АНА́ДЫР,

рака на крайнім ПнУ Сібіры, у Чукоцкай аўт. акрузе Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1150 км, пл. бас. 191 тыс. км. Пачынаецца на Анадырскім пласкагор’і, упадае ў Анадырскі заліў Берынгава м. У вярхоўях мае горны характар, вузкую даліну. На Анадырскай нізіне рэчышча расчляняецца на сетку рукавоў і пратокаў. Асн. прытокі: Майн (справа), Белая, Танюрэр (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1680 м³/с. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. У бас. Анадыра больш за 23,5 тыс. азёраў агульнай пл. 3231 км². У ніжнім цячэнні — рыбалоўства. Суднаходная ад с. Маркава (570 км).

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУ́НЬ,

рака ў Расійскай Федэрацыі і Кітаі, правая састаўляючая р. Амур. Па Аргуні праходзіць ч. граніцы Расіі з Кітаем. Даўж. 1620 км, пл. бас. 164 тыс. км² Пачынаецца ў гарах В.​Хінгана, у Кітаі, пад назвай Хайлар. Цячэ пераважна ў шырокай даліне, бліжэй да вусця даліна звужаецца. Жыўленне пераважна дажджавое. Сярэдні расход вады 340 м³/сек. Ледастаў з канца ліст. да пач. мая. У бас. Аргуні 1,8 тыс. азёраў агульнай пл. 50,9 км². Нерэгулярнае суднаходства ад с. Алочы (428 км). З 2-й пал. 17 ст. па Аргуні ішлі гандл. шляхі з Сібіры ў гарады Усх. Кітая.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ЕЗУІ́ЦКАЙ БУ́РСЫ.

Існавала ў 18 ст. пры Гродзенскай муз. бурсе езуітаў (адкрыта ў 1707), якая рыхтавала прафес. музыкантаў з ліку немаёмных слаёў насельніцтва. У 1773 у капэле было 11 інструменталістаў і вакалістаў, у т. л. платныя музыканты, а таксама вучні («хлопцы»). Капельмайстар Л.​Каршулеўскі. Капэла ўключала 7 скрыпак, басэтлю, квартвіёлу, бас, 2 флейты, флейту-бас, 2 флейтроверсы, 5 валторнаў, 5 труб, 2 барабаны, клавікорд, арган і інш. У рэпертуары былі творы царк. (месы, магніфікаты) і свецкай (матэты, арыі, канцэрты, сімфоніі) музыкі кампазітараў Габермана, Кайзера, Квіткоўскага, Краўза, Паўлоўскага, Ратхгебера, Хішбергера, Чарвенкі, Шуле і інш.

В.​У.​Дадзіёмава.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦ (Антон Эдмундавіч) (21.2.1848, в. Карвіс Віленскага р-на, Літва — 26.10.1909),

бел. геолаг. Скончыў Фрайбергскую горную акадэмію (Германія). Апісаў адклады мелавога, трацічнага і чацвярцічнага перыядаў у бас. Нёмана. Па даручэнні Мінералагічнага т-ва (1878) даследаваў Віленскую, Гродзенскую, Мінскую, Валынскую губ., Палессе, паўн. рэгіёны Польшчы. Склаў геал. карту гэтых тэрыторый. У 1881—84 даследаваў бас. р. Прыпяць, выказаў думку пра ледавіковае паходжанне покрыўных адкладаў Палесся.

Тв.:

Предварительный отчет о геологических исследованиях в Полесье. СПб., 1886;

Геологические исследования в губерниях Виленской, Гродненской, Минской, Волынской и сев. части царства Польского // Материалы для геологии России. СПб., 1895, т. 17.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫСТРА́НКА (Alburnoides bipunctatus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. 4 падвіды. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. На Беларусі тыповая форма ў рэках бас. Зах. Дзвіны, Нёмана, Зах. Буга, а падвід быстранка руская (A. b. rossicus) — у рэках бас. Дняпра. Жыве ў рэках з быстрым цячэннем (адсюль назва). Нар. назвы стракатка, сіняўка, ушвейка.

Даўж. 10—15 см, маса да 13 г. Спіна цёмна-шэрая або цёмна-зялёная, брушка і ніз бакоў серабрыстыя. Уздоўж бакавой лініі дзве цёмныя палосы. Нерастуе на быстрынях з камяністым дном. Корміцца паветр. і воднымі насякомымі, зоапланктонам.

Быстранка.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯ́К,

гара на Беларусі, 3-і па вышыні пункт, на Мінскім узв. На У Валожынскага р-на Мінскай вобл., каля в. Шапавалы. Выш. 335 м. Каля падэшвы гары бяруць пачатак рэкі Уша (прыток Віліі, бас. Нёмана) і Свіслач (бас. Дняпра). Складзена з чырвона-бурых, часткова завалуненых суглінкаў, месцамі глін, укрытых лёсападобнымі (пылаватымі) суглінкамі. Мае выгляд буйнога марэннага ўзгорка з вяршыняй авальнай формы. Схілы паўн. і паўн.-ўсх. выпуклыя (стромкасць 10—15°), паўд. і зах. пакатыя (стромкасць да 5°). Глебы дзярнова-падзолістыя сярэднесугліністыя, значна змытыя. Верхняя ч. гары ўкрыта лесам, астатняя пад ворывам.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАРЭ́ЗКА,

рака ў Магілёўскім р-не, правы прыток р. Лахва (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 138 км² Пачынаецца на паўн. ўскраіне в. Куты. У верхнім цячэнні называецца Сянна.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПНЯ́НКА,

рака ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 20,5 км. Пл. вадазбору 118 км². Пачынаецца каля в. Бенькаўцы. На ўсім працягу каналізаваная.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛВІЛ (Melville),

паўвостраў на Пн Канады, паміж бас. Фокс на У і зал. Каміты на З. Выш. да 558 м. Пераважае мохава-лішайнікавая тундра. На Пд — эскімоскі пасёлак Рэпалс-Бей.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЯДЗЬ,

балцкае племя, якое жыло ў бас. р. Протва (правы прыток р. Масква) паміж вяцічамі і крывічамі. Упамінаецца ў рус. летапісах 11—12 ст. Большасць голядзі ў 12 ст. асімілявана славянамі.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)