ПРАЕКТАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае канструяванне сістэмы параметраў будучага сацыяльнага аб’екта або якасна новага стану існуючага аб’екта; адна з форм сац. кіравання. П.с. ўласцівы шматварыянтнасць, складаныя характарыстыкі, параметры, часам у выглядзе якасна-зместавых, каштоўнасна-арыентаваных ацэнак. П.с. абумоўлена існаваннем шэрагу заканамернасцей і прычынна-выніковых сувязей. Сярод аб’ектаў П.с. элементы і падсістэмы сац. структуры грамадства (прац. калектывы, рэгіёны, сац. групы і інш), розныя грамадскія (эканам., паліт. і інш.) адносіны, элементы ладу жыцця, што паддаюцца праектаванню. Мэта П.с. — стварэнне сац. праектаў, якія ўяўляюць сабой сістэму падабраных і навукова абгрунтаваных паказчыкаў пра будучы стан сац. сістэмы пры канкрэтных дзеяннях людзей, наяўнасці пэўных фін., працоўных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў. Вынік П.с. адлюстроўваецца ў навукова абгрунтаваных аналітычных апісаннях, чарцяжах, табліцах, алгарытмах матэм. апарату і інш. П.с. праводзіцца пры дапамозе розных тэхн., матэм., лагічных і інш. сродкаў з выкарыстаннем сістэм аўтаматызаванага праектавання, па спецыяльна распрацаванай сац. тэхналогіі (упарадкаваная паслядоўнасць прыёмаў праектавання, комплекс сац. метадаў, спосабаў, навыкаў. Алгарытм П.с.: вызначэнне сац. заказу, пастаноўка мэт і задач, распрацоўка прагнозу, яго верыфікацыя і карэкціроўка, стварэнне мадэляў і прагнозаў.

Літ.:

Тощенко Ж.Т., Аитов Н.А., Лапин Н.И. Социальное проектирование. М., 1982;

Антонюк Г.А. Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методол. аспект. Мн., 1986;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,

род войск для вядзення радыёлакацыйнай разведкі паветраных цэлей, радыёлакацыйнага забеспячэння баявых дзеянняў часцей і злучэнняў проціпаветранай абароны і інш.

Узніклі ў пач. 1-й сусв. вайны, калі авіяцыя стала адным са сродкаў узбр. барацьбы. З 1932 у СССР ствараліся падраздзяленні паветр. назірання, апавяшчэння і сувязі (ПНАС). Пераўзбраенне войск ПНАС радыёлакацыйнымі сістэмамі выклікала неабходнасць фарміравання (1952) Р.в. ППА.

Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў (у т. л. асобных) і ўтвараюць на тэр. краіны адзіную цэнтралізаваную сістэму. Гал. задачы Р.в.: выяўленне паветр. аб’ектаў, вызначэнне каардынат, саставу і параметраў іх руху, кантроль за палётамі сваёй авіяцыі, апазнаванне і суправаджэнне розных класаў (тыпаў) цэлей праціўніка і забеспячэнне камандавання інфармацыяй. Р.в. выкарыстоўваюцца таксама для кіравання баявымі дзеяннямі, цэлеўказання зенітным ракетным комплексам, навядзення знішчальнікаў на паветр. цэлі і інш. Асн. сродкі выяўлення паветр. цэлей — радыёлакацыйныя станцыі і комплексы, а таксама сродкі аўтам. сістэм кіравання, перадачы даных, прыстасаванні адлюстравання інфармацыі і інш. На Беларусі Р.в. з’яўляюцца родам войск ППА; радыётэхн. часці і падраздзяленні існуюць і ў інш. відах Узбр. Сіл.

Літ.:

Дружинин В.В. Радиотехнические войска ПВО. М., 1968;

Лобанов М.М. Развитие советской радиолокационной техники. М., 1982;

Костенко В.В. ПВО. Взгляд в завтра // Армия. 2000. № 5.

І.​М.​Нераслаўскі.

Да арт. Радыётэхнічныя войскі. Радыёлакацыйная станцыя «Гама» для выяўлення паветраных цэлей.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,

галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).

Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст. н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл. вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).

На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд. ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах. ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.

Літ.:

Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ. М., 1982;

Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.

Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,

сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш. юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн. гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт. Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.

Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл. Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).

Г.​В.​Савіцкая.

т. 3, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).

Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.​Дэкарт (1637) і П.​Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.​Лейбніца, І.​Ньютана, Л.​Эйлера, Ж.​Лагранжа, Г.​Монжа, С.​Лакруа і інш. Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.

Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.​К.​Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.​К.​Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).

Літ.:

Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Линейная алгебра и аналитическая геометрия. 2 изд. Мн., 1976.

А.​А.​Гусак.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРЭ́ННЕ,

знаходжанне лікавых значэнняў пэўнай фіз. велічыні з дапамогай вымяральных прылад, інструментаў і інш. сродкаў вымяральнай тэхнікі. Ажыццяўляецца ў прынятых адзінках фізічных велічынь, звычайна з улікам хібнасці вымярэнняў. Адрозніваюць прамое вымярэнне, пры якім значэнне велічыні знаходзяць непасрэдна з паказанняў прылад (вымярэнне ціску манометрам, тэмпературы — тэрмометрам, масы — вагамі, даўжыні — лінейкай і г.д.), і ўскоснае, пры якім значэнне велічыні знаходзяць з вядомай залежнасці паміж ёю і іншымі велічынямі, што вымяраюцца непасрэдна (напр., знаходжанне плошчы на аснове прамога вымярэння лінейных памераў, шчыльнасці цела па яго масе і геам. памерах). Бываюць таксама сумесныя вымярэнні (прамыя і ўскосныя), пры якіх адначасова вымяраюць некалькі аднайменных і разнайменных велічынь.

У залежнасці ад аб’ектаў бываюць лінейныя вымярэнні, механічныя вымярэнні, радыяцыйныя вымярэнні, электрычныя (гл. Электравымяральныя прылады) і інш. Пашыраны дыстанцыйныя вымярэнні (гл. таксама Тэлеметрыя), укараняюцца аўтаматызаваныя інфармацыйна-вымяральныя сістэмы. Пры вымярэнні выкарыстоўваюцца дыферэнцыяльны, кампенсацыйны, нулявы, страбаскапічны метады вымярэння (гл. адпаведныя арт.), рабочыя сродкі вымярэнняў і ўзорныя сродкі вымярэнняў. Адзінства вымярэнняў забяспечвае метралагічная служба, якая захоўвае эталоны адзінак і выконвае праверку сродкаў вымярэння. На Беларусі найб. пашыраны лінейна-вуглавыя і мех. вымярэнні (машынабуд. прам-сць, с.-г. машынабудаванне), радыёвымярэнні (радыёэлектронная прам-сць), фіз.-хім. вымярэнні (хім. прам-сць), цеплатэхн., эл., магн., аптычная і інш. Дзейнічае Дзярж. камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СМ Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Метралогія.

А.​Р.​Архіпенка, У.​М.​Сацута.

Да арт. Вымярэнне. Структурная схема аўтаматызаванай інфармацыйна-вымяральнай сістэмы.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

у першасным значэнні мех. сістэма з канечным лікам ступеней свабоды (напр., сістэма матэрыяльных пунктаў або цвёрдых цел, якія рухаюцца па законах класічнай механікі). У эўрыстычным сэнсе (гл. Эўрыстыка) — сукупнасць фіз. аб’ектаў, для якіх характэрна адназначная залежнасць працэсаў, што працякаюць у іх, ад знешніх уздзеянняў, узаемных сувязей паміж аб’ектамі і іх пачатковых станаў. У больш шырокім сэнсе — адвольная фіз. сістэма (напр., сістэма аўтам. рэгулявання, радыётэхн. сістэма), якая апісваецца звычайнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі, а таксама сістэма такіх ураўненняў (незалежна ад яе паходжання).

У матэм. тэорыі Д.с. разглядаюцца матэм. мадэлі рэчаісных фіз. і мех. сістэм, якія адлюстроўваюць іх асн. ўласцівасці. Для апісання ўсіх тыпаў Д.с. выкарыстоўваюць метад уваходна-выхадных уяўленняў (метад «чорнай скрыні»; выяўленне адпаведнасці паміж уваходнымі і выхаднымі сігналамі) ці метад прасторы станаў (метад фазавай прасторы; выхадны сігнал залежыць ад стану Д.с., уваходнага сігналу і папярэдніх уваходных уздзеянняў). Складаныя Д.с. служаць мадэлямі розных фіз.-хім. асяроддзяў (напр., актыўнае рэчыва лазера, вязкая вадкасць), фізіял. органаў (мышца сэрца, нервовае валакно) і інш. На Беларусі даследаванні Д.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, у Бел. політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Калман Р., Фалб П., Арбиб М. Очерки по математической теории систем: Пер. с англ. М., 1971;

Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990.

А.​М.​Крот.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,

адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.

Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.

На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі.

Літ.:

Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ. Л., 1988.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.
Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛЫ ШКО́ДНЫЯ,

жывёльныя арганізмы рознага паходжання, узроўню арганізацыі, сістэматычнай прыналежнасці і экалагічных умоў месцапражывання, якія прама або ўскосна, часова або пастаянна, перыядычна або неперыядычна шкодзяць гаспадарцы, здароўю чалавека, свойскім і дзікім жывёлам і раслінам. Вылучаюць Ж.ш. у залежнасці ад аб’ектаў, якім яны шкодзяць: гасп. (шкоднікі сельскай, рыбнай, паляўнічай гаспадаркі і інш.), ландшафтным (шкоднікі поля, саду, агарода, лесу і інш.), групам і відам раслін і жывёл (шкоднікі с.-г. раслін, хвойных і лісцевых парод дрэў і інш.). Назва «Ж.ш.» даволі ўмоўная, для канчатковай ацэнкі пэўнага віду жывёл у кожным выпадку неабходны дакладны эколага-эканам. аналіз. Аднак біягеацэнатычнае значэнне віду вызначыць цяжка. Абсалютных Ж.ш. у прыродзе няма. На Беларусі да Ж.ш. належаць некат. віды млекакормячых (палёўкі звычайная і рыжая, дамавая мыш, чорны пацук і інш.), птушак (мышалоў балотны, шэрая варона, ястраб-цецяроўнік, верабей дамавы і інш.), рыб (напр., джгір), малюскаў (напр., дрэйсена) і інш.; найбольшую шкоду гаспадарцы прычыняюць Ж.ш. з класа насякомых (напр., шаўкапрады, пільшчыкі, пядзенікі, караеды, пухаеды, сляпні, каларадскі жук, шведская муха, бураковая блыха, гарохавы зерняед і інш.) Для барацьбы з Ж.ш. выкарыстоўваюцца гасп. (напр., агратэхн. прыёмы рэгуляцыі колькасці), біял. (натуральныя ворагі), механічныя (непасрэднае знішчэнне пасткамі і інш.), фізічныя (знішчэнне з дапамогай высокіх або нізкіх тэмператур, ультрагуку і інш.), хім. (ядахімікаты), генетычныя (масавы выпуск лятальных мутацый, якія парушаюць нармальны цыкл размнажэння Ж.ш.) метады.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНІШЧА́ЛЬНІК,

высокаманеўраны баявы самалёт для перахвату і знішчэння паветраных сродкаў нападу, паражэння малапамерных і рухомых наземных і надводных аб’ектаў. Можа выкарыстоўвацца для паветранай разведкі і мініравання з паветра. Радыус дзеяння больш за 700 км, скорасць да 3000 км/гадз, вышыня палёту да 30 км.

З. пачалі выкарыстоўваць у 1-ю сусв. вайну; першы паветраны бой і таран на З. ажыццявіў заснавальнік вышэйшага пілатажу П.​М.​Несцераў. У 2-ю сусв. вайну асн. відам З. быў аднамесны самалёт з поршневым рухавіком. Лепшымі З. былі: Як-3, Ла-7 (СССР), Me-109E (Германія), P-51 (ЗША). У 1940-я г. створаны рэактыўныя З., упершыню перавышана скорасць гуку. Лепшым З. быў МіГ-15. Сучасныя З. — рэактыўныя звышгукавыя усепагодныя, аснашчаныя ЭВМ, разнастайным прыцэльна-навігацыйным абсталяваннем, маюць высокадакладную зброю з радыёлакацыйнай, інфрачырвонай, тэлевізійнай, лазернай сістэмамі навядзення, а таксама бомбы, некіроўныя ракеты, пушкі. У краінах СНД З. падзяляюцца на франтавыя (уласна З.), З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі (у ВПС НАТО З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі аб’яднаны паняццем «тактычны З.»). Лепшыя З. 1990-х г.: МіГ-29, Су-27 (Расія), «Міраж-2000» (Францыя), F-15, F-16, F-18 (ЗША), «Тарнада» (ФРГ, Вялікабрытанія, Італія). Узбр. сілы Беларусі аснашчаны З. МіГ-29 і Су-27. Гл. таксама Авіяцыя.

Літ.:

Ильин В.Е., Левин М.А. Истребители. М., 1996.

А.​М.​Аўсянкін.

Знішчальнікі МіГ-29 і Су-27.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)