ІНЖЫ́Р, вінная ягада, смакоўніца,

фігавае дрэва (Ficus carica),

кветкавая расліна сям. тутавых. Больш за 600 сартоў. Пашыраны ў дзікім стане ў Міжземнамор’і, Малой Азіі, Іране, Індыі. Вырошчваецца ў Паўн. Амерыцы, Сярэдняй Азіі, Крыме, на Каўказе.

Субтрапічнае пладовае дрэва выш. да 10 м з моцным карэнішчам. Жыве да 200 гадоў. Маладыя парасткі зялёныя, гладкія ці апушаныя. Лісце ападаючае, пальчата-лопасцевае, знізу апушанае. Двухдомнае, кветкі ўнутры грушападобных мясістых суквеццяў дзвюх форм (капрыфігах на мужчынскіх дрэвах, фігах — на жаночых). Плод — дробная сямянка ўнутры суплоддзя, запоўненага салодкай мякаццю. Спажываецца ў свежым выглядзе і пасля перапрацоўкі (сушка, варэнне, джэм, кампот). У сушаных пладах (вінных ягадах) да 77% цукру, шмат вітамінаў A, B1 B2, C, кальцыю, фосфару, жалеза.

Інжыр.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)