МО́РГАНЫ (Morgan),

адна са старэйшых і найбуйнейшых фін. груп ЗША. Узнікла ў канцы 19 ст. Уяўляе сабой вялізную кааліцыю банкаўскіх і прамысл. манаполій, звязаных сістэмай удзелу, асабістай уніяй і фін. сувязямі. Кіруючым цэнтрам фін. групы да 2-й сусв. вайны з’яўляўся банкірскі дом «Дж.​П.​Морган энд К°» у Нью-Йорку. Сферы ўплыву кааліцыі: банкаўская справа, апрацоўчая прам-сць, чыг. транспарт. Вядучыя фін. ін-ты: камерцыйны банк «Морган гаранты траст компані», інвестыцыйны банк «Морган Стэнлі». Кантралююць каля 50% актываў страхавых кампаній «Прудэншэл», «Нью-Йорк лайф», сетку інвестыцыйных банкаў, прамысл. карпарацыі «Юнайтэд Стэйтс стыл», «Джэнерал электрык», «Джэнерал мотарс».

Т.Морган.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУБА́РАК (Мухамед Хосні) (н. 4.5.1928, в. Кафр-эль-Мусейліха, Егіпет),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч Егіпта. Скончыў авіяц вучылішчы ў Егіпце і СССР, Ваен. акадэмію імя Фрунзе ў Маскве (1957). У 1967—69 нач. Ваенна-паветр. акадэміі Егіпта. У 1969—72 нач. штаба, у 1972—75 камандуючы егіп. ВПС, нам. ваен. міністра. У 1976—81 нам. старшыні Нац.-дэмакр. партыі, са студз. 1982 яе ген. сакратар. У 1975—81 віцэ-прэзідэнт, з кастр. 1981 прэзідэнт Егіпта. Праводзіць прагматычны курс на эканам. развіццё Егіпта і на супрацоўніцтва як з індустрыяльнымі дзяржавамі, так і з краінамі, якія развіваюцца.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУФЛО́Н еўрапейскі

(Ovis ammon musimon),

жвачнае парнакапытнае млекакормячае роду бараноў; падвід архара. Паходзіць з а-воў. Кіпр, Корсіка, Сардзінія. Найб. пашыраны ў Міжземнамор’і, трапляецца ў Крыме. Жывуць пераважна ў месцах з перасечаным рэльефам, у гарах, статкамі або невял. групамі. Папуляцыі М. на а-вах Корсіка і Сардзінія занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Адзін з магчымых продкаў авечкі свойскай.

Даўж. да 130 см, выш. ў карку да 80 см, маса да 40 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка цёмна-карычневая, у самцоў са светлымі плямамі на баках. Рогі невял., тонкія. Кормяцца травой, галінкамі. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці.

Э.​Р.​Самусенка.

Муфлон еўрапейскі.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Генадзь Аляксеевіч) (н. 22.2.1935, г. Усурыйск Прыморскага краю, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Томскі ун-т (1957). З 1974 у БДУ. Навук. працы па тэорыі імавернасцей, матэм. статыстыцы і кібернетыцы. Распрацаваў метады ацэньвання параметраў выпадковых працэсаў і палёў, якія апісваюцца рэгрэсіўнымі і аўтарэгрэсіўнымі мадэлямі, прапанаваў рэкурэнтныя ацэнкі па залежных назіраннях, якія паступаюць у рэжыме рэальнага часу.

Тв.:

Вероятностные методы исследования экстремальных систем. М., 1967 (разам з У.​П.​Тарасенкам);

Справочник по теории автоматического управления. М., 1987 (у са аўт.);

Начальный курс финансовой математики. М., 2000.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МАЎ (Аляксей Аляксандравіч) (27.1.1916, С.-Пецярбург — 1985),

расійскі фізік, адзін са стваральнікаў першых паскаральнікаў на сустрэчных пучках (калайдэраў). Чл.-кар. АН СССР (1964). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1942). З 1945 у Ін-це атамнай энергіі, з 1959 у Ін-це ядз. фізікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1966 у Ін-це фізікі высокіх энергій. Навук. працы па радыёлакацыйных сістэмах і тэхніцы паскаральнікаў элементарных часціц. Распрацаваў і пабудаваў разам з Г.І.Бубкерам першыя ў СССР калайдэры, кіраваў запускам і наладкай пратоннага паскаральніка на 70 ГэВ (г. Серпухаў). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэмія СССР 1953.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГАВІ́ЦЫ, штаны, порткі,

адна з асн. частак традыц. мужчынскага адзення беларусаў. Шылі з аднатоннага ці шарачковага палатна, са зрэбнай або паўсуконнай тканіны, зімовыя — з цёмнага сукна (суконнікі). Вузкія калошы злучалі ў верхняй частцы ромбападобнай устаўкай; зашпіляліся спераду. Былі каўняровыя на поясе, якія зашпільваліся на калодачку-біргельку ці гузік і бескаўняровыя на матузку. Калошы ўнізе спадалі свабодна або абкручваліся анучамі і аборамі для лапцей. Кашулю насілі паверх Н. У канцы 19 ст. белыя палатняныя Н. сталі сподняй адзежынай. У пач. 20 ст. выйшлі з ўжытку.

М.​Ф.​Раманюк.

Селянін у нагавіцах. Піншчына. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЦЫ́С (Narcissus),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Трапляюцца ў вільготных месцах, на высакагорных і далінных лугах, травяністых схілах гор. Культывуюць са стараж. часу, вядома больш за 12 тыс. сартоў. На Беларусі вырошчваюць каля 40 сартоў Н. гібрыднага (N. hybridus).

Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны. Лісце прыкаранёвае, лінейнае. Кветанос бязлісты, выш. да 0,5 м. Кветкі белыя, жоўтыя, адзіночныя ці ў гронках, у некат. пахучыя; эфірны алей з іх выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя. Ранневеснавыя дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Нарцыс: 1 — несапраўдны, або жоўты; 2 — двухлісты; 3 — паэтычны.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́Ў у геалогіі,

разрыўное парушэнне ў заляганні горных парод, пры якім адны масы горных парод насунуты на другія па паката нахіленай (45—60°) паверхні тэктанічнага разрыву. Утвараецца ў працэсе тэктанічных рухаў, ва ўмовах гарызантальнага сціскання, з пластычным пераразмеркаваннем горных парод. Мае вісячы (узняты і насунуты) і ляжачы блокі, паверхню зрушэння. У залежнасці ад вугла нахілу паверхні Н. падзяляюць на пакатыя і стромкія. Н. з амаль гарызантальнай паверхняй змяшчэння і вял. адлегласцю перамяшчэння парод утвараюць тэктанічныя покрывы або шар’яжы. Н. са стромкай паверхняй разрыву (вугал большы за 60°) наз. ўскідам.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ФРОНТ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЎДНЁВАГА В’ЕТНА́МА (НФВПВ),

арганізацыя, якая вяла ўзбр. барацьбу супраць паўд.-в’етн. ўрада і амер. войск у 1960—70-я г. Створаны як падпольная арг-цыя 20.12.1960. У 1961 сфарміраваў узбр. сілы, якія з ваен. дапамогай Дэмакр. Рэспублікі В’етнам пачалі барацьбу супраць урада Паўдн. В’етнама (з 1964 і супраць войск ЗША). На 1-м з’ездзе НФВПВ (1962) яго старшынёй выбраны Нгуен Хыў Тхо. Са студз. 1969 прадстаўнікі фронту ўдзельнічалі ў чатырохбаковых перагаворах пра мірнае ўрэгуляванне ў В’етнаме. У чэрв. 1969 НФВПВ стварыў Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўд. В’етнам. Пасля аб’яднання В’етнама ў 1976 спыніў існаванне.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́КАЛАЧ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 15 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,55 км², даўж. каля 1,4 км, найб. шыр. 690 м, найб. глыб. 10,5 м, даўж. берагавой лініі 5 км. Пл. вадазбору 2,35 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—8 м, спадзістыя, на ПнЗ і З стромкія, разараныя. Шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, у асобных месцах зліваюцца са схіламі, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае (шыр. да 25 м), стромкае, пясчанае. Глыбакаводная ч. ўскладнена ўпадзінамі і падняццямі, ілістая. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Валасна.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)