дэмакра́тыя, ‑і, ж.
1. Палітычны лад, пры якім вярхоўная ўлада належыць народу. Сацыялістычная дэмакратыя.
2. Спосаб кіраўніцтва якім‑н. калектывам, які забяспечвае шырокі ўдзел і рашаючы ўплыў усяго калектыву. Унутрыпартыйная дэмакратыя. Прафсаюзная дэмакратыя.
•••
Буржуазная дэмакратыя — палітычны лад, пры якім парламентарызм з’яўляецца прыкрыццём дыктатуры буржуазіі над працоўнымі.
Народная дэмакратыя — палітычны лад у радзе краін Еўропы, які выконвае функцыю дыктатуры пралетарыяту для ліквідацыі капіталістычных элементаў і пабудовы сацыялістычнай грамадства.
[Ад грэч. dēmos — народ і kratos — сіла, улада.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэвалю́цыя, ‑і, ж.
1. Карэнны пераварот у жыцці грамадства, які заключаецца ў насільным звяржэнні старога грамадскага ладу і ўстанаўленні новага, прагрэсіўнага грамадскага ладу. Буржуазная рэвалюцыя. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя.
2. Карэнны пераварот, карэнныя змены ў якой‑н. галіне (навуцы, тэхніцы, мастацтве), якія прыводзяць да абнаўлення, удасканалення чаго‑н. Культурная рэвалюцыя. Тэхнічная рэвалюцыя. □ Аўтаматы сістэмы Чарвені для набіўкі запалкавых карабкоў зрабілі цэлую рэвалюцыю на камбінаце. «Беларусь».
[Ад лац. revolutio — пераварот.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэрнь 1, ‑і, ж., зб.
Уст. зневаж. Просты народ, людзі, якія належалі да ніжэйшых слаёў грамадства. З маленства.. [поп] расказваў сыну смешныя гісторыі пра мужыкоў і называў іх чэрню. Федасеенка.
чэрнь 2, ‑і, ж.
1. Тэхніка мастацкай апрацоўкі металічных вырабаў, пераважна сярэбраных, пры якой гравіраваны малюнак запаўняецца спецыяльным чорным сплавам (серабра, медзі, серы і інш.). // зб. Вырабы, апрацаваныя такой тэхнікай.
2. Спец. Чорная вугальная фарба арганічнага паходжання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дно, дна, мн. дны, дноў, н.
1. Грунтавая паверхня пад вадой.
Д. возера.
Пайсці на дно.
2. Ніжняя частка паглыблення, катлавана, рова і пад.
Д. ямы.
3. Ніз пасудзіны, скрынкі, судна.
На самым дне бочкі.
4. перан. Глыбінная частка чаго-н.
На дне памяці.
5. перан. Асяроддзе дэкласаваных, заняпалых людзей.
Д. грамадства.
◊
Да дна — да канца, цалкам і поўнасцю.
На дне душы — унутрана, употайкі, падсвядома.
|| памянш. дне́чка, -а, мн. -і, -аў, н. (да 3 знач.) і до́нца, -а, мн. -ы, -аў, н. (да 3 знач.).
|| прым. до́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
саве́т, -а, М -ве́це, мн. -ы, -аў, м.
1. Адна з форм палітычнай арганізацыі грамадства, а таксама прадстаўнічы орган дзяржаўнай улады ў былым СССР.
Улада Саветаў.
Вярхоўны С.
Рэспублікі Беларусь.
Сельскі С.
Гарадскі С.
Мясцовыя Саветы.
С. нацыянальнасцей.
2. Назва некаторых органаў дзяржаўнага кіравання, якія складаюцца з выбарных або прызначаных асоб і маюць кіруючае значэнне ў жыцці дзяржавы, у дзейнасці якой-н. галіны гаспадаркі.
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
3. Распарадчы або дарадчы калегіяльны орган пры якой-н. установе, арганізацыі, таварыстве і пад.
Савет Бяспекі ААН.
Вучоны с. інстытута.
Педагагічны с. школы.
Мастацкі с. тэатра.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ГРАМА́ДСКАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,
сукупнасць уяўленняў, поглядаў, навук. тэорый аб чалавеку і навакольным свеце (натуральным і штучным), аб іх мінулым, сённяшнім і будучым. Не зводзіцца да арыфм. сумы індывід. свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арган. цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі: грамадскім статусам і заканамернасцямі развіцця, прызначэннем і функцыямі. Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з інш. сферамі грамадскага жыцця (вытв-сцю матэрыяльных даброт, сям’ёй і г.д.), а таксама ўплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Грамадская свядомасць утварае з інш. грамадскімі з’явамі адзіную непарыўную тканіну, але пры гэтым адносна самастойная ў працэсе рэалізацыі сваёй грамадскай ролі і функцый. Грамадская свядомасць не тоесная пасіўнаму адлюстраванню таго, што адбываецца ў іншых сферах грамадства, і адыгрывае значную актыўную ролю. Аднак сама гэтая актыўнасць па-рознаму вытлумачваецца ў розных сістэмах філас.-гіст. ведаў. Калі ў ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютна самаст., субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет), то паводле матэрыялістычных канцэпцый яна ёсць неабходны, але зусім не самадастатковы момант функцыянавання адзінага сац. цэлага. Матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім; гэты вывад пакладзены ў аснову матэрыяліст. тэорыі пазнання. Грамадская свядомасць мае складаную ўнутр. структуру, якая ўключае розныя ўзроўні (тэарэт. і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія) і розныя формы свядомасці (паліт. і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука). У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гіст. працэсу, што знаходзіць сваё выяўленне ў функцыі сацыяльнага прадбачання. Дасягнуты крытычны ўзровень спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя пры крайне нераўнамерным размеркаванні, матэрыяльных даброт, якія атрымліваюцца ад гэтага, абвастрэнне многіх іншых глабальных праблем сучаснасці востра ставяць перад ім пытанне пра выжыванне. Таму павелічэнне ролі грамадскай свядомасці ў жыцці грамадства на мяжы 20 і 21 ст. звязваецца з праблемамі, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.
Літ.:
Общественное сознание и его формы. М., 1986;
Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М., [1990);
Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.
В.І.Боўш.
т. 5, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІС (грэч. polis, лац. civitas),
горад-дзяржава; асаблівы тып ант. горада, грамадства і дзяржавы, ’які склаўся ў Грэцыі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З’яўляўся асн. структураўтваральным звяном ант. грамадства на розных этапах яго развіцця: напачатку ў форме незалежнага горада-дзяржавы, потым як член міжполісных саюзаў, у эліністычна-рым. час састаўная ч. дзяржаў у выглядзе гар. аўтаномнай адзінкі. П. складаўся з гар. паселішча і с.-г. тэрыторыі (хоры). Уласнікамі зямлі маглі быць толькі паўнапраўныя члены П. Непаўнапраўныя (метэкі, перыэкі, вольнаадпушчанікі) займаліся пераважна рамяством і гандлем. Своеасаблівасцю поліснай абшчыны была высокая ўдзельная вага сярэдніх праслоек насельніцтва, адсутнасць маёмаснага расслаення, значная колькасць рабоў, таму ў гіст. л-ры грамадства П. вызначаецца як рабаўладальніцкае. Полісная дзяржава мела рэсп. лад з выбарчай сістэмай органаў улады і нар. сходам як формай прамога самакіравання народа. Дзярж. апарат кіравання складаўся з савета (кансультатыўныя і распарадчыя функцыі) і магістратаў (грамадз., ваен. і рэліг. ўлада). Розныя пласты грамадзян П. (землеўладальнікі, сяляне, рамеснікі, гандляры, парабкі) былі аб’яднаны агульнай назвай дэмас, якому супрацьстаялі перасяленцы з інш. П. (у Афінах — метэкі) і рабы. Дэмас праз галасаванне ў нар. сходзе зацвярджаў законы, выбіраў магістратаў, выконваў функцыі вышэйшай суд. інстанцыі, так узнікла паняцце «дэмакратыя», літаральна «ўлада дэмасу». Невял. колькасць насельніцтва П. (некалькі тыс. чал.) дазвалялі рэалізаваць прынцып прамога народапраўства., г. зн. што кіраванне ажыццяўлялася ўсёй абшчынай без якой-н. прадстаўнічай сістэмы. Як замкнутая сац. адзінка П. імкнуўся не толькі да поўнай паліт. незалежнасці (аўтаномія), але і да гасп. самастойнасці (аўтаркія). Рэгіянальная гасп. спецыялізацыя, забяспечанасць Эгейскага рэгіёна марскімі камунікацыямі звязала некалькі соцень грэч. П. у адзінае цэлае. Існавалі мірныя формы кантактаў паміж П. (гандл., дыпламат. і культ.) і ваен. (сімахіі — аб’яднанне армій і флатылій для сумесных ваен. дзеянняў). Самымі вядомымі ў гісторыі Грэцыі былі Афінскі марскі саюз і Пелапанескі саюз. У залежнасці ад паліт. ладу стараж. грэч. П. былі дэмакратычныя (Афіны) або алігархічныя (Спарта), аграрна-рамесніцкія (Афіны) ці гандл.-рамесніцкія (Карынф).
Літ.:
Фролов Э.Д. Рождение греческого полиса. Л., 1988;
Строгецкий В.М. Полис и империя в классической Греции. Н. Новгород, 1991;
Античная демократия в свидетельствах современников. М., 1996.
В.І.Ханкевіч.
т. 12, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ідэало́гія
(ад гр. idea = паняцце + logos = вучэнне)
сістэма поглядаў, ідэй, якія характарызуюць якую-н. сацыяльную групу, клас, палітычную партыю, грамадства.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
анато́мія
(ад гр. anatome = рассячэнне)
1) навука аб будове жывых арганізмаў (напр. а. чалавека);
2) будова арганізма, органа (напр. а. сэрца);
3) перан. будова чаго-н. (напр. а. грамадства).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
мютуэлі́зм
(фр. mutuellisme, ад лац. mutuus = узаемны)
утапічнае вучэнне П. Прудона аб мірнай перабудове грамадства пры дапамозе пэўнай сістэмы крэдыту, пры якой адбываўся б абмен паслугамі паміж яго членамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)