КАРА́ ВЯЛІ́КІХ ПАЎША́Р’ЯЎ галаўнога мозга,

верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².

На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр. нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж. ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ. М., 1976.

Г.​Г.​Шанько.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вантро́ба, ‑ы, ж.

1. Разм. Чэрава, жывот. Нямала прагная папоўская вантроба паглынула народнага дабра. «Звязда».

2. толькі мн. (вантро́бы, ‑аў). Унутраныя органы грудной клеткі і жывата. Адным узмахам нажа ад сябе.. [Мая] разразала срабрысты жывот судака, паварочвала нож лязом угару і ходам рукі назад тронкамі вычышчала вантробы. Дуброўскі. — І лісіца тут была, на свежаніну з’явілася, — дадаў.. [Дзямід], паказваючы на зямлю, — а над вантробамі крумкачы пастараліся. В. Вольскі.

•••

Пераесці (ад’есці) вантробы каму гл. пераесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зоаспара́нгп

(ад зоа- + спарангій)

органы непалавога размнажэння ў некаторых водарасцей і ніжэйшых грыбоў; клеткі, у якіх утвараюцца зааспоры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мегалабла́сты

(ад мегала- + бласты)

чырвоныя крывяныя клеткі зародкаў вышэйшых пазваночных на ранніх стадыях развіцця, буйныя, здольныя да дзялення.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астраглі́я

(ад астра- + гр. glia = клей)

нервовая тканка, форма макрагліі, мае клеткі з тонкімі, радыяльна размешчанымі шматлікімі адросткамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

астрасфе́ра

(ад астра- + сфера)

частка цэнтрасферы, прамяністая зона цытаплазмы вакол клетачнага цэнтра, якая ўтвараецца ў час падзелу клеткі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ахрамаці́н

(ад а- + храмацін)

рэчыва ядра жывёльнай і расліннай клеткі, якое слаба афарбоўваецца пры гісталагічнай апрацоўцы (проціл. храмацін).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аксо́н

(гр. akson = вось)

адростак нервовай клеткі (нейрона), які праводзіць нервовы імпульс да органаў і іншых нервовых клетак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пнеўмагра́ма

(ад гр. pneumon = лёгкае + -грама)

графічны паказ дыхальных рухаў грудной клеткі, якія характарызуюць работу лёгкіх (параўн. кардыяграма).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пратэі́ны

(ад гр. proteion = першае месца)

простыя бялкі, аснова, на якой пабудаваны асобныя клеткі жывёльнага арганізма і раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)