БУРАВЫ́ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для бурэння шпураў, свідравін і ліквідацыі аварый у глыбокіх свідравінах. Бывае тэхнал. (напр., буравыя долаты, каронкі, штангі, разцы), дапаможны (ключы, элеватары, клінавыя захваты), аварыйны (метчыкі, трубалоўкі, трубарэзкі), спец. (адхіляльнікі, стабілізатары).

Буравое долата выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным бурэнні свідравін. Асн. часткі: корпус і рабочая частка, па якой адрозніваюць шарошкавыя (з зубцамі), алмазныя і лопасцевыя долаты. Мае канал, па якім падаюць у забой паветра або прамывачную вадкасць. Каронка — асн. пародаразбуральны элемент буравога інструменту. Разбурэнне выконваецца лёзамі, арміраванымі цвёрдым сплавам, або штырамі са сферычнымі рабочымі паверхнямі. Каронка, вырабленая як адно цэлае з хваставіком для злучэння з буравой машынай, наз. бурам. Элеватар — каваны або літы стальны хамут для падхоплівання трубаў і штангаў пры іх апусканні ў час рамонту нафтавай свідравіны.

Буравы інструмент: а — прынцып работы турбабура; б — вонкавы выгляд турбабура; в — лопасцевыя буравыя долаты; 1 — корпус; 2 — гліністы раствор; 3 — паток гліністага раствору; 4 — лопасці ротара; 5 — вал; 6 — лопасці корпуса.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРБАКІ́ (Нікала) (Bourbaki Nicolas),

псеўданім групы франц. матэматыкаў. У групу, створаную ў 1937, аб’ядналіся выпускнікі Вышэйшай нармальнай школы (А.​Картан, А.​Вейль, Ж.​Дзьеданэ і інш.), аднак колькасць удзельнікаў і поўны склад групы не абвешчаны. Выступаюць у друку, на кангрэсах і з’ездах ад імя адной асобы. Бурбакі паставілі перад сабой мэту стварыць трактат «Элементы матэматыкі», які ахапіў бы гал. раздзелы сучаснай матэматыкі на аснове фармальнага аксіяматычнага метаду.

За 1939—77 Бурбакі ў Францыі выдадзена больш за 40 твораў, значная частка якіх перакладзена на інш. мовы. Выкладанне матэм. тэорыі мае абстрактны і фармалізаваны характар, даецца толькі іх лагічны каркас. Аснова выкладання — т.зв. структуры, вызначаныя паводле аксіём. Спосаб разважання — ад агульнага да асобнага. Самыя істотныя вынікі атрыманы ў тапалогіі, тапалагічнай алгебры, алг. геаметрыі, тэорыі функцый многіх камплексных пераменных, тэорыі алг. лікаў і функцыянальным аналізе.

Тв.:

Рус. пер. — Очерки по истории математики. М., 1963;

Начала математики. Ч. 1, кн. 1. Теория множеств. М., 1965;

Общая топология: Тополог. группы... М., 1969.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.

Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял. Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.

Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ва нар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).

А.​Ф.​Самусік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Цэнтр — г. Ашмяны. У часы ВКЛ у складзе Віленскага ваяводства. У 16—17 ст. неаднаразова быў тэатрам ваен. дзеянняў. Земскія і гродскія суды Ашмянскага павета знаходзіліся ў Ашмянах і Мядзеле, з 1775 — у Ашмянах і Паставах. У 1791 падзелены на Ашмянски павет (з цэнтрам у Ашмянах) і Завілейскі пав. (з цэнтрам у Паставах). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 усх. частка павета адышла да Рас. імперыі. З 1795 Ашмянскі павет у Віленскай губ. Складаўся з 7 валасцей (праўленні ў Ашмянах, Бакштах, Дзевянішках, Крэве, Лошы, Смаргоні, Трабах), у канцы 19 — пач. 20 ст. з 23 валасцей, тэр. 6196,5 кв. вёрст, нас. 233 559 чал. З кастр. 1920 Ашмянскі павет у складзе Сярэдняй Літвы, з сак. 1922 да вер. 1939 у Віленскім ваяв. Польшчы. У 1931 тэр. 2352 км², нас. 101 542 чал. У 1940 на яго тэр. ўтвораны Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі р-ны БССР.

А.​Р.​Каранеўскі.

т. 2, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),

выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).

Базіліка Санта-Сабіна ў Рыме. 432 г.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМІ́Я (ад франц. anomie адсутнасць закону),

стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.​Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.​Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводле ням. сацыёлага Р.​Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛІЯ (England),

адміністрацыйна-палітычная частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі, яго гіст. ядро. Займае большую ч. в-ва Вялікабрытанія. Назва ад стараж.-герм. племені англаў. Англіяй часта называюць усё Злучанае Каралеўства (гл. Вялікабрытанія). Пл. 131 тыс. км², нас. 46,2 млн. чал. (1991; 54% усёй плошчы і 80% насельніцтва краіны). Падзяляецца на 39 графстваў, 6 метрапалітэнскіх графстваў і В. Лондан. Гал. горад — Лондан. Найбольшыя гарады і прамысл. цэнтры: Лондан, Бірмінгем, Манчэстэр, Ліверпул, Шэфілд, Лідс і інш. Англія — эканамічна найб. развіты раён Вялікабрытаніі, дзе сканцэнтравана больш за 70% гарадоў (сярод іх 6 канурбацый — прамысл. цэнтраў, ускраіны якіх зліліся). Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная, чорная металургія, металаапрацоўка, харчовая, тэкстыльная. Развіта машынабудаўнічая (аўта-, авія-, станка- і прыладабудаванне), электра- і радыётэхнічная, атамная прам-сць. На Англію прыпадае больш за 70% пасяўной плошчы краіны, гэта асн. раён малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтва і пладаводства. Англія мае густую трансп. сетку, праз яе парты (Лондан, Ліверпул, Саўтгемптан і інш.) праходзіць каля 80% грузаабароту краіны.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРТУНІ́ЗМ (франц. opportunisme ад лац. opportunus зручны),

1) адносіны асобы з грамадствам і дзяржавай, характэрнымі асаблівасцямі якіх з’яўляюцца прыстасаванне і згода. У сав. гіст. навуцы тэрмінам «апартунізм» пазначалася ідэалогія «прыстасавальніцтва, згодніцтва», якая адлюстроўвала вузкакласавы дагматычны стыль мыслення.

2) У паліт. жыцці, рабочым і прафс. руху палітыка вырашэння праблем не праз антаганізмы, напружанасць і рэвалюцыю, а метадамі плаўнага пераходу грамадства з аднаго стану ў іншы. Такую канцэпцыю (заснавальнікі Э.​Бернштэйн, К.​Кауцкі, Л.​Мартаў) крытыкавалі У.​І.​Ленін і наступныя пакаленні камуністаў. У 1950—80-я г. ўнутры камуніст. руху развіта ў працах М.​Джыласа, М.​Нара, О.​Шыка, Р.​Гародзі, С.​Карыльё. Гэтай канцэпцыі ў пэўнай ступені прытрымлівалася частка кіраўніцтва б. СССР на чале з М.​С.​Гарбачовым. Яе прыхільнікамі ў краінах Зах. Еўропы з’яўляюцца с.-д. і сацыяліст. партыі, якія ўваходзяць у Сацыялістычны Інтэрнацыянал. Гіст. практыка развіцця краін пацвердзіла жыццяздольнасць палітыкі апартунізму і яе ролю ў трансфармацыі грамадска-эканам. адносін.

А.​А.​Чалядзінкі.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону. З дапамогай аптычнай прылады вымяраюць лінейныя і вуглавыя памеры, некаторыя фіз. велічыні, параўноўваюць форму вырабу ці стан апрацаваных паверхняў з эталонам. Адрозніваюць рабочыя (для практычных вымярэнняў) і ўзорныя, па якіх вывяраюць рабочыя аптычныя прылады.

Асноўная частка аптычнай прылады — аптычная сістэма з лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш., прызначаных для ўтварэння відарысаў прадметаў на сятчатцы вока, экране і інш. або перадачы светлавой энергіі. Для іх разліку карыстаюцца формуламі геам. оптыкі. Канструкцыя прылады абумоўлена метадам вымярэнняў. Паводле прынцыпу дзеяння аптычнай прылады бываюць з аптычным візіраваннем і мех. (электронным або інш. неаптычным) адлікам перамяшчэння пунктаў кантакту з аб’ектам вымярэння (праектары, інстр. мікраскопы, праекцыйныя насадкі), аптычным візіраваннем і аптычным адлікам перамяшчэння (вымяральныя мікраскопы, інтэрферэнцыйныя кампаратары), з мех. кантактам з аб’ектам вымярэння і аптычным адлікам перамяшчэння (аптыметры, кантактныя інтэрферометры, аптычныя даўжынямеры). Выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні, геадэзіі і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)