механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.
У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл.Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАТУ́ (Poitou),
гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс.км². Нас. каля 1,2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаў Хлодвіг I. У 8 ст.Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разам з якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. з г. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НАЎ (Эльдар Аляксандравіч) (н. 18.11.1927, г. Самара, Расія),
расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1950). Першы маст. фільм — «Карнавальная ноч» (1956). Паставіў камедыі (ад лірычных да вострасатырычных): «Дзяўчына без адраса» (1958), «Гусарская балада» (1962, паводле п’есы А.Гладкова «Даўным-даўно»), «Дайце кнігу скаргаў», (1965), «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1973, з Італіяй), «Іронія лёсу, альбо 3 лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле п’есы Р. і Э.Брагінскага «Калегі», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж», «Пра беднага гусара закіньце слова» (абодва 1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Жорсткі раманс» (1984, паводле п’есы А.Астроўскага «Беспасажніца»), «Забытая мелодыя для флейты» (1987), «Дарагая Алена Сяргееўна» (1988), «Нябёсы запаветныя» (1991), «Прадказанне» (1993), «Прывітанне, дуралеі» (1996), «Старыя клячы» (1999), «Ціхія віры» (2000) і інш. Аўтар сцэнарыяў, аповесцей, п’ес (пераважна з Брагінскім), мемуараў, кнігі вершаў і навел-успамінаў «Настальгія» (1999). Некат. яго п’есы ставіліся на Беларусі.
Тв.:
Грустное лицо комедии. М. 1977;
Смешные невеселые истории: Комедии для кино и телевидения. М., 1979 (разам з Э.Брагінскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНІ́НА,
адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн.км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ, Рос, Роса,
рака ў Свіслацкім, Ваўкавыскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 99 км, пл. вадазбору 1250 км². Пачынаецца ў забалочанай мясцовасці за 2 км на З ад в. Лозы Свіслацкага р-на, вусце за 1,8 км на ПдУ ад в. Дубна Мастоўскага р-на. Цячэ пераважна з Пд на Пн у межах Ваўкавыскага ўзв., у нізоўі па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Харужаўка, Ваўкавыя, Плішча (справа), Свянціца, Нятупа, Вехатнянка, Ваўпянка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 1—2,5 км, схілы сярэдне стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, забалочаная, слабаперасечаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 3 км ад вытоку каналізаванае, ніжэй звілістае. Каля в. Лічыцы і г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на падзяляецца на 2 рукавы, якія ўтвараюць астравы даўж. 1,5 і 3,5 км. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,5—1,5 м. Жыўленне мяшанае. На перыяд веснавога разводдзя працягласцю да 45 сут (крас. — сярэдзіна мая) прыпадае каля 45% гадавога сцёку, выш. падняцця ўзроўню вады 1,5 м. Летне-асенняя і зімовая межані парушаюцца паводкамі ад дажджоў і адліг. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. На рацэ вадасх. Воўпаўскае, г. Ваўкавыск, г.п. Краснасельскі, Рось, Поразава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАКРЫ́ЛЫЯ (Chiroptera),
атрад млекакормячых, якія прыстасаваліся да працяглага палёту. 2 падатр.: крыланы (Megachiroptera) і лятучыя мышы, або кажаны. Вядомы з эацэну (каля 65 млн.г. назад). Крыланы пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я; каля 200 відаў. Лятучыя мышы пашыраны паўсюдна, акрамя Арктыкі і Антарктыды; больш за 800 відаў. Насяляюць розныя ландшафты, жывуць у пячорах, расколінах скал, дуплах, пабудовах і інш. Большасць відаў утвараюць калоніі (часам да некалькіх млн. асобін). Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Некат. трапічныя віды — носьбіты вірусаў шаленства і інш. небяспечных хвароб. На Беларусі 17 відаў з родаў вячэрніцы, начніцы, вушаны, кажаны, нетапыры і шыракавушкі. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 4 падвіды; у Чырв. кнізе Беларусі — 7 відаў.
Даўж. крыланаў да 42 см, размах крылаў да 1,65 м; даўж. кажаноў да 14 см. Пярэднія канечнасці ператвораны ў скурыстыя крылы, якія, як і ўсё цела, укрыты кароткім аксаміцістым валасяным покрывам. У палёце і пры паляванні арыентуюцца гал. чынам з дапамогай ультрагуку. З органаў пачуццяў найб. развітыя слых і дотык. Крыланы кормяцца пераважна пладамі, лятучыя мышы — насякомаедныя, некат. — рыбаедныя, ёсць крывасмокі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят 1 раз у год. Гл. таксама Вушан, Кажанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),
Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага 185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага 187Re (перыяд паўраспаду 5∙1010 гадоў). У зямной кары 7∙10−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.
Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7 — крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПФО́, Сафо (грэч. Psappho, лац. Sappho; канец 7 ст. да н.э., г. Эрэс, Грэцыя — 1-я пал. 6 ст. да н.э.),
старажытнагрэчаская паэтэса. У г. Мітылене (в-аў Лесбас) кіравала культавым аб’яднаннем, прысвечаным музам, харытам, Афрадыце: вучыла знатных дзяўчат з усёй Грэцыі і М.Азіі паэзіі, музыцы, танцам, добрым манерам, рыхтуючы іх да замужжа. Гал. тэмы яе лірыкі — каханне, захапленне хараством сябровак, радасць стасункаў з імі і горыч разлукі, прыгажосць прыроды і ўсяго свету. Адкрыла ў паэзіі свет асабістых перажыванняў, моцных і страсных, пераважна журботных, пачуццяў. Стварала для хароў вясельныя песні (эпіталамы), звязаныя з фалькл. паэтыкай. Пісала на эалійскім дыялекце, выкарыстоўвала розныя метрычныя формы, самая вядомая з якіх — сапфічная страфа. У антычнасці вершы С. былі выдадзены ў 9 кнігах. Поўнасцю захаваўся 1 верш, астатнія ў фрагментах. Іх уплыў зазналі Катул і Гарацый. На бел. мову асобныя яе вершы пераклаў Л.Баршчэўскі.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Літаратура народаў свету. 4.1. Мн., 1995;
Рус.пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;
У кн.: Парнас: Антология антич. лирики. М., 1980.
Літ.:
Толстой И.И. Сапфо и тематика ее песен // Статьи о фольклоре. М.; Л., 1966;
Ярхо В.Н., Полонская К.П. Античная лирика. М., 1967;
Бонна р А. Греческая цивилизация: Пер. с фр.М., 1995.
тэхнічны спосаб манум.-дэкар. жывапісу, засн. на выдрапванні верхняга слоя тынкоўкі да ніжніх кантрастных па колеры слаёў. Вызначаецца трываласцю і ўстойлівасцю да атм. змен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Вядома з эпохі Адраджэння ў Італіі, пазней у Чэхіі, Польшчы і інш.еўрап. краінах. На Беларусі рэшткі С. захаваліся на сценах Гродзенскага Старога замка (16 ст., цяпер затынкаваны) і фрызе Гродзенскага касцёла кляштара брыгітак (сярэдзіна 17 ст., рэстаўрыраваны ў 1978). Цікавасць да С. ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю класіцызму (фрагменты сграфітавага дэкору ў палацы Ружанскага палацавага комплексу). З 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўвалася ў манум. мастацтве: дэкар. кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску (маст. Г.Гаркуноў, А.Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Брэсце (маст. І.Крупскі) і інш. У тэхніцы С. працавалі бел. мастакі Г.Вашчанка, С.Дамарад, Г.Жарын, А.Жгун, Л.Каленік, Кішчанка, У.Крываблоцкі, З.Літвінава, С.Рабашчук, С.Сакалоў, У.Стальмашонак, В.Чайка.
Э.І.Вецер.
Сграфіта на фасадзе дома «Каля хвіліны» ў Старым горадзе Прагі.Фрагмент сграфіта на фрызе касцёла кляштара брыгітак у Гродне.Да арт.Сграфіта. Г.Гаркуноў, А.Кішчанка. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДНЕЙ (Sydney),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс.ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак.Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л.трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).
Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал.прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.
У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.