прэсвітэрыя́нства

(ад гр. presbyteros = старэйшына)

рэлігійнае пратэстанцкае веравучэнне, адна з плыняў кальвінізму, што ўзнікла ў 16 ст. у Англіі, паслядоўнікі якога не прызнаюць улады епіскапа, а толькі свяшчэнніка (прэсвітэра 2).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

уік-э́нд

(англ. week-end, ад week = тыдзень + end = канец)

час адпачынку і забаў ад суботы да панядзелка ў Англіі, ЗША і некаторых іншых краінах; сама паездка з мэтай адпачынку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,

рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс. чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ. калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс. чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.​Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.​Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш. еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс. рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ. ген. Ч.​Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс. англ. гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс. еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976;

Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адміралце́йства

(ад адмірал)

1) міністэрства ваенна-марскога флоту ў Англіі;

2) цэнтр ваеннага караблебудавання ў царскай Расіі;

3) уст. тэрыторыя порту з верфямі, майстэрнямі і складамі для абслугоўвання ваенна-марскога флоту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сілу́р

(лац. Silures = назва кельцкага племені, што насяляла паўвостраў Уэльс у Англіі)

трэці перыяд палеазою ў геалагічнай гісторыі Зямлі; працягваўся 25—30 млн. гадоў; падраздзяляецца на 2 аддзелы — верхні і ніжні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пенс

(англ. pence, мн. ад penny = пені)

1) разменная манета Англіі, роўная ​1/100 фунта стэрлінгаў;

2) старадаўняя англа-саксонская сярэбраная манета (з канца 18 ст. медная, а з 1860 г. бронзавая).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

поп-а́рт

(англ. pop-art, ад popular art = папулярнае мастацтва)

фармалістычная мастацкая плынь, якая ўзнікла ў другой пал. 20 ст. у ЗША і Англіі; прадстаўнікі гэтай плыні выкарыстоўваюць стыль рэклам і коміксаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕСЛАВА́ННЕ АКАДЭМІ́ЧНАЕ,

від вяслярнага спорту, гонкі на акадэмічных вёславых суднах. Гонкі праводзяцца па прамой трасе гал. чынам на 2000 м для мужчын і на 1000 м для жанчын. Спаборніцтвы праводзяцца на парных суднах (спартсмен вяслуе 2 вёсламі) — адзіночкі, двойкі, чацвёркі, і расхінных (кожны вяслуе 1 вяслом) — двойкі, чацвёркі і васьмёркі, з рулявым (апрача адзіночкі) ці без яго.

Узнікла веславанне акадэмічнае ў Англіі ў 1-й пал. 19 ст. Міжнар. федэрацыя веславання засн. ў 1892. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900 (для жанчын з 1976), чэмпіянаты свету з 1962, Еўропы з 1893.

На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. З 1958 у праграме рэсп. спаборніцтваў. Дзейнічае Бел. федэрацыя веславання. На Алімпійскіх гульнях па веславанні акадэмічным вызначыліся бел. майстры А.​Хлопцава (чэмпіёнка 1980 і бронзавы прызёр, разам з К.​Хадатовіч, 1992), Хадатовіч (чэмпіёнка 1996), бронзавыя прызёры А.​Лугін і І.​Майстрэнка (1980), В.​Якуша (1988); чэмпіёнамі свету станавіліся Хлопцава (1981—83), Майстрэнка (1981), А.​Макушкіна (1981—83), І.​Цяцерына (1981, 1985, 1986), А.​Брацішка (1982), М.​Знак (1985, 1986), У.​Раманішын (1985).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,

антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́НА ((Bruno) Джардана Філіпа) (1548, г. Нола, Італія — 17.2.1600),

італьянскі філосаф-матэрыяліст, паэт. Выступаў супраць каталіцызму, схаластыкі і цемрашальства. У 15 гадоў стаў манахам. Вучыўся ў манастырскай школе дамініканскага ордэна. Атрымаў сан святара і ступень д-ра філасофіі. У 1575, каб пазбегнуць праследавання царкоўнікамі за свае погляды, пакінуў манастыр, пазней і Італію. Жыў у Францыі, Англіі, Германіі. У 1592 вярнуўся на радзіму. Быў абвінавачаны інквізіцыяй у ерасі і вальнадумстве, пасля 8-гадовага зняволення ў турме спалены. Абапіраючыся на геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і дапаўняючы яе новымі палажэннямі, Бруна выказваў думкі, што Сусвет не абмяжоўваецца сонечнай сістэмай, а Сонца не з’яўляецца абсалютным цэнтрам Сусвету, яно рухаецца і мяняе сваё становішча адносна зорак, што існуе бясконцае мноства светаў. Адзінай субстанцыяй свету лічыў матэрыю. Аднак матэрыяліст. і дыялект. ідэі ў Бруна спалучаліся з пантэізмам і гілазаізмам. Распрацоўваючы метад пазнання свету, спалучаў эмпірызм з рацыяналізмам. Асн. працы: «Пра прычыну, пачатак і адзінае» (1584), «Пра бясконцасць, сусвет і светы» (1584). Аўтар антыклерыкальнай сатыр. паэмы «Ноеў каўчэг», камедыі «Падсвечнік» (1582), філас. санетаў.

Літ.:

Горфункель А.Х. Джордано Бруно. М., 1973.

Дж.Бруна.

т. 3, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)