бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1971). Нар.арт.СССР (1977). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1963, клас З.Гайдай). Працавала ў Пермскім т-ры оперы і балета. З 1966 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (у 1973 удасканальвалася ў міланскім т-ры «Ла Скала»), з 1986 салістка Бел. філармоніі. Валодае сакавітым, моцным і адначасова гнуткім рухомым голасам з добра развітым верхнім рэгістрам, што дае ёй магчымасць выконваць і каларатурныя партыі (Разіна ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні). Віртуозную тэхніку, майстэрства вакалізацыі Д. падпарадкоўвае ўдумлівай, тонкай інтэрпрэтацыі розных па стылі твораў, старанна шліфуе сцэнічны малюнак вобраза. У операх нац. рэпертуару стварыла вобразы Алесі («Алеся» Я.Цікоцкага), Веранікі («Зорка Венера» Ю.Семянякі). Творчая індывідуальнасць найб. яскрава выявілася ў партыях драм. плана: Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Эбалі («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі). У канцэртных праграмах значную частку складаюць творы бел. кампазітараў; выконвае сольныя партыі ў буйных вак.-сімф. творах. Лаўрэат 3-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1965, 2-я прэмія), дыпламант 3-га Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1966).
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Святлана Данілюк // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.
Т.А.Дубкова.
С.П.Данілюк.С.Данілюк у ролях Марыны Мнішак (злева) і Сантуцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЦЦА́ТЫ З’ЕЗД КПСС.
Адбыўся 14—25.2.1956 у Маскве; 1349 дэлегатаў з рашаючым і 81 з дарадчым голасам прадстаўлялі 6 795 896 чл. і 419 609 канд. у чл. партыі. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі камуніст. і рабочых партый 55 краін свету. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦККПСС, Цэнтр.рэвіз. камісіі, дырэктывы XX з’езда КПСС па 6-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1956—60; выбары цэнтр. органаў партыі. На закрытым пасяджэнні з’езд заслухаў даклад М.С.Хрушчова «Аб кульце асобы і яго выніках». З’езд падвёў вынікі 5-й пяцігодкі (1951—55), адобрыў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦККПСС, прааналізаваў міжнар. і ўнутр. становішча СССР, вызначыў задачы па разгортванні камуніст.буд-ва ў краіне і інш. У матэрыялах з’езда развіты найважнейшыя тэарэт. пытанні сучаснасці: пра мірнае суіснаванне дзяржаў з розным сац. ладам, пра магчымасць недапушчэння сусв. вайны, пра формы пераходу розных краін да сацыялізму і інш. З’езд даручыў ЦККПСС выпрацаваць праект новай Праграмы партыі, унёс змены ў Статут партыі. З’езд разгледзеў пытанне аб пераадоленні культу асобы Сталіна, ліквідацыі яго шкодніцкіх вынікаў ва ўсіх галінах парт., дзярж. і ідэалаг. работы, даручыў ЦК строга прытрымлівацца нормаў парт. жыцця і прынцыпаў калектыўнасці кіраўніцтва. У адпаведнасці з рашэннямі з’езда 30.6.1956 ЦККПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,
першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б.СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш.Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач.Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВА,
горад у Гродзенскай вобл., цэнтр Дзятлаўскага р-на, на р. Дзятлаўка. За 165 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. Аўтадарогамі злучана са Слонімам. Лідай, Навагрудкам. 8,6 тыс.ж. (1997).
Упершыню згадваецца ў 1440—50-я г. пад назвай Здзяцел. У 1498 вял.кн.літ. Аляксандр падараваў воласць Здзяцел літ. гетману кн. К.І.Астрожскаму. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў Трокскім ваяв., у 1566 мястэчка Слонімскага пав. З пач. 17 ст. належала Сапегам, Палубенскім, Радзівілам, Солтанам, з 1831 дзярж. ўласнасць. З 1795 у Рас імперыі, мястэчка Слонімскага пав У 1897—3155 ж., 479 будынкаў, 2 школы, царква, касцёл, 4 яўр. малітоўныя дамы, шпіталь. 2 дрэваапр. ф-кі. 2 медаварні, больш за 40 майстэрняў. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, да 1945 і з 1965 цэнтр Дзятлаўскага раёна. З 30.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням.-фашыстамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 4716 чал., дзейнічала Дзятлаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле. У 1962—65 Дз. ў Слонімскім р-не. У 1971—4,5 тыс.ж. З 1990 горад.
Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Дзейнічае Дзятлаўскі музей народнай славы. Помнікі архітэктуры — Дзятлаўскі касцёл Успення Багародзіцы (1624—46), Дзятлаўская сядзіба (1751), капліца (1813). Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ Адбылася 12—16.10.1925 у Берліне як нарада бел.паліт. дзеячаў у эміграцыі. Склікана А.Цвікевічам. З’явілася вынікам расколу ў бел. эмігранцкім асяроддзі, а таксама перамен, што адбыліся ў 1921—25 у БССР і Зах. Беларусі пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921). На Д.У.к. прыехалі З.Жылуновіч і нам. паўнамоцнага Прадстаўніка СССР у Польшчы А.Ульянаў. Перад канферэнцыяй урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В.Захарка, Рада Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнавала Мінск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным. Пасля гэтага Д.У.к. большасцю галасоў прызнала Мінск цэнтрам бел. адраджэння. Пастановы Рады Міністраў не мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады БНР П.Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі рашэнні Д.У.к., а член Прэзідыума Рады БНР Я.Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К.Езавітава. Дзярж. пячатка засталася ў Крачэўскага. Потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР. У л-ры за 1-й і 2-й канферэнцыямі замацаваліся назвы Усебел. паліт. канферэнцый або Нац.-паліт. нарад.
Літ.:
Цьвікевіч А. Берлінская канферэнцыя // Полымя. 1926. № 4;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Крэчэўскі П. Мандаты БНР // Спадчына. 1993. № 1;
Сідарэвіч А. Берлінская канферэнцыя 1925 г.: паліт. варункі, рашэнні, вынікі // Культура. 1993. 3 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),
выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.
Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр.прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ГРАМА́ДСКАЙ БЯСПЕ́КІ, ГРАМА́ДСКАГА ПАРА́ДКУ І ЗДАРО́ЎЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
злачынствы, які вынікаюць з парушэння ўстаноўленых законам і інш. нарматыўнымі актамі правіл паводзін, што забяспечваюць грамадскі спакой, бяспеку і здароўе асобы, захаванасць маёмасці ўсіх форм уласнасці, а таксама парушэнні нармальных умоў працы, быту і адпачынку грамадзян і дзейнасці дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый.
Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: хуліганства; пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці; набыццё ці збыт маёмасці, набытай злачынным шляхам; уцягненне няпоўнагадовых у злачынную дзейнасць і немедыцынскае выкарыстанне адурманьваючых сродкаў, спойванне іх; парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі трансп. сродкаў; угон трансп. сродкаў, паветр. судна, парушэнні правіл бяспекі горных, буд. работ, правіл пажарнай бяспекі; незаконнае набыццё, захаванне і выкарыстанне радыяцыйных матэрыялаў; парушэнні правіл захавання і выкарыстання выбуховых рэчываў; незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё або выраб ці збыт зброі і выбуховых рэчываў; незаконны выраб ці збыт газавых пісталетаў і інш. прыстасаванняў для выкарыстання слёзатачывых і нервова-паралітычных газаў; неахайнае захоўванне агнястрэльнай зброі; незаконныя лячэнне, выраб, набыццё, збыт, захаванне моцных ядаў, наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў і зводніцтва; выраб або збыт парнаграфічных прадметаў; выраб і распаўсюджанне твораў, якія прапагандуюць культ насілля і жорсткасці; здзек над магілай; знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культ. каштоўнасцей; жорсткае абыходжанне з жывёламі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАШКЕ́ВІЧ ((Iwaszkiewicz) Яраслаў) (20.2.1894, в. Кальнік Вінніцкай вобл., Украіна — 2.3.1980),
польскі пісьменнік. У 1912—18 вучыўся ў Кіеўскім ун-це і ў кансерваторыі. З 1918 у Варшаве. У 1932—36 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1915. Ранняй лірыцы ўласцівы эстэтызм, зварот да адвечных пытанняў (зб-кі «Васьмірадкоўі», 1919, «Дыянісіі», 1922, «Лета 1932», 1933). У аповесцях і раманах «Зенобія Пальмура» (1920), «Узыходзіць месяц» (1925), «Змова мужчын» (1930), «Блендамерскія страсці» (1938) філас.-эстэтычная праблематыка. Раман «Чырвоныя шчыты» (1934) пра мінулае Польшчы. Аўтар апавядання «Паненкі з Вілька» (1933, экранізацыя А.Вайды, 1979), п’ес «Лета ў Наане» (1936—37), «Маскарад» (1939) і інш. У пасляваен. паэт. зб-ках «Алімпійскія оды» (1948), «Каса восені і іншыя вершы» (1954), «Заўтра жніво» (1963), «Выбраныя вершы» (1968), «Карта надвор’я» (1977), «Музыка ўвечары» (1980) грамадз. пафас, філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Аўтар кніг прозы «Італьянскія навелы» (1947), «Кнігі маіх успамінаў» (1957). У рамане-эпапеі «Хвала і слава» (т. 1—3, 1956—62) панарама жыцця польск. інтэлігенцыі ў 1914—45. Дзярж. прэміі Польшчы 1952, 1954 і 1970. На бел. мову вершы І. перакладалі А.Вялюгін, М.Машара, Я.Семяжон, прозу — Я.Брыль, П.Стафановіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАБО́РСТВА,
рэлігійны рух у сярэднія вякі, накіраваны супраць хрысц. культу абразоў.
Яшчэ ў 7 ст. ў М. Азіі (некат. даследчыкі лічаць, што пад уплывам ісламу, які забараняў выявы чалавека) пачаліся выступленні супраць выкарыстання культу абразоў, крыжа і інш. як ідалапаклонства. І. найб. пашырылася ў 8—1-й пал. 9 ст. ў Візантыі, дзе яго ўзначалілі першыя імператары Ісаўрыйскай дынастыі. Леў III, які імкнуўся ўмацаваць дзярж. ўладу і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства, у 726 забараніў пакланенне абразам, канфіскоўваў царк. землі і маёмасць; яго пераемнікі патрабавалі поўнай забароны святых выяў у цэрквах Супраць І. выступілі візантыйскі багаслоў Іаан Дамаскін, сталічная знаць і манаства, падтрыманыя папствам. Барацьба цягнулася больш за стагоддзе, суправаджалася муштрамі, катаваннямі, выгнаннямі, знішчэннем абразоў, разбурэннем манастыроў. У час І. загінулі тысячы помнікаў рэліг. мастацтва. Але гал. мэта візант. імператараў была дасягнута — канфіскацыя царк. і асабліва манастырскіх зямель і раздача іх ваен.-служыламу саслоўю; візант. імператар стаў на чале правасл. царквы. Канчаткова культ абразоў у Візантыі адноўлены ў 843, але большасць секулярызаваных зямель царкве не вернута. Іканаборскі рух узмацніў супярэчнасці паміж усх. і зах. галінамі тады яшчэ адзінай хрысц. царквы.
І. было характэрнай рысай радыкальных кірункаў пратэстантызму (перш за ўсё кальвінізму) у шэрагу краін Зах. Еўропы ў эпоху Рэфармацыі (Нідэрланды, Германія, Францыя). Знішчэннем абразоў і інш. святынь суправаджалася Іканаборскае паўстанне 1566 у Нідэрландах.