метад даследавання аб’ектаў пазнання на іх мадэлях; пабудова і вывучэнне мадэлей рэальна існуючых прадметаў і з’яў (арган. і неарган. сістэм, фіз., хім., біял., сац. працэсаў) і аб’ектаў канструявання. Выкарыстоўваецца для вызначэння або паляпшэння іх характарыстык, рацыяналізацыі спосабаў пабудовы, кіравання і інш. Як форма адлюстравання рэчаіснасці М. вядома з антычнасці, вял. пашырэнне атрымала ў эпоху Адраджэння. Выключную ролю ў развіцці М. як метаду навук. пазнання адыгралі працы Кельвіна, Дж.К.Максвела, А.Кекуле, А.М.Бутлерава. Універсальную значнасць М. набыло з узнікненнем ЭВМ і фармуляваннем асн. прынцыпаў кібернетыкі.
Па ўласцівасцях мадэлі робяць вывады пра ўласцівасці аб’екта, які вывучаецца. Уласцівасці, аналагічныя ў мадэлі і аб’екце і важныя для даследавання, наз. істотнымі. Падобнасць паміж аб’ектам, які мадэліруецца, і мадэллю бывае фізічная (аб’ект і мадэль маюць аднолькавую або падобную фіз. прыроду), структурная (у аб’екта і мадэлі падобныя структуры), функцыянальная (падобнасць функцый, што выконваюць аб’ект і мадэль пры адпаведных уздзеяннях), дынамічная (падобнасць паміж станамі, якія паслядоўна змяняюцца ў аб’екта і мадэлі), імавернасная (падобнасць паміж працэсамі імавернаснага характару) аб’екце і мадэлі), геаметрычная (падобнасць паміж прасторавымі характарыстыкамі аб’екта і мадэлі). Адпаведна адрозніваюць і тыпы мадэлей.
М. бывае прадметнае (даследаванне вядзецца на мадэлі, што ўзнаўляе пэўныя геам., фіз., дынамічныя, функцыян. характарыстыкі арыгінала) і знакавае (мадэлямі служаць схемы, чарцяжы, формулы, сказы ў некаторых алфавітах і інш., напр., матэматычнае мадэліраванне). Пры гэтым пабудова знакавых мадэлей замяняецца мысленна-наглядным уяўленнем знакаў ці аперацый над імі (мысленнае М.). М. цесна звязана з эксперыментам і ўяўляе сабой асобы яго від — мадэльны эксперымент (напр., у ходзе мадэльна-кібернетычнага эксперыменту замест «рэальнага» эксперым. аперыравання з аб’ектам знаходзяць алгарытм (праграму) яго функцыянавання, які выступае ў якасці мадэлі. Гл. таксама Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы, Мадэліраванне сацыяльнае, Мадэліраванне эканоміка матэматычнае.
Літ.:
Ракитов А.И. Философия компьютерной революции. М., 1991;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;
Степин В.С., Горохов В.Г., Розов М.А. Философия науки и техники. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,
адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш.Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРШ,
музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна 2/4, 4/4.
М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл.Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац.муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.
На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес.муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л.рус.ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел.нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.Глінскі, Я.Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.Бутвілоўскі, Ю.Бяльзацкі, Я.Глебаў, І.Лучанок, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Я.Цікоцкі, М.Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.Алоўнікава, Лучанка, Ю.Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел.сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.
Літ.:
Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ МАДЭЛІ́РАВАННЕ,
метад даследавання аб’ектаў (з’яў, працэсаў, сістэм) шляхам пабудовы і вывучэння іх матэм. мадэлей; адзін з гал. спосабаў навук. пазнання, прагназавання, кіравання і тэхн. праектавання. Уключае 3 асн. этапы: стварэнне мадэлі аб’екта, пераўтварэнне яе ў алгарытм, а алгарытму — у праграму для ЭВМ.
Мадэль аб’екта запісваецца ў матэм. форме з дапамогай законаў прыродазнаўчых і тэхн.навук. У ёй адлюстроўваюцца найважнейшыя ўласцівасці аб’екта, сувязі паміж яго часткамі і інш. Метадамі выліч. матэматыкі мадэль пераўтвараюць у вылічальна-лагічны алгарытм, а затым у праграму для рэалізацыі на ЭВМ, з дапамогай якой праводзяць «доследы» патрэбных якасных і колькасных характарыстык аб’екта. Працэс М.м. пастаянна паляпшаюць і ўдакладняюць ва ўсіх звёнах і паўтараюць да дасягнення патрэбнай дакладнасці супадзення рэальных і імітацыйных даных. Элементы М.м. выкарыстоўвалі з часу паяўлення дакладных навук. Шырокае развіццё яго пачалося ў 1940-я г. і звязана ў асн. са стварэннем ЭВМ (гл.Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы). У канцы 20 ст. М.м. становіцца інтэлектуальным ядром інфарм. тэхналогій, працэсу інфарматызацыі грамадства. Яно выкарыстоўваецца ў ядз. і касм. тэхніцы, авія-, судна-, машынабудаванні, хім. вытв-сці, эканоміцы, сацыялогіі, біялогіі, медыцыне. а таксама там, дзе прамы натурны эксперымент немэтазгодны або немагчымы. Адзін з заснавальнікаў М.м. — рас. вучоны А.А.Самарскі.
На Беларусі М.м. развіваецца ў ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Самарский А.А., Михайлов А.П. Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997;
Самарский А.А., Михайлов А.П. Компьютеры и жизнь: (Мат. моделирование). М., 1987;
Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотацион. справ.). Мн., 1997;
Математическое моделирование: Пер. с англ.М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПІСЬМЕ́ННІКА,
сістэма па-мастацку асэнсаваных агульнаўжывальных і індывід. моўных сродкаў, якая служыць для выражэння ідэй, думак, пачуццяў пісьменніка ў маст. і публіцыст. творах. Асн. элементамі М.п. з’яўляюцца словы, сукупнасць якіх складае слоўнік мовы пісьменніка (напр., «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993; «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997). Расшырэнне і ўдасканаленне слоўніка — адна з умоў дакладнага, індывідуальна непаўторнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Багацце М.п. характарызуецца колькасцю слоў, глыбінёй і разнастайнасцю індывід. аўтарскага выкарыстання іх спалучальных магчымасцей, сэнсавых адценняў, гукапісных і выяўл. сродкаў, якія дае мова для стварэння маст. вобразаў. Індывідуальнасць М.п., яе адметнасць — спосабы эстэт. асваення мовы, выкарыстанне яе стыляў, лексікі, вобразных сродкаў. Мяжа паміж словамі як моўнымі адзінкамі ва ўласным сэнсе і словамі М.п. ў галіне маст. пісьменніцкага ўжывання вельмі рухомая. Пры вылучэнні пераносных значэнняў, адценняў слоў у творах таго ці інш. пісьменніка тлумачацца стылістычныя асаблівасці яго маст. словаўжывання, апісваюцца факты адлюстравання і выкарыстання лексікі ў маст. творах. У гэтым сэнсе можна гаварыць аб тым, што пісьменнік прадстаўляе мову свайго часу. Аднак шматлікія сэнсавыя ўскладненні, каламбурныя і знарок супярэчлівыя адценні, якія атрымлівае слова ў кампазіцыі маст. твора, пераносныя ўжыванні, выкарыстанне фразеалагічных злучэнняў і інш. індывідуалізуюць мову кожнага пісьменніка. Поўнасцю індывідуальным, непаўторным элементам М.п. выступае сістэма вобразных сродкаў. Паняцце М.п. ўключае і сінтаксічна-стылістычныя асаблівасці пабудовы сказаў, якія вызначаюць манеру пісьменніка, яго стыль. Сінтакс. і рытмічная будова маст. тэксту набывае ў М.п. функцыі маст. сродкаў: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...» (Я.Колас). Спалучэнне поліфункцыянальнасці і канкрэтнасці моўных сродкаў, дакладнасці і адчувальнасці вобразаў, сінтакс. і стылістычнай арганізацыі маст. тэксту дае магчымасць майстрам слова ствараць непаўторныя па сіле эстэт. ўздзеяння на чытача маст. творы.
Літ.:
Янкоўскі Ф. Слова і яго ўжыванне // Янкоўскі Ф. Роднае слова. 2 выд.Мн., 1972;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Храпченко М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы. 4 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп.пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст.Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар.выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял.Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.А.Трусаў.
А.А.Трусаў, Л.Л.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч.
Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ (Сяргей Піліпавіч) (13.7.1889, Масква — 26.6.1973),
расійскі і бел.тэатр. мастак. Засл. арт. Расіі (1932). Нар.маст. Беларусі (1949). Скончыў Строганаўскае маст. вучылішча ў Маскве (1912, вучань К.Каровіна). У 1910—17 працаваў у тэатрах Масквы, у 1938—59 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго дэкарацыі адметныя высокім жывапісным майстэрствам, арганічным адзінствам муз. і зрокавых вобразаў, выразнасцю пабудовысцэн. прасторы, глыбокім веданнем перспектывы. У Вялікім тэатры ў Маскве аформіў дэкарацыі да оперы «Дэман» А.Рубінштэйна (1936). У дэкарацыях да бел.нац. спектакляў выявіў веданне нар. архітэктуры і нац. касцюма. Сэнсавую і эмац. нагрузку атрымаў сцэн. пейзаж, які стаў арган. звяном падзей у операх «У пушчах Палесся» (1939), «Надзея Дурава» (1956) А.Багатырова, «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Я.Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), балетах «Князь-возера» (1949), «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова. Дэкарацыям да спектакляў рус. класікі ўласцівы гарманічнае ўзаемадзеянне колеру з характарам вобразаў, гіст. дакладнасць: оперы «Царская нявеста» (1938), «Садко» (1957) М.Рымскага-Корсакава, «Пікавая дама» (1941, 1948), «Чаравічкі» (1949), «Мазепа» (1952) П.Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1949), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1950), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954). Маштабнасцю вобразаў і лірызмам вызначаюцца дэкарацыі да балетаў «Лебядзінае возера» (1948), «Спячая прыгажуня» (1954) Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні (1949). Аформіў дэкарацыі да опер і балетаў «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1943), «Кармэн» Ж.Бізэ (1945), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно (1950), «Эсмеральда» Пуні, «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага, «Марозка» М.Красева (усе 1951), «Аіда» (1953, 1970) Вердзі. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Літ.:
Карнач П.А. С.Ф.Нікалаеў. Мн., 1970.
П.А.Карнач.
С.П.Нікалаеў.С.Нікалаеў. Дэкарацыя да оперы «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага. 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),
1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.Б.Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.
2) Інстр.муз. п’еса.
Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст.інстр. п’еса створана Дж.Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.І.Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.
У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, Л.Гуціна, У.Дамарацкага, А.Залётнева, Э.Зарыцкага, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш.
Літ.:
Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];
Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФАРМІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у міжнар. рабочым руху, прадстаўнікі якой лічаць сац. рэформы і супрацоўніцтва паміж класамі і сац. групамі з супярэчлівымі, у т. л. антаганістычнымі інтарэсамі гал. шляхам да паляпшэння капіталіст. грамадства і яго пераўтварэння ў «сац. дэмакратыю», «грамадства дабрабыту» і г.д. Другі бок Р. — адмова ад радыкальнай рэвалюцыі і заваявання рабочым класам дзярж. улады, звужванне ролі класавай барацьбы, якая прызнаецца толькі ў канстытуцыйных межах і фактычна падмяняецца ідэяй сац. партнёрства. Сац. рэформа абвяшчаецца альтэрнатывай рэвалюцыі і карэнным зменам у грамадстве ў сац. кірунку. Гісторыя Р. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., калі частка лідэраў рабочага руху пад уплывам яго поспехаў прыйшла да высновы аб магчымасці паступовага рэфармісцкага паляпшэння тагачаснага грамадства (Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, А.Мільеран і інш.). Рабочы рух размежаваўся на рэфармісцкі (с.-д. партыі) і радыкальны (камуніст. партыі) кірункі. У працэсе сваёй эвалюцыі зах.-еўрап.сацыял-дэмакратыя імкнулася пазбавіць марксізм яго рэв. зместу.
Франкфурцкі кангрэс Сацыялістычнага Інтэрнацыянала (1951) абвясціў афіц. дактрынай Р. дэмакр. сацыялізм, які супрацьпастаўляецца марксісцка-ленінскаму разуменню сутнасці сацыяліст. грамадства і спосабаў яго пабудовы. У ідэалогіі Р. сацыялізм — перш за ўсё этычны ідэал, які выяўляецца ў прынцыпах свабоды. роўнасці, справядлівасці, чалавечнасці. У эканоміцы дапускаюцца грамадская ўласнасць і планаванне пры панаванні прыватнай уласнасці і капіталіст. канкурэнцыі. Рэфармісцкія ўрады, партыі і прафсаюзы, асабліва ў краінах Зах. Еўропы ў 1960—70-я г., праводзілі палітыку па стварэнні разгорнутай сістэмы сац забеспячэння працоўных і заваявалі значны ўплыў у грамадстве. У апошнія гады практычнае ажыццяўленне ідэй Р. сустракаецца са значнымі цяжкасцямі, прычыны якіх — глабальная капіталіст. інтэграцыя, узнікненне суперманаполій, абвастрэнне экалагічных праблем. Усё гэта не толькі звужае магчымасці сац. манеўравання і новых рэформ, але вядзе да згортвання ўжо існуючых сац. праграм і мер, напр. у галіне асветы, медыцыны. пенсіённага забеспячэння і інш.
Літ.:
Попов С.И. Буржуазная идеология на пороге XXI столетия. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў фізіцы,
незалежнасць фіз. сістэм і з’яў, а таксама прастораў, у якіх існуюць матэрыяльныя аб’екты і працякаюць рэальныя працэсы, ад пэўных аперацый над імі (зрухаў, паваротаў, адбіццяў, перастановак і інш.). Матэматычна ўласцівасці С. адпавядаюць інварыянтнасціфіз. тэорый (ураўненняў руху і станаў, фіз. законаў і інш.) адносна пераўтварэнняў С., якія ў сукупнасці вызначаюць адпаведныя групы С.
Ідэі і прынцыпы С. адыгрываюць канструктыўную ролю пры пабудове фіз. тэорый. Напр., спец. адноснасці тэорыя — па сутнасці фіз. тэорыя С. прасторы і часу. Выразы аператараў фіз. велічынь у квантавай механіцы вызначаюцца праз генератары груп С. Класіфікацыя элементарных часціц заснавана на ўліку і выкарыстанні геам. (прасторава-часавай) і ўнутранай (ізатапічнай, унітарнай і інш.) С. Для тэорый узаемадзеянняў элементарных часціц абавязковай з’яўляецца інварыянтнасць адносна Лорэнца пераўтварэнняў і пераўтварэнняў адпаведнай дынамічнай С. (гл. Калібровачная інварыянтнасць). Паслядоўны ўлік уласцівасцей С. дазволіў абгрунтаваць справядлівасць законаў захавання фіз. велічынь (гл. Нётэр тэарэма) паводле схемы: С. — інварыянтнасць — закон захавання (напр., аднароднасць часу — інварыянтнасць тэорыі адносна зрухаў пачатку адліку часу — закон захавання энергіі). У квантавай фізіцы разглядаюцца таксама дыскрэтныя С.: зарадавае спалучэнне, прасторавая інверсія і абарачэнне часу (гл. Людэрса — Паўлі тэарэма). Важнае значэнне мае вывучэнне магчымых парушэнняў С. ў фіз. сістэмах. Адкрыцці парушэнняў прасторавай і камбінаванай С. сталі вызначальнымі для пабудовы тэорыі слабых (электраслабых) узаемадзеянняў. З парушэннямі сферычнай С. ў атаме за кошт узаемадзеяння электронаў з эл. ці магн. полем звязана адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл. Зеемана з’ява, Штарка з’ява). Фіз. С. — аснова класіфікацыі крышталёў (гл. Сіметрыя крышталёў), выкарыстоўваецца ў даследаваннях па оптыцы і акустыцы крышталёў, пры пабудове агульнай тэорыі аптычнай анізатрапіі (гл. Каварыянтныя метады), а таксама ў атамнай. малекулярнай і ядз. спектраскапіі.
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Федоров Ф.И. Теория гиротропии. Мн., 1976;
Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.