ша́фер, ‑а, м.

Удзельнік вясельнага абраду, які выконвае даручэнні па распарадку і ў час вянчання трымае вянец над галавой жаніха (нявесты). Не трымалі шаферы вянцоў над галовамі маладых. Не было хору і нават падпявалы-дзячка. Машара. Пасля першамайскіх свят, якія прайшлі накшталт вяселля, толькі без бацькоў маладых, без свата, без шафераў і шаферак, Максіма адразу ахінулі клопаты неармейскага жыцця. Грамовіч.

[Ням. Schaffer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпіёніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Займацца шпіёнствам, шпіянажам. Прысутныя сыходзіліся на адной думцы, што хату-чытальню падпалілі тыя ліхаімцы з-за ракі, з тых фальваркаў, дзе хаваюцца кантрабандысты, якія засланы да нас з-за мяжы, каб шпіёніць і наводзіць жах на насельніцтва. Хведаровіч. // Разм. Падпільноўваць каго‑н. Асташонак рэзка ўзняў галаву: — А — аа, дык гэта ты за мной шпіёніш? Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

этыке́т, ‑у, М ‑кеце, м.

Устаноўлены парадак паводзін, формы абыходжання ў якім‑н. асяроддзі, грамадстве. Захоўваючы этыкет, Базыль падвёў сяброў наўперад да жонкі Кузьмы Скаромнага, як самай старэйшай з жанок. Колас. Дзе этыкету многа, там шчырасці мала. Прымаўка.

•••

Моўны этыкет — нацыянальна спецыфічныя правілы моўных паводзін, якія рэалізуюцца ў сістэме ўстойлівых формул і выразаў у прынятых грамадствам сітуацыях «ветлівага» кантакту з субяседнікам.

[Фр. étiquette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ у філасофіі,

кірунак, заснаваны на т.зв. рэаліст. пераасэнсаванні «крытычнай філасофіі» І.Канта і прызнанні адрозненняў паміж аб’ектам пазнання і ведамі суб’екта аб ім; адна з форм неакантыянства. Узнік у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., быў пашыраны ў Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША. Прадстаўнікі ням. К.р. (В.​Вунт, О.​Кюльпе, А.​Месер, А.​Рыль і інш.) не прызнавалі абс. непазнавальнасці кантаўскай «рэчы ў сабе» і разглядалі пазнанне не як простае адлюстраванне рэальнасці, а як сімвалічнае ўспрыманне, выяўленне ўласцівасцей знешняга свету; у гэтым сэнсе іх погляды збліжаліся з іерогліфаў тэорыяй і набывалі істотныя рысы агнастыцызму. Англ. філосафы А.​Сет, А.​Прынгл-Пэтысан і Д.​Хіке, якія спалучалі К.р. з канцэпцыямі персаналізму і філасофіі «здаровага сэнсу» (гл. Шатландская школа), лічылі, што свет існуе незалежна ад свядомасці, а асновай яго пазнання з’яўляецца інтуітыўная, прыроджаная здольнасць розуму. У ЗША заснавальнікамі К.р. як самаст. школы былі Д.​Дрэйк, А.​Лаўджай, Дж.​Прат, А.​Роджэрс, Дж.​Сантаяна, Р.​В.​Селерс і Ч.​О.​Стронг, якія ў 1920 апублікавалі зб. «Нарысы крытычнага рэалізму». У адрозненне ад неарэалізму яны сцвярджалі магчымасць толькі апасродкаванага пазнання, што складаецца з трох элементаў: суб’екта, аб’екта і «дадзенага» (або лагічных сутнасцей); чалавек пазнае прадметы не непасрэдна, а з дапамогай сутнасцей, якія толькі выражаюць аб’екты, але не тоесныя ім. Крытычнымі рэалістамі называлі сябе некаторыя з прадстаўнікоў рус. махізму. Сучасны К.р. прадстаўлены ў вучэннях А.​Венцля, Х.​Дрыша, М.​Гартмана і інш., якія спрабавалі ажыццявіць «сінтэз» матэрыяліст. установак прыродазнаўства і ідэаліст. філасофіі на аснове валюнтарызму і т.зв. «крытычнай анталогіі», паводле якой пазнанне выступае не вызначальным, а другасным пачаткам у адносінах да асн. сфер быцця (чалавечай, матэрыяльнай, духоўнай) як аўтаномных пластоў аб’ектыўнай рэальнасці.

Літ.:

Борисова Е.М., Куртонина Н.Я. Основные направления западной философии. М., 1990;

Теория познания. Т. 1—2. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КАВЫЯ СРО́ДКІ, лякарствы,

рэчывы, якія выкарыстоўваюць у мэтах дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння захворванняў чалавека і жывёл. У якасці Л.с. выкарыстоўваюць мінер. рэчывы (напр., сульфат магнію, хларыд калію), прэпараты жывёльнага (напр., гепарын, гармоны), расл. паходжання (напр., валяр’ян, марфін, атрапін, гл. Лекавыя расліны), сінт. рэчывы (напр., навакаін, парацэтамол), прадукты мікробнага біясінтэзу (напр., антыбіётыкі, вітаміны), штучныя прэпараты, якія атрымліваюць метадам геннай інжынерыі (інсулін, самататрапін). Перад укараненнем у мед. практыку Л.с. першапачаткова вывучаюцца на лабараторных жывёлах, потым у клінічных умовах (на людзях). Паводле міжнар. класіфікацыі адрозніваюць 14 гал. груп Л.с., якія ўздзейнічаюць на стрававальны тракт і метабалізм (напр., жаўцягонныя сродкі, слабільныя сродкі), кроў і крывятворныя органы (напр., антыкаагулянты, кроваспыняльныя сродкі, проціанемічныя сродкі), сардэчна-сасудзістую сістэму (напр., сардэчныя гліказіды, гіпатэнзіўныя сродкі), урагенітальную сістэму і палавыя гармоны (напр., матачныя сродкі, мачагонныя сродкі, процізачаткавыя сродкі), касцёва-мышачную сістэму (напр., процізапаленчыя сродкі), ц. н. с. (напр., седатыўныя сродкі, нейраплегічныя і транквілізавальныя сродкі), дыхальную сістэму (напр., адхарквальныя сродкі, процікашлевыя сродкі), органы пачуццяў (напр., мясцоваанестэзіруючыя сродкі); прэпараты, якія выкарыстоўваюць у дэрматалогіі (напр., антысептычныя сродкі), гармоны для сістэмнага выкарыстання, акрамя палавых гармонаў (гарманальныя прэпараты), проціінфекцыйныя прэпараты (напр., антыбіётыкі, сульфаніламіды), проціпухлінныя (проціпухлінныя сродкі), проціпаразітарныя прэпараты (напр., антыгельмінтыкі) і група розных. У арганізм Л.с. ўводзяць рознымі шляхамі: праз рот, падскурна, унутрымышачна, унутрывенна і інш. Выпускаюцца ў выглядзе таблетак, парашкоў, раствораў, мазяў і інш. Для Л.с. устаноўлены паказанні і проціпаказанні. Пры ўжыванні некат. можа развіцца лекавая залежнасць (наркатычныя анальгетыкі, гармоны і інш.). У некат. людзей бывае павышаная адчувальнасць да асобных Л.с. — ідыясінкразія.

Літ.:

Машковский М.Д. Лекарственные средства: Пособие для врачей. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998;

Базисная и клиническая фармакология: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; СПб., 1998;

Регистр лекарственных средств России: Энцикл. лекарств. М., 1999.

М.​К.​Кеўра.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я ПЛАНЕ́ТЫ,

астэроіды, невялікія нябесныя целы, якія рухаюцца вакол Сонца па эліптычных арбітах, размешчаных пераважна паміж арбітамі Марса і Юпітэра, т. зв. пояс астэроідаў. Агульная колькасць М.п., што назіраюцца ў сучасныя тэлескопы, каля 100 тыс. (занумараваны і ўключаны ў каталог каля 6 тыс.), буйнейшыя з іх: Цэрэра, Палада, Веста, Гігея.

У поясе М.п. адбываюцца сутыкненні астэроідаў, што прыводзіць да іх драблення. Колькасць М.п. значна павялічваецца ад буйных да дробных. Сумарная маса М.п. меней за 1/700 масы Зямлі, дыям. ад 1025 км (у Цэрэры) і меней. Арбіты ў сярэднім больш выцягнутыя і больш нахіленыя да экліптыкі, чым арбіты вял. планет. Вядома каля 300 М.п., якія перыядычна збліжаюцца з Зямлёй і ўяўляюць для яе патэнцыяльную небяспеку. Калі дробныя асколкі рухаюцца па арбітах, якія перасякаюць арбіту Зямлі, яны могуць выпадаць на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Няправільная абломкавая форма і плямістасць паверхні некат. М.п. выяўляюцца ў перыяд. зменах бляску; ваганні бляску паказваюць і на іх восевае вярчэнне. Па аналогіі з большасцю метэарытаў М.п. лічацца камяністымі целамі, шчыльн. 3000—3500 кг/м³. Раней М.п. лічылі абломкамі планеты, якая быццам бы існавала паміж Марсам і Юпітэрам, аднак малая сумарная маса М.п. і адсутнасць прычын для распаду планеты прывялі да адмаўлення ад гэтай гіпотэзы. Відаць, М.п. ўтварыліся ў выніку паслядоўнага драблення пры сутыкненнях больш буйных першасных цел, якія ўзніклі ў працэсе эвалюцыі т. зв. пратапланетнага рэчыва адначасова з вял. планетамі. Вывучэнне руху М.п. праводзіцца для вырашэння шэрагу задач астраметрыі (вызначэнне астр. пастаянных, сістэм. памылак зорных каталогаў і інш.). Аналіз узбурэнняў у руху М.П. дае магчымасць вызначыць масу вял. планет.

Літ.:

Малые планеты. М., 1973;

Коротцев О.Н., Дахие М.Ю. Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Великой Отеч. войны. СПб., 1995.

А.​М.​Коратцаў.

Арбіты некаторых малых планет (Адоніс, Апалон, Гермес, Ікар, Эрот).

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,

паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн. ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.​Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

form2 [fɔ:m] v.

1. прыдава́ць/прыма́ць абры́сы/вы́гляд/фо́рму;

She formed a vase from the clay. Яна вылепіла з гліны вазу.

2. утвара́ць; утвара́цца; фармірава́ць;

form a government/a committee ствара́ць ура́д/камітэ́т;

form a habit фармірава́ць звы́чку

3. склада́ць; увахо́дзіць;

the ministers who form the government міні́стры, які́я склада́юць ура́д/увахо́дзяць ва ўрад

form up [ˌfɔ:mˈʌp] phr. v. стро́іцца, станаві́цца ў рад;

The soldiers formed up into a line. Салдаты пастроіліся ў рад.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

what [wɒt] pron. што; які́;

What’s your name? Як вас зваць?;

What are you? Кім вы працуеце?;

What’s the time? Каторая гадзіна?;

What books do you want? Якія кніжкі вам патрэбны?

and what not infml і чаго́ то́лькі не было́;

what a pity! як шкада́!;

what for? нашто́ ?; наво́шта?; чаму́?;

what if а што, калі́;

what of it?/so what?infml ну і што з гэ́тага?;

what’s what? infml што да чаго́?

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

кіна́зы

(ад гр. kineo = рухаю)

1) ферменты класа трансферазаў, якія каталізуюць перанос фасфатных лішкаў з адэназінтрыфосфарнай кіслаты на розныя субстраты (бялкі, вугляводы і інш.) у клетках і тканках арганізма;

2) ферменты, якія садзейнічаюць ператварэнню неактыўнай формы ферменту на актыўную.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)