прачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што з дадан. сказам і без дап.

1. Даведацца, пачуць пра што‑н. Збанок у прэзідыум не сеў, ён, мабыць, прачуў ужо, што яго будуць здымаць. Навуменка. Як толькі прачулі гараджане пра няпрошанага госця, яны замкнулі вароты. Шынклер. — Таня, пэўна, з вёскі вярнулася. Можа, там навіны якія прачула, — зноў нясмела прапанаваў Максім. Машара.

2. Пранікнуць пачуццём у сэнс чаго‑н. [Валошын:] Падумайце, прачуйце вашым сэрцам, Што робіце, куды вы ідзяце? Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.

1. Даць каму‑н. месца для жылля; усяліць. Пасяліць студэнтаў у інтэрнат. Пасяліць сям’ю ў новым доме. □ — Людзей у нас поўна. Але вы не бойцеся, я вас пасялю ўдвух у трэці пакой. Мы яго на ўсякі выпадак трымаем у рэзерве. Сабаленка.

2. перан. Выклікаць (якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Цяпер Веру быццам падмянілі. Сяброўкі таксама прыціхлі. Гора Веры пасяліла ў майстэрні сумную цішыню. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уду́шлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае ўдушша. Удушлівыя газы. // Які спірае дыханне, робіць яго цяжкім. Удушлівае паветра. □ Ахуталі ўсе бастыёны Агонь і ўдушлівы дым. Бачыла. Па густым і ўдушлівым паху канапель Багдан адчуў, што падыходзіць да Гугелевага агарода. Кулакоўскі. // перан. Які гняце, прыгнятае. Час, калі Мікалай Шчакаціхін пераступіў парог Маскоўскага універсітэта, быў навальнічна ўдушлівы. Ліс.

2. Такі, як пры ўдушшы. Усю зіму ледзь не ўсе палітвязні мелі хранічную прастуду і ўдушлівы кашаль. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усыры́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

Абл.

1. Прыгаварыць да зняволення. [Пятро:] — Асудзілі [жонку] ўсё ж. Два гады ўсырычылі... Марціновіч. // Набіць. — Ой, баяцца цябе буду! — Пабаішся, як штаны здзяру ды трапкача ўсырычу. Паўлаў.

2. Даць з разлікам на пэўную выгаду. Але хлопец усё ж усырычыў.. [Арцёму] залатоўку. Машара. // Усадзіць шмат сродкаў за што‑н. [Вара:] — Клопат вялікі, што ні ў кога [тэлевізара] няма. — Няхай будзе ў нас першых. [Хілімон:] — Ды мо і грошы ўсе ўсырычыла за яе [штуковіну]. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фінціклю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Цацка, упрыгожанне. Пакой прыбраны па-панску, усялякіх там фінціклюшак на сталах ды этажэрачках. Машара.

2. звычайна мн. (фінціклю́шкі, ‑шак). Несур’ёзныя, пустыя ўчынкі, словы. Усё гэта далёкія ад сур’ёзнай справы фінціклюшкі.

3. Пустая, несур’ёзная жанчына, якая думае толькі пра ўборы і гульні. [Апанас:] — Яна [Вольга] мяне гэтымі днямі здумала вучыць — фінціклюшка. Пестрак. [Зыль:] А да мяне прыходзілі. [Гарнец:] Хто? [Зыль:] Прышчэпа. А з ім нейкая фінціклюшка. Казала — настаўніца. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаці́на, ‑ы, ж.

Тое, што і хата (у 1 знач.). Крывавы зброд руйнуе брудным ботам Хаціны мірныя, дзе люд вясёлы жыў. Панчанка. Пабудавалі [Максім з Ганкай] сабе на востраве хаціну, набылі сёе-тое з хатніх рэчаў. Машара. // Убогая або старая, пахілая хата. — Хочаш не хочаш, а пераехаць прыйдзецца, — сказаў Раман Дзянісавіч, — хоць бы нават таму, што і наша хаціна асуджана на знос. Хадкевіч. Хаты невысокія, але ўсе добрыя, усе новыя. Старых, пахілых хацін нідзе не відаць. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́лядзь, ‑і, ж., зб.

Гіст.

1. Насельніцтва феадальнай вотчыны Старажытнай Русі, якое знаходзілася ў разнастайных формах залежнасці ад феадалаў.

2. Дваровыя людзі, слугі. Направа ад маёнтка распластаўся па зямлі нізкі цагляны хлеў. Побач з ім барак для чэлядзі. Асіпенка. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлопец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок, і пан трымаў яго сваім паляўнічым. Машара. // перан. Пагард. Людзі нізкага службовага становішча, якія імкнуцца выслужыцца перад высокапастаўленымі асобамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сеа́нс, ‑а, м.

1. Публічная дэманстрацыя ці паказ чаго‑н. у вызначаны прамежак часу. Сеанс паказу мадэлей. □ Да пачатку сеанса было з паўгадзіны. Шыцік. І на прасёлачных дарогах, Вячэрні скончыўшы сеанс, Паіў і пасвіў ён [механік] гнядога Да самай поўначы не раз. Калачынскі.

2. Выкананне чаго‑н. (работы, лячэння і пад.) ва ўстаноўлены прамежак часу, а таксама прамежак часу, у які адбываецца што‑н. Сеанс гіпнозу. □ [Сяргей:] — Я партрэты хутка раблю, тры-чатыры сеансы — і гатова. Рэшту дапрацую без арыгінала. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задзяўбці́ 1, ‑дзяўбу, ‑дзяўбеш, ‑дзяўбе; ‑дзяўбём, ‑дзеўбяце, ‑дзяўбуць; пр. задзёўб, ‑дзяўбла, ‑ло; зак., каго.

1. Забіць, прыбіць ўдарамі дзюбы. Каршун задзёўб курыцу. □ — Так, вось так! Так, вось так! — Завіхаецца шпак. — Фі-у-чы! Фі-у-чы! Задзяўбу і вас, хрушчы! Шушкевіч.

2. перан. Разм. Даняць нападкамі, папрокамі. — [З дзяўчатамі], браце, трэба смелым быць, каб яны над сабой тваю сілу пачулі. Інакш — задзяўбуць, свавольніцы... Машара.

задзяўбці́ 2, ‑дзяўбу, ‑дзяўбеш, ‑дзяўбе; ‑дзяўбём, ‑дзеўбяце, ‑дзяўбуць; пр. задзёўб; ‑дзяўбла, ‑ло; зак.

Пачаць дзяўбці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раю. Кожная секта, хвалячы свайго бога, лезла з ім да інтэрніраваных, абяцаючы райскае жыццё на небе. Машара. // перан. Прыгожы, чароўны. Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны За цень ад сасны на далёкай радзіме. Панчанка. — Ды і то ж: райская яна кветка, гэты самы ландыш серабрысты! Васілёнак. // перан. Які дае многа радасці, задавальнення. Райскае жыццё. Райскае надвор’е.

•••

Райскія птушкі — сямейства птушак атрада вераб’іных, якія вылучаюцца вельмі яркім, прыгожым апярэннем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)