заразная хвароба скуры чалавека і жывёлы, узбуджальнікі якой — кароставыя кляшчы. Крыніца інфекцыі — хворы на К. чалавек, яго адзенне, рэчы. Пашырэнню К. садзейнічаюць антыгігіенічныя бытавыя ўмовы, скучанасць, голад. З моманту заражэння да праяўлення хваробы праходзіць 7—10 дзён. Прыкметы: моцны сверб, асабліва вечарам і ноччу, кароставыя хады ў скуры, дробныя пухірковыя высыпкі на скуры паміж пальцамі, на локцевых суставах, тулаве, ягадзіцах і інш. Бываюць сцёртыя формы К. (адзінкавыя пухіркі не на тыповых месцах, слабы сверб). Лячэнне: серная мазь, суспензіі і інш.
На К. хварэюць свойскія жывёлы. Узбуджальнікі — кароставыя кляшчы 3 родаў: свербуны (жывуць на галаве, шыі, грудзях), наскурнікі (у месцах з доўгімі валасамі), скураеды (пашкоджваюць канечнасці жывёлы). Хворыя жывёлы трацяць спакой, адчуваюць моцны сверб, знясільваюцца, выпадае поўсць, у цяжкіх выпадках жывёла гіне. Найчасцей К. распаўсюджваецца ў асенне-зімовы і вясновы перыяды. На Беларусі К. с.-г. жывёлы як эпізаотыя ліквідавана.
М.З.Ягоўдзік.
С.Г.Кароль.У.А.Кароль.Кароставыя кляшчы: 1 — акарус; 2 — самка кляшча саркоптэс у прасвеце хода, прагрызенага ў рагавым слоі скуры, і адкладзенае ёю яйцо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́КТЫ АБ ПРАВА́Х ЧАЛАВЕ́КА,
2 міжнародныя дагаворы ў галіне абароны правоў чалавека, ухваленыя Генеральнай Асамблеяй ААН 16.12.1966.
Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах складаецца з 53 арт., многія з якіх паўтараюць Усеагульную дэкларацыю аб правах чалавека 1948. У дадатак да Дэкларацыі Пакт абвяшчае правы кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзярж. спраў: права галасаваць і быць выбраным на выбарах, забеспячэнне свабоднага волевыяўлення выбаршчыкаў, права допуску на ўмовах роўнасці да дзярж. службы. Пакт аб сацыяльных і культурных правах мае 31 арт., з якіх большасць прысвечана нац. і этн. меншасцям. Устанаўляе права на працу і пералічвае меры, якія павінна прымаць дзяржава, каб забяспечыць справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, абвяшчае правы чалавека на сац. забеспячэнне, адукацыю, удзел у прафсаюзах, правы на ахову сям’і, пэўны жыццёвы ўзровень, мед. дапамогу.
Гэтыя дагаворы звязваюць свабоду паводзін дзяржавы ў сферы нац. заканадаўства, аднак не вызначаюць, як дзяржава павінна выконваць свае абавязацельствы па ахове правоў чалавека. Такія з’явы, як генацыд, апартэід, расізм, не ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю дзяржавы і кваліфікуюцца як міжнародныя злачынствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ША, выпас,
зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.
Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.
На Беларусі пад П. занята 1,7 млн.га, з іх палепшанай 1,1 млн.га, асушанай 0,78 млн.га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 21—26 лют. ў Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі арміі: 3-я, частка сіл 50-й і 48-й, 16-я паветраная. Ім процістаяла 9-я ням. армія групы армій «Цэнтр», якая займала 2 умацаваныя абарончыя паласы і моцныя вузлы супраціўлення ў Рагачове і Жлобіне. Мэта аперацыі: разграміць групоўкі праціўніка ў раёне Рагачова і Жлобіна, стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Бабруйскім напрамку. 21 лют.сав. войскі перайшлі ў наступленне і на працягу 2 дзён прарвалі абарону праціўніка, фарсіравалі Дняпро, перарэзалі чыгунку Магілёў—Рагачоў; 23 лют. падышлі да Рагачова і 24 лют. штурмам вызвалілі яго, прасунуліся да р. Друць, захапілі на правым і левым берагах Дняпра плацдармы праціўніка, падышлі да Жлобіна. У выніку аперацыі сав. войскі нанеслі вял. страты ням. арміі. 13 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Рагачоўскіх».
Літ.:
Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 517.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рэгі́стр, ‑а, м.
1. Спіс, пералік чаго‑н., кніга для запісу, уліку, рэгістрацыі чаго‑н. Рэгістр бухгалтарскага ўліку. Рэгістр паступленняў.
2. Участак гукавога дыяпазону музычнага інструмента або голасу, які займае пэўнае становішча па вышыні. Нізкі рэгістр. □ [Барсукова] здзівіла прыгожым голасам, чыстатой інтанацыі і роўным гучаннем ва ўсіх рэгістрах, а таксама глыбокім драматычным тэмпераментам.«Беларусь».// У некаторых духавых і язычковых музычных інструментах (аргане, фісгармоніі і пад.) — група труб або язычкоў з гучаннем аднолькавага тэмбру.
3.Спец. Размеркавальнік, рэгулятар у некаторых машынах і прыборах. // Рад клавішаў у клавішных літарных або лічыльна-аналітычных машынах. Ніжні рэгістр.
4. У СССР — орган тэхнічнага нагляду, які вызначае ўмовы бяспечнага плавання грузавых і пасажырскіх суднаў.
[Лац. registrum — спіс, пералік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́саб, ‑у, м.
1. Прыём, метад ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. Прамысловыя спосабы здабычы торфу. Капіталістычны спосаб вытворчасці. Весці будаўніцтва эксперыментальным спосабам. Спосабы яравізацыі азімай пшаніцы. □ [Лютынскі:] Мы ж павінны паказваць больш культурныя і рацыянальныя спосабы карыстання зямлёй.Крапіва.І кожны з іх [хлопцаў] мае па плану свой спосаб рашэння задачы.Колас.Тут былі парады, як распальваць агонь у лесе: па-сібірску, паляўнічым і іншым спосабамі.Паслядовіч.
2.чаго. Парадак, характар, склад. Спосаб праўлення. Спосаб дзеянняў.
3. Рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. У пошуках спосабу жыць гэтая сям’я на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь.Чорны.Па некалькі разоў у дзень Васіль перадумваў спосабы сустрэчы.Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАРША́ЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
аперацыя войск Зах. фронту з мэтаю ўзяць Варшаву ў час савецка-польскай вайны 1920. Наступленне пачалося 23.7.1920 з рубяжа Гродна—Слонім—Пінск. Да 13.8.1920 часці Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) валодалі Радзімінам (23 км на ПнУ ад Варшавы), што стварыла рэальную пагрозу польскай сталіцы. Аднак наступленне не было падтрымана Паўн.-Зах. фронтам, які наступаў на Львоў і камандаванне якога перакінула 2 арміі на Варшаўскі напрамак толькі ў 2-й пал. жніўня. Значна адсталі тылы, не быў вызначаны раён канцэнтрацыі сіл праціўніка, былі зроблены паліт. памылкі (агр. палітыка Польск. рэв.к-та). Шэраг мер урада Ю.Пілсудскага (патрыят. агітацыя з дапамогай каталіцкага духавенства, абвяшчэнне агр. рэформы, якую падтрымала сялянства, арг-цыя дадатковых паставак зброі ад Антанты) даў магчымасць польск. боку аб’яднаць народ і значна павялічыць армію. 14 жн. нечакана для сав. боку польскае войска перайшло ў наступленне (т.зв. цуд на Вісле). З 17 жн.Чырв. Армія пачала агульны адыход. Да 25 жн. часці Зах. фронту адступілі на лінію Ліпск—Свіслач — на ўсх. ад Брэста. Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі паўплывала на ўмовыРыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае тэорыю экстрэмуму (найбольшых ці найменшых значэнняў) функцыяналаў, залежных ад адной ці некалькіх функцый, падпарадкаваных пэўным абмежаванням. Узнікла ў 18 ст. на аснове прац. Л.Эйлера і Ж.Лагранжа як развіццё метадаў рашэння экстрэмальных задач механікі і фізікі. Першымі былі задачы аб брахістахроне, паверхнях вярчэння, знаходжанні геадэзічнай лініі і ізаперыметрычная задача (напр., знаходжанне замкнёнай плоскай лініі зададзенай даўжыні, якая абмяжоўвае найб. плошчу).
Варыяцыйнае злічэнне грунтуецца на паняцці варыяцыі (абагульненне паняцця дыферэнцыяла на выпадак функцыяналаў; адсюль назва). Гал. пытанні даследаванняў класічнага варыяцыйнага злічэння — умовы існавання і метады знаходжання экстрэмальных функцый, а таксама неабходныя і дастатковыя ўмовы, якія яны павінны задавальняць. Значны ўклад у распрацоўку і развіццё варыяцыйнага злічэння зрабілі А.Лежандр, К.Веерштрас, Д.Гільберт, ням. матэматыкі К.Якобі, К.Каратэадоры і інш. Абагульненнем задач класічнага варыяцыйнага злічэння з’яўляюцца задачы аптымальнага кіравання, даследаванні якіх пачаліся ў 1950-я г. (Л.С.Пантрагін, Р.В.Гамкрэлідзе, У.Р.Балцянскі), на Беларусі вядуцца з 1960-х г. (Р.Габасаў і Ф.М.Кірылава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭГ (Bragg),
англійскія фізікі, бацька і сын. Заснавальнікі рэнтгена-структурнага аналізу. Упершыню выкарысталі дыфракцыю рэнтгенаўскіх прамянёў у крышталях для выяўлення характарыстык гэтых прамянёў і для расшыфроўкі структуры крышталёў (1913). Нобелеўская прэмія 1915.
Уільям Генры (2.7.1862, Уігтан, графства Камбрыя, Вялікабрытанія — 12.3.1942), член (1906) і прэзідэнт (1935—40) Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1886 праф. Адэлаідскага ун-та ў Аўстраліі, з 1909 у Лідсе, з 1915 у Лондане. Аўтар шэрагу навук-папулярных кніг.
Уільям Лорэнс (31.3.1890, г. Адэлаіда, Аўстралія — 1.7.1971), член Лонданскага каралеўскага т-ва (1921). Вучыўся ў Адэлаідскім і Кембрыджскім ун-тах. У 1919—37 праф. ун-та ў Манчэстэры, 1937—38 дырэктар Нац.фіз. лабараторыі, 1954—66 дырэктар Каралеўскага ін-та ў Кембрыджы. У 1913 адначасова з Г.В.Вульфам даў ураўненне, якое звязвае вугал адхілення рэнтгенаўскіх прамянёў, рассеяных крышталём без змены даўжыні хвалі, з адлегласцю паміж суседнімі атамнымі плоскасцямі ў крышталі (гл.Брэга—Вульфа ўмовы), практычна ажыццявіў указаны У.Г.Брэгам спосаб вызначэння структур пры дапамозе радоў Фур’е, вызначыў структуры шматлікіх сілікатаў.
Тв.:
Рус.пер. — Рентгеновские лучи и строение кристаллов. М.; Л., 1929;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ ((Gautier) Тэафіль) (30.8.1811, г. Тарб, Францыя — 23.10.1872),
французскі пісьменнік і крытык. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Удзельнік парыжскіх літ.-маст. гурткоў, натхняльнік літ. групы «Парнас». У прадмовах да паэмы «Альбертус» (1832) і рамана «Мадэмуазель дэ Мапэн» (1835—36) выступіў супраць утылітарызму ў мастацтве, даў абгрунтаванне тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва». Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1830), «Камедыя смерці» (1838), «Іспанія» (1845), «Эмалі і камеі» (1852), раманаў «Кароль Кандоль» (1844), «Жан і Жанета» (1850), «Раман муміі» (1858), фантаст. аповесцей і апавяданняў («Ноч, падараваная Клеапатрай», 1845; «Мілітона», 1847, і інш.), падарожных нататкаў, у т. л. «Падарожжа ў Расію» (1867). Для яго твораў характэрна сувязь з мастацтвам (з жывапісам і пластыкай у паэзіі, з т-рам у рамане «Капітан Фракас», т. 1—2, 1861—63), выкарыстанне фантастыкі для стварэння «звышнатуральнага» свету і асяроддзя, да якога імкнецца герой, пастаўлены ў рэальныя ўмовы зямнога існавання. Крытычныя працы — «Гратэскі» (1844; пра франц. паэтаў 15—17 ст.), «Гісторыя рамантызму» (выд. 1874). Нарыс пра жыццё і творчасць Ш.Бадлера.