РУДЭ́НКА (Сяргей Ігнатавіч) (20.10.1904 г., п. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 5.6.1990),
ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1944), маршал авіяцыі (1955), праф. (1972). Скончыў ваен. школу лётчыкаў (1927), Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1932, 1936). У Чырв. Арміі з 1923: камандзір авіяэскадрыллі, авіябрыгады, авіядывізіі. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, Бранскім, Волхаўскім, Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах: камандуючы ВПС арміі, франтоў, авіягрупамі Стаўкі Вярх. Галоўнакамандуючага, нам. камандуючага і камандуючы 16-й паветр. арміяй. Удзельнік бітваў пад Сталінградам, Курскам, на Дняпры, Беларускай, Люблін-Брэсцкай, Варшаўска-Пазнанскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацый. Пасля вайны на адказных пасадах у ВПС, нач. Ваенна-паветр. акадэміі імя Гагарына, у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—50, 1962—66. Аўтар кн. «Крылы перамогі» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.П.Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас.дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.А.Вахевічам, перавыдадзены М.М.Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎНЫ СПОРТ, спартыўнае рыбалоўства,
здабыча рыб з вадаёмаў рыбалоўнымі прыладамі, выкарыстанне якіх патрабуе непасрэднага ўдзелу рыбалова ў працэсе лоўлі і выключае масавы адлоў рыбы; адзін з відаў рыбалоўства і рэкрэацыйнай дзейнасці. Найб. развіты: кастынг (кіданне грузіла і мушкі на далёкасць і трапнасць з дапамогай вудзільна, аснашчанага мультыплікатарнай або безынерцыйнай катушкай з тормазам), лоўля на вуду і на спінінг, лоўля на блешню і мармышку.
Спаборніцтвы (сусв., міжнар. і клубныя турніры) праводзяцца сярод прафесіяналаў і аматараў. Пераможца вызначаецца па сумарнай масе ўлову. Лоўля вядзецца адной вудай на адзін кручок, дазваляецца прыкормка. Рыбу пасля ўзважвання выпускаюць. Кубкавыя спаборніцтвы звычайна маюць камерцыйны характар (напр., па лоўлі меч-рыбы на Кубак Хемінгуэя).
На Беларусі Р.с. культывуецца т-вамі рыбаловаў і спарт. т-вамі. Рэсп.т-ва паляўнічых і рыбаловаў штогод праводзіць турнірныя спаборніцтвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЛЬ ((Riel) Луі) (23.10.1844, г. Сент-Боніфейс, Канада — 16.11.1885),
палітычны дзеяч Канады. Вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Манрэалі (1858—65). У 1869 узначаліў антыбрыт. паўстанне ў даліне р. Рэд-Рывер, стаў сакратаром нац.к-та метысаў, які кіраваў барацьбой фермераў супраць захопу іх зямель федэральнай уладай. Аўтар біля пра самакіраванне і статус правінцыі для тэр., якая належала англ. кампаніі Гудзонава праліва. У снеж. 1869 паўстанцы выбралі Р. прэзідэнтам часовага ўрада. У жн. 1870 карная экспедыцыя задушыла паўстанне, Р. эмігрыраваў у ЗША. У 1873—74 насельніцтва прав. Манітаба тройчы выбірала Р. ў парламент Канады, куды ён не быў дапушчаны. У сак. 1885 Р. узначаліў паўстанне пасяленцаў-метысаў і індзейцаў даліны р. Саскачэван супраць чыг. кампаній і федэральных улад. У 1885 пасля задушэння паўстання паводле прыгавору суда павешаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАНІМА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. animatio ажыўленне),
ажыўленне арганізма, сістэма мерапрыемстваў пры тэрмінальных станах (шок, агонія, клінічная смерць). Накіравана на прадухіленне незваротнага пашкоджання нейронаў лобных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Пры спыненні дыхання і работы сэрца тэрмінова пачынаюць практычныя мерапрыемствы па ажыўленні: штучная вентыляцыя лёгкіх (метад рот у рот, або рот у нос), аднаўленне кровазвароту (вонкавы масаж сэрца). Р. можа ўключаць інтубацыю трахеі, ускрыццё трахеі з увядзеннем асобай трубкі, артэрыяльнае нагнятанне крыві для аднаўлення спантаннага кровазвароту, дэфібрыляцыю сэрца (спыненне разрозненых скарачэнняў сардэчнай мышцы моцным эл. разрадам), пункцыю поласцей сэрца для ўвядзення лек. рэчываў, крыві і кровазаменнікаў і інш. Неэфектыўная Р. пры гібелі нерв. клетак кары вял. паўшар’яў, што адбываецца праз 3—5 мінпасля спынення кровазабеспячэння мозга, астаноўкі спынення* сэрца і дыхання (перыяд клінічнай смерці). Вывучае рэаніматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, рэўком,
часовы надзвычайны орган сав. улады ў Расіі і інш.сав. рэспубліках у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 (пераважна ў 1918—20). Рэсп., губ., пав., валасныя і сельскія рэўкомы ствараліся ў раёнах, адкуль былі выгнаны белагвардзейцы і інтэрвенты, у прыфрантавой паласе, а пры неабходнасці (пагроза антыбальшавіцкіх паўстанняў і інш.) і ў некат. тылавых раёнах. Р.к. вызваленых раёнаў і прыфрантавой паласы засяроджвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады. Пасля ўмацавання бальшавіцкай улады яны падрыхтоўвалі выбары ў Саветы і перадавалі ўладу выбраным выканкомам і рэсп.ЦВК. Р.к. тылавых раёнаў звычайна дзейнічалі адначасова з выканкомамі Саветаў і займаліся толькі пытаннямі абароны і падтрымання «рэв. парадку». У 1920—25 рэўкомы яшчэ захоўваліся ў Сібіры, на Д.Усходзе і ў асобных раёнах Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВЕРБЕРА́ЦЫЯ (позналац. reverberatio адбіццё ад лац. reverbere адкідваю),
з’ява паступовага затухання гуку ў закрытых памяшканнях пасля спынення дзеяння крыніцы гуку. Р. наз. таксама паслягучанне, якое назіраецца на моры ў выніку адбіцця і рассеяння зыходнага гуку ад дна (донная Р.), усхваляванай паверхні (паверхневая Р.) і неаднароднасцей воднага асяроддзя, рыб і інш. (аб’ёмная Р.).
Абумоўлена прыходам у дадзены пункт адбітых (рэха) і рассеяных гукавых хваль Працягласць Р. — час, за які інтэнсіўнасць гуку змяншаецца ў 106 разоў, а яго ўзровень — на 60 дБ. Р. ўплывае на чутнасць і разборлівасць мовы і музыкі ў памяшканнях: празмерная Р. вядзе да непрыемнай гучнасці гуку, недастатковая — да рэзка перарывістага ці глухога гучання. З’ява Р. вывучаецца ў акустыцы архітэктурнай, улічваецца пры буд-ве памяшканняў з павышанымі акустычнымі якасцямі (тэатры, канцэртныя залы, храмы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТЫТУ́ЦЫЯ (лац. restitutio аднаўленне),
1) у цывільным праве — вяртанне бакамі, якія заключылі здзелку, усяго атрыманага па здзелцы ў выпадку прызнання яе несапраўднай. Пры немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры кампенсуецца яго кошт у грашах, калі інш. вынікі несапраўднасці здзелкі не прадугледжаны ў-законе. Агульным правілам з’яўляецца двухбаковая Р. — кожны з бакоў вяртае другому ўсё атрыманае па здзелцы, а пры немагчымасці гэта зрабіць вяртае яго кошт у грашах.
2) У міжнародным праве — вяртанне маёмасці, неправамерна захопленай і вывезенай адным з ваюючых бакоў з тэр. другой дзяржавы, якая з’яўлялася яго ваен. праціўнікам. Міжнар.-прававыя акты, прынятыя ў перыяд і пасля заканчэння 2-й сусв. вайны, прадугледжвалі вяртанне ў парадку Р. дзяржавам, якія падвергліся нападу і акупацыі фаш. Германіяй і яе саюзнікамі, матэрыяльных каштоўнасцей, захопленых і незаконна вывезеных з часова акупіраваных тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́Б (Мікалай Уладзіміравіч) (4.5.1883, Мінская губ. —7.8.1937),
удзельнік грамадз. вайны на Беларусі, камдыў (1935). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1902), Акадэмію Генштаба (1910), Ваенна-паліт. курсы (1925). З 1910 у штабах Віленскай ваен. акругі, 1-й арміі. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі, нач. штаба Усх. фронту, чл. Вышэйшай інспекцыі РСЧА, нач. аператыўнага ўпраўлення штаба Зах. фронту. Са жн. 1919 камандуючы 16-й арміяй, удзельнік Варшаўскай аперацыі 1920, камандуючы Зах. фронтам. З кастр. 1920 нач. штаба Зах., потым Паўд. франтоў, Узбр. сіл Украіны і Крыма, нач. Акадэміі паветр. флоту, потым у ваен.навуч. установах РСЧА. У чэрв. 1937 пасля «раскрыцця фашысцкай змовы ў РСЧА» С. органамі НКУССССР быў ахарактарызаваны як «па-антысавецку настроены элемент, цесна звязаны з выкрытымі ворагамі народа».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 25.8.1944),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Нар.арт. Расіі (1996). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1969). Як рэжысёр дэбютаваў у 1970 навеламі паводле апавяданняў А.Чэхава «Ад нечага рабіць» і «Прапанова» (у фільме «Сямейнае шчасце»). Для яго творчасці характэрны высокая культура пластычных рашэнняў, тонкасць і дакладнасць перадачы атмасферы, пераасэнсаванне рэчаіснасці, нечаканыя экстравагантныя прыёмы: «Станцыйны наглядчык» (паводле А.Пушкіна, 1972), «Ягор Булычоў і іншыя» (паводле М.Горкага, 1973), «Сто дзён пасля дзяцінства» (1975, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Мелодыі белай ночы» (1977, з Японіяй), «Спадчынніца па прамой» (1982), «Выбраныя» (1983, з Калумбіяй) «Аса» (1988), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема любові» (1990), «Дом пад зорным небам» (1992), «Пяшчотны ўзрост» (2000) і інш.