САА́РЫШ (Soares) Марыу (н. 7.12.1934, Лісабон),
партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Лісабонскі унт. З канца 1940-х г. удзельнік руху супраць дыктатуры А.Салазара. У 1970—74 у эміграцыі ў Францыі, дзе ў 1973 заснаваў партуг. Сацыяліст. партыю (у 1973—86 яе ген. сакратар). Пасля Партуг. рэвалюцыі 1974 міністр замежных спраў (1974—75), выступаў за наданне незалежнасці афр. калоніям Партугаліі. У 1976—78 і 1983—85 прэм’ер-міністр, у 1986—96 прэзідэнт Партугаліі.
т. 14, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́СНЕР (Stroessner) Альфрэда (н. 3.11.1912, г. Энкарнасьён, Парагвай),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Парагвая. Брыгадны генерал (1948). З 1952 галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі краіны. У 1954 скінуў прэзідэнта Ф.Чавеса і пры падтрымцы арміі ўсталяваў дыктатуру; у 1954—89 прэзідэнт Парагвая. Абапіраўся на ваен. вярхі і правакансерватыўную партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры загінула больш за 12 тыс. чал. У лют. 1989 скінуты ген. А.Радрыгесам, уцёк з краіны. Эмігрыраваў у Бразілію.
т. 15, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫ́ХАС ЭРЭ́РА (Torrijos Herrera) Амар (13.2.1929, г. Сант’яга, Панама — 1.8.1981),
ваенны і дзярж. дзеяч Панамы. Брыгадны ген. (1969). Служыў у Нац. гвардыі Панамы, з 1968 яе камандзір. У кастр. 1968 узначаліў ваен. пераварот і стаў фактычным кіраўніком Панамы. У 1972—79 кіраўнік панамскага ўрада і Вярх. лідэр панамскай рэвалюцыі. Дамогся ў 1977 ад адміністрацыі ЗША падпісання дагавора аб Панамскім канале, паводле якога канал паступова пераходзіў пад юрысдыкцыю Панамы. Загінуў у авіяц. катастрофе.
т. 15, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІГЕЙРЭ́ДУ ДЫ АЛІВЕ́ЙРА (João Baptista de Oliveira Figueiredo) Жуан Батыста (15.1.1918, г. Рыо-дэ-Жанейра — 24.12.1999),
ваенны і дзярж. дзеяч Бразіліі. Ген. (1978). Скончыў акадэмію Генштаба. Адзін з арганізатараў ваен. перавароту 1964. З 1974 — шэф ваен. разведкі. У 1979—85 прэзідэнт Бразіліі. Пачаў дэмакратызацыю паліт. жыцця, вызваліў палітвязняў, аслабіў цэнзуру ў прэсе, скасаваў абмежаванні, накладзеныя на прафсаюзы пасля перавароту 1964. У 1985 перадаў уладу цывільнаму прэзідэнту, чым скончыў 20-гадовы перыяд ваен. кіравання ў Бразіліі.
т. 16, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ЙЗЕР (Fraser) Джон Малколм (н. 21.5.1930, г. Мельбурн, Аўстралія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Аўстраліі.
Скончыў Оксфардскі ун-т. Юрыст. У 1955—83 дэп. аўстрал. парламента ад Ліберальнай партыі, у 1975—83 лідэр гэтай партыі. У 1966—72 быў міністрам арміі, адукацыі і навукі, абароны, у 1975—83 — прэм’ер-міністр Аўстраліі. Ажыццявіў праграму шырокай лібералізацыі эканомікі, што спрыяла эканам. росту, адначасова вяло да росту беспрацоўя і стала прычынай адстаўкі ўрада Ф. ў 1983.
т. 16, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАШЭМІ́-РАФСАНДЖАНІ́ Алі Акбар (н. 1934, г. Рэфсенджан, Іран),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ірана. Атрымаў ісламскую духоўную адукацыю ў г. Кум (Іран), мае духоўны тытул хаджат-уль-іслама. У 1960—70-я гг. удзельнік руху іранскага духавенства супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, іранскай рэвалюцыі 1978—79. У 1980—89 старшыня іранскага парламента (меджліса). у 1989—97 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран. Ініцыіраваў шэраг ліберальных рэформ, звязаных з павелічэннем ролі прыватнага сектара ў эканоміцы.
т. 16, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НАЎШАК (Janoušek) Антанін (22.8.1877, г. Німбурк, Чэхія — 30.3.1941),
дзеяч чэхаславацкага і міжнар. рабочага руху. Рабочы на розных прадпрыемствах Аўстра-Венгрыі. З 1895 чл. Чэхаславянскай с.-д. рабочай партыі. У 1919 кіраўнік чэхаславацкай секцыі пры ЦК Кампартыі Венгрыі. Ініцыятар стварэння і старшыня ўрада Славацкай Сав. Рэспублікі (16.6—7.7.1919, на часова занятай войскамі Сав. Венгрыі тэр. Славакіі). Пасля яе разгрому войскамі Чэхаславакіі арыштаваны і зняволены. З 1922 жыў і працаваў у СССР.
т. 18, кн. 1, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРМО́ЛІНА Ларыса Аляксандраўна (23.11.1900, г. Мазыр Гомельскай вобл. —20.2.1984),
бел. актрыса, тэатр. дзеяч. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1920. У 1924—44 актрыса БДТ-1. З 1944 дырэктар Рэсп. дома нар. творчасці і Дзярж. харавой капэлы Беларусі (1952—57). Характарная актрыса. Лепшыя сцэнічныя вобразы вызначаліся выразнасцю, дакладнасцю знешняга малюнка: Ядвіга («Салавей» З.Бядулі), Кацярына Жарнасек («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), Любоў («Апошнія» М.Горкага), Люсіль («Мяшчанін у дваранах» Мальера).
т. 18, кн. 1, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ПЧЫК Уладзімір Мікітавіч (н. 7.1.1946, г.п. Сасновае Ровенскай вобл., Украіна),
бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1994). Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайск. каманднае вучылішча імя Фрунзе (1967), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1980). З 1987 на камандных і штабных пасадах у Далёкаўсходняй, у 1980—86 і 1988—91 у Прыбалт. ваен. акругах. З 1991 у Беларусі, камандзір 50-й гвардз. мотастралк. дывізіі, 5-га гвардз. армейскага корпуса. У 2000—04 нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь.
т. 18, кн. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНГО́Р (Senghor) Леапольд Седар (н. 9.10.1906, г. Жааль, Сенегал),
дзяржаўны дзеяч Сенегала, філосаф і паэт; піша на франц. мове. Чл. Французскай акадэміі (1983). Скончыў філал. ф-т Сарбоны. У 1935—39 і 1942—58 выкладаў у розных навуч. установах Францыі. У 2-ю сусв. вайну ў франц. арміі, у 1940 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк у 1942. У 1936—48 чл. Франц. сацыяліст. партыі.
У 1948 заснаваў Дэмакр. блок Сенегала (з 1959 — Прагрэсіўны саюз Сенегала), яго ген. сакратар. З 1945 дэпутат Устаноўчага сходу Францыі, у 1946—58 — Нац. сходу Францыі ад Сенегала. Актыўны дзеяч руху панафрыканізму, прапанаваў ідэю негрыцюду — своеасаблівасці афр. культуры. У 1959—60 старшыня Федэральнай асамблеі Федэрацыі Малі. З вер. 1960 прэзідэнт незалежнага Сенегала. Распрацаваў канцэпцыю «афр. сацыялізму», блізкую да ідэй еўрап. сацыял.-дэмакратыі. Ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду і курс на пабудову рыначнай эканомікі. 31.12.1980 падаў у адстаўку з усіх дзярж. пасад. Аўтар шматлікіх паэтычных твораў, філас. прац.
Тв.:
Рус. пер. — Песнь ночи и солнца: Избр. стихи. М., 1965;
Избр. лирика. М., 1969.
Літ.:
Ерасов Б.С. Леопольд Сенгор и его концепция культуры // Народы Азии и Африки. 1967. №2;
Петрова Т.М. Поэзия Л.С.Сенгора как отражение его идейных исканий // Там жа. 1973. №4.
т. 14, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)