КАНДРУСЕ́ВІЧ (Аркадзь Лявонцьевіч) (10.9.1929, в. Ламачы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 10.9.1995),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1978). Працаваў настаўнікам, журналістам, з 1960 у газ. «Магілёўская праўда». Друкаваўся з 1964. Пісаў пераважна пра жыццё сваіх равеснікаў, юнацтва якіх прыпала на час вайны і цяжкія пасляваен. гады. Аўтар зб-каў прозы «Чарпак Вялікай Мядзведзіцы» (1969), «Кругі на Белай паляне» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКІ ПРАЛІ́Ў,
праліў паміж Карэйскім п-вам і а-вамі Японскага архіпелага (Ікі, Кюсю і паўд.-зах. канцавой ч. Хонсю). Злучае Японскае і Усх.-Кітайскае моры. Даўж. 324 км, найменшая шыр. 180 км, найменшая глыб. на фарватэры 73 м. А-вамі Цусіма падзяляецца на 2 праходы: Усходні і Заходні. У часрус.-яп. вайны ў К.п. ў 1905 адбылася Цусімская бітва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎБА́СНАЕ ДРЭ́ВА (Kigelia pinnata),
кветкавая расліна сям. бігноніевых. Пашырана ў трапічнай Афрыцы.
Дрэва з шырокай цяністай кронай, лісце ў сухі сезон ападае. Цвіце перад ці ў час распускання лісця буйнымі чырв. кветкамі, што апыляюцца птушкамі-нектарніцамі Плод — буйная каробачка (даўж. 30—60 см, таўшчыня 7—9 см), якая па форме і колеру нагадвае ліверную каўбасу (адсюль назва), мае доўгую, амаль да зямлі, кветаножку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ВІК,
археалагічны помнік у правінцыі Сконе на Пд Швецыі, месца размяшчэння аднаго з буйнейшых пахавальных насыпаў у Скандынавіі. Меў 64 м у дыяметры, насыпаны над цыстай (каменная скрыня для пахавання), пліты якой упрыгожаны малюнкамі з выявамі працэсій, чалавечых фігур, калясніцы з вознікам, караблёў, коней, сякер, сонечных дыскаў. На час адкрыцця (1748) быў поўнасцю разрабаваны. Паводле стылю малюнкаў датуецца 10 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРЖ, праснак,
у беларусаў даўняе мучное прэснае печыва. На К. звычайна бралі жытнюю муку, крута замешвалі на вадзе або сыроватцы, дадавалі соль, соду. Пяклі на чарэні або на патэльні тоўстым блінам. Спажывалі замест хлеба, а таксама ў пост, на памінках. Часам кавалкі К. залівалі смятанай або тоўчанымі ягадамі. У наш час К. — здобнае, салодкае печыва з пшанічнай мукі на малацэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОШ, кошык,
плеценая ёмістасць розных памераў для захоўвання і транспарціроўкі сыпкіх і штучных рэчываў, пераважна харч. прадуктаў. У беларусаў К. рознай формы рабілі з лазы, сасновай, радзей дубовай дранкі, каранёў хваёвых дрэў, ліпавай і бярозавай кары, саломы, рагозу, у цяперашні час і з дроту. К. наз. таксама скрынку ў млыне над жорнамі, у якую засыпалі збожжа для памолу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕРС-КРЫК (Cooperis Creek),
рака ў цэнтральнай частцы Аўстраліі. Даўж. каля 1400 км, пл. басейна 285 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Вял. Водападзельнага хр. пад назвай Барку, перасякае паўпустынныя і пустынныя раўніны Вял. Артэзіянскага Басейна. Жыўленне дажджавое і грунтавое. Пастаяннае цячэнне толькі ў вярхоўях. Сярэдні гадавы расход вады 70 м³/с. Дасягае воз. Эйр толькі ў час летніх паводак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЫНО́ВІЧ (Уладзімір Сцяпанавіч) (1913, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 31.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). З 1944 на 2-м і 1-м Бел. франтах. Кулямётчык сяржант Л. вызначыўся ў час ліквідацыі варожай групоўкі ва Усх. Прусіі: 31.1.1945 адбіваў атакі гітлераўцаў, падтрыманых танкамі і самаходнымі гарматамі; з гранатамі кінуўся пад танк і падарваў яго. Яго імем названа вуліца ў г. Вілейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІРА́Т (ад лац. levir дзевер),
шлюбны звычай, паводле якога ўдава была абавязана або мела права выйсці замуж за брата свайго памерлага мужа. Быў пашыраны ў многіх народаў у эпоху радавога ладу як перажытак групавога шлюбу. У перыяд распаду радавога ладу і ў класавым грамадстве доўгі час захоўваўся ў некаторых народаў Каўказа, Сярэдняй Азіі, у яўрэяў і інш. Захаванню Л. садзейнічаў звычай калыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГУ́ТНАСЦЬ,
фізічная велічыня, што вымяраецца адносінамі работы да прамежку часу, за які яна выконваецца. Сярэдняя М. вызначаецца формулай: N = A/t, дзе A — работа, якая выконваецца за час t. У агульным выпадку N = dA/dt. У СІ М. вымяраецца ў ватах (часам выкарыстоўваюць пазасістэмную адзінку — конскую сілу). М. — найважнейшая энергет. характарыстыка розных сістэм і машын (рухавікоў, генератараў, кампрэсараў і інш.).