КАЛА́НДР (франц. calandre ад calandrer пракатваць, глянцаваць),

машына (прэс) з сістэмай валоў (ад 2 да 20), паміж якімі прапускаюць матэрыял (тканіну, паперу, гуму, пластмасу) для надання яму шчыльнасці, гладкасці, глянцавітасці, нанясення цісненнем малюнкаў або ўзораў. Прыцісканне валоў адбываецца рычагова-грузавымі, пнеўматычнымі ці гідраўлічнымі прыстасаваннямі. Выкарыстоўваецца ў тэкст., папяровай, гумавай вытв-сці, пры вырабе палімерных плёнак і вырабаў з пластмас.

Каландр.

т. 7, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1929 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як ф-ка гумавых вырабаў «Ардаль». У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1949 здадзены ў эксплуатацыю гумавы цэх, у 1952—3-і цэх мужчынскага, у 1957—7-ы цэх жаночага абутку. З 1994 народнае прадпрыемства «Лідская абутковая фабрыка». Асн. прадукцыя (1999): мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЖЭ́ННЕ,

пакрыццё волавам металічных (пераважна стальных і медных) вырабаў і паўфабрыкатаў (стужкі, ліста, дроту) для аховы іх ад карозіі або каб аблегчыць працэс паяння. Робіцца апусканнем прадмета ў расплаўленае волава, у раствор, у якім ёсць волава, або ў электраліт (пры Л. электролізам) з наступным аплаўленнем у масляных ваннах, пячах ці індуктарах. Перад Л. выраб ачышчаюць, а паверхню, якая апрацоўваецца, пратраўліваюць кіслатой.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГА́Н,

горад у цэнтр. ч. М’янмы. Будыйскі рэліг. цэнтр і месца паломніцтва. Засн. ў 850. Каля 10 тыс. ж. (1999). Рачны порт на р. Іравадзі. Харч. прам-сць. Цэм з-д. Паблізу — цэнтр вытв-сці лакавых вырабаў. Шматлікія культавыя збудаванні (каля 2 тыс. храмаў і пагад) 10—13 ст. Рэшткі цагляных сцен і варот квадратнага ў плане (1 км х 1 км) горада.

т. 11, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЦІНА (італьян. pátina),

плёнка розных адценняў (ад зялёнага да карычневага), якая ўтвараецца на паверхні вырабаў з медзі, бронзы, латуні, пры акісленні металаў пад дзеяннем натуральнага асяроддзя або спец. апрацоўкі (пацініравання). П. засцерагае творы мастацтва ад карозіі, мае дэкар. значэнне. У сучаснай маст. практыцы выкарыстоўваецца як сродак вобразнай выразнасці. Пацініраваннем наз. таксама афарбоўка «пад бронзу» твораў не з медных сплаваў, напр., гіпсавай скульптуры.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПРАЕ́КТНА-КАНСТРУ́КТАРСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1969 у Мінску. З 1996 дзярж. прадпрыемства. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій, выраб абсталявання, інструменту і сродкаў кантролю ў галіне вытв-сці зубчастых колаў і шліцавых злучэнняў, вытв-сць на іх аснове вузлоў і вырабаў спец. і агульнатэхн. прызначэння; знешнеэканам., камерцыйная, пасрэдніцкая, рэдакцыйна-выдавецкая дзейнасць.

В.​М.​Зданевіч.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д ВЕНТЫЛЯЦЫ́ЙНЫХ ЗАГАТО́ВАК.

Пабудаваны ў 1976 у Магілёве. Складаецца з 2 асн. цэхаў: па вырабе сістэм вентыляцыі і цэха металаканструкцый вентылятараў і вентыляцыйных вырабаў. Мае таксама ўчасткі па вырабе тавараў нар. ўжытку і паслуг насельніцтву. Асн. прадукцыя (1999): паветраводы і фасонныя часткі да іх, цэнтрабежныя і восевыя вентылятары, паветраразмеркавальнікі, шумаглушыцелі, прыточныя камеры і агрэгаты, заслонкі, клапаны ўсіх тыпаў, коміны і інш.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКЛЁП,

змена структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў, выкліканая іх пластычным дэфармаваннем. Робіцца для паверхневага ўмацавання металаў (павялічвае часовае супраціўленне разрыву, мяжу цякучасці, цвёрдасць, стомленасную трываласць). Узнікае пры апрацоўцы вырабаў ціскам (пракатцы, валачэнні, коўцы, штампоўцы) і рэзаннем, пры абкатцы ролікамі, спец. апрацоўцы шротам і інш. Гл. таксама Накатка.

Схема паверхневага ўмацавання наклёпам: 1 — выраб, які апрацоўваецца (зубчастае кола); 2 — інструменты (зубаабкатныя валкі).

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛА́НЖ (ад франц. mélange сумесь),

1) у хіміі сумесь канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот пры іх суадносінах па аб’ёме прыблізна 9:1. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты вежавым спосабам.

2) Замарожаная сумесь яечных жаўткоў і бялкоў (яечны М.). Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў.

3) Змяшэнне ў пражы валокнаў, афарбаваных у розныя колеры, а таксама тканіна, вырабленая з такой пражы.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ЛІЦЕ́ЙНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1956 на базе арцелі «Чырвоны металіст». У 1966—75 пабудаваны 2 слясарна-зборачныя цэхі, адм.-быт. корпус. З 1995 — адкрытае акц. т-ва «Пінскі доследна-механічны завод». Асн. прадукцыя (2001): буд. металаканструкцыі, тэхнал. абсталяванне для з-даў жалезабетонных вырабаў, нестандартнае абсталяванне, водападагравальнікі, чыгуннае ліццё, помпы, разьбанарэзныя станкі, гільяцінныя нажніцы, запорная арматура.

т. 12, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)