НЕРНСТ ((Nernst) Вальтэр Фрыдрых Герман) (25.6.1864, г. Вамбжэзьна Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 18.11.1941),
нямецкі фізік і фізікахімік, адзін са стваральнікаў фізічнай хіміі. Чл. Берлінскай АН (1905), Лонданскага каралеўскага т-ва (1932). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1926). Скончыў Вюрцбургскі ун-т (1887). З 1891 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1902—33 праф. і адначасова дырэктар Ін-та хіміі (1905—22), Ін-та фізікі (1924—33) Берлінскага ун-та. Навук. працы па фізіцы нізкіх тэмператур, тэрмадынаміцы, тэорыі раствораў, хім. кінетыцы, электрахіміі. Сфармуляваў трэці закон тэрмадынамікі (гл.Нернста тэарэма), адкрыў адну з тэрмамагн. з’яў (гл.Нернста—Этынгсгаўзена эфект). Распрацаваў дыфузійную тэорыю гетэрагенных хім. рэакцый на мяжы падзелу фаз (1904). Атрымаў ураўненне залежнасці электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці ўдзельнікаў электрахім. рэакцыі (ураўненне Н., 1888). Нобелеўская прэмія 1920.
Тв.:
Рус.пер. — Теоретическая химия с точки зрения закона Авогадро и термодинамики. СПб., 1904.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТШ ((Nitsch) Казімеж) (1.2.1874, г. Кракаў, Польшча — 26.9.1958),
польскі мовазнавец-славіст; заснавальнік сучаснай польск. дыялекталогіі і адзін з заснавальнікаў кракаўскай школы мовазнаўцаў. Чл.АН у Кракаве (з 1911, з 1946 прэзідэнт), чл. і віцэ-прэзідэнт Польскай АН (з 1952), чл.-кар.АНСССР (з 1947) і інш. замежных акадэмій. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1895). Праф. Ягелонскага (1910—52; з перапынкамі) і Львоўскага (1917—20) ун-таў. Асн. працы ў галіне гісторыі польск. мовы, дыялекталогіі, лінгвістычнай геаграфіі, лексікаграфіі: «Мова польскага народа» (1911), «Паходжанне польскай літаратурнай мовы» (1913), «Дыялекты польскай мовы» (1915, 3-е выд. 1957), «З гісторыі малапольскіх гаворак» (1928), «Збор польскіх дыялектных тэкстаў» (1929, 1960), «Лінгвістычны атлас польскага Прыкарпацця» (з М.Малецкім, 1934) і інш. Ініцыятар стварэння і рэдактар «Малога атласа польскіх гаворак» (т. 1—2, 1957—59). Адзін з заснавальнікаў «Т-ва аматараў польскай мовы» (1920) і «Польскага лінгвістычнага т-ва» (1925). Дзярж. прэміі Польшчы 1953, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́ВА (Алена Георгіеўна) (н. 12.10.1947, г. Лягніца, Польшча),
бел.драматург. Дачка Г.Л.Папова. Скончыла Літ.ін-т імя М.Горкага (1973). У 1973—77 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Друкуецца з 1967. Піша на рус. мове. У п’есах «Скорыя цягнікі» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1978), «Ціхі прыстанак» (паст. 1979), «Аб’ява ў вячэрняй газеце» (паст.Рус.драм. т-рам імя М.Горкага, 1982), «Жыццё Карыцына» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1988), «Маленькія радасці жывых» (паст. 1990), «Улюбёнцы лёсу» (паст.Рус.драм. т-рам, 1997; 1-я прэмія на Еўрап. конкурсе п’ес у Германіі, 1994; уключана ў анталогію «Жанчыны-пісьменніцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». Лондан, 1999), «Дзень Карабля» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1998), «Развітанне з Радзімай» (паст.Рэсп. т-рам бел. драматургіі, 1998), «Вандроўнікі» (паст.Нац. т-рам імя Я.Купалы, 2000) і інш. роздум пра сэнс чалавечага існавання, вострыя маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана «Узыходжанне Зенты» (2000), апавяданняў, артыкулаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Юзаф) (19.3.1767, в. Розпжа Лодзінскага ваяв., Польшча — 1829),
польскі публіцыст, паліт. дзеяч. Вывучаў права ў Ягелонскім ун-це (Кракаў), дзе належаў да Саюза філантропаў. Працаваў адвакатам. Выступаў супраць Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з гал. арганізатараў паўстання 1794. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Бельгію, потым у Францыю, дзе 22.8.1795 падпісаў акт пра стварэнне радыкальнай эмігранцкай арг-цыі Польская дэпутацыя. У 1799—1800 сакратар і дарадчык А.Т.Касцюшкі. Пазней жыў у Варшаве, з 1821 чл. тайнага Нац.патрыят.т-ва. У 1826 арыштаваны, памёр у зняволенні. У першай публіцыст. працы «Пра польскіх прыгонных», выдадзенай ананімна ў 1788, выказваў фізіякратычныя погляды радыкалаў, якія патрабавалі адмены прыгону, асабістай незалежнасці і правоў для сялян. У трактаце «Палітычныя думкі для Польшчы» (1789) сфармуляваў філас. праграму нар. манархіі. Пад кіраўніцтвам Касцюшкі напісаў працу «Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці?» (1800), у якой патрабаваў спалучэння нац.-вызв. барацьбы з барацьбой за грамадскі прагрэс. Аўтар «Успамінаў пра падрыхтоўку касцюшкаўскага паўстання» (1876).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),
бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л.бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТНЕР (Ісак) (Айзік Хаімавіч; 17.11.1895, г. Саколаў-Падляскі, Польшча — 26.7.1961),
яўрэйскі пісьменнік. З 1918 у ЗША. Скончыў яўр. настаўніцкую семінарыю ў Нью-Йорку (1927). З 1932 у СССР. З 1933 у Мінску, працаваў у Бел. радыёкамітэце, у 1937—41 — у газ. «Октобэр» («Кастрычнік»). У 1949 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Першая кн. «Пра што расказвае дзень» (1930, Нью-Йорк). Аўтар зб-каў вершаў «З Амерыкі» (1934), «Сонца на парозе» (1940), кнігі апавяд. «Самае дарагое» (1948), паэм і інш. Яго творам уласціва гуманіст. накіраванасць, імкненне перадаць унутр. свет чалавека. Пісаў для дзяцей, перакладаў з англ. і ням. моў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́МБА (ням. Plombe ад лац. plumbum свінец),
кавалачак свінцу з адбіткамі пячаткі, якім апламбоўваецца пэўны прадмет. Стараж. П. адрозніваюцца ад віслых пячатак (гл.Була) невял. памерамі (1—1,5 см) і прызначэннем. На Русі П. «наўгародскага тыпу» служылі малымі пячаткамі пасаднікаў (канец 11—13 ст.). Найб. пашыраны П. «драгічынскага тыпу», якіх у Драгічыне-Надбужскім (Польшча) выяўлена некалькі тысяч. Шырока бытуе меркаванне, што П. прывешвалі да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. У Зах. Еўропе двухсастаўныя гандл. П. вядомы ў 15—17 ст. У 19—20 ст. выкарыстоўваюцца П. пад пламбір (прыстасаванне ў выглядзе клешчаў) на пошце, чыгунцы, у банках і інш. установах. З 2-й пал. 20 ст. ў шырокім ужытку П. з пластмасы з адтулінамі для прасоўвання кантрольнага дроту або шнура; маюць выявы дзярж. герба, даты, умоўныя літары і лічбы. На тэр. Беларусі ў час археал. раскопак П. выяўлены ў Віцебску, Тураве, Брэсце, Полацку і інш.
Пломбы 16—18 ст. з Дзісны і Друі (правы і адваротны бакі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШЭВО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура, якая сфарміравалася на аснове паморска-падклёшавых старажытнасцей пры ўдзеле латэнскай культуры ранняга жал. веку. Ахоплівала тэр.паўд. і сярэдняй Польшчы ў міжрэччы Віслы і Одэра, пазней пашырылася на У у бас.Зах. Буга і верхняга Днястра. Датуецца 2 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Назва ад могільніка ў в. Гаць каля г. Пшэварск (Польшча). П.к. прадстаўлена неўмацаванымі паселішчамі і грунтавымі могільнікамі. Выяўлены наземныя і паглыбленыя ў мацярык жытлы зрубнай і слупавой канструкцый з глінянымі або каменнымі агнішчамі, гасп. пабудовы і ямы. Характэрны вял. грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Спаленыя косці нябожчыка змяшчаліся ў урну або ссыпаліся ў ямку. Пахаванні ваяроў суправаджаліся зброяй. Асн. заняткамі насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля. Знойдзены ляпны і ганчарны посуд, разнастайныя быт. і гасп. рэчы. У сучаснай польскай л-ры пануе думка, што П.к. створана германскім насельніцтвам, найперш плямёнамі лігіяў. Існуе таксама меркаванне аб наяўнасці ў складзе П.к. славянскага кампанента. На Беларусі матэрыялы П.к. выяўлены на паселішчы Блювінічы на р. Лясная ў Брэсцкім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Аляксандр Раманавіч) (1897, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 15.8.1920),
удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі, герой грамадз. вайны. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (адзначаны георгіеўскім крыжам). У 1917 вярнуўся на радзіму і ўзначальваў Рудабельскі валасны рэўком, штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, змагаўся супраць легіянераў корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. У час ням. акупацыі 1918 узначальваў партыз. атрады на тэр.Рудабельскай «рэспублікі» і падп. падраённы к-т РКП(б). Удзельнік вызвалення Бабруйска ад ням. акупантаў, разгрому стракапытаўскага паўстання 1919 у Гомелі і эсэраўскага мяцяжу ў Чарнігаўскай губ. Летам 1919 на чале Бабруйскага інтэрнац. батальёна, потым Барысаўскага палка змагаўся з польск. інтэрвентамі, абараняў Мінск. У вер — снеж. 1919 на чале спец. атрада ўдзельнічаў у рэйдзе па тылах латышскай арміі ад Пскова да Асвеі. Са снеж. 1919 камандзір 1-га інтэрнац. батальёна палка чырв. камунараў, удзельнік вызвалення Асвеі, баёў за Рэжыцу, Полацк, Барысаў, Лепель. З лета 1920 у корпусе Г.Дз.Гая, удзельнічаў у вызваленні Вільні, Гродна. Загінуў у баі каля мяст. Кольна (Польшча).