ПЯРУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 1 км на У ад в. Расходна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,8 м, выш. 2,7 м, у абводзе 11,8 м, аб’ём бачнай часткі 22 м³, маса каля 58 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка, які прынёс валун каля 20—18 тыс. гадоў назад з тэр., што прылягае да Фінскага заліва. У мінулым меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЫ́ КА́МЕНЬ СЯНЕ́ЖЫЦКІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны на могілках в. Сянежычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Ружавата-шэры дробназярністы граніт з двума ксеналітамі цёмна-шэрага гнейсу (18 × 7 і 28 × 15 см), якія ўтвараюць паглыбленні да 6 см. Даўж. 1,65 м, шыр. 1,43 м, выш. 0,5 м, у абводзе 4,7 м, аб’ём 0,6 м³, маса каля 1,7 т. Мае прасападобную форму. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. У дахрысціянскія часы валун меў культавае значэнне, захаваліся легенды.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́СТАЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 1 км на Пн ад в. Струста Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля затокі воз. Струста. Чырвона-буры дробназярністы граніт рапаківі з крышталямі ружовага палявога шпату (авоіды 1—3 см). Даўж. 4,5 м, шыр. 4,4 м, выш. 1,5 м, у абводзе 13,8 м, аб’ём 16 м³, маса 42 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў Балтыйскага м. У старажытнасці меў культавае значэнне. На верхняй пляцоўцы захаваўся надпіс «R 1780».

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУДЗЁНКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., за 1,5 км на ПнУ ад в. Студзёнка. Створана ў 1980 на пойме р. Грэза (35 км ад вусця). Пл. 0,32 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 7,5 м, аб’ём вады 1 млн. м³. Сярэдні шматгадовы сцёк 12,6 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 1,4 км. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Грэза па водападводным канале даўж. 500 м. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, гасп.-быт. і проціпажарных мэт.

т. 15, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУДЗЯНЕ́ЦКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны за 2 км на У ад в. Равы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Назва ад б. хутара Студзянец. Ружова-чырвоны граніт рапаківі з крышталямі палявога шпату (авоіды 2—5 см). Даўж. 3,8 м, шыр. 2,4 м, выш. 1,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 10,9 м³, маса 29 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. гадоў назад з ПдЗ Фінляндыі. Валун падобны на прас.

В.​Ф.​Вінакураў.

Студзянецкі валун каля в. Равы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

т. 15, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПАСТА́ЎНЫЯ ЦЭ́НЫ,

цэны, прыведзеныя па велічыні да ўмоў адпаведнага перыяду, на пэўную дату. Выкарыстоўваюцца ў разліках пры супастаўленні аб’ёмаў вытв-сці, тавараабароту, спажывання, даходаў і выдаткаў, інш. вартасных паказчыкаў у пэўныя перыяды, каб пазбегнуць скажэнняў, якія могуць узнікнуць пад уплывам інфляцыі. Напр., пры параўнанні ў грашовым выражэнні ўзроўняў спажывання тых ці інш. тавараў у розныя гады неабходна аб’ём фіз. спажывання памножыць на С.ц. Паказ прадукцыі ў С.ц. забяспечвае супастаўнасць паказчыкаў за шэраг гадоў на прадпрыемстве, у галіне, ва ўсёй эканоміцы, дазваляе ў дынаміцы ацэньваць якасць іх працы.

М.​В.​Радзіеўскі.

т. 15, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЕ́Ц,

вадасховішча ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Сялец. Створана ў 1985 у пойме р. Ясельда. Пл. 20,7 км², даўж. 11,8 км, найб. шыр. 4,1 км, найб. глыб. 5,4 м, аб’ём вады 56,3 млн. м³. Даўж. берагавой лініі 33,5 км. Сярэдні шматгадовы сцёк 101 млн. м³. Катлавіна выцягнута з ПнЗ на ПдУ. Земляная намыўная плаціна даўж. 4,3 км з хвалеўстойлівым верхавым адхонам, даўж. агараджальнай дамбы 13,9 км. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 2,5 м. Выкарыстоўваецца для рыбаводства, увільгатнення с.-г. угоддзяў, добраўпарадкавання прылеглых населеных пунктаў, адпачынку.

т. 15, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРХА́Н (цюрк.),

1) назва ў цюрк. народаў у сярэднія вякі феадала (князя) і прадстаўнікоў некат. інш. сац. груп, што былі вызвалены ад падаткаў.

2) Землі і маёмасць феадалаў Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Казахстана, Астраханскага, Казанскага і Крымскага ханстваў, вызваленыя ад уплаты дзярж. падаткаў.

3) Разнавіднасць публічна-прававых актаў Маскоўскага вял. княства і Рас. дзяржавы 14 — канца 17 ст. Т. або тарханна-несудзімыя граматы вызначалі аб’ём падатковых (у «тарханнай» частцы) і суд. (у «несудзімай частцы») прывілеяў свецкіх і духоўных феадалаў, асобных карпарацый гар. або прамысл. насельніцтва.

т. 15, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗРО́ВЕНЬ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РАЗВІЦЦЯ́,

стан нар. гаспадаркі краіны, групы краін, эканам. раёна на пэўны гіст. момант. Характарызуецца паказчыкамі: валавы нацыянальны прадукт на душу насельніцтва; вытв-сць валавога ўнутранага прадукту, матэрыяльных даброт; структура грамадскай вытв-сці (доля прам-сці і сельскай гаспадаркі ў нар. гаспадарцы, аб’ём і тэмпы развіцця прагрэс. галін эканомікі і інш.); колькасны і якасны ўзровень занятасці насельніцтва; узровень выкарыстання прыродных багаццяў; узровень прадукцыйнасці працы, канцэнтрацыі вытворчасці, спецыялізацыі вытворчасці, якасці прадукцыі. Адрозніваецца ад эканамічнага патэнцыялу, малая краіна можа мець невялікі эканам. патэнцыял і высокі У.э.р.

т. 16, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРНАКАНЕ́ЦКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны ў в. Фарны Канец Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. На муроўцы ўсталяваны валун буйназярністага рудавата-белага граніту-гнейсу. Даўж. 3,9 м, шыр. 2,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10,3 м, аб’ём 9,3 м³, маса каля 25 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Побач з валуном каменная канапа, высечаная з сярэднезярністага шэрага граніту (даўж. 1,4 м, шыр. 0,9 м, выш. 0,7 м) з датай яе стварэння — 1823.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)