найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае 6/7геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).
Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл.Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.
На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАРТА́ЦЫЯ (лац. deportatio),
прымусовае высяленне, выгнанне асобы з пастаяннага месца жыхарства або з краіны, ссылка з пасяленнем яе ў новым месцы з абмежаваннем свабоды перамяшчэння. Тэрмінам «Д.» абазначаліся асобыя віды высялення, якія выкарыстоўваліся ў 18—19 ст. паводле крымін. заканадаўства Францыі ў адносінах да злачынцаў-рэцыдывістаў і рэвалюцыянераў. У СССР у 1920—40-я г. прымусовае высяленне ў Сібір, Казахстан, раёны Крайняй Поўначы, на Урал і інш. аддаленыя рэгіёны краіны грамадзян, якія былі прызнаны ворагамі сав. улады. У 1930-я г. ў час правядзення суцэльнай калектывізацыі ссылку зведалі многія сялянскія сем’і, якія былі прылічаны да кулацкіх і высланы ў глыб дзяржавы. У 1931—34 з БССР было выслана каля 260 тыс.чал. З лют. 1940 у БССР пачалася масавая Д. насельніцтва (пераважна польскага) з Зах. Беларусі. Да 22.6.1941 у зах. абласцях Беларусі было рэпрэсіравана больш за 135 тыс.чал., з іх выслана ў глыб СССРбольш за 125 тыс. У час Вял.Айч. вайны 1941—45 у СССР у тыл краіны было дэпартавана насельніцтва некалькіх аўтаномных тэрыторый — крымскія татары, калмыкі, карачаеўцы, інгушы, немцы Паволжа, чэчэнцы і інш., абвінавачанае ў супрацоўніцтве ці дапамозе ням.-фаш. захопнікам. У 2-й пал. 1950—80-х г. большасць ахвяр Д. рэабілітавана, а выселеныя народы вернуты на сваю радзіму.
Літ.:
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994;
Яго ж. Абвінавачваюць лічбы: Гістарыяграфія і крыніцы па праблеме паліт. рэпрэсій 1920—1950-х гг. на Беларусі // Бел. мінуўшчына. 1997. № 5;
Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Белоруссии в 1939—1941 гг. // Новая и новейшая история. 1989. № 2;
Хацкевіч А. Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1—2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКІ́, цвердакрылыя (Coleoptera),
атрад насякомых. 2 падатр., драпежныя (Adephaga) і разнаедныя (Polyphaga). Каля 140 сям., больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Цэнтр. Арктыкі, найб. высокіх горных вяршынь. Насяляюць сушу, прэсныя воды; асабліва многа ў тропіках. На Беларусі 100 сям., больш за 3 тыс. відаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі 4 сям.: жужалі, стафіліны, слонікі, шчаўкуны.
Даўж. 0,2—200 мм. Афарбоўка розных колераў, часта з метал. бляскам. Цела мае галаву, грудзі і брушка. Покрыва цвёрдае, зрэдку мяккае (мяккацелкі). Галава часцей круглаватая, радзей выцягнута ў галаватрубку. Грудзі і брушка звычайна размежаваныя. Першая пара крылаў — цвёрдыя (адсюль другая назва) надкрылы (элітры), ахоўваюць другую (лятальную) пару крылаў і мяккі верхні бок брушка. Вусікі часцей 11-членікавыя. Ног 3 пары. Ротавы апарат грызучы. Раздзельнаполыя, пераважна яйцакладныя, радзей жывародныя. Пераўтварэнне поўнае (яйцо, лічынка, кукалка, імага). 1—3 пакаленні за год. Па характары кармлення — фітафагі, сапрафагі і заафагі. Глебаўтваральнікі, санітары, рэгулятары колькасці інш. насякомых, апыляльнікі раслін. Некат. — шкоднікі с.-г. і лясных культур, прадуктаў. Шэраг відаў выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Літ.:
Фауна и экология жесткокрылых Белоруссии. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЧЫ КО́МПЛЕКС,
буйное спецыялізаванае прадпрыемства індустр. тыпу па вытв-сці прадуктаў жывёлагадоўлі на базе прамысл. тэхналогіі. Ствараецца для вытв-сці канчатковага або прамежкавага прадукту (напр., для атрымання маладняку, яго вырошчвання і адкорму ці толькі для адкорму або вырошчвання маладняку). Будуюць Ж.к. па адзіных тыпавых праектах. У эканамічна развітых краінах з 1950-х г. ствараюць буйныя Ж.к. з паточнай вытв-сцю жывёлагадоўчай прадукцыі. У ЗША Ж.к. найб. інтэнсіўна спецыялізуюцца па вытв-сці ялавічыны. На Беларусі Ж.к. пачалі актыўна будаваць у пач. 1970-х г. На пач. 1997 тут працавала больш за 150 Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, з іх 114 разлічаны на 3—10 тыс. галоў кожны, 116 свінагадоўчых Ж.к., у т. л. 53 на 12 тыс. і 35 на 24 тыс. галоў кожны; астатнія разлічаны на вырошчванне і адкорм 27, 40, 54 і 108 тыс. галоў. Найбуйнейшыя Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы — с.-г. сумеснае калектыўнае прадпрыемства «Астрамечава» Брэсцкага р-на (7446 галоў), па вырошчванні і адкорме свіней — саўгас-камбінат «Барысаўскі» Барысаўскага р-на (78 477 галоў). Ж.к. эканамічна выгадныя пры дастатковым забеспячэнні іх кармамі, механізацыі ўсіх вытв. працэсаў, наяўнасці кваліфікаваных кадраў. Ва ўмовах жа Беларусі нават у сярэднім па памерах Ж.к. часта не хапае кармоў са сваіх гаспадарак. У сувязі са спыненнем пастаўкі фуражнага зерня з рэспублік б.СССР становішча на Ж.к. ускладнілася, пагалоўе жывёлы пачало скарачацца. На 1.1.1997 Ж.к. па вырошчванні і адкорме буйн. раг. жывёлы запоўнены на 45% месцаў, па вырошчванні і адкорме свіней — на 70%. Больш эфектыўна Ж.к. дзейнічаюць у Брэсцкай, Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, дзе лепшая забяспечанасць іх кармамі і прац. рэсурсамі. У буйных і звышбуйных Ж.к. існуе праблема утылізацыі гноевай жыжкі, бо адбываецца забруджванне мясц. рэк і прылеглых тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕРАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні (пераважна ў клетках) каштоўных пушных звяроў для атрымання шкурак (пушніны). Узнікла ў канцы 19 ст. ў Канадзе, дзе Ч.Долтан першым пачаў прамысл. клетачнае развядзенне дзікіх серабрыста-чорных лісоў. Клетачная З. ў ЗША і скандынаўскіх краінах пачала спецыялізавацца на развядзенні норкі. У Расіі першыя зверагадоўчыя гаспадаркі створаны ў 1928—29, гадуюць норак, пясцоў і інш. З. найб. развіта ў Расіі, ЗША, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Канадзе, дзе ў суровых зімовых умовах футра звяроў набывае лепшую якасць. Аб’екты З.: норка, блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, нутрыя, собаль; асвойваецца развядзенне рачнога бабра, янотападобнага сабакі, тхара, каляровых лісоў, андатры і інш. На Беларусі першая зверагадоўчая гаспадарка створана ў 1939, прамысл. З. развіваецца з 1950-х г. На пач. 1997 г. вырошчваннем пушнінна-футравых жывёл займаліся каля 60 калгасаў і саўгасаў, 7 гаспадарак Белкаапсаюза і некалькі зверагаспадарак акцыянернага тыпу. Невял. колькасць (пераважна нутрыі) вырошчваюць аматары ў асабістых гаспадарках. З. Беларусі спецыялізуецца пераважна на гадоўлі норак (214 тыс.гал. на пач. 1997, больш за 90% пагалоўя пушных звяроў гаспадарак): цёмна-карычневых, пастэльных, серабрыста-блакітных, тапазавых, жамчужных, белых. Гадуюць таксама нарвежскіх вуалевых пясцоў, серабрыста-чорных лісоў, нутрый, шыншыл, янотаў, андатраў і інш.Найб. пашыраная клетачная форма З., існуе таксама паўвольнае развядзенне асобных відаў (нутрыя). Кормяць звяроў мяса-рыбнай сумессю (60—70% ад каларыйнасці рацыёну) з дабаўкай зерневых кармоў, малочнага і рыбнага тлушчу, агародніны. Селекцыйная работа накіравана на паляпшэнне якасці апушэння, колеру і структуры футра (гушчыня, даўжыня, мяккасць), павелічэнне памераў, павышэнне плоднасці і жыццяздольнасці звяроў. Удз. вага пушніны, якую дае З. (у вартасным выражэнні), складае больш за 95% усяго аб’ёму нарыхтовак пушніны ў рэспубліцы. Найб. гаспадарка — зверасаўгас «Беларускі» Вілейскага р-на, Баранавіцкая, Маладзечанская, Пінская зверагаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,
працэс узаемнага прыстасавання, гасп. і паліт. аб’яднання нац. гаспадарак дзвюх і больш краін для ажыццяўлення міждзярж. эканам. палітыкі. Засн. на глыбокіх устойлівых інтэрнац. узаемасувязях і міжнар.падзеле працы, узаемадзеянні эканомік на розных узроўнях і ў разнастайных формах. На мікраўзроўні ажыццяўляецца шляхам узаемадзеяння прадпрыемстваў і фірмаў розных краін на аснове фарміравання эканам. адносін паміж імі, у т. л. стварэнне філіялаў за мяжой; на міждзярж. узроўні — эканам. аб’яднанняў накшталт транснац. карпарацый (ТНК) і інш.гасп. комплексаў. Развіццё інтэграцыйных сувязей выклікае неабходнасць міждзярж. або наддзярж. рэгулявання, накіраванага на ўзгадненне сумеснай эканам., навук.-тэхн., сац., валютна-фін. і інш. палітыкі, свабоднага перамяшчэння прадукцыі (тавараў, паслуг), капіталу і прац. рэсурсаў паміж краінамі. У выніку могуць стварацца гасп. комплексы з адзінай валютай, фін. фондамі, інфраструктурай, агульнай эканам. стратэгіяй і агульнымі органамі кіравання. І.э. можа быць у форме зоны свабоднага гандлю (адмяняюцца гандл. абмежаванні паміж краінамі-ўдзельніцамі) або мытнага саюзу, які можа быць дапоўнены плацежным саюзам (узаемная канверсаванасць валют і функцыянаванне адзінай разліковай грашовай адзінкі). Больш складанымі формамі І.э. з’яўляюцца агульны рынак (гл.Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва), эканам. і валютны саюз, які ўключае ўсе інш. формы інтэграцыі і мае агульную эканам. і валютна-фін. палітыку.
Фарміраванне інтэграцыйных працэсаў ажыццяўляецца на аснове ўзаемных пагадненняў, што маюць прававую базу. Сярод іх вылучаюцца: Еўрап. саюз, Паўн.-Амер. пагадненне аб свабодным гандлі (ЗША, Канада, Мексіка), Азіяцка-Ціхаакіянская эканам. садружнасць (яе членамі з’яўляюцца 18 краін, у т. л. Аўстралія, Канада, Кітай і інш.), Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Рэспубліка Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, але гал. ўвагу аддае інтэграцыйным сувязям з краінамі СНД. У адпаведнасці са Статутам Саюза Беларусі і Расіі найважнейшай задачай у эканам. сферы з’яўляецца стварэнне ўмоў для свабоднай эканам. інтэграцыі гасп. суб’ектаў, дасягненне вышэйшага ўзроўню І.э. дзвюх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЧА́ТКА,
паўвостраў на ПнУ Азіі, у Камчацкай вобл. Расіі. Абмываецца на З Ахоцкім м., на У — Ціхім ак. і Берынгавым м.Пл. 370 тыс.км². Працягласць з Пн—ПнУ на Пд—ПдУ 1200 км, шыр. да 450 км. Вузкім (да 100 км) перашыйкам Парапольскі дол злучаецца з мацерыком. Усх. бераг моцна парэзаны, утварае залівы (Краноцкі, Камчацкі, Азярной, Карагінскі, Корфа) і бухты (Авачынская, Карага, Acopa і інш.). Далёка ў мора выступаюць скалістыя п-авы — Шыпунскі, Краноцкі, Камчацкі, Азярной. Зах. бераг парэзаны слаба. У сярэдняй частцы К. з ПнУ на ПдЗ перасякаюць хрыбты Сярэдзінны (выш. 3621 м, вулкан Ічынская Сопка) і Усходні (выш. да 2485 м). Паміж імі Цэнтральнакамчацкая нізіна. На З К. — Заходне-Камчацкая нізіна, на У — платопадобнае ўзвышша з конусамі патухлых і дзеючых вулканаў. Усяго на К. больш за 160 вулканаў, з якіх дзейнічае 28 (найвыш.Ключаўская Сопка). Ёсць шмат гейзераў і мінер. крыніц. К. складзена пераважна з верхнемезазойскіх і кайназойскіх асадкавых і эфузіўных адкладаў. Карысныя выкапні: пемза, слюда, сера, вугаль, буд. матэрыялы, ртуць, нафта. Клімат марскі мусонны на ўзбярэжжы, унутры кантынентальны. Сярэдняя т-ражн. 12 °C, лют. -13 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Сучаснае зледзяненне (пл. 874 км²), больш за 400 ледавікоў. Найбуйнейшыя рэкі: Камчатка, Авача, Вялікая і інш., паўнаводныя. Шмат азёр у кратэрах (Хангар і інш.) і кальдэрах (Краноцкае, Курыльскае і інш.). На Пн К. мохавая тундра. У цэнтр. частцы паўвострава і на У — тайга (даурская лістоўніца, саянская елка, піхта і інш.). На ўзвышшах зараснікі каменнай бярозы, на схілах гор кедравы сланік. У паніжэннях высакатраўе. На З шмат балот. Прамысл. звяры: собаль, ліс, выдра. Лоўля ціхаакіянскага селядца. кеты. гарбушы, камчацкага краба. На К. біясферны Краноцкі запаведнік. Найб. горад Петрапаўлаўск-Камчацкі. Гаспадарку гл. ў арт.Камчацкая вобласць.
Літ.:
Семенов В.И. В краю горячих источников. Петропавловск-Камчатский, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЗАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коз свойскіх малочнага шэрснага і пуховага кірункаў. Казінае малако — каштоўны дыетычны прадукт для харчавання дзяцей і людзей са страўнікавымі захворваннямі. Яго перапрацоўваюць на сыры, масла, тварог, сыраквашу і інш. Казіны пух — тонкі, мяккі, лёгкі, моцны і цёплы, з яго робяць хусткі, тканіны, трыкатаж. Са шкур вырабляюць лепшыя гатункі шаўро, хрому, саф’яну, замшы, лайкі; з казліны з густой шэрсцю — імітацыю пад пясца, коціка і інш. футра. Мяса пажыўнасцю блізкае да бараніны, але менш тлустае. У свеце пераважаюць малочныя пароды коз: у Паўд.-Зах. Азіі — сірыйская, у Зах. Еўропе — зааненская, тагенбургская, у міжземнаморскіх краінах — мурсійская і мальтыйская, у Паўн. Афрыцы — нубійская, у Расіі — горкаўская, зааненская, мегрэльская. Сярэднія надоі малака на 1 казу да 1 тыс.л за год (рэкардысткі да 3 тыс.л), вытв-сць мяса 20—28 кг. Пуховая К. развіта ў Кітаі (у Тыбеце), дзе гадуюць кашмірскую пароду коз, у Расіі (арэнбургская і прыдонская пароды). Шэрсная К. пашырана ў Турцыі, ЗША, ПАР, дзе вырошчваюць ангорскую пароду, якая дае каштоўную шэрсць (махер), у Расіі, краінах Б. Усходу. Груба шэрсных коз змешанай прадукцыйнасці гадуюць у горных краінах. У цэлым на Азію прыпадае каля палавіны пагалоўя коз, на Афрыку — каля 30%. З краін Амерыкі ў К. вылучаюцца ЗША, Бразілія, Аргенціна, Мексіка, у Еўропе — Італія, Балканскія дзяржавы. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (120 млн. галоў, 1996), потым Кітай, Пакістан, Бангладэш (больш за 30 млн. галоў).
На Беларусі К. на працягу ўсяго гіст. перыяду. была дапаможнай галіной сельскай гаспадаркі. Пераважаюць малочныя пароды коз — зааненская, руская, мясцовая беспародная. На пач. 1998 пагалоўе коз складала 58,8 тыс. галоў, у асноўным у індывід. гаспадарках; яно больш пашырана на Пн Беларусі (Віцебская вобл.) і ў прыгарадных зонах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
хімічная сувязь, якая, у адрозненне ад простай хім. сувязі, утворана больш чым адной парай электронаў. Паводле ліку электронных пар, што ўдзельнічаюць ва ўтварэнні К.с., адрозніваюць падвойную, патройную і чацвярную сувязі.
Паводле ўласцівасцей сіметрыі малекулярных арбіталей К.с. падзяляюць на σ-, π- і δ-сувязі. Арбіталі σ-сувязей маюць цыліндрычную сіметрыю адносна лініі сувязі, арбіталі π-сувязей антысіметрычныя адносна плоскасці, якая праходзіць праз сувязь. Простая хімічная сувязь утвараецца толькі σ-малекулярнымі арбіталямі, а π-сувязь — паміж атамамі ўжо злучанымі σ-сувяззю. Падвойная сувязь складаецца з адной σ- і адной π-сувязей (напр., у малекуле этылену H2C=CH2). Патройная сувязь паміж 2 атамамі з’яўляецца камбінацыяй адной σ- і дзвюх π-сувязей (напр., у малекуле ацэтылену HC=CH). Чацвярная сувязь, характэрная толькі для пераходных металаў, уключае арбіталі патройнай сувязі і арбіталі δ-сувязі. Найб. трываласцю вызначаюцца σ-сувязі. Энергія π-сувязі складае прыкладна 80% энергіі σ-сувязі, а ўклад δ-сувязі, напр., у комплексным октахлорадырэнат-аніёне [Re2CL8]2-, ацэньваецца прыблізна ў 14% ад поўнай энергіі сувязі. Пры наяўнасці ў малекуле 2 і большага ліку К.с. яны ўтвараюць сістэмы з кумуляванымі (2 падвойныя сувязі мяжуюць з адным атамам, напр., у алене H2C=C=CH2), спалучанымі [падвойныя ці (і) патройныя сувязі падзелены адной простай, напр., у акрыланігрыле H2C=CH—C≡N] і ізаляванымі сувязямі (К.с. падзелены 2 і больш простымі сувязямі, гл.Дыенавыя вуглевадароды). У спалучаных сістэмах парадак К.с. (мера кратнасці, заселенасці сувязі электронамі) — велічыня дробная.
Літ.:
Гиллеспи Р. Геометрия молекул: Пер. с англ.М., 1975;
Коттон Ф.А., Уолтон Р.У. Кратные связи металл—металл: Пер. с англ.М., 1985.
Я.Г.Міляшкевіч.
Да арт.Кратная сувязь. Схема ўтварэння сувязей; а) простай σ-сувязі C−C у малекуле C2H6 этану; б) падвойнай сувязі C=C у малекуле C2H4 этылену; в) патройнай сувязі C≡C у малекуле C2H2 ацэтылену.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «АКО́ПЫ» Засн. 5.9.1989 у Лагойскім р-не Мінскай вобл. з цэнтрам у в. Харужанцы. Адкрыты 29.8.1992. Агульная пл. 6,64 га. Складаецца з літ.-маст. (в. Харужанцы) і мемар. (б. хутар Акопы) частак. Хутар Акопы з 1909 арандавала маці Я.Купалы. Сюды штогод прыязджаў Я.Купала ў час вучобы ў Пецярбургу, з Вільні і Мінска. Пасля 1917 Акопы перайшлі ва ўласнасць маці, якая жыла тут да 1926, і сясцёр (да 1929) паэта. Ваколіцы хутара сталі для Я.Купалы месцам літ. сустрэч, дыскусій, спасціжэння культ.-гіст. традыцый. Тут паэт напісаў больш за 80 вершаў, паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Гарыслава», камедыі «Паўлінка», «Прымакі», драму «Раскіданае гняздо», трагікамедыю «Тутэйшыя». У в. Харужанцы адноўлена тыпавая пабудова пач. 20 ст. (на месцы б. хутара Міхалішкі), у 5 залах якой размешчана літ.-маст. экспазіцыя (аўтары — мастакі Э.Агуновіч, А.Грачоў, У.Пратасеня). У ёй прадстаўлена больш за 230 экспанатаў, у т. л. работы мастакоў Агуновіча, В.Александровіча, М.Басалыгі, А.Волкава, А.Кашкурэвіча, М.Купавы, Г.Паплаўскага, У.Савіча, В.Шаранговіча, дакументы, фотаздымкі, кнігі і ўспаміны пра Я.Купалу, матэрыялы пра купалаўскія мясціны на Лагойшчыне і Міншчыне. Тут пастаўлены помнік «Малады Купала» (1992, скульптары А.Заспіцкі і Г.Мурамцаў), зроблена адкрытая эстрада для масавых мерапрыемстваў. На месцы б. хутара Акопы падмуркі пабудоў, валун, на якім у 1982 устаноўлены мемар. знак са словамі з верша Я.Купалы «З кутка жаданняў».
Літ.:
Содаль У. Акопы // Содаль У. Пуцявінамі сейбіта. Мн., 1982;
Лойка А. Акопы // Лойка А. Як агонь, як вада...: Раман-эсэ пра Янку Купалу. Мн., 1984;
Купалаўскія сцежкі Лагойшчыны. Мн., 1993;
Купалавым гасцінцам. Мн., 1996.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы».Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Мемарыяльны валун.Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Помнік «Малады Купала».