ГРАБ (Carpinus),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (C. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН віды: граб каралінскі (C. caroliniana), каўказскі (C. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (C. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.

Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

Г.​У.​Вынаеў.

Граб звычайны.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕБРА́СКА (Nebraska),

штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. р. Місуры. Пл. 200,3 тыс. км². Нас. 1662,7 тыс. чал. (1998). Адм. ц.г. Лінкальн, найб. горад Омаха. Большая ч. тэр. штата ў межах Вялікіх раўнін, на З адгор’і Скалістых гор (выш. да 1654 м). Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія месячныя т-ры ад -5 °C у студз. да 24 °C у ліпені. Ападкаў 450—700 мм за год. Найб. рэкі Наябрэра і Плат (прытокі р. Місуры), выкарыстоўваюцца на арашэнне. Характэрна натуральная травяністая расліннасць прэрый. У гарах на З хваёвыя лясы (пл. каля 3 тыс. км²). Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 27,4 млрд. кВтгадз (1998). Працуюць ЦЭС на каменным вугалі і АЭС. Гал. галіны прам-сці: харч. (мясакансервавая, мукамольная, масларобная, цукровая), маш.-буд. (с.-г., транспартнае, выраб эл. і электроннага абсталявання), паліграф., хім. (вытв-сць угнаенняў), каляровая металургія. Больш як ​2/3 кошту таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі дае жывёлагадоўля, пераважна мяснога кірунку. Гадуюць (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 6700, свіней — 3600, авечак — 100. Птушкагадоўля (у 1997—12,1 млн. курэй, 2,3 млн. бройлераў). Вырошчваюць кукурузу, сорга, сою, сеяныя травы, пшаніцу, фасолю, авёс, бульбу, цукр. буракі. Значная частка с.-г. зямель арашаецца. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,

група захворванняў анімальнай (цэнтр. і перыферычнай) і вегетатыўнай нерв. сістэм. Бываюць прыроджаныя і набытыя, спадчынныя і няспадчынныя. Набытыя і няспадчынныя Н.х. абумоўлены біял. (вірусы, мікробы, рыкетсіі, грыбкі, жывыя паразіты), траўматычнымі, таксічнымі, алергічнымі, радыенукліднымі і інш. ўздзеяннямі. Асобна вылучаюць пухліны і сасудзістыя захворванні нерв. сістэмы. Умоўна Н.х. падзяляюць на арган. (у аснове структурныя змены розных аддзелаў нерв. тканкі) і функцыян. (абумоўлены вострымі і хранічнымі псіхатраўміруючымі ўздзеяннямі — неўрозы, што ўзнікаюць пры мінім. выражаных марфал. расстройствах). Бываюць інфекц. хваробы нерв. сістэмы, сасудзістыя захворванні (найб. пашыраны, напр., інсульт — адна з гал. прычын інваліднасці і смяротнасці насельніцтва). Праяўляюцца суб’ектыўнымі (скаргі на галаўны боль, галавакружэнне, дваенне ў вачах, моташнасць, ірвота і інш.) і аб’ектыўнымі парушэннямі ў выглядзе паралічоў і парэзаў рук і ног, мышачных атрафій, парушэнняў каардынацыі рухаў і інш. Лячэнне Н.х. комплекснае: тэрапеўт. ў спалучэнні з фізіятэрапіяй, псіхатэрапіяй, санаторна-курортным лячэннем; у некат. выпадках — нейрахірург. аперацыі. Выкарыстоўваюць таксама нетрадыц. метады (напр., гамеапатыя).

Літ.:

Болезни нервной системы: Руководство для врачей. Т. 1—2. М., 1995;

Марков Д.А. Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973;

Шанько Г.Г. Болезни нервной системы у детей: Мед. книга для родителей: В 3 т. Т. 1. Эпилепсия и припадки у детей. Мн., 1996.

Г.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,

буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтрг. Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял. кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.​Я.​Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.​Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.​К.​Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс. чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЯ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podlaskie),

адм.-тэр. адзінка на ПнУ Польшчы. На У мяжуе з Беларуссю і Літвой. Утворана 1.1.1999. Пл. 19,9 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1999), гарадскога 55%. Сярод насельніцтва значная доля беларусаў. Адм. цэнтрг. Беласток. Найб. гарады: Сувалкі, Ломжа, Аўгустаў, Бельск-Падляскі. Большая ч. тэр. ваяводства знаходзіцца ў межах забалочанай Падляскай нізіны, на Пн марэнная града Сувалкаўскага Паазер’я, на У Беластоцкае ўзв. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 16—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Густая сетка рэк, якія належаць да бас. р. Вісла. Гал. рэкі — Буг (з прытокам Нужац) і Нараў (з прытокамі Бебжа і Супрасль). Рэкі Нёман і Бебжа злучае Аўгустоўскі канал. На Пн шмат азёр, у т. л. самае глыбокае ў Польшчы воз. Ганча (108,5 м). Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам каля 27% тэрыторыі, найб. Аўгустоўская пушча і Белавежская пушчаБелавежскім нацыянальным паркам). Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс, пшаніцу, ячмень, лён, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць дарожных машын, абсталявання для лясной і харч. прам-сці), тэкст. (шарсцяная, баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Турызм (Аўгустоўскае Паазер’е).

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛІ́НІКА (ням. Poliklinik ад грэч. polis горад + klinikē лячэнне),

шматпрофільная ці спецыялізаваная лячэбна-прафілактычная ўстанова, якая забяспечвае насельніцтва кваліфікаванай мед. дапамогай у самой установе і дома; асн. звяно першаснай мед.-сан. дапамогі. Ахоплівае больш за 80% насельніцтва. Паводле функцый П. падзяляюць на гар. (для дарослых, падлеткаў, дзяцей, студэнтаў), цэнтр., раённыя, гарнізонныя, курортныя і інш. Пры абл. і рэсп. бальніцах, клініках мед. ін-таў, НДІ ствараюцца кансультацыйныя П.; функцыянуюць і спец. П. (стаматалагічныя, фізіятэрапеўт. і інш.). Бываюць самаст. ці ў складзе аб’яднання з бальніцай. Маюць рэгістратуру, лячэбна-прафілакт., дыягнастычныя і інш. аддзяленні. Ствараюцца тэр. мед. аб’яднанні, куды ўваходзіць П. для дарослых, дзіцячая, жаночая кансультацыя з акушэрска-тэрапеўт. і педыятрычнымі комплексамі (сям’ю абслугоўвае ўрач-тэрапеўт, педыятр і акушэр-гінеколаг). Есць гасп.-разліковыя П.

Ажыццяўляе комплекс прафілакт. мерапрыемстваў па аздараўленні насельніцтва і папярэджанні захворванняў, вызваляе хворых ад працы, праводзіць мед.-сан. экспертызу з прызнаннем устойлівай непрацаздольнасці, накіроўвае на шпіталізацыю, санаторна-курортнае лячэнне, праводзіць дыспансерызацыю, проціэпідэмічныя мерапрыемствы (напр., прышчэпкі) і інш.

На Беларусі 557 самаст. П. і амбулаторый, у т. л. 146 гар., 411 сельскіх; 695 паліклінічных аддзяленняў бальніц і радзільных дамоў, у т. л. 300 гар., 395 у сельскай мясцовасці, 77 стаматалагічных П., 367 дзіцячых (1998).

Э.​А.​Вальчук.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАБКІ, парубцы,

1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.

3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Партугаліі, Бразіліі, Анголы, Мазамбіка, Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Сан-Таме і Прынсіпі. Склалася ў 12—14 ст. у выніку змяшэння партугала-галійскіх гаворак поўначы і поўдня. У пач. 16 ст. ў сувязі з геагр. адкрыццямі адбылася экспансія -П.м. ў Бразілію, а таксама на тэр. Афрыкі і Азіі. Сучасная П.м. мае 2 асн. тэр. варыянты: партуг. і браз., якія адрозніваюцца пераважна ў фанетыцы і лексіцы. У працэсе фарміравання знаходзяцца афр. варыянты П.м., у першую чаргу ў Анголе і Мазамбіку. На тэр. Партугаліі 3 дыялектныя групы: паўд., цэнтр. і паўночная. Для П.м. ў Бразіліі характэрна адноснае адзінства. На базе П.м. развіўся шэраг крэольскіх моў (у Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Аамыні і інш.). П.м. ўласцівы; у фанетыцы — назалізацыя і рэдукцыя галосных, насавыя дыфтонгі, адрозненне зычных па вымаўленні ў залежнасці ад пазіцыі і акружэння; у марфалогіі — наяўнасць т.зв. асабовага інфінітыва, абмежаванае ўжыванне складаных дзеяслоўных часоў; у лексіцы — шмат запазычанняў з ісп., франц., араб. моў. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца прыкладна 12 ст. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Вольф Е.М., Никонов Б.А. Португальский язык: Граммат. очерк, лит. тексты с комментариями и словарем. М., 1965;

Вольф Е.М. История португальского языка. М., 1988.

т. 12, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧКІ (Ribes),

род кветкавых раслін сям. агрэставых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Еўразіі, Амерыкі і ў Афрыцы (Атласкія горы). На Беларусі 6 дзікарослых і культурных відаў П.: альпійскія (R. aiplinum), залацістыя (R. aureum), пушыстыя (R. spicatum), светлыя (R. lucidum), чорныя (R. nigrum), чырвоныя (R. rubrum). Трапляюцца ў вільготных лясах, сярод хмызнякоў, ускрай балот і па берагах рэк; культывуюцца ў прамысл. і аматарскім садаводстве. 14 відаў інтрадукавана ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Лістападныя, радзей вечназялёныя кусты выш. да 2 м. Парасткі гладкія, часам шыпаватыя. Лісце простае, чаргаванае, голае або апушанае, бывае з залозкамі. Кветкі ў гронках, двух- ці аднаполыя. Плод — ягада. Віды П. аб’ядноўваюць у 3 групы. Для П. чорных характэрны спецыфічны пах з-за наяўнасці залозак на ніжняй паверхні лісця. Вядомыя сарты: Беларускія салодкія, Галубка, Мінай Шмыроў, Кантата-50, Паўлінка. Група П. чырвоных як лек. расліна вядомая з 14 ст., як ягадная — з 16 ст. Сарты: Галандскія чырвоныя, Вялікія белыя, Ненаглядныя. Група П. залацістых эндэмічная для Паўн. Амерыкі. Харч., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Волузнев А.Г. Ягодный сад. Мн., 1970;

Валягина-Малютина Е.Т. Деревья и кустарники Средней полосы Европейской части России. СПб., 1998.

Парэчкі. Сарты: 1 — Беларускія салодкія; 2 — Галубка; 3 — Мінай Шмыроў; 4 — Кантата 50; 5 — Галандскія чырвоныя; 6 — Вялікія белыя.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАВА (Ганна Паўлаўна) (Мацвееўна; 12.2.1881, С.-Пецярбург — 23.1.1931),

руская артыстка балета. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1899, педагог П.Герт). З 1899 у Марыінскім т-ры, з 1909 удзельнічала ў Рускіх сезонах С.​Дзягілева, з 1910 гастраліравала з уласнай трупай (у 1913—14 у Расіі). Яе творчасць адметная музыкальнасцю і псіхал. змястоўнасцю, эмац. дзейснасцю, шырынёй жанравага дыяпазону. Сцвярджала класічныя традыцыі рус. танц. школы. Адыграла важную ролю ў рэформах М.Фокіна як першая выканальніца цэнтр. партый пастаўленых ім балетаў «Вінаградная лаза» А.​Рубінштэйна, «Павільён Арміды» М.​Чарапніна, «Егіпецкія ночы» А.​Арэнскага, «Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна, харэагр. эцюда «Лебедзь» на муз. К.​Сен-Санса. Сярод інш. партый: Адэта («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Бінт Анта і Аспічы («Дачка фараона» Ц.​Пуні), а таксама характарныя танцы, канцэртныя нумары і мініяцюры («Сірыйскі танец» на муз. Сен-Санса). Знялася ў маст. фільме «Нямая з Портычы». Ёй прысвечаны балет Р.​Пці «Мая Паўлава» на зборную муз., маст. і дакумент. фільмы «Ганна Паўлава» (адпаведна 1983, 1985). Аўтар успамінаў «Некалькі старонак з майго жыцця» (1912).

Літ.:

Красовская В.М. А.​Павлова. 2 изд. Л.;

М., 1965;

Аркина Н.Е. А.​Павлова. М., 1981;

Носова В.​А.​Павлова // Носова В. Балерины. М., 1983.

Г.Паўлава. Сірыйскі танец. Мастак А.​Стывенс.

т. 12, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)