тэрмічная апрацоўка загартаваных сплаваў (пераважна сталей) для памяншэння іх крохкасці і павышэння пластычнасці. Заключаецца ў нагрэве металу да пэўнай т-ры, вытрымцы пры гэтай т-ры і наступным ахаладжэнні (у паветры або вадзе) з зададзенай скорасцю. Водпуск каляровых сплаваў звычайна наз. штучным старэннем.
Адрозніваюць водпуск нізкі (120—250 °C, выкарыстоўваецца для зняцця ўнутр. напружанняў у вырабах з інстр. вугляродзістай і нізкалегіраванай сталі), сярэдні (250—450 °C, для апрацоўкі спружынных і рысорных сталей) і высокі (450—650 °C, для апрацоўкі дэталей канструкцый і машын з канструкцыйных сталей). Загартоўка з наступным высокім водпускам наз. паляпшэннем. Выбар рэжыму водпуску вызначаецца патрэбным найлепшым спалучэннем трываласці, цвёрдасці і пластычнасці вырабу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для выгінання пракату і труб у халодным або гарачым стане. Выкарыстоўваецца ў котла- і суднабудаванні, хім. і нафтавай прам-ці.
Ліставы пракат апрацоўваюць на прэсах і гібачных вальцах, гатунковы пракат і трубы — на ролікавых машынах. Пракат выгінаюць таксама на гарызантальных гібачна-штамповачных прэсах (бульдозерах) і правільных прэсах. Дробныя вырабы з калібраў, дроту або стужкі (шплінты, сашчэпкі, дэталі для радыёапаратуры і інш.) робяць на гібачных аўтаматах. Найб. пашыраны гібачныя машыны з 3 валкамі, на якіх выгінаюць лісты шырынёй да 9 м і таўшчынёй да 50 мм. Гл. таксама Гібка.
Гібачныя машыны: a — лістагібачная трохвалковая (1 — сярэдні валок, 2 — корпус прывода, 3 — бакавы валок); б — трубагібачная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ,
электраакустычная ці мех. прылада для моцнага ўзнаўлення гукаў (мовы, музыкі і інш.). Бывае эл.-дынамічны (найб. пашыраны), эл.-магн., п’езаэл., кандэнсатарны, пнеўматычны, рупарны. Эл.-акустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя эл. ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай мех. сістэмы (дыфузара, дыяфрагмы). Асн. параметры: намінальная магутнасць і паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск і інш.; накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак. Па эл.-акустычных параметрах адрозніваюць шырока- і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адно- і двухдыфузарныя, кааксіяльныя, круглыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,
травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.
У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНА́,
рака, левы прыток р. Дняпро, у Расіі і на Украіне. Даўж. 1130 км. Пл.бас. 88,9 тыс.км². Бярэ пачатак на Смаленска-Маскоўскім узв., упадае ў Дняпро вышэй Кіева. У верхнім цячэнні берагі пераважна нізінныя і забалочаныя, ніжэй г. Бранск правы бераг павышаецца. Пасля ўпадзення р. Сейм даліна расшыраецца, рака ўтварае шмат рукавоў і старыц. Рэчышча пясчанае, звілістае, няўстойлівае, шмат мелей. Гал. прытокі: Судасць, Сноў (справа), Болва, Наўля, Няруса, Сейм і Асцёр (злева). Ледастаў са снеж. да красавіка. Вясной у паводку шырока разліваецца. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 360 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Ноўгарад-Северскі. Гал. прыстані: Ноўгарад-Северскі, Макошына, Чарнігаў, Асцёр, Жукін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНАЯ ТЭО́РЫЯ ГРО́ШАЙ,
канцэпцыя, што разглядае грошы як асн. элемент рыначнай гаспадаркі. Заснавана на ўраўненні абмену (ураўненні Фішэра), якое звязвае грашовую масу ў абарачэнні, хуткасць абарачэння грошай, сярэдні кошт і колькасць тавараў. Ляжыць у аснове манетарызму. Узнікла пад уплывам росту цэн у Еўропе ў 16—18 ст., выкліканага прытокам каштоўных металаў з Амерыкі (Б.Давандзаці, Ш.Мантэск’ё, Д.Юм, Д.Рыкарда). У 20 ст. распрацоўвалася І.Фішэрам, А.Маршалам, А.С.Пігу, Дж.Кейнсам, М.Фрыдманам. Сучасная К.т.г. сцвярджае, што ў аснове змен ва ўзроўні цэн ляжыць гал. чынам дынаміка намінальнай грашовай масы, і вылучае адпаведныя практычныя рэкамендацыі па стабілізацыі эканомікі на аснове кантролю над грашовай масай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВУ́А, Лувуа (Lovua, Luvua),
рака ў Замбіі (верхняе цячэнне) і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, правы прыток р. Луалаба (бас.р. Конга). Некаторыя даследчыкі лічаць яе гал. вытокам р. Конга. Даўж. больш за 1500 км, пл.бас. 265,3 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Чамбешы) на плато на Пд ад воз. Танганьіка, працякае праз балота на Пд ад воз. Бангвеулу, ніжэй (на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга) наз. Луапула, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў воз. Мверу, ніжэй якога наз. ўласна Л. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 600 м³/с. ГЭС. Суднаходная на 145 км ад вусця і вышэй воз. Мверу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМПО́ПА (Limpopo),
Кракадзілавая, рака ў Паўд. Афрыцы, Паўд.Афр. Рэспубліцы і Мазамбіку. У сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж ПАР і Батсванай, ПАР і Зімбабве. Даўж. 1600 км, пл.бас. 440 тыс.км². Бярэ пачатак на паўн. схілах хр. Вітватэрсранд, у вузкай цясніне перасякае ўсх. ўскраіну Паўд.-Афрыканскага нагор’я, цячэ па Мазамбікскай нізіне, упадае ў Індыйскі ак.Гал. жыўленне ад прытокаў, што сцякаюць з вільготнага плато Матабеле і ад р. Уліфантс (справа). Сярэдні расход вады каля 800 м³/сек. У сезон летніх дажджоў (снеж.—лют.) узровень вады ў ніжнім цячэнні павышаецца на 5—7 м. Суднаходная на 160 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для арашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ПО́ДСЦІЛ,
наглебавае ўтварэнне ляснога біяцэнозу. Фарміруецца ў выніку назапашвання і раскладання расліннага ападу. Характарызуецца магутнасцю, запасам, складам і будовай, на якія ўплываюць відавы склад, узрост і яруснасць лесу, самкнутасць ляснога полага, развіццё жывога наглебавага покрыва, водны рэжым глебы, актыўнасць фауны і інш. У залежнасці ад ступені раскладання арган. рэшткаў у Л.п. адрозніваюць падгарызонты: верхні (леташняга ападу), сярэдні (ферментацыі) і ніжні (гуміфікацыі). Месца існавання жывых арганізмаў; утварае гумус, ахоўвае глебу ад мех. ўшчыльнення і эрозіі, вызначае яе тэмпературны і водна-паветраны рэжым і лесараслінныя ўласцівасці, уплывае на аднаўленне лесу. На Беларусі магутнасць Л.п. 1—5 см, запас 3—30 т/га і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДАЛЕ́НА (Magdalena),
рака ў Калумбіі. Даўж. 1540 км, пл.бас. 260 тыс.км². Выток на ПдЦэнтр. Кардыльеры, да г. Нарэ цячэ па міжгорнай упадзіне паміж Цэнтр. і Усх. Кардыльерамі, далей па Прыкарыбскай нізіне, упадае ў Карыбскае м.Гал. прытокі: Каўка і Сан-Хорхе (злева). Высокія ўзроўні (з затапленнем зямель у ніжнім цячэнні) у крас.—маі і вер.—лістападзе. У сярэднім цячэнні парогі. Сярэдні расход вады 8—10 тыс.м³/с. Суднаходства да г. Баранкілья да г. Ла-Дарада (каля 880 км) і ад г. Онда да Нейвы — у высокую ваду (370 км). У нізоўях М. пракладзены суднаходны канал да порта Картахена.