БАРБАКА́Н
(франц.),
падковападобная ў плане прысадзістая вежа без даху перад уваходнай брамай і звязаная з ёю функцыянальна і канструкцыйна; элемент абарончай сістэмы сярэдневяковага замка ці гар. фартыфікацыі. Прызначаўся для дадатковага мацавання і абароны гал. ўезду. Прылягаў да брамы або размяшчаўся асобна і злучаўся з ёю сценамі праходу («шыяй»). Пры значных памерах меў уласную сістэму абароны, якая складалася з брамы, пад’ёмнага моста, размешчанага перад барбаканам або ўнутры яго, некалькіх ярусаў баёў (спец. памяшканняў з байніцамі). Некаторыя барбаканы завяршаліся зубцамі. На Беларусі вядомы ў Мірскім замку.
т. 2, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ДАВАЧНІК
(Phacochoerus aethiopicus),
млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.
Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).
т. 2, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІТО́З
(ад а... + мітоз),
прамое дзяленне ядра, адзін са спосабаў дзялення клеткі. Упершыню апісаў ням. біёлаг Р.Рэмак (1841); тэрмін прапанаваў ням. гістолаг В.Флемінг (1882). Адбываецца праз падзел ядзерца з наступнай перацяжкай усяго цела ядра без утварэння храмасом і ахрамацінавага верацяна. Пры амітозе, у адрозненне ад мітозу, не забяспечваецца раўнамернае размеркаванне генет. матэрыялу кожнай храмасомы паміж дзвюма даччынымі клеткамі. Часам пры дзяленні ядра ў ходзе амітозу ўтвараюцца мнагаядзерныя клеткі. Амітоз уласцівы некаторым прасцейшым, а таксама клеткам спец. тканак (напр., храстковай, злучальнай) і паталагічных разрастанняў, у прыватнасці пухлінных.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар. раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.
т. 1, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЛІСЛІ́ Акрам
(сапр. Наібаў-Айліслі Акрам Наджар аглы; н. 6.12.1937, с. Айліс Ардубадскага р-на, Азербайджан),
азербайджанскі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1964). Аўтар зб-каў апавяданняў «Чарэшня» (1961), «З сэрцам не жартуй» (1973), аповесцяў «У гарах туман» (1963), «З бацькамі і без іх» (1965), «Над Курой у цёплых лясах» (1976), эсэ «Прага літаратуры» (1989) і інш. Цыкл аповесцяў «Людзі і дрэвы» (1966—68) пра жыццё азербайджанскай вёскі ў Вял. Айч. вайну і пасляваенныя гады. Прозе Айліслі ўласцівы паглыблены псіхалагізм, спалучэнне лірызму з тонкім гумарам.
т. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А КАПЭ́ЛА
(італьян. a cappella),
шматгалосыя харавыя спевы без інстр. суправаджэння. Пашыраны ў нар. творчасці. Як стыль прафес. хар. мастацтва склаліся ў культавай поліфаніі ў канцы сярэднявечча, дасягнулі росквіту ў майстроў Нідэрландскай школы і Дж.Палестрыны. Для правасл. царквы спевы а капэлы — адзіная форма хар. мастацтва. З эпохі Адраджэння развіваюцца і ў свецкай музыцы. На Беларусі ранні свецкі жанр спеваў а капэлы — кант. У стылі а капэлы працавалі кампазітары розных эпох. Сярод бел. — В.Залатароў, М.Равенскі, А.Багатыроў, Р.Пукст, У.Алоўнікаў, Ю.Семяняка, Э.Тырманд, А.Мдывані, Л.Захлеўны, А.Бандарэнка і інш.
А.А.Саламаха.
т. 1, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне выгляду P(x, y,...,z)=0, дзе P(x, y,...,z) — мнагасклад n-ай ступені (n≥0) ад адной або некалькіх пераменных. Калі пераменная адна, то лік а, які ператварае алгебраічнае ўраўненне ў тоеснасць, наз. коранем ураўнення і мнагасклад дзеліцца на (x-a) без рэшты (тэарэма Безу). У алгебраічна замкнёным полі (гл. Алгебраічны лік) кожны мнагасклад P(x) ступені n мае роўна n каранёў (у т. л. кратных). Н.Абель паказаў (1824), што пры n≥5 карані некаторых ураўненняў P(x)=0 нельга запісаць праз радыкалы.
В.І.Бернік.
т. 1, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЦВЁРДАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект (цела), адлегласць паміж любымі двума пунктамі якога ўвесь час застаецца пастаяннай; адно з асн. паняццяў механікі. Абсалютна цвёрдым целам можна лічыць сістэму матэрыяльных пунктаў, жорстка звязаных паміж сабой, або кожнае рэальнае цела, памеры і форма якога ў працэсе руху і ўзаемадзеяння з інш. целамі не мяняюцца, г. зн., што дэфармацыя адсутнічае або настолькі малая, што яе можна не ўлічваць. Мадэль абсалютна цвёрдага цела выкарыстоўваецца для тлумачэння ўласцівасцяў эўклідавай прасторы, вызначэння сістэмы адліку і апісання мех. руху рэальных аб’ектаў без уліку дэфармацыі.
т. 1, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ СЯЛЯ́НСКАЙ ЛЯВІ́ЦЫ «САМАПО́МАЦ»,
рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская арг-цыя ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1928—31. Створана з членаў левага крыла партыі «Стронніцтво хлопске» і Незалежнай сял. партыі. Праграма змяшчала рэв.-дэмакр. і часткова сацыяліст. патрабаванні: зямля сялянам без выкупу, нацыяналізацыя прам-сці, дэмакр. правы, самавызначэнне прыгнечаным народам і інш. У маі 1931 аб’ядноўвала 12,5 тыс. членаў. Кіраўнікі А.Бомба, С.Вуйтовіч, М.Гвяздовіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Samopomoc chłopska» («Сялянская ўзаемадапамога»). Супрацоўнічала з левымі партыямі і арг-цыямі Польшчы. Забаронена польскімі ўладамі.
У.А.Палуян.
т. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,
папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.
Л.В.Паўлава.
т. 1, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)