АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ (ад анты... + лац. frictio трэнне),
матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.
Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазіты на аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АН Беларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.
А.У.Белы.
т. 1, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА З’ЯДНА́НЫХ СЛАВЯ́Н,
тайная рэв. арганізацыя. створаная ў пач. 1823 у г. Наваград-Валынскі на аснове б. Т-ва сяброў прыроды братамі А.І. і П.І.Барысавымі і паліт. ссыльным Ю.К.Люблінскім. Уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, службоўцы, усяго больш за 50 чл. Выступала праціўнікам прыгоннага права, саслоўнага ладу і самадзяржаўя; дамагчыся «дэмакратычнага праўлення» збіралася шляхам узбр. паўстання з удзелам народа. Члены т-ва вялі агітацыю сярод салдат, планавалі ствараць вясковыя вучылішчы, каб уплываць на паліт. актыўнасць сялян. Гал. мэта т-ва — аб’яднанне ўсіх слав. і некат. суседніх народаў (Расія, Польшча, Багемія, Маравія, Венгрыя з Трансільваніяй, Сербія, Малдавія, Валахія, Далмацыя) у адну федэратыўную рэспубліку. У вер. 1825 т-ва па прапанове С.І.Мураўёва-Апостала і М.П.Бястужава-Руміна аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў на аснове яго праграмы. Не менш чым 12 «славян» запісаліся ў атрад царазабойцаў. 26 членаў т-ва ў 1826 асуджаны Вярх. крымінальным судом па справе дзекабрыстаў.
Літ.:
Нечкина М.В. Общество соединенных славян. М.; Л., 1927;
Яе ж. Движение декабристов. Т. 2. М., 1955;
Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.
В.В.Швед.
т. 15, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЕРГРАВІТА́ЦЫЯ,
лакальнае абагульненне суперсіметрыі. Уключае рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл. Адноснасці тэорыя) і пераўтварэнні сіметрыі паміж базонамі і ферміёнамі.
Дазваляе аб’яднаць прасторава-часавыя і ўнутраныя групы сіметрыі і на гэтай падставе апісаць усе вядомыя ўзаемадзеянні (гравітацыйнае, слабае, эл.-магн. і моцнае). С. патрабуе ўвядзення бязмасавай часціцы са спінам 3/2 (гравітына), партнёрам якой па супермультыплету з’яўляецца бязмасавая часціца са спінам 2, якая атаясамліваецца з квантам гравітацыйнага поля — гравітонам. Важная перавага С. — значнае скарачэнне ультрафіялетавых разбежнасцей (абарачэнне ў бясконцасць) фіз. велічынь, магчымасць рашыць праблему іерархій і пабудова на яе аснове тэорыі суперструн (аднамерных аб’ектаў у прасторы з 10 ці 26 вымярэннямі) — калібровачнай тэорыі вышэйшай сіметрыі, якая дазваляе апісаць усе элементарныя часціцы і іх узаемадзеянні на адзінай аснове.
Літ.:
Фридман Д., Ньювенхейзен П. ван. Супергравитация и унификация законов физики: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1979. Т. 128, вып. 1;
Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.
В.І.Куўшынаў.
т. 15, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАБІЯЦЭНО́З,
аграцэноз (ад агра... + біяцэноз), біялагічнае згуртаванне пасяўных культур, пустазелля, жывёл і мікраарганізмаў, створанае ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека. У адрозненне ад натуральнага біяцэнозу мае абмежаваны склад раслінных і жывёльных кампанентаў (у аснове культываваныя чалавекам расліны), слаба выяўленае самарэгуляванне, але большую біял. прадукцыйнасць. Комплексы інш. арганізмаў фарміруюцца ў выніку натуральнага адбору і рэгулявальнай дзейнасці чалавека. Аграбіяцэнозы займаюць каля 10% усёй паверхні сушы.
т. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНХІМЮ́К Вячаслаў Лявонцьевіч (н. 9.3.1915, г. Самарканд),
вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання. Д-р тэхн. н. (1975), праф. (1977). Скончыў Сярэднеазіяцкі індустр. ін-т (1939), з 1946 выкладаў у гэтым ін-це. З 1960 у БПІ. Навук. працы па аптымізаваных сістэмах электрамеханікі, электрапрыводах робатаў на мікрапрацэсарнай аснове. Распрацаваў матэм. апарат (функцыі кіравання) для дыскрэтных электрамех. сістэм.
Тв.:
Теория автоматического управления. М., 1979.
т. 1, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТГА́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
на ПдУ Латвіі, у бас. рэк Даўгава, Дубна, Малта, Рэзекне. Выш. да 289 м (г. Ліелайс-Ліепукалнс). У аснове складзена пераважна з мергеляў і даламітаў дэвону, на паверхні — рыхлыя марэнна-гліністыя старажытнаазёрныя і флювіягляцыяльныя адклады. Рэльеф марэнна-ўзгорысты (камы, стараж. даліны сцёку, азёрныя катлавіны). Больш за 600 азёр (Рушану, Рэзнас, Сівера, Эжа, Дрыдза і інш.). Хваёвыя і мяшаныя лясы. Ільнаводства. Турызм.
т. 9, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЗГІ́НКА,
народны танец лезгін. Муз. памер 6/8, ёсць варыянты на 2/4. Тэмп хуткі. Мелодыя дакладная, дынамічная. У аснове сюжэта Л. — танец-спаборніцтва, што дэманструе спрыт, віртуознасць, нястомнасць танцораў. Выконваецца як сольны мужчынскі танец і ў пары з жанчынай. У многіх народнасцей Каўказа існуюць разнавіднасці Л., якія атрымалі найменне ад назвы народнасці, мясцовасці ці мелодыі суправаджэння. На Беларусі вядомы падобны танец «Лязінка».
т. 9, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́СТНАХТШПІЛЬ (ням. FastnachtspieI, літар. — масленічная гульня, ад Fastnacht масленіца + Spiel гульня),
від ням. нар. т-ра, разнавіднасць сярэдневяковага фарса. Узнік на аснове масленічных карнавальных інсцэніровак (быт. сцэны, звычайна анекдатычнага характару). У 14—16 ст. літаратурна апрацаваны, тэматыка пашырылася за кошт сюжэтных запазычанняў з твораў рыцарскай л-ры і інш. Асаблівае развіццё набыў у Нюрнбергу сярод удзельнікаў гуртка майстэрзінгераў. Лепшыя ўзоры створаны Г.Саксам.
т. 16, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАЗІДА́ЗЫ,
група ферментаў з класа гідралаз, якія разбураюць гліказідную сувязь у малекулах простых гліказідаў, алігацукрыдаў і поліцукрыдаў. Акрамя рэакцыі гідролізу, гліказідазы каталізуюць рэакцыі трансгліказіліравання. Падзяляецца на α-гліказідазы (вельмі пашыраныя ў прыродзе, у т. л. ва ўсіх тканках чалавека) і β-гліказідазы (ёсць у мікраарганізмах, раслінах, малюскаў і тканках чалавека). Парушэнне функцый гліказідаз ляжыць у аснове многіх спадчынных хвароб чалавека (Гашэ хвароба, глікагеноз, Мальбсорбцыі сіндром і інш.).
т. 5, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС (Adams) Джон Каўч (5.6.1819—21.1.1892),
англійскі астраном. Прэзідэнт Лонданскага астр. т-ва, дырэктар Кембрыджскай астр. абсерваторыі (з 1861). Працы па нябеснай механіцы (асн. з іх — тэарэтычнае вызначэнне векавога паскарэння Месяца). На аснове матэм. аналізу няправільнасцяў у руху планеты Уран незалежна ад У.Левер’е ў 1845 адкрыў планету Нептун. Прапанаваў рознасны метад лікавага інтэгравання звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў першага парадку.
т. 1, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)