У больш як на 3600 км (самыя вял. і значныя — Гаваі, Ааху, Каўаі, Ланаі, Малакаі, Маўі, Нііхау, Кахаалаве). Выш. да 4205 м (патухлы вулкан Маўна-Кеа на в-ве Гаваі). Дзеючыя вулканы Маўна-Лоа (4170 м) і Кілаўэа (1247 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячная т-ра 18—25 °C. Ападкаў ад 700 мм (на паўд.-зах. берагах) да 3500—4000 мм за год (на в-ве Каўаі ў асобныя гады больш за 10 000 мм). На наветраных схілах вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — рэдкалессе і саванны; шмат эндэмічных відаў раслін. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу, кавы і інш. трапічных культур. Развіта кветкаводства. Рыбалоўства. Суднабудаванне. Кліматычныя курорты. Турызм. Адкрыты Гавайскія астравы ў 1778 англ. мараплаўцам Дж.Кукам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЛА (Gorilla gorilla),
малпа сям. чалавекападобных, або пангідавых, атр. прыматаў. 3 падвіды: гарыла зах. берагавая, або раўнінная (G.g. gorilla), гарыла ўсх. горная (G.g. beringei), гарыла ўсх. раўнінная (G.g. manyema). Пашырана ў Зах. і Цэнтр. Афрыцы. Жыве ў густых трапічных або горных лясах невял. статкамі (па 5—30 асобін), важакамі з’яўляюцца магутныя самцы. Гарыла ўсх. горная ахоўваецца ў 7 нац. парках, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Самая буйная малпа. Рост дарослых самцоў да 2 м, шыр. плячэй каля 1 м, размах рук да 2,6 м, абхват грудзей да 1,5 м, маса да 300 кг; самкі амаль удвая меншыя. Склад масіўны, вельмі развіта мускулатура, валодаюць вял. сілай. Валасы і скура чорныя, з узростам у самцоў на спіне з’яўляецца серабрыстая паласа. Галава вял.; аб’ём мозга да 750 см³, па будове блізкі да мозга чалавека. Раслінаедныя. Будуюць гнёзды на зямлі або на дрэвах. Нараджаюць 1 дзіця раз у 3—5 гадоў. Пераносяць няволю і размнажаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,
прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца з Пн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б.ч.тэр. 1000—1500 мм за год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛА́ЦКІ МАНАСТЫ́Р, Гелаты,
адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст. тут створана Гелацкая акадэмія. Арх. комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.
Літ.:
Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.
Гелацкі манастыр. Агульны выгляд. У цэнтры — галоўны храм (1106—25).Да арт.Гелацкі манастыр. Галава архангела Гаўрыіла. Фрагмент мазаікі. 1120-я г.