АРЧЫМБО́ЛЬДА ((Arcimboldo) Джузепе) (1527, Мілан — 11.7.1593),

італьянскі мастак. Жыў у Вене, Празе, Мілане. Майстар фрэсак, жывапісец, тэатр. дэкаратар, графік. У маньерыстычным кірунку вынайшаў свой алегарычны стыль адлюстравання, звязаны з парадаксальнай фантазіяй. Выканаў серыі партрэтаў, складзеных з раслін, прадметаў, сімвалаў і г.д. Сярод вядомых работ: «Лета», «Зіма» (1569), «Флора» (1589), «Партрэт Рудольфа II» (1590) і інш. Творчасць мастака — унікальны прыклад позняга маньерызму.

Я.​Ф.​Шунейка.

Дж.Арчымбольда. Зіма. 1569.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЛАМАЗЯ́Н (Марыям Аршакаўна) (20.10.1907, с. Баш-Шырак, каля г. Кумайры, Арменія — ?),

жывапісец і графік. Нар. мастак Арменіі (1965). Вучылася ў маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), у Ленінградскім ін-це пралетарскіх выяўл. мастацтваў (1930—32). Прадстаўнік арм. школы дэкар. нацюрморта («Армянскі нацюрморт», 1955; «Горная сімфонія Арменіі», 1976); аўтар пейзажаў, партрэтаў, тэматычных карцін, дэкар. вырабаў з керамікі.

Літ.:

Сарабьянов А. Мариам Асламазян: [Альбом]. М., 1979.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР (Павел Пятровіч) (н. 30.3.1952, г.п. Лоеў Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Працуе ў галіне габелена, маст. афармлення інтэр’ераў. Асн. работы: габелены «Кветкі» (1981, гасцініца «Кастрычніцкая» ў Мінску), «Беларусь» (1982, з Н.​Пілюзінай, гандлёвая палата Беларусі), трыптых «Купалле» (1991, Мазырскае муз. вучылішча), серыя габеленаў-ручнікоў «Хмара» (1994), «Маленне аб дажджы» (1995), «Дакрананне» (1996). Іл. гл. да арт. Габелен.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Вячаслававіч) (н. 2.12.1954, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1982), Беларускую АМ (1992). Выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. У пач. творчасці ў традыц. формах мастацтва імкнуўся знайсці жывапісную гармонію. З 1990 займаецца пластычнымі, колеравымі, канцэптуальнымі пошукамі. За працу «Адбіткі на асфальце» (1991) «Гран-пры» I Міжнар. пленэру «Малевіч. Уновіс. Сучаснасць» (Віцебск, 1994).

М.​М.​Паграноўскі.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Мікаіл Гусейн аглы) (н. 19.12.1921, Баку),

азербайджанскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1949), вучыўся ў С.В.Герасімава і У.А.Фаворскага. У творчасці пераважаюць лірычныя тэмы: «Вечар», «Агні Мінгечаура», «Стогадовы рэзчык А.​Бабаеў», «Індыйская серыя», серыі малюнкаў «За ракой Аракс»; іл. да паэмы М.​Фізулі «Лейлі і Меджнун». Аўтар мазаічнага пано «Нізамі» ў Бакінскім метрапалітэне.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУРАХМА́НАЎ (Фуад Гасан аглы) (11.5.1915, г. Шэкі, Азербайджан — 15.6.1971),

азербайджанскі скульптар. Нар. мастак Азербайджана (1955). Чл.-кар. АМ СССР (1949). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1935—40). Працаваў пераважна як манументаліст: помнікі Нізамі ў Гянджы (Дзярж. прэмія СССР 1947) і Баку, пісьменніку С.​Вургуну ў Баку, паэту Рудакі ў Душанбе і інш.; статуя «Чабан» (Дзярж. прэмія СССР 1951). Творы Абдурахманава адметныя выразнасцю формы, спакойнай, ураўнаважанай кампазіцыяй.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІ́ЛАЎ (Міхаіл Іванавіч) (18.9.1882, Санкт-Пецярбург — 14.4.1954),

рус. жывапісец. Нар. мастак Расіі (1953), правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў АМ у Пецярбургу (1904—13). З 1923 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Працаваў пераважна ў батальным жанры: «Сібірскія партызаны», «Прарыў польскага фронту Першай коннай арміяй у 1920 годзе», «Паядынак Перасвета з Чалубеем» (Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш.

М.Авілаў. Паядынак Перасвета з Чалубеем. 1943.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДЭ́СКА ((Bogdesko) Ілья Трафімавіч) (20.4.1923, с. Батушаны, Малдова),

малдаўскі графік і жывапісец. Нар. мастак СССР (1963), правадз. чл. АМ СССР (1988). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1945—51). Стварыў серыі ілюстрацый да твораў М.​В.​Гогаля, А.​С.​Пушкіна, І.​Крангэ, Эразма Ратэрдамскага, да нар. балады «Міярыца», станковую серыю «Мая Радзіма», каліграфічныя кампазіцыі ў розных відах прыкладной графікі.

І.Багдэска. Ілюстрацыя да малдаўскай народнай балады «Міярыца». 1967.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІМБА́ЕВА (Айша Гарыфаўна) (н. 11.1.1918, г. Ісык, Казахстан),

казахскі жывапісец. Нар. мастак Казахстана (1967). Вучылася ў Алма-Ацінскім маст. вучылішчы (1939—43) і Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1943—49). Аўтар жывапісных работ: «Партрэт Абая» (1949), «Праводзіны сына Джамбула на фронт» (1951), «Народныя таленты» (1957), «Песня Казахстана» (1962), «Піяла кумысу» (1967); эскізаў касцюмаў да фільмаў, малюнкаў для альбома «Казахскі народны касцюм» (1959).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РЫС (Duris),

старажытнагрэчаскі мастак 1-й трэці 5 ст. да н.э.; прадстаўнік «строгага стылю». Працаваў у Атыцы, размалёўваў вазы. Захавалася каля 280 ваз (39 з іх падпісаныя) з яго жанравымі і міфалагічнымі размалёўкамі (вытанчаныя па малюнку, з падоўжанымі прапорцыямі фігур), у т. л. амфара «Атлет і Ніке», кілікі «Эас з целам Мемнана», «Заняткі ў школе», «Сілены весяляцца» і інш.

Дурыс. Сілены весяляцца. Каля 480 г. да н.э.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)