КАРЭ́ЛЬСКІ ПЕРАШЫ́ЕК.

Паміж Фінскім зал. Балтыйскага м. і Ладажскім воз., у Ленінградскай вобл. Расіі. Сярэдняя выш. да 50 м, найбольшая — да 173 м (Лембалаўскае ўзв.). Пераважае градавы рэльеф. Складзены на Пн з гранітаў і гнейсаў, у цэнтры і на Пд — з ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Пераразае р. Вуокса; шматлікія азёры ледавіковага паходжання. Пераважаюць хваёвыя лясы. На К.п. — гарады Выбарг, Прыазёрск, Усевалажск; на ўзбярэжжы Фінскага зал. — дачныя пасёлкі і курорты. Турызм.

З канца 9 ст. К.п. — частка тэр. Русі. У пач. 17 в. захоплены Швецыяй. У 1721 адышоў да Расіі. У 1918—40 большая яго ч. ў складзе Фінляндыі. Пасля сав.-фінл. вайны 1939—40 паводле мірнага пагаднення ад 12.4.1940 адышоў да СССР.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА.

На З Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобл., часткова ў паўд.-зах. ч. Літвы. Распасціраецца ўздоўж р. Нёман (яго верхняй і сярэдняй ч. басейна) ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады. Мяжуе з Ашмянскім, Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім узвышшамі, Капыльскай градой. Працягласць з 3 на У 160 км, з Пн на Пд 15—55 км, пл. каля 8,3 тыс. км². Выш. 80—160 м над узр. м. Падзяляецца на Верхнянёманскую нізіну і Сярэднянёманскую нізіну. У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з узроўнем верхніх тэрас Нёмана. Найб. азёры: Белае, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава, Рыбніца. Пад лесам 35% тэрыторыі (Нёманскія лясы). У межах Н.н. заказнікі: біял.Гожаўскі, Налібоцкі, Парэцкі, Сапоцкінскі, ландшафтны — Азёры.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГО́НСКІЯ А́НДЫ (Andes Patagonicos),

паўднёвая частка горнай сістэмы Анды, у Паўд. Амерыцы, у Чылі і Аргенціне, на Пд ад 39° паўд. ш. Складаюцца з Патагонскай (Галоўнай) Кардыльеры на У і а-воў Чылійскага архіпелага на 3. Выш. 2—3 тыс. м, найб. — 4058 м (г. Сан-Валянцін). У паўн. ч. моцная сейсмічнасць, на Пн — вулканы; Ланін, Асорна і інш. Клімат умераны, вельмі вільготны (ападкаў да 5000 мм і больш за год) і халаднаваты. Ледавікі (пл. каля 20 тыс. км²). Шмат буйных ледавіковых азёр: Льянкіўэ, Наўэль-Уапі. У паўн. ч. на схілах хваёва-лістоўнічныя вечназялёныя лясы, на зах. схілах пераважна лістападныя букі, на паўд. і ўсх. — мяшаныя лістападна-вечназялёныя і хваёвыя.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́ ФОНД,

сукупнасць усіх лясоў краіны натуральнага і штучнага паходжання. Л.ф. Рэспублікі Беларусь складаецца з лясоў дзярж. значэння і калгасных. Паводле нар.-гасп. значэння і функцый падзяляецца на лясы 1-й і 2-й груп, што складае адпаведна 37 і 63% пл. Паводле зямельнага і ляснога заканадаўства да дзярж. Л.ф. адносяцца ўкрытыя лесам землі, а таксама не ўкрытыя, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі. У яго склад не ўваходзіць дрэвава-хмызняковая расліннасць, якая расце на землях с.-г. прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках. Агульная пл. зямель Л.ф. ў Беларусі (1998) каля 7 млн. га, або 33,9% тэр. рэспублікі.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ДХ’Я-ПРА́ДЭШ,

штат у цэнтр. ч. Індыі. Пл. 444 тыс. км². Нас. каля 70 млн. чал. (1997), гарадскога каля 20%. Адм. ц.г. Бхопал. Найбольшыя гарады Джабалпур, Дург-Бхілаінагар, Індаур, Уджайн. Займае паўн. ч. Дэканскага пласкагор’я, на Пн заходзіць у межы Інда-Гангскай раўніны. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў ад 700 мм (на ПнЗ) да 1600 мм (на Пд і ПдУ); дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. У натуральнай расліннасці пераважаюць лістападныя лясы. Сельскай гаспадаркай занята 75% насельніцтва. Вырошчваюць рыс, проса, пшаніцу, бавоўнік, алейныя культуры. Шаўкаводства. Здабыча марганцавай і жал. руд, баксітаў, каменнага вугалю, алмазаў. Прам-сць: баваўняная, металургічная, металаапр. і маш.-буд., буд. матэрыялаў, харч., джутавая, папяровая, хімічная.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫО́КСКА-ТЭРА́СНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На Пд Маскоўскай вобл., у даліне р. Ака, у Расіі. Засн. ў 1945 з мэтай захавання унікальнага прыроднага комплексу на мяжы хвойна-шыракалістых і шыракалістых лясоў. Пл. 4945 га. Тэрасы і тэрасападобныя ўступы. Хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. У флоры больш за 800 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 100 відаў — характэрныя прадстаўнікі стэпавай зоны (вішня стэпавая, цюльпан Біберштэйна, рабчык рускі і інш.). У фауне больш за 50 відаў млекакормячых; звычайныя лось, дзік, ліс, вавёрка, куніца, заяц-бяляк, рэакліматызаваны бабёр і казуля сібірская. У арнітафауне 130 відаў птушак, у т. л. глушэц, рабчык, цецярук, дзятлы чорны і зялёны, няясыць і інш. Гадавальнік зуброў. З 1978 біясферны запаведнік.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

да́ўнасць, ‑і, ж.

1. Аддаленасць у мінулае да моманту ўзнікнення, завяршэння чаго‑н. Падзеі немалой даўнасці. □ Копаць на сценах была стогадовай даўнасці. Гамолка. // Разм. Даўнія часы, старадаўнасць. У даўнасці тут лясы былі непраходныя, а на гэтым месцы, дзе коні пасуцца, — балота гнілое і называлася яно Камарыным. Лупсякоў.

2. Працягласць існавання чаго‑н. Гісторыя нашай дзіцячай літаратуры мае ўсяго толькі паўвекавую даўнасць. Пшыркоў.

3. Пэўны тэрмін, на працягу якога могуць быць заяўлены якія‑н. патрабаванні або па сканчэнні якога траціцца ці набываецца якое‑н. права. Суд не ўзяўся за справы, спасылаючыся на хісткія доказы і на даўнасць часу некаторых фактаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Займае цэнтр. і ўсх. ч. Віцебскага і паўн. ч. Лёзненскага р-наў Віцебскай вобл., на У заходзіць на тэр. Смаленскай вобл. Расіі. Мяжуе з Лучоскай нізінай на Пд, Чашніцкай раўнінай на ПдЗ, Полацкай нізінай на З, Гарадоцкім узв. на ПнЗ і Суражскай нізінай на ПнУ. Працягнулася з З на У на 65 км, з Пн на Пд на 40 км. Самае высокае ў Бел. Паазер’і ўзвышша, пераважаюць выш. больш за 200 м, найбольшая 296 м (Гаршэва гара). Пл. Віцебскага ўзвышша больш за 1900 км².

Прымеркавана да Віцебскай мульды Аршанскай упадзіны. Паверхня адкладаў платформавага чахла ўтварае высокае (120—140 м над узр. м) моцна расчлянёнае плато, складзенае з даламітаў, вапнякоў і глін верхняга дэвону, даламіты ўтвараюць Віцебскія парогі на р. Зах. Дзвіна, на Рубскім выступе залягаюць блізка каля зямной паверхні. Тоўшчу антрапагену магутнасцю каля 60 м складаюць 5—6 ледавіковых комплексаў, у якіх пераважаюць марэнныя суглінкі, супескі і міжледавіковыя ўтварэнні (торф, азёрныя і алювіяльныя суглінкі, супескі і пяскі). Асн рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў Віцебскую фазу адступання паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: даламіт (радовішча Гралева), легкаплаўкія і цэментныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф.

Паверхня складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў і супескаў з валунамі, месцамі перакрытых лёсападобнымі пародамі. У рэльефе вылучаюцца 2 ч.: астраўныя, лёдападзельны масіў на ПнЗ і ў цэнтры, і краявыя ледавіковыя ўтварэнні на Пд. Лёдападзельны масіў мае форму кліна з вяршыняй на Пн, характарызуецца буйна- і сярэднеўзгорыстым рэльефам з адноснымі перавышэннямі да 30 м і больш. Паверхня парэзана ярамі і лагчынамі. Паўн. схіл стромкі, паўд. больш спадзісты. На Пд Віцебскага ўзвышша выразны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф, выш. якога да 180 м над узр. м., адносныя перавышэнні 10—15 м. Пашыраны камы, камавыя тэрасы на бартах лагчын, далінныя зандры, трапляюцца озы, суфазійныя западзіны. У межах Віцебскага ўзвышша знаходзіцца тыповае агаленне мікулінскага міжледавікоўя (Смаленская вобл.). Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Рачная сетка належыць да бас. р. Зах. Дзвіна. Віцебскае ўзвышша дрэніруюць рэкі Віцьба, Лучоса (у ніжнім цячэнні) і яе прытокі Ласасіна і Чарніца, а таксама Вымнянка і Рутавеч — прытокі Касплі. Найб. азёры Вымна, Янавіцкае. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя, месцамі завалуненыя, і тарфяна-балотныя. Пад ворывам 35%, пад лесам 16% тэрыторыі. Захаваліся шыракаліста-яловыя, хваёва-яловыя, яловыя лясы, пашыраны другасныя шэраалешнікі, асінавыя і бярозавыя лясы. Лугі злакава-сухадольныя і злакава-нізінныя. На пераходных балотах і ўскраінах вярховых — карэнныя пушыстабярозавыя і хваёва-пушыстабярозавыя лясы, на нізінных — чорнаалешнікі.

А.​Ф.​Санько.

Віцебскае ўзвышша каля в. Веляшковічы Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБУ́ГСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Беларусі, на ПнЗ Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей, фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Слонімскім узв. і Баранавіцкай раўнінай на ПнУ і У, Загароддзем на ПдУ, Брэсцкім Палессем на Пд; на З заходзіць на тэр. Польшчы (Бельская раўніна). Паводле В.​А.​Дзяменцьева П.р. падзяляецца на Нараўска-Ясельдзінскую і Камянецкую раўніны, паводле іншых даследчыкаў — на Высокаўскую, Пружанскую, Косаўскую раўніны. Пераважныя выш. 175—200 м. Пл. 5,7 тыс. км². Праз паўн. ч. раўніны праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел.

У тэктанічных адносінах П.р. прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Платформавы чахол складзены з парод позняга пратэразою, ардовіку, сілуру; пашыраны адклады юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 60—80 м, у ледавіковых лагчынах да 160 м) залягаюць на подсцільнай паверхні, расчлянёнай ледавіковымі лагчынамі. У днішчы найб. глыбокай Нараўскай лагчыны даантрапагенавыя пароды ляжаць на глыб. 80 м ніжэй узр. м. У такіх лагчынах захаваліся адклады ніжняга і сярэдняга антрапагену, у т. л. і стараж. нараўская марэна. На П.р. найб. пашыраны адклады дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, у паніжэннях значныя тоўшчы паазерскага гарызонту, таксама галацэнавыя алювіяльныя, балотныя, схілавыя і інш. адклады.

Паверхня раўнінная, пласкахвалістая, ускладнена краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (грады, увалы) выш. да 10 м. Для паўн. ч. характэрны рэльеф водналедавіковых раўнін, на Пд пашыраны далінныя зандры. Даліны буйных рэк тэрасаваныя, уключаюць пойму, 1-ю і 2-ю надпоймавыя тэрасы. У паўн.-зах. напрамку раўніну перасякае шырокая (да 10 км) лагчына сцёку талых ледавіковых вод (глыбіня ўрэзу да 3—5 м). Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Найб. р. Буг з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця Правай Лясной і Левай Лясной) і Пульва, Белая (прыток Правай Лясной), Нараў з Нараўкай, Ясельда і канал Вінец. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы рознай ступені ападзоленасці ў спалучэнні з дзярнова-падзолістымі забалочанымі. У катлавінах і лагчынах развіты пераважна тарфянабалотныя і дзярнова-глеевыя, па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Лясістасць П.р. невысокая (9,7%), за выключэннем паўн. ускраіны, дзе знаходзіцца б.ч. ляснога масіву Белавежская пушча. Захаваліся пераважна хваёвыя лясы, яловыя мяшаныя з дубам, дубровы з дамешкам хвоі, елкі і ясеню. Пашыраны другасныя бародаўчатабярозавыя лясы. У слабасцёкавых паніжэннях чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Пераважаюць нізінныя балоты, часткова асушаныя. Па далінах рэк заліўныя лугі. Пад ворывам ад 50% на Пд да 25% на Пн, пад сенажацямі і пашай — 10—15%. На тэр. раўніны нац. парк Белавежская пушча, гідралаг. заказнік Дзікае.

У.​Я.​Навуменка.

Прыбугская раўніна каля в. Пелішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСІКА (Corse),

востраў на ПнЗ Міжземнага мора. Дэпартамент Францыі. Пл. 8,7 тыс. км². Даўж. 183 км, шыр. да 85 км. Нас. 249,7 тыс. чал. (1990). Рэльеф гарысты. Б.ч. вострава займаюць горы (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто), мерыдыянальнага напрамку, якія на З стромка абрываюцца да мора і фарміруюць скалісты бераг, моцна расчлянёны залівамі. На У вострава вузкая нізіна Плен-д’Алерыя, шыр. да 10 км. Берагі тут плоскія, нізкія, месцамі забалочаныя, слаба расчлянёныя. К. складзена на З з гранітаў, на У — з моцна дыслацыраваных тоўшчаў мезакайназою, у асн. гліністымі сланцамі. Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і цёплай вільготнай зімой. Сярэднія т-ры студз. 12—13 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 1000—1200 мм у гарах. Максімум ападкаў выпадае зімой, часам у выглядзе снегу. Сухі сезон доўжыцца 3—4 мес. Кароткія парожыстыя рэкі моцна мялеюць і перасыхаюць. Глебы карычневыя і горна-лясныя бурыя. Лясы сустракаюцца асобнымі масівамі, на б.ч. вострава высечаны. Да выш. 600—700 м пашыраны (асабліва на ПнЗ) маквіс (дрэвападобны верас, сунічнае дрэва, каменны дуб, дзікая масліна, лаўр, ладаннік і інш.); да выш. 1100—1200 млясы з каштану і дубу; да выш. 1900 м — з буку, вольхі, хвоі. Вышэй субальпійская і альпійская расліннасць. У прыморскай паласе насаджэнні з коркавага дубу і эўкаліптаў. Рэзерваты Касаб’янда, Скандола. Апрацоўваемыя плошчы сканцэнтраваны на нізінах, у далінах і на тэрасаваных схілах вакол населеных пунктаў. Сады, вінаграднікі, аліўкавыя гаі, палі пшаніцы, ячменю, кукурузы. Жывёлагадоўля. Турызм. Гал. гарады — Аяча, Бастыя.

Літ.:

Вандер Ф. Корсика еще не открыта: Пер. с нем. М., 1961.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)