ПА́ЎЛАЎ Аляксандр Васілевіч (22.12.1880, г. Адэса, Украіна — 14.8.1937),

савецкі военачальнік, камдыў (1935). Беларус. Скончыў школу прапаршчыкаў у Адэсе (1915). На ваен. службе з 1914. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі: камандзір палка, брыгады, 27-й стралк. дывізіі на Усх. фронце, каманд. войскамі Зах. і Прыволжскай ваен. акруг. З 1930 пам. інспектара пяхоты РСЧА, нач. ф-та і пам. нач. Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Чл. ЦВК БССР у 1924—25. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯГ ПЕРАМО́ГІ,

чырвоны сцяг. які быў узняты 30.4.1945 разведчыкамі 756-га стралк. палка 150-й стралк. дывізіі (1-ы Бел. фронт) М.А.Ягоравым і М.​В.​Кантарыя над будынкам рэйхстага ў Берліне; сімвал перамогі сав. народа і яго Узбр. Сіл у Вял. Айч. вайне 1941—45 над ням. фашызмам. Захоўваецца ў Цэнтр. музеі ўзбр. сіл (Масква).

Разведчыкі 756-га палка 150-й стралковай дывізіі М.​А.​Ягораў (справа) і М.​В.​Кантарыя са Сцягам Перамогі. Берлін. Май 1945.

т. 15, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,

агульная назва машын, тэхнічных канструкцый, прылад для палёту ў атмасферы або ў касм. прасторы.

Адрозніваюць 2 асн. групы Л.а.: лягчэйшыя за паветра і цяжэйшыя за яго. Дзеянне Л.а. 1-й групы (аэрастаты) заснавана на выкарыстанні аэрастатычнай падымальнай сілы, што ствараецца ў выніку напаўнення спец. абалонкі газам, што лягчэйшы за паветра. Л.а. 2-й групы падзяляюцца на аэрадынамічныя (верталёты, вінтакрылы, дэльтапланы, планёры, самалёты, экранапланы), балістычныя (ракеты-носьбіты, касмічныя апараты). Аэрадынамічныя трымаюцца ў паветры ад дзеяння падымальнай аэрадынамічнай сілы, што ўзнікае на крылах або вінтах Л.а. Балістычныя Л.а. рухаюцца па балістычных траекторыях ад дзеяння рэакцыі масы газу, што выходзіць з сапла рэактыўнага рухавіка. Касм. апараты, прызначаныя для пасадкі на паверхню планеты, могуць рухацца ад дзеяння аэрадынамічнай сілы або рэактыўнага рухавіка. Л.а. 2-й групы шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах нар. гаспадаркі, у навуцы, вайск. справе, спорце. Гл. таксама Авіяцыя, Касманаўтыка, Паветраплаванне.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЙ БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ Адкрыты ў 1968 у в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., дзе 12—13.10.1943 у Вял. Айч. вайну адбыўся першы бой Польскай пях. дывізіі імя Т.​Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралк. дывізіямі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў. Пл. экспазіцыі 907 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырв. Арміі. Сярод экспанатаў сцягі сав. і польск. часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў, дыярама «Бой за Леніна». Мемар. комплекс сав.-польск. баявой садружнасці ўтвараюць: будынак музея ў форме каскі, бетонная стэла перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), 2 магільныя пліты з Вечным агнём на ўшанаванне памяці сав. і польск. воінаў, што загінулі ў гэтым баі; помнік на брацкай магіле сав. воінаў.

А.​С.​Фядосенка.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,

у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-я г. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн. заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст. дзярж. утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНЬЕ́ (Régnier) Жан Луі Эбензер (1771—1814),

французскі ваенны дзеяч. Ген. дывізіі, граф. У арміі з 1792. У вайну 1812 камандаваў 7-м саксонскім корпусам «Вялікай арміі». У пач. ліп. 1812 яго корпус вылучаны са складу групы Жэрома Банапарта для дзеянняў у якасці заслону супраць войск 3-й Зах. рус. арміі. 27 ліп. корпус пацярпеў паражэнне ў Кобрынскім баі 1812 і адступіў да Слоніма. 12.8.1812 Р. разам з аўстрыйскім (12-м) корпусам К.​Шварцэнберга атрымаў перамогу ў Гарадзечанскай бітве 1812 і ўдзельнічаў у праследаванні рус. войск да Луцка. Восенню 1812 корпус Р. прыкрываў тыл аўстр. войск ад 3-й Зах. рус. арміі. 15—16 ліст. ў Ваўкавыскім баі 1812 і 25 ліст. ў баі каля Брэст-Літоўска разбіў ахоўныя сілы 3-й Зах. арміі — вайск. групу Ф.​В.​Остэн-Сакена і прымусіў яе адступіць на Валынь. У час Лейпцыгскай бітвы 1813 трапіў у палон.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 14, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́САЎ Андрэй Андрэевіч (1901, в. Ламакіна Ніжагародскай вобл., Расія — 1.8.1946). Ген.-лейт. (1942). Скончыў Вышэйшыя камандныя курсы «Выстрал» (1929),

з 1935 вучыўся ў Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У 1938 накіраваны ваен. саветнікам у Кітай. З 1939 у СССР; камандаваў дывізіяй, з 1941 — механізаваным корпусам, у час абароны Кіева (1941) камандаваў 37-й арміяй. У вер. 1941 трапіў у акружэнне, але выйшаў з яго. Прызначаны камандуючым 20-й арміяй, якая вызначылася ў час Маскоўскай наступальнай аперацыі 1941—42. Па прапанове І.​В.​Сталіна прызначаны нам. камандуючага Волхаўскім фронтам. Вясной 1942 з 2-й ударнай арміяй апынуўся ў акружэнні, у ліп. трапіў у палон і перайшоў на бок ворага. Узначаліў «Камітэт вызвалення народаў Расіі» (КВНР), а таксама Рускую вызваленчую армію, салдат і афіцэраў якой наз. «ўласаўцамі». У маі 1945 У. захоплены Чырв. Арміяй. Паводле прыгавору Ваен. калегіі Вярх. суда СССР пакараны смерцю.

т. 16, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ві́дучы ’хутка, на вачах, увачавідкі, відавочна’ (КЭС, лаг.; хойн., Мат. Гом., Янк. II) — прыслоўе, утворанае ад дзеепрыслоўя відзючы > viděti. Да відзець (гл.).

Віду́чы ’чалавек, які добра бачыць’ (Жд., 2, КТС), мсцісл. відзючый (З нар. сл.), відучый ’тс’ (Нас.), укр. видючий ’відавочны’; ’відушчы’, рус. видучий ’відушчы, хто добра бачыць’ — дзеепрыметнік незалежнага стану ад дзеяслова відзець (гл.) з нерэгулярным утварэннем: суф. ‑учы(й) утварае Nomina agentis. Сюды ж відучасць ’здольнасць бачыць’ (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ну́це ’ну, давайце’: núcie chłopcy próbować (Пятк. 2), ну́це і ну́цё ’выклічнік, які ўжываецца пры паганянні валоў’ (Кліх), ну́цетка ’ну, нутка’ (Нас.), укр., рус. ну́те ’тс’, серб.-харв. ну̏те, ну̏ти ’ну; бач’, славен. nuti, nute ’бач’. З *nu/nǫ (гл. ну) і часціцы *‑te (*‑tě, *‑ti), якую часам спрабуюць звязаць з канчаткам 2‑й асобы мн. л. загад, ладу (ESSJ SG, 1, 329; 2, 506; Фасмер, 3, 88). Параўн. ну́тка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кандалы́ ’абутак на драўлянай падэшве’ (паст., Сл. паўн.-зах.; ТС; Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). З рус. кандалы ’кайданы’ — паводле падабенства: у такім абутку ідучы, чалавек моцна грукае аб падлогу, як у кайданах. Рус. лексема кандалы (са ст.-рус. кайданы, койдалы, кандалы), дыял. кайданы, кайдалы — у выніку распадабнення й…н > н…л > суч. рус. кандалы́) < з араб. qajdāni парны лік ад qajd ’завязка’ праз тур. kajd ’завязка’ (Фасмер, 2, 23–24, 178).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)