эвалюцыйны заняпад дадзенай групы арганізмаў, якая не змагла прыстасавацца да змен умоў навакольнага асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца змяншэннем колькасці асобін у пэўным таксоне і падпарадкаваных сістэматычных груп, звужэннем яго арэала, паступова можа прывесці да вымірання дадзенай групы арганізмаў (напр., род хахуляў, сям. гінкгавых; рэптыліі, якія былі пашыраны ў мезазоі, цяпер іх значна менш і арэал абмежаваны). Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1925). Параўн.Біялагічны прагрэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗАВЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,
парода індыкоў, выведзеная ў 1930-я г. адборам бронзавых індыкоў па жывой масе і шыракагрудасці. Гадуюць 2 разнавіднасці, створаныя ў Вялікабрытаніі і ЗША. Пашыраны ў ЗША і краінах Еўропы, у б.СССР завезены ў 1946. Выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых парод, ліній і гібрыдаў індыкоў.
Апярэнне птушак чорнае з бронзавым адлівам. Жывая маса самцоў 15—16, самак 8—9 кг. Яйцаноскасць у мацярынскіх лініях 70—90 яец. Маса яйца 80—90 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,
скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц
(Aythya nyroca),
птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд.ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.
Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАНДЗІ́Н,
мінерал групы гранатаў Fe3Al2(SiO4)3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, суцэльныя масы. Колер фіялетава-чырвоны, густа-чырвоны да карычнявата-чорнага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3,8—4,3 г/см³. Тыповы мінерал рэгіянальна метамарфізаваных гліністых горных парод, а таксама ў гранулітах і зонах кантактавага метамарфізму. Пашыраны абломкавы мінерал. Радовішчы — элювіяльныя, алювіяльныя і прыбярэжна-марскія россыпы з разбураных гранатзмяшчальных крышт. сланцаў (Шры-Ланка, Індыя, Бразілія, ЗША, Расія). Абразіўны матэрыял. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБІЁНТЫ
[ад амфі... + біёнт(ы)],
арганізмы, якія жывуць або развіваюцца ў двух асяроддзях. Да амфібіёнтаў адносяцца віды жывёл і раслін, здольныя жыць і ў вадзе, і на сушы (многія земнаводныя, марскія чарапахі і інш.; гл.Амфіфіты, Гіграфіты); віды, якія жывуць у адных узроставых фазах развіцця (звычайна — лічынкавай) у вадзе або ў глебе, у другіх — на сушы. Напр., большасць жаб, стракоз, камароў, многія мошкі, майскі і чэрвеньскі хрушчы, жукі-шчаўкуны (драцянікі) і інш.Найб.пашыраны ў паласе прыліваў і адліваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
асадкавыя ўтварэнні на дне азёраў сучаснай і мінулых геал. эпох. Прадстаўлены пераважна дробназярністымі тэрыгеннымі асадкамі, сапрапелем і дыятамітам у прэснаводных азёрах, карбанатамі, сульфатамі, хларыдамі, глінай — у салёных. На Беларусі найб.пашыраны пясчана-гліністыя асадкі і стужачныя гліны азёрна-ледавіковых басейнаў антрапагену, сучасныя аргана-мінер. адклады (глеі і сапрапелі), карбанатныя пароды (азёрныя мергелі) і інш. Многія з іх карысныя выкапні; выкарыстоўваюцца на ўгнаенне, як лекавыя гразі, для вытворчасці будматэрыялаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́РЫУМНЫЯ РЫ́БЫ,
рыбы, якіх вырошчваюць і разводзяць у акварыумах з дэкар. і навук. мэтамі. З некалькіх сотняў відаў на Беларусі пашыраны каля 40. Найб. вядомыя: залатая рыбка, мечаносцы, гупі, даніо, скалярыі, неоны, барбусы, сомікі, хромісы, наностамусы, хеміграмусы, дыскусы, цыхлазомы, гурамі, грымі, малінезіі, тэрнецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІ́ДЫ, вокіслы,
злучэнні хімічных элементаў з кіслародам. Солеўтваральныя аксіды ўзаемадзейнічаюць з вадой; падзяляюцца на асноўныя (напр., Na2O, CaO, FeO), кіслотныя (напр., CO2, P2O5, SO3) і амфатэрныя (напр., ZnO, Al2O3). Да нясолеўтваральных аксідаў належаць CO, NO. Атрымліваюць акісленнем ці тэрмічным раскладаннем адпаведных гідраксідаў або соляў. Пашыраны ў прыродзе: аксід вадароду (вада) стварае гідрасферу, гал. саст. частка горных парод — аксід крэмнію, аксід алюмінію, жалеза і інш. Аксіды ўтвараюць руды — асн. форму метал. карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАМІЦЭ́ТЫ, прамянёвыя грыбкі,
група грамдадатных бактэрый, якія ўтвараюць клеткі або гіфы. Каля 700 відаў: уласна актынаміцэты, мікабактэрыі, стрэптаміцэты і інш. Большасць актынаміцэтаў — сапратрофы; пашыраны ў глебе, вадаёмах і паветры, на раслінных рэштках.
Маюць нітачна-, палачка- ці кокападобную форму, бакавыя нарасці, большасць утварае міцэлій. Размнажаюцца спорамі або дзяленнем. Патагенныя для раслін, жывёл і чалавека віды выклікаюць актынамікоз, актынабацылёз, туберкулёз і інш. хваробы. Віды, якія прадуцыруюць антыбіётыкі, пігменты, вітаміны і інш., выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.