ПРЫГА́РА (Марыя Аркадзеўна) (20.2.1908, Масква — 8.9.1983),

украінская пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ін-т нар. асветы (1931). Друкавалася з 1924. Аўтар зб-каў вершаў «Дарогай вайны» (1944), «Напярэдадні» (1947), «Сёстры» (1948), «Надвячорак» (1977), вершаваных твораў для дзяцей, кніжак казак, гіст. аповесці «Міхаська — слуга казацкі» (1969). Перакладала пераважна са слав. моў, у т. л. з бел.: асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Танка, М.​Машары, А.​Стаховіча, Н.​Тарас, Э.​Агняцвет. На бел. мову творы П. перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, Е.​Лось, М.​Танк. Літ. прэмія імя Лесі Украінкі 1979.

В.​Я.​Буран.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗРЭНСКАЯ ЛІ́ГА, Албанская ліга,

албанская нац. арг-цыя ў 1878—81. Створана 10.6.1878 у г. Прызрэн на сходзе прадстаўнікоў алб. знаці, гандляроў і чыноўніцтва ў знак пратэсту супраць рашэння Берлінскага кангрэса 1878 перадаць землі з алб. насельніцтвам у склад Грэцыі і Чарнагорыі. Напачатку карысталася падтрымкай тур. улад. У ліст. 1878 патрабавала аўтаноміі Албаніі ў складзе Асманскай імперыі. У жн. 1880 стварыла алб. адміністрацыю, ў студз. 1881 — Цэнтр. савет П.Л., (старшыня са жн. 1880 — Абдуль-бей Фрашэры), які абвясціў сябе часовым алб. урадам. У крас. 1881 тур. армія разбіла войскі П.л., і яна спыніла існаванне.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

адна з разнавіднасцей сацыяльна-бытавых песень. Вядомы многім народам. Асн. тэма песень — жыццё бедняка-прымака ў заможнай сям’і жонкі. Большасць іх пачынаецца са сцвярджэння: «А хто ў прымах не бываў, той гора не знае». П.п. не вызначаюцца складанасцю і багаццем сродкаў маст. выразнасці. Найб. пашыраны матыў П.п. — крыўда на скупую цешчу, лянівую і злосную жонку. Часам заканчваліся паказам, як прымакі з гора ідуць тапіцца. Выконваліся звычайна мужчынамі. У працэсе эвалюцыі сталі ўспрымацца як гумарыстычныя.

Публ.: Сацыяльна-бытавыя песні. Мн., 1987.

Літ.:

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́РЫЯ (франц. prairie ад лац. pratum луг),

1) прыродная падзона лесастэпу са значным увільгатненнем ў Паўн. Амерыцы. Працягваецца ўздоўж усх. падножжаў Скалістых гор у ЗША і Канадзе. П. былі пашамі, дзе пасвіліся бізоны; цяпер б.ч. іх пад ворывам (вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бавоўнік). Пашырана эрозія глеб. Падобныя ландшафты характэрны для тропікаў усх. раёнаў Паўд. Амерыкі і Усх. Азіі.

2) Група фармацый травяністай (высакатраўнай) расліннасці ўнутраных ч. Паўн. Амерыкі (ЗША і Канада) стэпавага або радзей лесастэпавага тыпу з перавагай дзернавінных злакаў (кавыль, танканог, барадач, вейнік, бізонава трава і інш.). Таксама — травяністая расліннасць мезафільнага характару з перавагай двухдольных (разнатраўе).

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ДЗЯ,

старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да ​1/4 аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТАКО́ВІЧ (Аляксандр Францавіч) (25.12.1914, г. Сянно Віцебскай вобл. — 9.6.1988),

Герой Сав. Саюза (1945). Да 1940 у сельскай гаспадарцы, потым інструктар райкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бел. і 1-м Бел. франтах. Танк. ўзвод на чале са ст. лейт. П. вызначыўся ў баях за пашырэнне плацдарма на левым беразе Віслы і за г. Радам (Польшча), дзе знішчыў 2 бронетранспарцёры, 3 гарматы; захапіў 4 гарматы; у наступных баях экіпаж танка П. знішчыў 8 танкаў, 6 бронетранспарцёраў, 9 гармат, 19 кулямётных кропак і інш. Пасля вайны П. на парт. і сав. рабоце.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,16 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 590 м, найб. глыб. 28 м, даўж. берагавой лініі 4,37 км. Пл. вадазбору 99,6 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы на З выш. 18—24 м (на Пн і ПнУ 9—10 м), параслі хмызняком, на У і Пд выш. 4—5 м, часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на У нізкія, пясчаныя. Дно выслана пяском, апясчаненымі адкладамі, ілам. Зарастае. Упадае р. Лукомка, сцёк у воз. Астраўкі.

т. 13, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́СНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

прафесійна-тэхнічныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых. Існавалі ў 1940—59. Створаны замест школ фабрычна-заводскага вучнёўства адначасова са школамі фабрычна-заводскага навучання. Рыхтавалі металургаў, гарнякоў, нафтавікоў, работнікаў марскога і рачнога транспарту, прадпрыемстваў сувязі і інш. Прымаліся асобы ва ўзросце 14—15 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, пераважна гарадская моладзь. Тэрмін навучання 2 гады. Падлеткі знаходзіліся на дзярж. забеспячэнні. З 1943 дзейнічалі спец. Р.в. з 4-гадовым тэрмінам навучання для сірот, дзяцей воінаў, якія загінулі на фронце, і партызан. На Беларусі ў 1940 было 15 Р.в. Пераўтвораны ў прафес.-тэхн. вучылішчы.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БЕЛЯ ЗАКО́Н, кампенсацыі фактараў закон,

узаемазамяняльнасці фактараў закон (эфект),

сцвярджэнне аб тым, што адсутнасць або недахоп якога-н. экалагічнага фактара можа быць кампенсаваны інш. блізкім (аналагічным) фактарам. Выяўлены амер. эколагам Э.​Рубелем (1930).

Напр., недахоп святла ў парніку можа быць кампенсаваны павелічэннем канцэнтрацыі вуглекіслаты або стымулюючым дзеяннем некат. біялагічна актыўных рэчываў (гіберэлінаў або інш.); некат. малюскі пры адсутнасці або недахопе кальцыю могуць будаваць свае ракавіны са стронцыю, пры дастатковай яго колькасці ў асяроддзі. Р.з. мае адносны характар, таму што фундаментальныя экалагічныя (фізіял.) фактары (святло, вада, азот, вуглекіслата, хім. макра- і мікраэлементы і інш.) незаменныя.

т. 13, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІНШТЭ́ЙН ((Rubinstein) Артур) (28.1.1887, г. Лодзь, Польшча — 20.12.1982),

польскі піяніст. Вучыўся ў Варшаве і Берліне ў Р.​Брайтгаўпта, М.​Бруха, І.​Падарэўскага і інш. З 1898 канцэртаваў у розных краінах свету. З 1937 жыў у ЗША, з 1954 — у Францыі. Выступаў як саліст і ансамбліст у дуэтах і трыо са скрыпачамі Я.​Хейфецам, Г.​Шэрынгам, віяланчэлістамі Р.​Пяцігорскім, Э.​Феерманам. Адзін з лепшых выканаўцаў твораў Ф.​Шапэна, І.​Брамса, К.​Шыманоўскага. Значнае месца ў рэпертуары займалі творы ісп. і браз. кампазітараў. Аўтар фп. і камерных твораў, мемуараў «Мае маладыя гады» (1973).

Літ.:

Хентова С. А.​Рубинштейн. М., 1971.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)