старажы́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць старажытнага (у 1, 2 знач.); даўнасць узнікнення, існавання чаго‑н. Я гляджу цяпер на гэты роў і ў шуме вады чую далёкую старажытнасць. Скрыган. // Вельмі далёкія часы, далёкае мінулае. Сівая старажытнасць. □ Недарэмна казалі ў старажытнасці, калі здаралася бяда, вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны! Шамякін. // Старажытны свет, антычнасць. Разам з узвышэннем Канстанцінопаля і падзеннем Рыма канчаецца старажытнасць. Энгельс.

2. звычайна мн. (старажы́тнасці, ‑ей). Помнікі мінулага. Трэба вось што, Васіль Кузьміч: сёння напісаць ці пазваніць, куды трэба, каб спецыяліста прыслалі... Можа [касцёл] гэта старажытнасць якая? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стары́зна, ‑ы.

1. зб., ж. Разм. Старыя, зношаныя рэчы, прадметы. Калі ўжо чалавек узяўся за таптуху, дык надзене, вядома, і вопратку адпаведную: самую ні на што не патрэбную старызну — порткі, ватоўку, шапку. Брыль. Па беражліваму, нават скнарліваму характару .. [Альбіны Селівестраўны] я добра ведаў, што адна з .. [шаф] была завалена атопкамі чаравікаў, дзіравых валёнак, рознай абутковай старызнай. Ракітны. // Тое, што аджыло, устарэла. [Гэля:] Не так я ўяўляла сабе сваё вяселле... [Стась:] А як? [Гэля:] З кветкамі... з фатой... [Стась:] Ды аджывае гэта ўсё! Старызна! Губарэвіч.

2. м. Разм. іран. Пра старога чалавека. — Ну, як жывецца, старызна? — весела запытаў Патржанецкі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусе́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да суседа, належыць яму. Суседская хата. Суседская дачка. □ Пачнеш араць — глядзі, каб незнарок суседскі не крануць шнурок. А. Вольскі. Недзе блізка на суседскім двары раз-пораз маці клікала дачку. С. Александровіч. Калі ў суседскім садзе пачынаюць пунсавець гронкі рабіны, значыць, лета канчаецца. Кандрусевіч. // Які мае адносіны да суседзяў і іх узаемаадносін. Супрацоўніцтва [партызан] з мясцовым насельніцтвам наладжана на глебе суседскага абмену. Брыль.

2. Які жыве па суседству. У пасаджанай набок новенькай шапцы, з залацістай эмблемкай чыгуначніка, .. [Вася] бадзёра на[йгра]ваў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йца, ‑ы, ж.

1. У хрысціянскай рэлігіі — трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: бог-бацька, бог-сын і бог-дух святы.

2. Свята хрысціянскай царквы, якое адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля вялікадня; сёмуха. [Яўхім:] — Кланяліся .. [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.

3. Разм. Пра трох асоб, якія звычайна бываюць разам і сябруюць. [Сёмка:] — Дурная будзе Зося, калі .. не выпра з хаты ўсю тройцу... Гартны. У саўгасе добра памятаюць, як хадзіла да Федасюка на склад дружная тройца: кіраўнік аддзялення, галоўны заатэхнік і ветфельчар. «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тонкі кусок дрэва, адчасаны ад бервяна, палена і пад.; шчэпка. Доўгая белая трэска круцілася з-пад сякеры. Дуброўскі. Пахне свежымі трэскамі, стружкамі, пілавіннем, смалою — мусіць, кожны зможа ўявіць, які водар дрэва стаіць навокал, калі адразу ставіцца столькі новых зрубаў! Сіпакоў. Паволі, роўна чахкае яго бывалая сякера, плазуючы бервяно, і не трэскі ляцяць, а адганяецца ад бервяна суцэльная і доўгая, як дошка, трэска. Брыль. От яна [дзяўчына] спынілася, разаслала на зямлю дзяругу і пачала выбіраць і класці на яе большыя трэскі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́ша, ‑ы, ж.

1. Асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы. У мясным радзе па круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // Цела якой‑н. вялікай мёртвай жывёлы. Але забіты .. [дзік] быў не тут — сюды падцягнулі; туша зрабіла шырокі след-сцежку, ссунуўшы лісце, патрушчыўшы жалуды, на карэннях садраўшы мох. Шамякін. І .. [Рыбак], прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Быкаў.

2. Разм. Пра вялікага, поўнага чалавека; цела такога чалавека. Аж цесна стала, калі ўперлася ў памяшканне чорная туша ксяндза Гадлеўскага. Новікаў. // перан. Пра што‑н. вялікае, грузнае. Туша чорная парома Ціха дрэмле на Дняпры. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́кацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Мітусіцца, стараючыся пранікнуць куды‑н. Людзі тыкаліся ва ўсе бакі, як сляпыя шчаняты. Асіпенка. // Ударацца, стукацца аб што‑н., упірацца ў што‑н. Калі паляцелі качкі, закрычалі з неба, наша Шэрачка, — так мы яе звалі, — спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле .. і падалася да чарады. Дубоўка.

ты́кацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты». Месяц назад гэты самы Лёшка не азваўся б, а цяпер глядзі — тыкаецца, як з роўным. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэрміно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які патрабуе неадкладнага, хуткага выканання, вырашэння; спешны. Тэрміновы заказ. □ Кур’ер са штаба злучэння прыімчаў загад аб тэрміновым перамяшчэнні брыгады. Кулакоўскі. Лодку заліло вадою, і трэба было прыняць тэрміновыя меры, каб яе выратаваць. Шкраба. Развітанне з Піліпам Андрэевічам я знарок адклаў на апошнія дні, калі ў мяне ўжо не заставалася ніякіх тэрміновых спраў, звязаных з ад’ездам. Краўчанка. // Які патрабуе неадкладнай пасылкі, адпраўкі. Тэрміновы груз. Тэрміновая тэлеграма. // Які ажыццяўляецца без прамаруджвання. Тэрміновая медыцынская дапамога.

2. Абмежаваны пэўным тэрмінам, разлічаны на пэўны тэрмін. Тэрміновы ўклад. Тэрміновая пазыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. увалок, ‑лакла, ‑лакло; зак., каго-што.

Разм.

1. Уцягнуць, з цяжкасцю ўнесці ўнутр чаго‑н. Неяк пасля абеду, калі Іван узяўся збіраць брудныя кацялкі і міскі, каб аднесці іх на кухню, ля ўваходу ў палатку пачуліся галасы, тупат, і двое санітараў увалаклі насілкі з параненымі. Быкаў.

2. Украсці. Воўк авечку ўвалок. □ Пятрок ля варот цяпло ўвалок, сам не бяжыць, а стаячых не любіць. З нар.

•••

(Ледзь) ногі ўвалачы — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. [Напалеон] думаў: — Як з гэтай краіны Я ногі свае ўвалаку? Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увя́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. увяз, ‑ла; зак.

1. Засесці, завязнуць, трапіўшы ў што‑н. вязкае, ліпкае, сыпкае. Увязнуць па пояс у балоце. // Разм. Завязнуць у чым‑н. цесным, вузкім. Увязнуць з пакункамі ў дзвярах.

2. перан. Разм. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. — От чортава натура! — без злосці прамовіў Яўген Рыгоравіч. — Ужо ўвяз [у будаўніцтва] і мяне цягне... Але хіба можна адмовіцца! Хадкевіч. // Аказацца пад уздзеяннем, ва ўладзе чаго‑н. [Чаркашын:] — Я быў у .. [Рэні]. Не пусцілі .. Я ім усю іхнюю бальніцу разнясу, калі другі раз не пусцяць. Я, брат... цяпер увесь увяз... Душа ўвязла... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)