Як састаўная частка адзінага сац.-культ. комплексу Беларусі, як асн. элементы азелянення і садова-паркавага мастацтва, паркі ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры. Яны прызначаны для арганізацыі вольнага часу, задавальнення культ.-пазнавальных патрэбнасцей і інтарэсаў людзей праз стварэнне на сваёй тэр. спрыяльных умоў для адпачынку, распаўсюджвання і папулярызацыі культ. каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя. Усе паркі адкрытыя для публічнага наведвання.
Найб. старадаўнія на Беларусі паркі, што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Адрозніваюць паркі рэгулярныя, пейзажныя, мемарыяльныя, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады і інш. Для рэгулярных паркаў характэрны строгая геам. планіроўка і радковая пасадка дрэў, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі; наяўнасць баскетаў, шырокіх партэраў з кветкавымі газонамі, басейнаў, каналаў, фантанаў, часам — стараж. палаца (замка), ад якога разыходзяцца прамыя алеі Да ліку лепшых узораў такіх паркаў належаць Бачэйкаўскі парк, закладзены ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), Дубайскі парк, створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай (Пінскі р-н Брэсцкай вобл.), у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), у в. Забалацце (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) і інш.
У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя паркі з уласцівай для іх свабоднай планіроўкай, маляўнічым размяшчэннем кампазіцыйных элементаў, што імітуюць прыродны ландшафт, невялікія збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, розныя віды малых форм архітэктуры, і інш. Адзін з паркаў такога тыпу закладзены ў 1879 на тэр. Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (засн. ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам). Яго агульная плошча каля 100 га. На правабярэжнай частцы парку (падзелены р. Уша) знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары, т.зв. англійскі парк з японскім садам; у левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. У парку ўстаноўлены бюсты кн. Юрыя Нясвіжскага, італьян.арх. Дж.М.Бернардоні, пісьменнікаў У.Сыракомлі, Я.Коласа, картографа Т.Макоўскага, 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria Victoria» і інш. Пасля рэканструкцыі ў 1991 водна-паркавай сістэмы Нясвіжа адноўлены 5 пейзажных паркаў, у т. л. парк «Альба». Найб. захаваным на Беларусі пейзажным паркам з элементамі рамантызму з’яўляецца парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, заснаванага ў 2-й пал. 18 ст. на правым беразе р. Сож (даўж. 800 м, пл. 25 га). У ім знаходзіцца пладовы сад з багатай аранжарэяй («Зімовы сад»), ставок «Лебядзінае возера», вял. і мал. гроты, Верхні і Ніжні масты, памятныя камяні, больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод; устаноўлены конная статуя кн. І.Панятоўскага, 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29), манумент кн. I Ф.Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца, дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры і інш. Да тыпу пейзажных паркаў адносяцца Савейкаўскі парк (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), паркі Жыліцкага (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Лагойскага. Валожынскага палацава-паркавых ансамбляў і інш.
Мемарыяльныя паркі часцей ствараюцца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску), або прысвячаюцца значным гіст. падзеям ці юбілеям (напр., парк Перамогі ў Мінску). Большасць такога тыпу паркаў з’яўляюцца часткай сядзібна-паркавых ансамбляў. Да нашага часу на Беларусі захаваліся 175 мемарыяльных сядзіб з рэшткамі паркаў. У іх ліку рэшткі парку ў родавым маёнтку Касцюшкаў Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), закладзенага ў канцы 17 ст., у гар. сядзібе Ваньковічаў (Мінск), дзе з 1824 жыў і працаваў мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч, бывалі Я.Дамель, С.Манюшка, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч. У Брэсцкім р-не захаваліся мемарыяльныя сядзібы Лышчыцы (радзіма К.Лышчынскага) і Скокі (радзіма Ю.Нямцэвіча). У Баранавіцкім р-не 9 такіх сядзіб, у т. л. музей-сядзіба А.Міцкевіча «Завоссе» і сядзіба ў Ясянцах — радавым маёнтку апошняга канцлера ВКЛ Я.Храптовіча. У 2004 у в. Ракаў Мінскага р-на адкрылася сядзіба-музей, звязаная з імёнамі Ф.Багушэвіча, А.Міцкевіча і М.К.Агінскага; тут экспануюцца мэбля і адзенне 18—19 ст., муз. інструменты, фрагменты слуцкіх паясоў і інш. У 19 ст. склаўся новы тып парку — гарадскі с а д (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). Самы старадаўні такі парк — Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (былы Губернатарскі сад; пл. 30 га), у якім дзейнічаюць разнастайныя атракцыёны, планетарый, крыты каток, летняя эстрада. У 1920-я г. пачалі стварацца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя, спартыўныя, заалагічныя і інш.
У 2002 на Беларусі дзейнічалі 24 паркі культуры і адпачынку, у т. л. ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абл. — па 4, у Гомельскай вобл. і г. Мінск — па 3, Магілёўскай вобл. — 1 і Мінскай вобл. — 5. Дзейнічаюць 4 заапаркі (Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск). Найб. паркі культуры і адпачынку ў Гомелі (280 га, з філіяламі), Віцебску (190 га), Гродне (92 га), Кобрыне (60 га), Брэсце (40 га). У Мінску працуюць парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў (50 га) і імя 50-годдзя Кастрычніка (110 га), а таксама парк Я.Купалы і парк Перамогі (у раёне Камсамольскага возера). У парках культуры і адпачынку праводзяцца тэатралізаваныя канцэрты, выстаўкі, нар. святы, творчыя конкурсы, гульнёва-забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, танцавальныя вечары, спарт. мерапрыемствы. У 2002 у іх дзейнічала 14 гурткоў маст. самадзейнасці, 16 спарт. гурткоў і 8 дзіцячых аб’яднанняў. У 2003 у Мінску адкрыты адзіны ў Беларусі сучасны парк забаў «Dream Land» (Краіна мары), у якім дзейнічаюць разнастайныя італьян. атракцыёны (экстрэмальныя, сямейныя, дзіцячыя), лічбавая фотастудыя і інш.
Паркавая прастора выкарыстоўваецца і як месца актыўных зносін людзей з прыродай, чаму садзейнічае стварэнне ў іх рэкрэацыйна-аздараўленчых зон і аб’ектаў, спрыяльных умоў для фіз. і маральна-псіхал. адпачынку і аднаўлення сіл чалавека. Першы батанічны сад на Беларусі засн. Ж.Э.Жыліберам у Гродне на месцы старога гарадзішча; у 1778 у садзе было больш за 2000 відаў экзотаў (большасць экзатычных насаджэнняў у 1781 перанесена ў Віленскі батанічны сад, цяпер на яго месцы гар. парк культуры і адпачынку). У пач. 20 ст. існаваў (да 1924) Вялікалятчанскі батанічны сад каля Віцебска. Працуюць батанічныя сады БСГА (з 1847), Віцебскага ун-та (закладзены ў 1919), БДУ (арганізаваны ў 1933), Бел.тэхнал. ун-та (арганізаваны ў 1969). У Цэнтр. батанічным садзе Нац.АН Беларусі (створаны ў 1932, пл. больш за 80 га) сабрана больш за 9 тыс. відаў раслін. У яго экспазіцыі: дэндрарый з сектарамі Беларусі, Д.Усходу, Усх. Азіі, Паўн, Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа, Сярэдняй Азіі, альпінарый, ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад, сад бесперапыннага цвіцення, ландшафтны. З 1985 у Мінску дзейнічае парк камянёў — геалагічны музей пад адкрытым небам. У ім больш за 2 тыс. экспанатаў, пл. экспазіцыі 6,5 га, з іх 4,5 га займае рэльефная мадэль геагр. карты Беларусі. Парк з’яўляецца эксперыментальнай базай Ін-та геалагічных навук Нац.АН Беларусі па вывучэнні ледавіковых валуноў, вырашэнні шэрагу актуальных праблем геалогіі, а таксама своеасаблівым сродкам папулярызацыі і пашырэння прыродазнаўчых і гісторыка-краязнаўчых ведаў.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1974;
Яго ж. Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;
Смолік А.І. Культура Беларусі XI—XIX стст.: Навук.давед.Мн., 1998;
Каштоўнасці мінуўшчыны, 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікау гісторыі і культуры: Матэрыялы канф., Мінск, 17 крас. 2001 г.Мн., 2001.
С.Ф.Дубянецкі, Э.С.Дубянецкі.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.Мірскі садова-паркавы комплекс.У парку камянёў.Фрагмент парку Я.Купалы ў Мінску.У Гродзенскім заалагічным парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯНЬ-ША́НЬ (кіт.Нябесныя горы),
горная сістэма ў Цэнтр. Азіі. Зах.ч. знаходзіцца пераважна ў Кыргызстане; часткова ў Казахстане, Узбекістане, Таджыкістане, усх. — у Кітаі. Цягнецца з 3 на У амаль на 2500 км. На ПдЗ Алайскім хр. злучаецца з сістэмай Паміра-Алая, на ПнУ хрыбтом Борахара з хр. Джунгарскі Алатау. Найвыш. пункты — пік Перамогі (7439 м) і Хан-Тэнгры (6995). Паводле фізіка-геагр. раянавання вылучаюць (акрамя кіт.ч.) Ц.-Ш. Зах., Паўн., Унутр. і Цэнтральны. Асн. хрыбты і ўпадзіны, што іх падзяляюць, маюць шыротнае і субшыротнае распасціранне. Рэльеф пераважна высакагорны з ледавіковымі формамі, на схілах — восыпны, вышэй за 3200 м — шматгадовая мерзлата. Буйныя міжгорныя (Ферганская, Ісык-Кульская, Нарынская і інш.) і ўскраінныя (Чуйская, Талаская) упадзіны з рачнымі далінамі, азёрамі і балотамі.
Геал. структура Ц.-Ш. ўзнікла ў выніку альпійскіх рухаў на месцы эпіпалеазойскага пенеплена, рэшткі якога захаваліся на выш. 3000—4000 м у выглядзе сыртаў. Горныя хрыбты складзены пераважна з асадкавых, метамарфічных і магматычных парод, катлавіны — з асадкавых адкладаў. Частыя землетрасенні Радовішчы руд ртуці, сурмы, свінцу, цынку, серабра, волава, вальфраму, ва ўпадзінах — нафты, каменнага і бурага вугалю і інш. Клімат рэзка кантынентальны. У далінах ніжняга пояса гор сярэднія т-ры ліп. 20—25 °C, у сярэдневышынных далінах 15—17 °C, каля падножжаў ледавікоў 5 °C і ніжэй; т-растудз. ў нізкагорнай зоне -5-8 °C, на высакагор’ях ад -17 да -22 °C, ападкаў ад 300 мм у перадгор’ях да 800 мм за год у высакагор’ях. Снегавая лінія ў Зах. Ц.-Ш. на выш. 3600—3800 м, у Цэнтр. — на выш. 4200—4450 м. Плошча сучаснага зледзянення 7,3 тыс.км² (больш за 7700 ледавікоў, найбуйн. Паўд. і Паўн. Энгільчэк, Каінды, Мушкетава). Рэкі належаць да ўнутр. басейнаў Цэнтр. Азіі, найбуйн. Нарын, Сары-Джаз, Сырдар’я, Ілі, Чу, Тарым, Канчэдар’я. Маюць пераважна ледавіковае і снегавое (летняя паводка) жыўленне. Найбуйн. азёры: Ісык-Хуль, Сонг-Кёль, Чатыр-Кёль. У Цэнтр. Ц.-Ш. выражана вышынная пояснасць ландшафтаў. Раўніны заняты гліністымі палыннымі і салянкавымі пустынямі, якія на Пд пераходзяць у палына-эфемеравыя пустыні. На падгорных раўнінах і ў нізкіх перадгор’ях паўпустыні або пустынныя стэпы з перавагай эфемераў і эфемероідаў. Вышэй за 900—1200 м — горна-стэпавы пояс, прадстаўлены злакава-разнатраўнымі стэпамі на Пн і высакатраўнымі паўсаваннамі на Пд. Вышэй за 1200—2000 м — лутавыя стэпы, хмызняковыя зараснікі і лісцевыя лясы. Лясы грэцкага арэха (на зах. схілах Ферганскага хр., паўд. схіле Чаткальскага і ў Зах. Ц.-Ш.) да 1700 м на Пн, да 2500—3000 м на Пд, змяняюцца хвойнымі з цянь-шаньскай елкі і піхты. Субальпійскія і альпійскія лугі пашыраны пераважна на паўн. схілах (на выш. 2800—3400 м). На сыртах — ландшафты халодных пустынь. На выш. 3600—3800 м — ландшафты гляцыяльна-нівальнага пояса. Ва ўнутр. далінах і катлавінах — камяністыя пустыні, паўпустыні і сухія стэпы. Жывёльны свет перадгор’яў і нізкагор’яў: грызуны, паўзуны, антылопа джэйран; у гарах — дзік, горны баран (архар), горны казёл, цянь-шаньскі мядзведзь, снежны барс, суркі; э птушак — горны індык, горная курапатка, альпійская галка, вадаплаўныя.
Пашавая жывёлагадоўля, земляробства (пераважна ў перадгор’ях і на паліўных землях). Вырошчваюць рыс, вінаград, персікі, яблыкі, абрыкос, слівы, ячмень, пшаніцу, бульбу. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Алмацінскі, Аксу-Джабаглы, Сары-Чэлекскі, Чаткальскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬШАВІКІ́,
прадстаўнікі адной з дзвюх галоўных плыняў у Расійскай сацыял-дэмакратыі. Аформіліся як с.-д. фракцыя ў выніку барацьбы рас.рэв. марксістаў на чале з У.І.Леніным за стварэнне рэв. партыі. Тэрмін «бальшавікі» ўзнік у працэсе выбараў кіруючых органаў партыі на 2-м з’ездзе РСДРП (1903), дзе прыхільнікі Леніна атрымалі большасць галасоў, іх праціўнікі — меншасць (меншавікі). Аснова бальшавізму — ідэйныя, арганізац. і тактычныя прынцыпы, выпрацаваныя Леніным з улікам вопыту рас. і сусв.рэв. руху. Бальшавікі вызначаліся максімалізмам, які пашыраўся на ўсе бакі жыцця і вынікаў з пераканання ў перавазе рэвалюцыі ў параўнанні з эвалюцыйнымі і рэфармацыйнымі працэсамі. Гэта ішло ад упэўненасці, што ў Расіі на пач. 20 ст. з-за непрымірымасці супярэчнасцяў паміж капіталізмам і рэшткамі феадалізму, паліт. слабасці і рэакцыйнасці буржуазіі няма інш. магчымасці пераўтварыць грамадства як праз рэвалюцыю. Свае ідэі бальшавікі часткова апрабавалі ў гады рэвалюцыі 1905—07, у якой актыўна ўдзельнічалі. Гегемонію пралетарыяту яны разглядалі як умову макс. прасоўвання наперад па шляху бурж.-дэмакр. рэвалюцыі, значна далей мяжы, прымальнай для ліберальнай буржуазіі. Гэта дало б магчымасць цалкам выканаць праграму-мінімум РСДРП (звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, знішчэнне рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы) і, мінаючы этап канстытуцыйнай манархіі, перайсці да сацыяліст. рэвалюцыі — звяржэння капіталізму і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту (праграма-максімум). Насуперак тэндэнцыі, якая існавала ў той час у с.-д. руху, бальшавікі адводзілі прыярытэтнае месца сярод уплывовых сіл грамадства суб’ектыўным фактарам, у першую чаргу партыі і ўстаноўленай ёю дыктатуры, што грунтавалася і ажыццяўлялася на прынцыпах т.зв. «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці». Сваіх апанентаў бальшавікі абвінавачвалі ў апартунізме, які, на іх думку, адлюстроўваў інтарэсы буржуазіі. Паводле слоў лідэра і ідэолага бальшавізму Леніна, партыя — гэта цэнтралізаваная нелегальная арг-цыя, якая аб’ядноўвае перш за ўсё прафес. рэвалюцыянераў. Яе нешматлікасць і жалезная дысцыпліна — абавязковыя ўмовы паспяховай дзейнасці ў Расіі, дзе няма паліт. свабод. Асн. элементы гэтай мадэлі партыі бальшавікі захавалі і ва ўмовах, калі адкрыліся магчымасці легальнага існавання партыі, і пасля таго, як у выніку перамогіКастрычніцкай рэвалюцыі 1917 яна стала кіруючай. Працэс выхаду бальшавікоў з аб’яднаных с.-д. арг-цый на Беларусі адбыўся пераважна ў 1917. Найб. буйныя былі арг-цыі бальшавікоў Гомеля, Віцебска, Полацка, Мінска. Да кастр. 1917 на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, бальшавікі сталі самай уплывовай паліт. сілай і арганізацыйна аформіліся як партыя (гл.Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя РКП(б), Камуністычная партыя Беларусі) У барацьбе за ўладу бальшавікі выкарысталі ўсе аб’ектыўныя фактары — нежаданне салдатаў ваяваць, бяссілле Часовага ўрада, адсутнасць у народа навыкаў дэмакратыі, максімалізм нар. мас у пошуках сац. праўды, веру ў асаблівы шлях Расіі і інш. Вялікую ролю адыгралі і абяцанні бальшавікоў у найкарацейшы тэрмін вырашыць самыя надзённыя праблемы — зямлі і міру, ажыццявіць ідэалы сац. справядлівасці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі была знішчана шматпартыйная сістэма. У адпаведнасці з ленінскім праектам партыі бальшавікоў была нададзена функцыя іерархічна арганізаванага авангарда, які вядзе за сабой не толькі клас, але ўсё грамадства. Непрымірымая барацьба з апазіцыяй і праявамі плюралізму, чысткі ў партыі, якія перакінуліся на чысткі ў грамадстве і перараслі ў масавыя рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна стварылі базу для таталітарнага рэжыму ў СССР. У 1917—52 слова «бальшавікі» ўваходзіла ў афіц. назву партыі: з вясны 1917 — РСДРП(б), з 1918 — РКП(б), з 1925 — ВКП(б); 19-ы з’езд (1952) прыняў назву Камуністычная партыя Савецкага Саюза.
Ідэалы бальшавікоў атрымалі папулярнасць у многіх краінах свету. Уплыў бальшавікоў на міжнар. рабочы і камуніст. рух ажыццяўляўся праз Камуністычны Інтэрнацыянал. Некаторыя ідэі бальшавізму выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці левыя паліт. сілы 1990-х г. на Беларусі, у Расіі і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ «АДРАДЖЭ́ННЕ», БНФ «Адраджэньне»,
грамадска-палітычны рух. Засн. ў 1988 на базе нефармальных аб’яднанняў, што дзейнічалі на Беларусі ў 2-й пал. 1980-х г. Ініцыятар стварэння БНФ — гісторыка-асв. т-ва«Мартыралог Беларусі». 19.10.1988 створаны Арганізац.к-тБНФ (старшыня З.Пазняк). Ядро фронту склалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, актывісты нац.-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі (А.Адамовіч, В.Быкаў, М.Дубянецкі, Пазняк, М.Ткачоў, Ю.Хадыка, М.Чарняўскі і інш.). Устаноўчы з’езд БНФ (24—25.6.1989, Вільнюс) выбраў кіруючы орган фронту — сойм, прыняў статут, праграму, рэзалюцыі, якія вызначалі асн. кірункі і формы яго дзейнасці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб міжнацыянальных адносінах у Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Аб дзяржаўнасці беларускай мовы», «Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы», «Аб праекце Канстытуцыі БССР». Многія пытанні, пастаўленыя фронтам на парадак дня, аказаліся сугучнымі з настроямі і сац. надзеямі пэўных пластоў насельніцтва. Пацвярджэнне гэтаму — поспех БНФ на выбарах у Вярх. Савет (1990), калі было выбрана 60 дэпутатаў, якіх падтрымліваў фронт. У складзе Вярх. Савета сфарміравалася фракцыя БНФ (больш за 30 дэпутатаў), якая актыўна праводзіла палітыку фронту. Першыя крокі на паліт. арэне БНФ рабіў пад лозунгамі перабудовы, абвешчанымі вышэйшым кіраўніцтвам КПСС. Заяўлялася пра неабходнасць пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Пазней гэтыя лозунгі былі адкінуты. У праграмнай заяве «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне», прынятай на II з’ездзе БНФ (23—24.3.1991, Мінск), выкладзены задачы фронту: дэкамунізацыя, канстытуцыйны працэс, рэформа сістэмы ўлады, стварэнне грамадз. супольнасці, пераход да рыначных адносін, сац. палітыка, адраджэнне культуры і нац. свядомасці. Праграма БНФ, прынятая на III з’ездзе (29—30.5.1993, Мінск), вызначыла канцэпцыю фарміравання і механізм дзеяння рыначнай гаспадаркі, канстытуцыйныя прынцыпы, структуру ўлады, прынцыпы знешняй палітыкі, геапаліт. прыярытэты Рэспублікі Беларусь і інш. На з’ездзе створана Партыя Беларускага народнага фронту. Паліт. сітуацыю ў краіне, актуальныя пытанні ўнутрыпарт. жыцця разгледзеў IV з’езд БНФ (8.7.1995, Мінск). На з’ездзе абмяркоўвалася прапанова пра падзел функцый паміж фронтам як нар. рухам, скіраваным на асв.-адраджэнскую дзейнасць, і Партыяй БНФ, скіраванай на барацьбу за паліт. ўплыў і паліт. ўладу. Але з’езд гэту пазіцыю не падтрымаў. БНФ вылучаў свайго лідэра Пазняка кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994), актыўна ўдзельнічаў у выбарах у Вярх. Савет і мясц. органы ўлады (1995), але беспаспяхова. На думку асобных лідэраў фронту, асн. прычынамі паражэння БНФ на выбарах з’явілася ізаляцыя фронту ў грамадскай свядомасці, а таксама адарванасць парламенцкай апазіцыі ад самога БНФ, што прывяло да звужэння ўспрыняцця БНФ як грамадскага руху. Асобныя праявы элементаў нац. і паліт. экстрэмізму прывялі да змяншэння ўплыву БНФ у грамадстве. БНФ арганізоўваў чарнобыльскія і экалаг. акцыі: Гадзіна смутку і маўчання 1989, Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях», мітынгі і шэсці, жалобныя набажэнствы ў Мінску і інш. гарадах, экспедыцыі ў Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і інш. раёны. БНФ арганізуе штогадовыя ўшанаванні Дня незалежнасці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды, угодкі перамогі пад Грунвальдам і інш. Праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі. Фронт падтрымлівае кантакты і каардынуе дзейнасць з асн. асяродкамі бел. эміграцыі на Захадзе і з бел. згуртаваннямі ў Польшчы, найперш з Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем. БНФ удзельнічаў у рабоце Грамадзянскага форуму Беларусі, у інш. сумесных акцыях і мерапрыемствах з бел.паліт. і грамадска-паліт. арг-цыямі дэмакр. кірунку; падтрымлівае кантакты з паліт. рухамі і партыямі інш. краін. Рады і суполкі БНФ дзейнічаюць і па-за межамі Беларусі (у Вільнюсе, Рызе, Маскве).
Л.Ф.Яўменаў, А.А.Дзмітрук.
Да арт.Беларускі народны фронт «Адраджэньне». Мітынг у Курапатах на Дзяды. 29.10.1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХЕН (München),
горад на ПдУ Германіі, у перадгор’ях Альпаў, на р. Ізар. Адм. ц. зямлі Баварыя. 1,2 млн.ж., у агламерацыі Вял. Мюнхен — каля 2 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Важны прамысл., гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: эл.-тэхн., радыёэлектронная, оптыка-мех., агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л. аўта-, лакаматыва- і авіябудаванне, ваенная, хім., паліграф., трыкат., харчовая. Піваварэнне. Метрапалітэн. Мюнхенскі універсітэт. Баварская АН і Акадэмія выяўл. мастацтваў. Дзярж. вышэйшая муз. школа, кансерваторыя. Оперныя фестывалі (з 1875). Фестываль піва. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Турызм.
Упершыню згадваецца ў пач. 12 ст. Вырас з паселішча Муніхен («каля манахаў»). У 1158 атрымаў ад Генрыха Львагар. права. У 1255—1918 рэзідэнцыя Вітэльсбахаў. З 16 ст. значны культ.цэнтр. Пры герцагу Максіміляне Баварскім [1597—1651] стаў цэнтрам каталіцызму ў Германіі (у 1609 у М. засн. антыпратэстанцкая Каталіцкая ліга). У час войнаў за аўстр. і ісп. спадчыны акупіраваны аўстр. войскамі (1705—15, 1742—44). У 1806—1918 сталіца каралеўства Баварыя. У 1841 у М. пабудаваны першы ў Германіі лакаматыў. У ліст. 1918 у горадзе абвешчана Баварская рэспубліка, потым Баварская (Мюнхенская) сав. рэспубліка (існавала 7.4—2.5.1919), у ліст. 1923 адбыўся гітлераўскі, або «піўны путч». Месца заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. 8.11.1939 тут здзейснены няўдалы замах на А.Гітлера. У 2-ю сусв. вайну ў М. дзейнічала антыфаш. група супраціўлення «Белая ружа» (1943), бамбардзіроўкамі 1943—45 разбурана амаль палавіна горада. З 1950 тут існаваў Ін-т па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (сярод супрацоўнікаў быў У.Сядура), які выдаваў і «Беларускі зборнік». У 1972 месца правядзення XX летніх Алімп. гульняў.
Стары горад са шчыльнай забудовай уздоўж р. Ізар. Гар. цэнтр, падзелены на 4 кварталы вуліцамі, перакрыжаванымі на Марыенплац, у 13 ст. быў абнесены сценамі (захаваліся вароты 14 ст.). З 1791 гар. ўмацаванні знесены і ў 18—19 ст. пабудаваны рэгулярныя прыгарады з шырокімі вуліцамі, барочнымі і класіцыстычнымі будынкамі. Пасля 1871 выраслі новыя кварталы і прамысл. раёны. М. моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну. Сучаснае аблічча вызначаецца суседствам рознастылявых пабудоў з будынкамі з бетону і шкла. Сярод помнікаў архітэктуры: готыкі — царква Фраўэнкірхе (1271, 1466—92), старая ратуша (1310, 1470—80, арх. абодвух І.Ганггофер), царква Святога Духа (1327); рэнесансу — рэзідэнцыя герцагаў (каля 1560) з антыкварыумам і паркамі; барока — цэрквы Санкт-Міхаэль-кірхе (1583—97, Ф.Сустрыс), Тэатынеркірхе (1663—1767, А.Барэлі, Э.Цукалі, Ф.Кювілье), езуіцкі калегіум (1585—97), палацы Німфенбург (1663—1728), Шляйсгайм (1701—27), архіепіскапскі (1733—37), Амаліенбург (1734—39, Кювілье); класіцызму — палац прынца Карла (1803—11), Нац.т-р (1811—18, абодва К. фон Фішэр, адноўлены ў 1823—25), брама Перамогі (1843—52, Ф.Гертнер), пабудовы Л. фон Кленцэ; неаготыкі — Новая ратуша (1867—1908, Г.І. фон Гаўберысер), музеі Баварскі нац. (1894—99, Г.Зейдль), Нямецкі (1903—25, паводле праекта О. фон Мілера); сучаснай архітэктуры — комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх летніх гульняў (1968—72, паводле праекта Г.Беніша, Ф.Ота і інш.), прадпрыемства BMW (1970—73, арх. К.Шванцэр). Помнікі: Максіміляну I (1830—39, арх. Кленцэ, скульпт. Б.Торвальдсен), «Баварыя» (1844—50, Л.Швантлер), «Вітэльсбахскі фантан» (1895, А.Гільдэбранд) і інш. Музеі: Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Баварскі нац., Нямецкі, этнаграфічны, Гліптатэка і інш.
У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Да арт.Мюнхен. Комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх гульняў. 1968—72.Да арт.Мюнхен. Комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх гульняў. 1968—72.Панарама Мюнхена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 37,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г.Мядзел. Уключае г.п.Крывічы і Свір, курортны пас.Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн.ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс.га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял. камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,9 тыс.га, з іх асушаных 22,2 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц.т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХу Вялікую Айчынную вайну 1941—45,
састаўная частка ўзбр. барацьбы народаў Сав. Саюза супраць фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр.СССР; важны фактар у дасягненні перамогі над Германіяй і яе саюзнікамі. Праграма разгортвання партызанскай вайны ўтрымлівалася ў дырэктыве СНГ СССР і ЦКВКП(б) ад 29.7.1941 і інш. дакументах, у адпаведнасці з якімі вялася падрыхтоўка патрыят. падполля, арганізацыя, камплектаванне і ўзбраенне партыз. атрадаў, вызначаліся задачы П.р. Ужо да канца 1941 на акупіраванай тэр. дзейнічала больш за 2 тыс.партыз. атрадаў (больш за 90 тыс.чал.). Для кіраўніцтва П.р. пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання 30.5.1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з П.К.Панамарэнкам. Прадстаўніцтвы ЦШПР былі таксама пры Ваен. Саветах франтоў, пры арміях (аператыўныя групы штабоў П.р.), якія ўзгаднялі дзеянні партызан з баявымі аперацыямі франтоў і армій. Адпаведныя штабы былі створаны для кіраўніцтва П.р. на акупіраваных тэр. саюзных рэспублік (гл.Беларускі штаб партызанскага руху), у шэрагу абласцей РСФСР. Гал. аб’ектамі нападзення партызан былі чыг. камунікацыі. За гады вайны яны ўтварылі 29 тыс. крушэнняў цягнікоў (з іх больш за 11 тыс.бел. партызаны), узарвалі 2 тыс.чыг. мастоў, што на 25% знізіла прапускную здольнасць чыгункі (гл. таксама «Рэйкавая вайна»), Партызаны грамілі гарнізоны, калоны войск, знішчалі розныя ваен. аб’екты, парушалі лініі сувязі, выратоўвалі людзей ад вывазу ў Германію, знішчалі жывую сілу ворагаў і іх памагатых, інфармавалі насельніцтва аб падзеях на франтах, дапамагалі сялянам апрацоўваць зямлю і інш. У радах партызан змагаліся прадстаўнікі амаль усіх нацыянальнасцей і народаў СССР, а таксама грамадзяне многіх інш. краін. Базамі разгортвання барацьбы ў тыле ворага сталі партыз. краі і зоны (гл.Партызанская зона). Усяго за гады вайны ў тыле герм. войск дзейнічала больш як 6 тыс.партыз. атрадаў (больш за 1 млн.чал.), у т. л. на Беларусі 374 тыс. партызан і больш за 70 тыс. падпольшчыкаў (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Партызаны і падпольшчыкі забілі і паранілі каля 1,5 млн. салдат і афіцэраў праціўніка, знішчылі больш за 4 тыс. танкаў і бронемашын, 65 тыс. аўтамабіляў, 1100 самалётаў, 2500 гармат, 2900 розных складаў, пашкодзілі 17 тыс.км ліній сувязі; пастаянна прыцягвалі да сябе да 10% баявых сіл ням.-фаш. войск і іх саюзнікаў. Самаадданая барацьба народных мсціўцаў атрымала высокую ацэнку дзяржавы: 249 чал. сталі Героямі Сав. Саюза (сярод іх на Беларусі 87 партызан і падпольшчыкаў), больш за 311 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Каля 50 тыс. грамадзян СССР удзельнічалі ў руху антыфаш. супраціўлення ў Польшчы, Францыі, Італіі, Чэхіі, Славакіі, Югаславіі і інш. краінах.
Літ.:
Гл. пры арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну.
І.А.Літвіноўскі.
Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Аб’ява нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад на Браншчыне. «Увага! Небяспека — Партызаны!». 1943.Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Партызаны Пскоўшчыны прымаюць прысягу. 1941.Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Рэдакцыя газеты Сумскага партызанскага злучэння. 1942.Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Партызаны-артылерысты. Ленінградская вобл.Да арт.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну. Байцы партызанскага атрада імя А.В.Суворава. Смаленская вобл. 1943.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Партызаны брыгады «Разгром» вырабляюць гранаты. Мінская вобласць.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Партызаны брыгады імя Будзённага мініруюць мост. Вілейская вобласць.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Партызаны атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава прымаюць прысягу. Капыльскі раён. 1942.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Вываз дзяцей на самалёце ў савецкі тыл з аэрадрома ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне.Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Партызанскі аэрадром. Малюнак мастака партызана Лельчыцкай брыгады Л.Рыбальчанкі. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,
перадача па радыё розных праграм для неабмежаванай колькасці слухачоў; адзін з асн. аператыўных сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды. Ажыццяўляецца праз перадаючыя радыёцэнтры і прымаецца на радыёпрыёмнікі. Вядзецца са студый або інш. памяшканняў, абсталяваных пастаяннай радыёапаратурай, а таксама з плошчаў, вуліц, стадыёнаў, тэатраў і інш. з дапамогай пераносных установак. З 1990-х г. пашырылася кабельнае вяшчанне. Асн. жанры Р.: інфарм.-публіцыстычны (гутарка, інтэрв’ю, каментарый, інфармацыя, рэпартаж), маст.-публіцыстычны (нарыс, кампазіцыя), мастацкі (опера, п’еса). Найб. папулярныя формы Р.: інфарм. праграма, радыётэатр (у т. л. радыёпастаноўка), радыёклуб (часопіс, газета, зборнік). Вядзецца таксама прамая трансляцыя важных грамадска-паліт. падзей, літ. або муз. твораў усіх жанраў і адаптаваных для радыё тэатр.драм. і оперных спектакляў.
Першыя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР пачаліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад), рэгулярнае Р. з 1924. На Беларусі Р. пачалося са стварэннем у 1924 акц.т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР. Трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, працягласць — 30 мін у суткі (у Мінску на той час было 20 радыёпрыёмнікаў, пераважна ў клубах). Адкрыццё радыёстанцыі РВ-10 садзейнічала пашырэнню асн. на той час праваднога вяшчання. якое асабліва хутка стала развівацца з 1928. У 1931 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу. У 1920—30-я г. перадачы вяліся пераважна ў форме радыёгазет. У Вял.Айч. вайну радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», якая размяшчалася ў Маскве, вяла перадачы на бел. і рус. мовах для насельніцтва Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі. За перыяд яе існавання (1.1.1942—20.9.1944) адбылося 3270 перадач, якія інфармавалі пра становішча ў краіне і на франтах, перамогіЧырв. Арміі, барацьбу партызан і падпольшчыкаў, выкрывалі злачынствы акупантаў, фаш. прапаганду, дзейнасць калабарацыяністаў, перадавалі матэрыялы для падп. друку, трансліравалі радыёмітынгі, канцэрты бел. музыкі; выступалі таксама дзярж. і парт. дзеячы Беларусі, пісьменнікі і інш.
У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вядзе перадачы па 2 нац. праграмах у мона- і стэрэаварыянтах: 1-я (19 гадз у суткі) і 2-я (18 гадз) рэсп. праграмы, праграмы радыёстанцый «Сталіца» (12 гадз) і «Беларусь» (4 гадз). Трансліруюцца таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Маладзёжны канал». У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. У склад Бел. радыё ўваходзяць: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба і 2 дырэкцыі — вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыі «Сталіца». У Доме радыё (узведзены ў 1963) 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У абл. цэнтрах функцыянуе абл. Р., у раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі Р. на чале з карэспандэнтамі-арганізатарамі. З сярэдзіны 1990-х г. існуе праграма, якая дазваляе аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні: сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны розных катэгорый грамадзян і інш. З 1962 вядзецца рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» можна слухаць на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі. З 15.6.1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на многія рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё могуць прымаць таксама жыхары прыгранічных раёнаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Сярод найб. папулярных перадач Бел. радыё: «У абедзенны перапынак», «На хвалі часу», «Радыёфакт», «Спявай, душа народная», «У сярэду на бяседу», «Сельская раніца», «Вячэрнія зарніцы» і інш.Рэсп. радыё ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІМірны дагавор 1921 паміж РСФСР, УССР і Польскай Рэспублікай, падпісаны 18 сак. ў Рызе. Гл.Рыжскі мірны дагавор 1921. Дагавор 1932 аб ненападзе паміж СССР і Польшчай, падпісаны 25 ліп. ў Маскве на 3 гады па ініцыятыве сав. боку (перагаворы вяліся са студз. 1926, з-за рознагалоссяў бакоў перапынены і адноўлены ў канцы 1931; 26.1.1932 дагавор парафіраваны). Дзяржавы абавязваліся ўстрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, у выпадку нападу на адну з іх не аказваць ні прамой, ні ўскоснай дапамогі краіне-агрэсару; не ўдзельнічаць у пагадненнях, варожых другому боку. Дагавор не пярэчыў інш. абавязацельствам, падпісаным раней, калі «гэтыя пагадненні не заключаюць у сабе элементаў агрэсіі». Паводле дагавора створана ўзгадняльная камісія з 4 чл. (па 2 ад кожнага боку). Пратаколам ад 5.5.1934 тэрмін дзеяння дагавора працягнуты да 31.12.1945. Страціў сілу пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі на тэр.Усх. Польшчы (Зах. Беларусь і Зах. Украіна) у пач. 2-й сусв. вайны. Пагадненне 1941 паміж урадам СССР і польскім урадам у эміграцыі, падпісана 30 ліп. ў Лондане. Гл.Савецка-польскае пагадненне 1941. Пагадненне 1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) аб адносінах паміж сав. галоўнакамандуючым і польскай адміністрацыяй пасля ўступлення сав. войск на тэр. Польшчы, падпісана 26 ліп. ў Маскве. Вызначыла, што вярх. ўлада і адказнасць за ўсе справы, якія Датычаць ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы, ускладаюцца на галоўнакамандуючага сав. войскамі. ПКНВ на вызваленых польскіх землях ствараў органы польскай адміністрацыі, фарміраваў і ўкамплектоўваў польскія войскі, забяспечваў садзеянне органаў польскай адміністрацыі ў ажыццяўленні Чырв. Арміяй ваен. аперацый і ў задавальненні яе патрэб у час знаходжання на польскай тэрыторыі. Прадугледжвалася, што асобы, якія належалі да сав. войск, заставаліся ў сав. юрысдыкцыі; асобы, што належалі да Войска Польскага, і цывільнае насельніцтва падлягалі польскай юрысдыкцыі. Дагавор 1945 аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве,
падпісаны 21 крас. ў Маскве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся давесці вайну супраць фаш. Германіі да поўнай перамогі, не заключаць без узаемнай згоды перамір’я або мірнага дагавора з урадам А.Гітлера і інш. уладай у Германіі, якая б замахвалася на незалежнасць, тэр. цэласнасць ці бяспеку адной з дагаворных дзяржаў, пашыраць сав.-польскае эканам. і культ. супрацоўніцтва, аказваць ваен. і інш. дапамогу, пасля вайны рабіць усе захады, каб не паўтарылася агрэсія з боку Германіі ці інш. дзяржавы. Пагадненне 1945 аб абмене насельніцтвам, падпісана 6 ліп. ў Маскве. Давала права свабоднага добраахвотнага выхаду з сав. грамадзянства і вяртання ў Польшчу асобам польскай і яўр. нацыянальнасцей, якія да 17.9.1939 былі польскімі грамадзянамі, і членам іх сем’яў, а таксама права выхаду з польскага грамадзянства і перасялення ў СССР асобам рускай, укр., бел., русінскай (зах. ўкраінцы, што даўней жылі ў складзе Аўстра-Венгрыі) і літоўскай нацыянальнасцей і членам іх сем’яў, якія жывуць на тэр. Польшчы. Дагавор 1945 аб савецка-польскай дзярж. граніцы, падпісаны 16 жн. ў Маскве. Гл.Савецка-польскі дагавор 1945. Пагадненне 1957 аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць спрыяць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, што мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог выкарыстаць права на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР. Дагавор 1965 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 8 крас. ў Варшаве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся дзейнічаць у рамках папярэдняга дагавора 1945 і Варшаўскага дагавора 1955, супрацоўнічаць у межах Савета Эканам. Узаемадапамогі, заявілі пра недатыкальнасць дзярж. граніц Польшчы па Одэры — Нейсе. У развіццё гэтага дагавора ў 1970—85 падпісаны шэраг пагадненняў і пратаколаў па пытаннях эканомікі, гандлю, навукі, тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 1944—50-х гадоў.
Гэты перыяд быў прынцыпова важным для развіцця горадабудаўніцтва і архітэктуры. Ён звязаны з фарміраваннем комплексу рознаўзроўневых праблем, ідэй і канцэпцый, што залежалі ад паліт., сацыяльна-эканам., ідэйна-маст. і тэхн. умоў. У гэты час актыўна вялося пасляваеннае аднаўленне гарадоў і вёсак. Пры распрацоўцы новых генпланаў (Мінска і інш.) намеціўся падыход да вызначэння гал. горадабудаўнічай канцэпцыі — увасабленне ўсімі магчымымі сродкамі пафасу вялікай Перамогі, узвелічэнне здзейсненага народам подзвігу. У рэчышчы гэтай эстэтыкі праектавалася і забудоўвалася 1-я чарга гал. магістралі Мінска — вул. Савецкай (сучасны праспект Ф.Скарыны). Архітэктурна-маст. аблічча гэтага ансамбля сведчыць пра ўрачыстую манументальнасць, параднасць, мажорную прыўзнятасць усёй забудовы, дзе кожны будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры. Плошчы, бульвары, курданёры і разрывы паміж будынкамі ствараюць разнастайнасць, рытмічны лад і змену ўражанняў. У жніўні 1944 у Мінску працавала спец. камісія камітэта па справах архітэктуры пры СНКСССР, якая распрацавала схему новай планіроўкі горада («Эскіз планіроўкі Мінска», арх. А.Шчусеў, М.Колі, А.Мардвінаў, У.Сямёнаў, Б.Рубаненка, І.Лангбард); сярод распрацоўшчыкаў «Эскіза» быў і бел. архітэктар Н.Трахтэнберг. Былі ўнесены прынцыповыя ідэі-прапановы па стварэнні радыяльна-кальцавой планіровачнай структуры горада, дзе гал. месца адводзілася цэнтральнай гар. магістралі вул. Савецкай (напрамак усход—захад) і перпендыкулярна ёй — вул. Леніна (напрамак поўнач—поўдзень) — другому дыяметру горада. У паўд.-ўсх. частцы горада прадугледжвалася размяшчэнне прамысл. зоны (фарміраванне пачалося перад вайной), дзе знаходзіліся буйныя прадпрыемствы. Уздоўж р. Свіслач планавалася стварыць суцэльны зялёны масіў, утвараючы паркавую і рэкрэацыйную зоны — рэзервуар чыстага паветра. Далейшыя распрацоўкі генпланаў Мінска і інш. гарадоў імкнуліся захаваць пераемнасць папярэдніх. Роля горадабудаўніцтва ў пераўтварэнні гарадоў стала найб. важным заваяваннем сав. архітэктуры. Праблема ансамблевасці разглядалася як сродак стварэння прынцыпова новага аблічча горада. Горадабудаўнічыя ідэі ансамблевасці ўключалі ў маст. адзінства не толькі грамадскія будынкі, а і жылыя фарміраванні. Сярод распрацоўшчыкаў генплана Мінска (рэдакцыя 1946) бел. праекціроўшчыкі М.Андросаў, Н.Трахтэнберг, інж. К.Іваноў, Р.Абразцоў, В.Талмачоў. У выніку шматлікіх конкурсных спаборніцтваў дойлідаў у 1948 прыняты да рэалізацыі праект планіроўкі і забудовы цэнтр. раёна горада (аўтары арх. Г.Баданаў, У.Кароль, М.Асмалоўскі, М.Паруснікаў). Праектаванне і будаўніцтва праспекта Ф.Скарыны — яркая старонка сав. горадабудаўніцтва. Вялікая ўвага звярталася на маст.-вобразны бок архітэктуры, у большасці выпадкаў яе разглядалі з пазіцыі мастацтва. Тэндэнцыя пошуку архітэктурна-маст. вобразнасці паступова набывала супярэчлівы характар (калі архітэктуру аздаблялі архітэктурай). Імкненне дасягнуць маст. ўзроўню за кошт «класікі» прывяло да неадэкватнасці формы, функцыі, зместу і тэктонікі збудаванняў. На гэтым этапе пачала пераважаць выяўленчасць у архітэктуры, якая стала істотным іманентным сродкам маст. формы, накіраванай на ідэйна-эмацыянальнае мадэліраванне сац. асяроддзя. Найбольшае пашырэнне атрымаў аплікатыўны тып архітэктуры (з канструктыўна пасіўнай выяўленчай формай), напр., «прыстаўка» класічнага порціка як дэкаратыўна-знакавага дапаўнення, а таксама спалучэнне класічнага ордэра з выкарыстаннем дэкору, запазычанага з народна-прыкладнога мастацтва (арнаментыка раслінных матываў са знакамітых слуцкіх паясоў). Архітэктары супрацоўнічалі з мастакамі (мастак-кераміст М.Міхалап і інш.). Сярод значных будынкаў грамадскага прызначэння: у Мінску — галоўны паштамт (арх. А.Духан, У.Кароль), адм. будынак і дзярж. банк (арх. М.Паруснікаў), Палац прафсаюзаў (арх. У.Яршоў), цэнтр. тэлеграф (арх. А.Духан, У.Кароль); ансамбль забудовы вул. Кірава ў Віцебску (арх. В.Гусеў, В. і А. Данілавы), драм. тэатр у Гомелі (арх. А.Тарасенка). Архітэктура гэтых будынкаў заснавана на прынцыпах выкарыстання класічных форм і кампазіцый. К сярэдзіне 1950-х г.гіст. формы ўступілі ў супярэчнасць з нарастаючымі тэмпамі і павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва. Асэнсаванне гэтай праблемы прывяло да адмаўлення ад прыярытэтных гал. фасадаў будынкаў, што выходзілі на магістралі; пачалася карэнная перабудова архітэктурна-праектнай справы, архітэктура ўступіла ў новую стадыю свайго развіцця.
Жылы дом на вул. Мяснікова ў Мінску. 1950-я г. Фота 2004.