Ілгу́н, ілгу́ння ’непраўдзівы чалавек, выдумшчык, хлус’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Яруш.). Рус. лгун. Утворана ад ілгаць (гл.) з суф. ‑ун паводле мадэлі маўкун, гаварун, вяртун, ядун і г. д. (Сцяцко, Афікс. наз., 68). Параўн. ілжэц.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

старо́нні, ‑яя, ‑яе.

1. Які не належыць, не мае адносін да гэтага калектыву, сям’і і пад.; чужы. Старонні чалавек. □ Вера Сямёнаўна даручыла .. [Зосі] перадаць прывітанне, падзякаваць за насенне, высветліць сёе-тое па догляду за буракамі. Але дзе ж ты гэта зробіш пры старонніх людзях. Дуброўскі. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонні і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. / у знач. наз. старо́нні, ‑яга, м. Чалавек пэўна заўважыў старонняга ці не адразу ў той нават момант, як Залуцкі паказаўся на голым месцы. Чыгрынаў.

2. Чый‑н. іншы, не ўласны, не свой. Без будзільніка, без старонняй дапамогі .. [Гукан] мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. Шамякін. Словам, трэба было жыць самастойна, без старонняй падтрымкі. Хведаровіч.

3. Які не мае прамых, непасрэдных адносін да чаго‑н.; пабочны. І раптам у выпраменьванні пульсара ўпляліся на хвалі вадароду староннія сігналы. Шыцік. Зноў .. [следчы] трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам, і ці то думаў, як злавіць .. [Сотнікава], ці можа разважаў аб чымсь, зусім староннім. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Небара́к ’бядак’ (Нас., Грыг., Гарэц., Федар., Яруш., ТСБМ), неборака ’тс’ (Нас., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’чалавек, якога сустракаюць няўдачы’ (Янк. 1), нябара́ка ’бядак, няшчасны чалавек’ (Мал., Сл. ПЗБ), небора́ка ’бядак, гаротнік’ (ТС), памянш. небарачок, небара́чка (Сл. ПЗБ, ТС), укр. не́бір, небара́к, небора́ка ’бядак’, рус. небора́к ’бядак; непаваротлівы чалавек’, польск. nieborak ’чалавек, варты жаласці; бядак’, славац. neborák ’тс’, н.-луж. njaborje ’бядак, бездапаможная істота’, славен. nebȏrec, nebȏre ’бядняк’. Звычайна лічыцца аднаго паходжання з нябога ’няшчасны, абдзелены жыццём і людзьмі чалавек’ (гл.), параўн. рус. небожак (Даль), чэш. nebožák ’бядак’ (Махэк₂, 393; Брукнер, 34; Курашкевіч, JP, 37, 1937, 124), далей да бог, параўн. убогі ’бедны’; r замест ž тлумачаць па-рознаму: славенскія формы зменены пад уплывам ратацызму (ž > r), характэрнага для часткі паўднёваславянскага арэалу (Міклашыч, 16; Бернекер, 1, 67; Бязлай, 1, 34), параўн. серб.-харв. бо̀ра ми замест бо̏га ми (кляцьба); на думку Добрава, апошняе, як і польск. nieborak замест niebożak, — вынік дэфармацыі фанетычнага вобліку слоў з мэтай ахоўнай магіі (прафілактыкі ад уплыву звышнатуральных сіл), параўн. серб.-харв. за бо̀ра замест за бо̀га ’богам прашу’, дзе адсутнічаюць умовы для ратацызму, а таксама бро̏да ми, гло̀га ми замест бо̏га ми (Добраў, CE, 8, 1983, 2, 94). На падставе каш. bora ’сілач’ і ст.-польск. Borek, Boruta (ул. імя) ад *boriti ’змагацца’. Папоўска–Таборска рэканструюе прасл. дыял. *ne‑borę, *ne‑bor‑akъ (ZfSl, 24, 1979, 104; Kaszubszczyzna, Warszawa, 1980, 37; а таксама Шустар-Шэўц, 13, 1006), што па семантычных меркаваннях здаецца менш пераканальным. Паводле Кюнэ (Poln.), беларускае слова запазычана з польскай мовы. Гл. таксама Цвяткоў, Працы класа філалогіі, 1, 1928, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́мец 1 ’нямко, нямы чалавек’ (ТС), не́мяц ’глухі, глуханямы’ (Мал.), не́міц ’вельмі маўклівы’ (міёр., З нар. сл.), рус. не́мец ’нямы чалавек; чалавек, які невыразна, незразумела гаворыць’, славен. némec ’нямко’, серб.-харв. дыял. немь́ц «онај ко је нем, без моћи говора» (СДЗб., 29, 147), балг. не́мец ’нямы чалавек’. Прасл. *němьcь, утворана ад němъ, гл. нямы.

Не́мец 2 ’немец’ (ТСБМ, ТС), не́мяц ’тс’ (Мал., Жд. 1, Цых.), укр. ні́мець, рус. не́мец, польск. Niemiec, чэш. Němec, славац. Nemecy в.-луж. Němc, н.-луж. Nimc, славен. Némec, серб.-харв. Не́мац, мак. Немец, балг. не́мец. Прасл. тэрмін, фіксуецца ў візантыйскі перыяд (1088) як Νεμίτζοι. Паходжанне этноніма застаецца канчаткова нявысветленым, найбольш верагодныя дзве версіі. Згодна з першай версіяй, ад немец 1 (гл.) з развіццём семантыкі ’чалавек, што гаворыць няясна, невыразна’ да ’чужаземец’ (з канкрэтызацыяй ’немец’), гл. Брукнер, 360; Фасмер, 3, 62; Шустар-Шэўц, 13, 998; Мартынаў, Лекс. взаим., 102–104 і інш. Паводле другой версіі, што ўзыходзіць да Шафарыка, з кельцкай назвы германскага племені Nemetes, адзначанай рымскімі аўтарамі, што звязваецца з кельц. nomet ’свяшчэнны, знатны’, гл. Шахматаў. К вопросу о древн. слав.-кельт. отношениях. Казань, 1912, 37. Аднак абедзве версіі сустракаюць пярэчанні, параўн. Ковалев Г. Ф. Общеславянский этноним немец. Мат. по русско-слав. языкознанию. Воронеж, 1977, 41–45. Форма Не́мцы ’Германія’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Немцы: оутечеть оу Немци и Прꙋсы (XVII ст., Карскі 2–3, 329) з польск. Niemcy ’тс’, звычайна Няме́ччына (Немеччына) (Нас.).

Не́мец 3 ’гульня’ (Бяльк.), ’пасаж у гульні’ (ТС), не́мчык ’тс’ (ТС). Няясна, хутчэй за ўсё да не́мец 2 аднак матывацыя застаецца нявысветленай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

езуі́т

(с.-лац. iesuita, ад лац. Jesus = Ісус)

1) член манаскага каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», заснаванага ў 1534 г. для барацьбы з Рэфармацыяй і абароны папства;

2) перан. хітры, крывадушны чалавек, здольны на ўсякую подласць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хамелео́н

(лац. chamaeleon, ад гр. chamaileon)

1) паўзун атрада яшчарак, здольны мяняць афарбоўку скуры пры раздражненні, перамене колеру навакольнага асяроддзя і г. д.;

2) перан. чалавек, які лёгка мяняе свае погляды ў залежнасці ад абставін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.

А.​П.​Дубіна.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПЕ́НКА (Алесь) (Аляксандр Харытонавіч; 7.9.1919, в. Пушкары Віцебскага р-на — 6.8.1994),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У Айч. вайну партызан. З 1966 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1972 гал. рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976—80 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Першы зб. апавяданняў «Лёд растае» (1958). Асн. тэмы твораў — гераізм народа ў барацьбе з фашызмам, партыз. рух, пасляваен. аднаўленне (раман «Вогненны азімут», 1965; аповесці «Жыта», 1966; «Два дні і дзве ночы», 1976; апавяданні), жыццё вёскі і горада, сац. і маральна-этычныя праблемы (раманы «Непрыкаяны маладзік», 1971—80, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1981; «Лабірынты страху», 1992; аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», абедзве 1957; «Паплавы», 1958; «Абжыты кут», 1963; апавяданні). Па сцэнарыях Асіпенкі пастаўлены маст. фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, з Н.​Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С.​Паляковым), дакумент. фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1989—90.

Літ.:

Быкаў В. Таленавітая аповесць // Полымя. 1964. №7;

Кухараў С. Акрыленасць душы // Полымя. 1979. № 9;

Савік Л. Падзеі, час, людзі // Полымя. 1981. № 1;

Грамадчанка Т. З увагай да звычайнага // Полымя. 1983. № 6.

І.​У.​Саламевіч.

А.Асіпенка.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕКТРО́ННЫХ ВЫЛІЧА́ЛЬНЫХ МАШЫ́Н (АС ЭВМ),

сям’я ЭВМ агульнага прызначэння малой, сярэдняй і вялікай прадукцыйнасці, якая характарызуецца праграмнай сумяшчальнасцю; адносіцца да 3-га пакалення электронных вылічальных машын. Пабудавана па модульным прынцыпе на аснове стандартнай сістэмы сувязяў паміж прыстасаваннямі. Распрацавана супольна краінамі — членамі СЭУ.

У склад перыферыйнага абсталявання ўваходзяць запамінальныя прыстасаванні на магн. барабанах (ёмістасць да 16 Мбайт), пастаянных магн. дысках (да 100 Мбайт), зменных магн. дысках (да 29 Мбайт), магн. стужках (да 40 Мбайт) і інш.; прыстасаванні ўводу-вываду інфармацыі на перфастужках, перфакартах, алфавітна-лічбавыя друкавальныя прыстасаванні, планшэтныя і рулонныя графапабудавальнікі; прыстасаванні непасрэднай сувязі чалавек—ЭВМ: алфавітна-лічбавыя і графічныя дысплеі, эл. друкавальныя машынкі і інш. Асобную групу складаюць прыстасаванні і прылады для падрыхтоўкі даных. Для стварэння выліч. сістэм калект. карыстання ў склад АС ЭВМ уключаны сродкі тэлеапрацоўкі і перадачы даных (мадэмы, прыстасаванні для аховы ад памылак, выклікальныя), прыстасаванні спалучэння каналаў з апаратурай перадачы даных, абаненцкія пункты (тэрміналы), забяспечаныя прыстасаваннямі ўводу-вываду інфармацыі і яе адлюстравання. На Мінскім вытв. аб’яднанні выліч. тэхнікі асвоены выпуск ЭВМ ЕС-1020 (1971), ЕС-1022 (1975), ЕС-1035 (1977), ЕС-1060 (1978). За распрацоўку, асваенне і ўкараненне аперацыйных сістэм АС ЭВМ супрацоўнікам Мінскага з-да выліч. машын і НДІ ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСО́ФІЯ (ад антрапа... + грэч. sophia мудрасць),

акультна-містычнае вучэнне пра чалавека як носьбіта таямнічых духоўных сіл; разнавіднасць тэасофіі. Заснавальнік антрапасофіі ням. філосаф-містык Р.​Штайнер стварыў у 1913 антрапасофскую школу з мэтай выхаваць у юнацтва ўменне «духоўнага сузірання», якое ў стане самыя таямнічыя з’явы рабіць даступнымі для ўспрымання. Паводле гэтага вучэння, чалавек — трыадзінства цела, душы і духу, духам кіруе закон пераўвасаблення (рэінкарнацыя). У асобным жыцці чалавечы дух паўтарае сам сябе з улікам ранейшых уражанняў і перажыванняў. Чалавечае цела кіруецца законам наследавання, душа — створаным ёю самой лёсам (карма). Пасля смерці сувязь духу і душы захоўваецца, пакуль душа не вызваліцца ад цела. У сац.-паліт. жыцці антрапасофія зыходзіць з раздраблення сац. арганізма на самастойныя сферы: дзяржаву, правасуддзе, эканоміку. У 1-й трэці 20 ст. вучэнне антрапасофіі стала пашыраным у шэрагу краін Еўропы. Пэўны ўплыў яно зрабіла на дзеячаў культуры і мастацтва (А.​Белы, В.​Кандзінскі, М.​Валошын, Б.​Вальтэр і інш.). Цікавасць да антрапасофіі ажывілася і ў апошняй трэці 20 ст., асабліва ў ЗША, еўрап. краінах. У апошнія гады распаўсюдзілася на Беларусі, гал. чынам гэтаму садзейнічалі аднаўленне цікавасці да тэасофскіх ідэй А.​Блавацкай і ўзнікненне суполак крышнаітаў.

Літ.:

Белый А. Рудольф Штейнер и Гете в мировоззрении современности. М., 1917;

Abendroth W.R. Steiner und die heutige Welt. München, 1969.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)