ДАКТУРО́ЎСКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),

савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап. ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.

Тв.:

Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЬРОЙТЭР ((Kölreuter) Іозеф Готліб) (27.4.1733, г. Зульц, Германія — 12.11.1806),

нямецкі батанік. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1755). У 1756—61 у Пецярб. АН (з 1766 ганаровы чл.), у 1763—69 дырэктар бат. саду ў г. Карлсруэ (Германія). Адзін з заснавальнікаў метаду штучнай гібрыдызацыі раслін. Увёў у селекцыйную практыку метад рэцыпрокных (узаемных) скрыжаванняў, адкрыў з’явы гетэрозісу і самастэрыльнасці, апісаў апыленне з дапамогай насякомых, дыхагамію, высветліў ролю нектару, назіраў раздражняльнасць тычынак.

Тв.:

Рус. пер. — Учение о поле и гибридизации растений. М.; Л., 1940.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Я ТРА́ВЫ шматгадовыя і аднагадовыя травяністыя расліны, якія ідуць на корм жывёле ў выглядзе пашавай травы, зялёнага корму, сена, сіласу, сенажу, травяной і сянной мукі. Падзяляюцца на 4 гаспадарча-бат. групы: злакавыя (аўсяніцы лугавая і чырв., цімафееўка лугавая, купкоўка зборная, райграсы, метлюжкі і інш.), бабовыя (віка, лубін кармавы, сырадэля, канюшыны чырв., ружовая і белая, люцэрна сіняя, эспарцэт і інш.), асаковыя і разнатраўе. Найб. эканам. значэнне маюць бабовыя і злакавыя травы, гасп. каштоўнасць якіх вызначаецца іх ураджайнасцю, пажыўнасцю, добрым паяданнем жывёлай.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РЫ ((Parry) Уільям Эдуард) (19.12.1790, г. Бат, Вялікабрытанія — 8.7.1855),

англійскі даследчык Арктыкі. У 1819—24 кіраваў 3 экспедыцыямі на 2 караблях, якія былі пасланы на пошукі Паўн.-Зах. праходу. У час экспедыцыі адкрыў і даследаваў шэраг а-воў (Сомерсет, Мелвіл, Банкс, Карнуоліс і інш.) і праліваў (Ланкастэр, Прынс-Рыджэнт, Бараў, Мелвіл, Уэлінгтан і інш.) Канадскага Арктычнага архіпелага. У 1827 спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса (ад Шпіцбергена), дайшоў да 82°45 паўн. ш. Яго імем названы архіпелаг арктычных астравоў, заліў, паўвостраў, 3 мысы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАНЕ́НКА (Аляксей Віктаравіч) (5.3. 1911, с. Ільінка Белгародскай вобл., Расія — 22.4.1998),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1962), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Варонежскі пед. ін-т (1938). З 1949 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (дырэктар), з 1952 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (да 1988 заг. лабараторыі). Навук. працы па заканамернасцях утварэння і намнажэння алкалоідаў, бялковых рэчываў і’ амінакіслот у лубіне.

Тв.:

Методы определения алкалоидов. Мн., 1966;

Биохимия люпина. Мн., 1975.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН ((Braun) Аляксандр) (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),

нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф. Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэм ням. вучоных А.​Эйхлера і А.​Энглера.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОЎН, Браўн (Brown) Роберт (21.12.1773, г. Мантроз, Шатландыя — 10.6.1858), англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1810). Замежны чл.-кар. (1826) і ганаровы чл. (1827) Пецярбургскай АН. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1795). У 1801—05 удзельнічаў у экспедыцыі ў Аўстралію, з 1810 заг. бібліятэкі і калекцый прэзідэнта Лонданскага каралеўскага т-ва, з 1820 хавальнік бат. аддз. Брытанскага музея. Навук. працы па марфалогіі, эмбрыялогіі і сістэматыцы раслін. Апісаў ядро расліннай клеткі і будову семязавязі. Выявіў асн. адрозненне паміж голанасеннымі і пакрытанасеннымі раслінамі (1825), вызначыў броўнаўскі рух.

т. 3, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТШТАЙН ((Wettstein) Рыхард фон) (30.6.1863, Вена — 10.8.1931),

аўстрыйскі батанік. Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1927). Скончыў Венскі ун-т (1883). З 1892 праф. ням. ун-та ў Празе, з 1899 праф. ун-та і дырэктар Бат. ін-та і сада ў Вене. Аўтар канцэпцыі паходжання кветак абодвух полаў пакрытанасенных раслін з некалькіх аднаполых (мужчынскіх і жаночых кветак) голанасенных і заснаванай на ёй філагенетычнай сістэмы («Дапаможнік па сістэматыцы раслін», т. 1—2, 1901—08). Вызначыў сезонны дымарфізм у кветкавых раслін. Распрацаваў марфолага-геагр. метад у сістэматыцы раслін.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ЛІЯ (Aralia),

род кветкавых раслін сям. араліевых. 35 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукавана аралія маньчжурская, або чортава дрэва (A. mandshurica), разводзіцца ў садах і парках.

Невялікія дрэвы або кусты і высокія травы Сцябло густа ўкрытае вострымі калючкамі. Лісце няпарнаперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, жоўта-белыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод — ягадападобная касцянка. Дэкар., харч. расліна. У каранях ёсць эфірны алей, смолы, сапаніны, вітаміны C, B, B1; настой з іх ужываецца як танізоўны сродак (сурагат жэньшэню).

Аралія маньчжурская.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н (Іван Парфенавіч) (30.1.1847, Ноўгарад — 5.3.1930),

рускі батанік. Акад. Пецярбургскай (1902), потым АН СССР і АН УССР (1925). Праф. (1880). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1869), працаваў у ім жа. У 1917—19 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. Навук. працы па фізіялогіі і анатоміі раслін. Упершыню вылучыў хларафіл у крышталёвым стане (1882). Выказваў віталістычныя погляды на сутнасць жыццёвых працэсаў. Ініцыятар стварэння прэснаводнай біял. станцыі на воз. Балагое (1897), заснавальнік і прэзідэнт Рус. бат. т-ва (1915). Аўтар «Курса анатоміі раслін» і «Кароткага падручніка батанікі» (1888), «Курса дэндралогіі» (1891).

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)