Га́йворон ’жаваранак палявы, Alauda arvensis L.’ (палес., КЭС). Рус. га́йворон ’крумкач; грак’, укр. га́йворон. Зыходнае для ўсх.-слав. моў *gajьvornъ. Вельмі блізка да гэтай формы стаіць *ga‑vornъ, якое адлюстроўваецца ў польск. gawron, чэш. havran, серб.-харв. га̏вра̄н і г. д. У прасл. *ga(jь)vornъ бачаць звычайна складанае слова, у другой частцы якога *vornъ (параўн. *vornъ ’крумкач’, vorna ’варона’). Першая частка слова *ga‑, *gajь‑ не мае агульнапрынятага тлумачэння. Тут бачаць гукапераймальнае ga‑; іншыя зыходзяць са складанага слова *gavo‑vornъ (дзе першая частка адлюстроўваецца, напр., ва ўкр. га́ва ’варона’). Ёсць і спробы зыходзіць з прасл. *kavornъ (параўн. прасл. назвы птушак: *kava, *kavъka і балт.: літ. kóvarnis, лат. kuõvarnis), якое паходзіць з больш даўняга *kāvo‑vornos. Аб гэтым слове пісалі вельмі многа, але і сёння яшчэ няма канчатковай агульнапрынятай этымалогіі. Са шматлікай літ-ры параўн. Слаўскі, 1, 263–264; Бернекер, 298; Фасмер, 1, 383; Брукнер, 137; Maxэк₁, 100; Махэк₂, 163. Дарэчы, Махэк лічыць, што другая частка слова *vornъ гукапераймальнага паходжання (ён параўноўвае яе з венг. varjú ’варона’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
spare3 [speə] v.
1. мець лі́тасць, злі́тавацца, шкадава́ць;
Please spare me! Пашкадуй мяне, калі ласка!
2. берагчы́, зберага́ць, шанава́ць, экано́міць;
spare no pains не шкадава́ць кло́патаў
3. удзяля́ць (час, увагу);
Can you spare me a moment? Ці можаш падараваць мне хвілінку?
4. infml абыхо́дзіцца;
I can’t spare him today. Я не магу сёння абысціся без яго.
5. мець залі́шне, надзвы́чай мно́га, зана́дта (чаго-н.);
I have no cash to spare today. У мяне сёння няма лішніх грошай.
♦
spare smb.’s blushes канфу́зіць, саро́міць каго́-н.;
spare smb.’s feelings берагчы́ чые́-н. пачу́цці, злі́тавацца над кім-н.;
(and) to spare: We have enough fruit and to spare. У нас садавіны больш чым трэба;
spare the rod and spoil the child пашкадава́ць дубца́ i разбэ́сціць дзіця́; быць залі́шне мя́ккім у выхава́нні дзяце́й
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
бязме́жжа, ‑а, н.
1. Бязмежны прастор. Так і бачыш бяздонную сінь зімовага неба, залітага халодным святлом месяца, адчуваеш вышыню і бязмежжа аснежаных прастораў. Грахоўскі. [Дзяўчынка] не крычала, адна ў сцюдзёным бязмежжы, на вачах у высокіх і абыякавых зорак, — яна ўжо толькі шаптала адзінае слова, якім чалавек пачынае жыццё, слова вялізнай сілы. Брыль.
2. перан. Надзвычайная глыбіня, сіла выяўлення чаго‑н. Сёння нашы прасторы — бязмежжа — Славу роднай сталіцы пяюць. Броўка. Паэзія Купалы заўсёды была шматграннай, арыентавалася на ўсё ідэйна-тэматычнае, духоўнае бязмежжа нацыянальнага быцця. Бечык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.
2. Выступіць у ролі сведкі. — Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
манта́ж, ‑у, м.
1. Зборка і ўстаноўка машын, збудаванняў з гатовых частак у адпаведнасці з планамі і чарцяжамі. Галя вельмі любіла ўвесь працэс наладкі лініі — ад мантажу станкоў да наладкі інструментаў на дэталі. Арабей. Сёння .. [Максім Сцяпанавіч] вырашыў пачаць абход з ліцейнага: трэба было праверыць, як ідзе мантаж новых, больш магутных вагранак. Карпаў.
2. Падбор і аб’яднанне асобных частак фільма, літаратурных або музычных твораў у адно цэлае ў мастацкіх і сэнсавых адносінах. // Фільм, літаратурны твор і пад., складзеныя такім чынам. Падрыхтаваць літаратурны мантаж. Фатаграфічны мантаж.
[Фр. montage.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўва́жлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому не ўласціва неабходная ўвага; рассеяны. Няўважлівы вучань. □ Як і заўсёды, першай размову пачынае Тася. Але сёння яна на дзіва разгубленая і няўважлівая да заняткаў. Гарбук. // Які робіцца без увагі. Няўважлівае чытанне.
2. Які не выказвае ўвагі да каго‑, чаго‑н.; няветлівы. [Мікола] папракаў сябе, што быў такі няўважлівы да жонкі. Новікаў. — Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. — І то праўда. Ах, няўважлівы. Ткачоў.
3. Такі, што не можа быць прыняты да ўвагі. Няўважлівыя прычыны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падма́н, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падмануць (у 1 знач.). — А пані вядома, — запытаў яе старшыня суда, — што за лжывае паказанні‑, за падман суда сведка павінен быць цяжка пакараны? Машара. // Мана, хлусня, ашуканства. І хоць.. [Горбікаў] ведаў, што хворыя месцы зарубцаваліся, прыкінуўся сухотным. Гэты яго падман выкрыла Наталля Максімаўна. Дудо. [Хамутоўскі:] — Хлусня ў вас, а не праўда! Падман адзін! Курто.
2. чаго. Памылковае, ілюзорнае ўяўленне; абман. Падман пачуццяў. □ [Федзя:] — Учора [фатаграфія на Дошцы гонару] сам бачыў — была. А сёння іду міма, зірнуў — няма... Галюцынацыя, думаю, падман зроку. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́стаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.
1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце. Вясковая ластаўка. Ластаўка беражанка. □ Мы, трое жэўжыкаў, стаім каля плота і назіраем, як над гразкай вуліцай вывіваюцца белагрудыя ластаўкі. Пальчэўскі.
2. (звычайна пры звароце). Разм. Ласкавая назва жанчыны, дзяўчыны, дзяўчынкі. [Дзюмон:] — А ну, адгадай, ластаўка, што я сёння прынёс табе? Шамякін.
3. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.
•••
Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лю́лька 1, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Прылада для курэння, якая складаецца з цыбука і галоўкі, пустой ўнутры, у якую насыпаюць тытунь. — Ноч будзе сёння халодная, — сказаў Дзямід, задаволена пыхкаючы сваёй люлькай. В. Вольскі. Абкураная .. люлька ў бацькавай руцэ знаёма пахла дымам. Савіцкі.
лю́лька 2, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Тое, што і калыска (у 1 знач.). Цераз люльку да матулькі Ручкі цягне ўжо Марат! Лявонны.
2. Тое, што і калыска (у 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суправаджа́цца, ‑аецца; незак., чым.
1. Адбывацца адначасова з чым‑н., спалучацца з чым‑н. Гульня суправаджалася выбухамі гучнага смеху. Васілёнак. Словы гэтыя суправаджаліся не менш зразумелым для Лёні мармытаннем. Брыль.
2. Мець сваім вынікам што‑н. Ядзерны распад, які суправаджаецца магутным, радыеактыўным выпраменьваннем, выкарыстоўваецца сёння як крыніца энергіі. «Маладосць». Паляпшэнне матэрыяльнага становішча працоўных мас суправаджаецца бурным росквітам культуры, мастацтва, павышэннем агульнага культурнага і адукацыйнага ўзроўню. «Весці».
3. Быць забяспечаным чым‑н., дапаўняцца чым‑н. Каштарыс суправаджаецца каментарыямі.
4. Зал. да суправаджаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)