пазасістэмная адзінка вымярэння плоскага вугла (вуглавы градус), роўная 1/90 прамога вугла. Абазначаецца °; дзеліцца на 60 мінут (60′) або 3600 секунд (3600″), 1° = 60′ = 3600″. Прамы вугал складае 90°, разгорнуты — 180°. Выкарыстоўваецца таксама для вымярэння дуг акружнасцей (разам з радыянам; поўная акружнасць роўная 360°).
2) Градус тэмпературны — агульная назва адзінак т-ры, што адпавядаюць розным тэмпературным шкалам. Адрозніваюць градусы шкалы Кельвіна (кельвін; К), градус Цэльсія (°C), градус Рэамюра (°R), градус Фарэнгейта (°F), градус Ранкіна (°Ra). 1 К = 1 °C = 0,8 °R = 1,8 °F = 1,8 °Ra.
3) У геадэзіі і астраноміі — адзінкі геадэзічнай даўгаты (двухгранны вугал паміж плоскасцямі 2 геадэзічных мерыдыянаў) і геадэзічнай шыраты (вугал у плоскасці мерыдыяна паміж 2 нармалямі да паверхні геоіда.
4) У розных галінах метралогіі — адзінка колькасці спірту ў растворах, таксама адзінкі жорсткасці вады, канцэнтрацыі солей, сернай к-ты (градус Баме), вязкасці вадкасці ў адносінах да вязкасці вады пры 20 °C (градус Энглера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЦЫ́ЗМ,
слова, запазычанае з грэчаскай мовывізант. перыяду, а таксама тэрмін, утвораны з грэч. кораня і афіксаў. Сустракаюцца ў помніках бел. пісьменства 14—16 ст., куды трапілі са стараж.-рус. мовы, а таксама праз пераклады з грэч. мовы рэліг. і навук. л-ры (напр., «адъ», «аксамитъ», «ангелъ», «антихристъ», «канон», «мира» і інш.). Вял. колькасць грэцызмаў пранікла ў бел. мову на працягу 17—20 ст. праз рус. або польск. мовы-пасрэдніцы.
Лексіка грэч. паходжання ў сучаснай бел. мове характарызуецца: зычным «ф» у пач. слова («фаза», «філасофія»); спалучэннямі «-кс-», «-пс-», «-мв-», «-мп-» у сярэдзіне слова («сінтаксіс», «элепсіс», «сімвал», «сімптом»); спалучэннямі «-ос (-ас)», «-іка (-ыка)» у канцы слова («пафас», «батаніка»). Прадуктыўныя штучныя ўтварэнні слоў на аснове грэч. каранёў і афіксаў (напр., «антонім» < anti — супраць і onyma — імя, назва). Большасць грэцызмаў у бел. мове папаўняюць навук. тэрміналогію.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,
цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксамаміжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш. краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс.т, Германія — 3,7 тыс.т, Францыя — 3,2 тыс.т, Італія —2,6 тыс.т, Швейцарыя — 2,6 тыс.т (усяго 20,2 тыс.т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс.т, у 1994—34,2 тыс.т. Гл.таксамаЗолатавалютныя рэзервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАПІ́ЧНАЯ ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ квантавая сіметрыя, звязаная з аднолькавымі паводзінамі пэўных груп элементарных часціц у моцным ці электраслабым узаемадзеяннях. Адрозніваюць моцную і слабую І.і., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць сіметрыю адносна паваротаў у 3-мернай прасторы.
Моцная І.і. абумоўлена існаваннем ізатапічных мультыплетаў — сем’яў адронаў з аднолькавымі квантавымі лікамі (барыённым зарадам, дзіўнасцю, спінам і інш.), блізкімі па значэнні масамі спакою, аднак рознымі эл. зарадамі. Моцнае ўзаемадзеянне застаецца аднолькавым у межах аднаго мультыплета і не залежыць ад эл. зараду часціцы. Колькасць часціц у мультыплеце N=2J+1, дзе J — ізатапічны спін. Напр., пратон і нейтрон утвараюць ізатапічны дублет (J=1/2), пі-мезоны (π+, π0, π−) — ізатапічны трыплет (J=1). Слабая І.і. звязана з тым, што лептоны, кваркі і некаторыя інш. часціцы таксама маюць ізатапічную мультыплетнасць, аднак масы спакою часціц у межах аднаго мультыплета могуць значна адрознівацца. Слабая І.і. дазволіла дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння і выявіць прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца яго пераносчыкамі. Гл.таксамаІнварыянтнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТу матэматыцы,
лік, фіз. велічыня, алг. выраз, якія звязаны з пэўным матэм. або матэрыяльным аб’ектам і застаюцца нязменнымі пры вызначаных пераўтварэннях гэтага аб’екта або сістэмы адліку, у якой ён апісваецца. І. звычайна з’яўляюцца велічыні, што характарызуюць унутр. ўласцівасці аб’екта (напр., даўжыня адрэзка, плошча геам. фігуры).
Становішча адрэзка M1M2 на плоскасці вызначаецца ў прамавугольнай дэкартавай сістэме каардынат 2 парамі лікаў x1, y1 і x2, y2 — каардынатамі яго канцоў M1 і M2. Пры пераўтварэннях сістэмы каардынат (зрушэнне яе пачатку і паварот восей) пункты M1 і M2 набываюць новыя каардынаты x1′, y1′ і x2′, y2′, аднак выраз (x1−x2)2 + (y1−y2)2 = (x1′−x2′)2 + (y1′−y2′)2, які вызначае квадрат даўжыні адрэзка M1M2, не мяняецца. І. з’яўляецца таксамаінтэрвал — «адлегласць» паміж 2 падзеямі ў чатырохмернай прасторы-часе Паняцце І. адыгрывае важную ролю ў геаметрыі, тэорыі груп, тапалогіі, тэнзарным аналізе, фізіцы і інш.Гл.таксамаІнварыянтнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́»,
«казёл», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі вядома ўсюды, найб. пашыраны на Палессі.
Здольнага да імправізацыі выканаўцу ролі «К.» апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску (яе магла замяняць шапка з аўчыны). Галаву маскі выразалі з дрэва і абшывалі аўчынай, да яе прымацоўвалі рогі (іх рабілі з лазы ці скруткаў саломы), вушы (часам са сталовых лыжак); ніжняя сківіца з барадой з лёну была рухомай. Вядома «К.» і ў выглядае вялікай лялькі на кіі. У абходны гурт на чале з «дзедам»-павадыром (яго прыбіралі таксама ў вывернуты кажух або рыззё, на спіне рабілі горб, надзявалі маску з бяросты, прыладжвалі бараду з лёну) уваходзілі адпаведна апранутыя «маладзіца», «афіцэр», «немец», «цыган», а таксама «песельнікі», музыка, механоша. Гурт спяваў спец. прымеркаваную песню, «К.» іншы раз імітавала яе сюжэт, прыкідвалася мёртвай (сімвал памірання і адраджэння прыроды).
М.А.Каладзінскі.
Калядная «каза»-маска. Вёска Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.
Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш.Гл.таксамаЛесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫ́ЛАДА,
электравымяральная прылада, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. поля нерухомага пастаяннага магніта з магнітным полем току, што вымяраецца і працякае па рухомым правадніку (шпулі, рамцы). Выкарыстоўваецца для вымярэння эл. напружання, сілы току, супраціўлення, колькасці электрычнасці ў ланцугах пастаяннага току (у вальтметрах, амперметрах, омметрах, гальванометрах).
Найб. пашыраны М.п. са шпуляй, якая верціцца вакол восі паміж нерухомым магнітам і жалезным стрыжнем. Сіла, што адхіляе шпулю з замацаванай стрэлкай, прапарцыянальная сіле току. Ёсць таксама М.п., у якіх пастаянны магніт змешчаны ўнутры рухомай шпулі, і прылады з рухомым магнітам, замацаваным на восі ўнутры нерухомай шпулі. Выкарыстоўваюцца таксама магнітаэл. лагометры. М.п. як састаўная ч. ўваходзяць у выпрамныя, тэрмаэл., электронныя аналагавыя і інш. прылады, што вымяраюць сілу пераменнага току і напружанне. Межы вымярэння пашыраюць шунтамі і дабавачнымі супраціўленнямі. У спалучэнні з вымяральнымі пераўтваральнікамі М.п. вымяраюць і неэл. велічыні (т-ру, ціск і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́НЕ,
раздзел прыкладной матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам вызначэння максімумаў (ці мінімумаў) функцый многіх пераменных пры наяўнасці дадатковых абмежаванняў, зададзеных сістэмай роўнасцей і няроўнасцей. Сфарміравалася ў 1950-я г. ў сувязі з практычнымі задачамі выбару аптымальнага варыянта сярод многіх магчымых (гл.Аперацый даследаванне, Гульняў тэорыя).
Задачы М.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі розных задач эканомікі, тэхнікі, вытв-сці, ваен. справы, у якіх патрабуецца вызначыць аптымальны план (праграму) дзеянняў з улікам пэўных умоў і абмежаванняў. Асн. раздзелы М.п.: лінейнае праграмаванне, нелінейнае праграмаванне, а таксама выпуклае (мэтавая функцыя і мноства дазволеных планаў у ім выпуклыя; гл.Выпукласць і ўвагнутасць) і цэлалікавае (пераменныя — цэлыя лікі) праграмаванні; шэраг задач М.п. рашаецца на аснове метаду дынамічнага праграмавання. Разглядаюцца таксама стахастычныя задачы для мадэліравання практычных сітуацый ва ўмовах рызыкі і неакрэсленасці.
На Беларусі мадэлі і метады М.п. даследуюцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Карманов В.Г. Математическое программирование. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РГЕЛЬ (ням. Mergel),
асадкавая горная парода змешанага глініста-карбанатнага складу. Колер светлы, пераважна шэры, з рознымі адценнямі. Тэкстура сланцаватая, аалітавая, мелападобная, шчыльная, зямлістая, камякаватая. Парода глеістая, у вільготным стане пластычная, пасля высыхання рыхлая. Вылучаюцца гліністы М. (25—50% карбанатаў), уласна М. (50—75%) і вапнавы М. (75—95%). У залежнасці ад дамешак адрозніваюць М. даламітавыя, крэменязёмістыя, пясчаныя, глаўканітавыя і інш. Утвараецца пераважна ў марскіх умовах, а таксама на дне азёр, у тарфяных балотах, на вільготных лугах. Трапляецца ў адкладах ад верхняга пратэразою да антрапагену. Заляганне пластавое, радзей лінзападобнае. Шырока выкарыстоўваецца ў цэм. прам-сці. На Беларусі для вытв-сці цэменту, буд. матэрыялу і вапнавых угнаенняў здабываецца М. марскога паходжання. Найб. радовішча Камунарскае (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.), дзе прамысл. запасы складалі 386,5 млн.т (1999). Выяўлена таксама 300 пакладаў вапнавага прэснаводнага М. з агульнымі запасамі да 200 млн.т.
Літ.:
Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968.