ПЛАСТЫЛІ́Н (італьян. plastilina ад грэч. plastos вылеплены),

матэрыял для лепкі. Вырабляецца з ачышчанага і раздробненага парашку гліны з дамешкам воску, тлушчу і інш. рэчываў, якія не дапускаюць высыхання. Афарбоўваецца ў розныя колеры. Выкарыстоўваецца для лепкі эскізаў, невялікіх мадэляў, скульптуры малых форм.

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІ́ЙЦЫ, іаняне (Iōnes),

адно з асноўных стараж.-грэч. плямён. Назва ад імя легендарнага героя Іона, якога лічылі родапачынальнікам племя. Займалі тэр. Атыкі, частку в-ва Эўбея, а-вы Хіяс, Самас, Наксас і інш. У 11—9 ст. да н.э. каланізавалі сярэднюю ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі, потым Чорнага і Мармуровага мораў, дзе стварылі саюз 12 гарадоў. У 7—6 ст. да н.э. І. дасягнулі эканам. і культ. росквіту (развіццё рамёстваў, гандлю). У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад кантролем цароў Лідыі, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. падпарадкаваны персамі, супраць якіх узнялі ў 500 да н.э. паўстанне. І. лічыліся асн. носьбітамі грэч. культуры. На дыялекце І. захаваліся л-ра (у т. л. паэмы Гамера, творы Герадота) і значная колькасць эпіграфічных помнікаў.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́НІКІ (грэч. kynikoi ад Kynosarges; лац. cynici цынікі),

прадстаўнікі стараж.-грэч. філас. школы, заснаванай у 4 ст. да н.э. ў Афінах вучнем Сакрата Антысфенам. Школа размяшчалася на ўзгорку Кінасарг (адсюль назва). Найб. вядомыя прадстаўнікі школы Дыяген Сінопскі, Кратэт, Керкід, Дыён Хрысастом. Крытыкуючы вучэнне Платона аб ідэях, К. сцвярджалі існаванне толькі адзінкавых рэчаў, сапраўднымі ведамі лічылі толькі пачуццёвае адлюстраванне адзінкавага. Ідэал К. — бязмежная духоўная свабода індывіда. К. пераглядалі асн. светапоглядныя, этычныя і эстэт. катэгорыі, грэбавалі ўсякай культурай і звычаямі, што часам ператваралася ў цынізм, прапаведавалі спрошчанае разуменне свету, крытыкавалі асн. прынцыпы рабаўладальніцкай маралі, ухвалялі ўмеранасць і аскетызм, адмову ад задавальнення, збліжэнне чалавека з прыродай. К. называлі сябе «грамадзянамі свету», стварылі тэрмін «касмапаліт». Вучэнне К. паўплывала на фарміраванне стаіцызму.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАФА́Н Калафонскі

(Xenophanes; 6—5 ст. да н.э.),

стараж.-грэч. філосаф і паэт, заснавальнік элейскай школы. Нарадзіўся ў Калафоне, які пакінуў пасля заваявання яго персамі, і вёў жыццё вандроўніка на працягу 67 гадоў. Выкладаў свае погляды ў палемічных вершах. Яго вучнямі былі Парменід, Зянон, Меліс, Эмпедокл. Развіў вучэнне аб адзіным богу як абстрактнай істоце, якая «ўсёй сваёй сутнасцю... бачыць, мысліць, чуе», сілай свайго розуму ўсё ўзрушвае, знаходзіцца ў вечным стане нерухомасці; бог — гэта нешта адзінае, нязменнае, вечнае, шарападобнае. У сувязі з гэтым крытыкаваў ўяўленні прыхільнікаў антрапамарфізму (Гамер, Гесіёд) аб стараж.-грэч. багах, лічыў, што яны скажаюць прыроду багоў, калі прыпісваюць ім усё тое, што ёсць у людзей несумленнага і ганебнага. Асновай быцця лічыў зямлю і ваду.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМІТЫ́Ў (ад лац. primitivus першапачатковы, першабытны),

1) неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду.

2) У мастацтве — твор мастацтва, які адносіцца да ранняга этапу развіцця маст. культуры і не мае прыкмет прафес. дасканаласці. Цікавасць да П. і вызначэнне яго якасцей (маст. цэласнасць і прастата вобразаў, непасрэднасць успрымання) з’явіліся ў 18—19 ст. у выніку яго проціпастаўлення «спеламу», «дасканаламу» мастацтву (грэч. высокая класіка 5 ст. да н.э., Высокае Адраджэнне). Да П. былі аднесены творы першабытнага мастацтва, грэч. архаіка, мастацтва этрускаў, сярэдневяковае мастацтва (да 16 ст.), афр. мастацтва. У 20 ст. тэрмін «П.» ужываўся пераважна да твораў інсітнага мастацтва, часам да ранняга італьян. Адраджэння (т. зв. італьянскія прымітывісты Анджэліка, С.​Батычэлі, Ф.​Ліпі, С.​Марціні, Пізанела, П.​Учэла і інш.).

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАБЛА́СТЫ (ад астэа... + грэч. blastos зародак),

клеткі пазваночных жывёл і чалавека, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні касцявой тканкі. Сінтэзуюць матэрыял яе валокнаў і асн. рэчыва. Са спыненнем росту касцей ператвараюцца ў астэацыты; у сфарміраванай тканцы сустракаюцца толькі ў месцах яе разбурэння, аднаўлення або функцыян.перабудовы.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ГРАФІЯ (ад грэч. graphō пішу), другая састаўная ч. складаных слоў, якая азначае: апісанне, запіс, чарцёж, малюнак і да т.п. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. тэрмінаў — назваў навук, спосабаў узнаўлення, відарысаўтварэння, выяўлення чаго-н., а таксама прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя спосабы. Напр., галаграфія, гістарыяграфія, літаграфія.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТЭО́РЫ (ад гідра... + грэч. meteōros які лунае ў паветры),

атмасферныя ападкі, якія ўтвараюцца пры выдзяленні вільгаці з паветра на паверхні Зямлі і прадметаў — раса, іней, шэрань і інш. Першапачаткова пад гідраметэорам разумелі прадукты кандэнсацыі вадзяной пары ў атмасферы — воблакі, усе атм. ападкі.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААНО́ЗЫ (ад заа... + грэч. nosos хвароба),

інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, на якія хварэюць жывёлы. Да З. адносяць некрабактэрыёз, мыт, пастэрэлёз, чуму свіней і буйн. раг. жывёлы і інш. З. наз. таксама хваробы, якімі чалавек можа заразіцца ад жывёл (антрапазаанозы, напр., шаленства, бруцэлёз, чума).

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРАМАНА́Х (грэч. hieromonachos),

манах-святар. Свяшчэннаслужыцель сярэдняй (2-й) ступені хрысц. царк. іерархіі, які прыняў манаства. Першапачаткова былі пазбаўлены сану свяшчэнства. З 5 ст. было дапушчана пасвячэнне ў свяшчэннікі манахаў. У Рус. правасл. царкве ўзнікненне іераманаства адносіцца да часоў Феадосія Пячэрскага (11 ст.).

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)