АКМЕІ́ЗМ (ад грэч. akme найвышэйшая ступень чаго-н., росквіт),
мадэрнісцкая плынь у рас. паэзіі 1910-х г. Супрацьпастаўляўся сімвалізму з яго адрывам ад рэальнага жыцця і імкненнем да містычнага, незразумелага. Сярод тэарэтыкаў і прыхільнікаў акмеізму — М.Гумілёў («Спадчына сімвалізму і акмеізм», 1913), С.Гарадзецкі («Некаторыя плыні ў сучаснай рускай паэзіі», 1913), В.Мандэльштам, Г.Ахматава і інш., якія дэкларавалі канкрэтна-пачуццёвае ўспрыняцце і адлюстраванне свету, паэтызавалі мінулую культуру і біял. пачатак у чалавеку (адсюль другая назва акмеізму — адамізм, ад імя Адам), выступалі за вяртанне слову яго першапачатковага, не сімвалічнага, сэнсу. Акмеісты аб’ядналіся ў «Цэх паэтаў» (1911 — 14; 1920—22), выдавалі час. «Гиперборей» (1912—13), альманахі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁНА ІВА́НАЎНА (19.5.1476, Масква — 20.1.1513),
дачка вял. князя маскоўскага Івана III, жонка вял. князя ВКЛАляксандра. Праз шлюб Алёны Іванаўны (1495) Іван III разлічваў атрымаць доступ у ВКЛ, вял.кн. Аляксандр — спыніць паліт. і ваенны наступ Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Насуперак намаганням акружэння мужа Алёна Іванаўна засталася праваслаўная, падтрымлівала правасл. царкву ў ВКЛ, асуджала агрэсіўную палітыку Івана III у дачыненні да ВКЛ. Падтрымлівала мужа ў яго барацьбе са шляхтай за цэнтралізацыю ўлады, пасля яго смерці (1506) падтрымала Жыгімонта I. Валодала землямі ў Віленскім і Трокскім ваяв., каля Менска, Гародні, у памежжы з Маскоўскай дзяржавай, замкамі ў Магілёве, каля Мсціслава, у Чачэрску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКАВАЕ, асобнае, індывідуальнае,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага праз асаблівае да агульнага, заканамернага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́РНА ((Adorno) Тэадор) (11.9.1903, г. Франкфурт-на-Майне — 6.8.1969),
нямецкі філосаф, сацыёлаг, музыказнавец. Прадстаўнік франкфурцкай школы. Пасля 1933 у эміграцыі (Англія, ЗША). З 1949 у Франкфурце-на-Майне: праф. ун-та, з 1953 кіраўнік Ін-та сац. даследаванняў. Погляды Адорна склаліся на перакрыжаванні ням. неагегельянства і авангардысцкай крытыкі культуры. Паводле яго філасофіі эвалюцыя чалавецтва — гэта гісторыя «няўдалай цывілізацыі», гісторыя «індывідуалізацыі» чалавека, тоеснай пастаяннаму паглыбленню яго «адчужэння». У духу гэтых ідэй Адорна рабіў сац.-філас. аналіз музыкі. Асн. працы: «Дыялектыка асветы» (1947, з М.Хоркхаймерам), «Філасофія новай музыкі» (1949), «Аўтарытарная асоба» (1950, у сааўт.), «Прызмы. Крытыка культуры і грамадства» (1955), «Негатыўная дыялектыка» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́Н-ДЭЛАМО́Т ((Vallin de la Mothe) Жан Батыст Мішэль) (1729, г. Ангулем, Францыя — 7.5.1800),
французскі архітэктар. Праф. Пецярбургскай АМ (1759). Вучыўся ў Ф.Бландэля і ў Італіі (1750—52). У 1759—75 працаваў у Расіі, пераважна ў Пецярбургу. У яго пабудовах характэрная для ранняга рус. класіцызму дакладнасць кампазіцый спалучаецца з барочнай пластыкай формаў: Гасціны двор (1761—85), касцёл Кацярыны (1763—83) на Неўскім праспекце, Малы Эрмітаж (1764—67), будынак АМ (1764—88, з А.П.Какорынавым), склады «Новая Галандыя» (1765—80, з С.І.Чавакінскім) — усе ў Пецярбургу. Сярод яго вучняў — В.І.Бажэнаў, І.Я.Староў.
Ж.Б.М.Вален-Дэламот. Малы Эрмітаж у Пецярбургу. 1764—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́НСКІ (Ежы) (1765?, г. Паставы Віцебскай вобл. — 28.6.1840),
танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах (у Ле Ду). У 1785—94 у трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, удзельнічаў у спектаклях у каралеўскім замку і ў Лазенках, на сцэне Нац.т-ра. Выконваў сольныя партыі ў балетах «Казакі», «Лукас і Калінета», «Каралева Ванда». Пасля 1794 выступаў у спектаклях антрэпрыз С.Галніцкага і К.Аўсінскага ў Варшаве, у 1795 працаваў у Гродне, з 1795 зноў у Варшаве (да 1799 у трупах Трускаляскіх і В.Багуслаўскага, у 1800—23 выкладчык танцаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
закон размеркавання энергіі ў спектры абсалютна чорнага цела. Тэарэтычна выведзены В.Вінам. Паводле Віна закона выпрамянення шчыльнасць энергіі выпрамянення , адпаведная частаце ν, выражаецца формулай:
, дзе f — некат. функцыя адносін ν/T, T — абс.т-ра. З Віна закона выпрамянення вынікае т.зв.закон зрушэння Віна, паводле ягодаўж. хвалі λmax, на якую прыпадае максімум энергіі ў спектры выпрамянення абс. чорнага цела, адваротна прапарцыянальная ягоабс. т-ры: , дзе м. K — пастаянная Віна. Віна закона выпрамянення — гранічны выпадак Планка закону выпрамянення для вял. частот (малых даўжынь хваль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НКЕЛЬМАН ((Winckelmann) Іаган Іаахім) (19.12.1717, г. Штэндаль, Германія — 8.6.1768),
нямецкі гісторык мастацтва. Прадстаўнік эстэтыкі класіцызму. Па адукацыі багаслоў; вучыўся ў Берліне і Гале. У гал.яго творы «Гісторыя старажытнага мастацтва» (1763) разгледжаны не асобныя майстры, а мастацтва ўвогуле, у яго росквіце і заняпадзе. Ідэалізуючы антычнасць, ён лічыў стараж.-грэч. мастацтва ўзорам для ўсіх часоў і народаў. Створаная ім методыка мастацтвазнаўчага аналізу стала эстэт. асновай для станаўлення класіцызму ў Германіі і інш.еўрап. краінах.
Тв.:
Рус.пер. — История искусства древности. [Л.], 1933;
Избр. произведения и письма. [М.; Л.], 1935.
Літ.:
Асмус В.Ф. Винкельман, его теория искусства и эстетическое мировоззрение // Асмус В.Ф. Немецкая эстетика XVIII в. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКА-ЛА́ЎНІЦКІ СУД,
адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Арсен Аркадзевіч) (7.6.1848, г. Пушкін, Расія — 10.2.1913),
рускі паэт. Граф. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900). Друкаваўся з 1869 (час. «Дело», «Вестник Европы»). Быў блізкі да кампазітараў «магутнай кучкі», асабліва да М.П.Мусаргскага, які стварыў 2 вакальныя цыклы на яго вершы: «Без сонца» (1874), «Песні і танцы смерці» (1877). З канца 1870-х г. у яго творчасці з’явіліся матывы асуджанасці, смутку аб разбураных дваранскіх гнёздах (паэма «Старыя размовы», 1879; верш «Спатканне са смерцю»), ідэалізацыя мінулага. Аўтар драм. хронікі «Смута (Васіль Шуйскі)» (1879), трылогіі ў прозе «Далечыня кліча» (1907). На вершы Галянішчава-Кутузава напісалі рамансы С.В.Рахманінаў, Ц.А.Кюі, А.С.Арэнскі.