«ЗАБРО́ДДЗЕ»,

каменны метэарыт, які ўпаў у 1893 каля в. Заброддзе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Маса 3155 г. Належыць да хандрытаў. Асн. частка метэарыта зберагаецца ў музеі Віленскага ун-та, 195 г — у калекцыі Адэскага ун-та, 3 г — у Брытанскім музеі. Муляж метэарыта знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 37—38.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВАРЫ́ЗГІН (Барыс Сяргеевіч) (н. 11.3.1921, Масква),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. авіяцыі (1975). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяц. школу (1942), акадэміі Ваенна-паветр. (1951) і Генштаба (1960). На фронце з 1943. Пам. камандзіра штурмавога авіяпалка ст. лейт. З. вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944: удзельнік штурму абароны праціўніка на рубяжы Віцебск—Орша, вызвалення Мінска, ліквідацыі мінскага «катла». Да 1982 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́НДРЫ (ісланд. адз. л. sandr ад sand пясок),

раўнінныя паверхні паблізу ўскраін стараж. і сучасных ледавікоў, складзеныя перамытым і пераадкладзеным матэрыялам марэны (пераважна пяском). Шырока развіты ў абласцях плейстацэнавага зледзянення. Утвараюцца пры зліцці краявых частак плоскіх конусаў вынасу падледавіковых патокаў. Незамацаваныя расліннасцю зандравыя пяскі нярэдка перавеяны ў дзюны. На тэр. Беларусі займаюць вял. плошчы на Палессі, у вярхоўях рэк Бярэзіна, Вілія і інш. У далінах горных ледавіковых рэк часта ўтвараюцца зандравыя тэрасы.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т 1862—65,

спецыяльная дзярж. ўстанова, утвораная 2.10.1862 у Пецярбургу для распрацоўкі мерапрыемстваў па ліквідацыі нац.вызв. руху на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. У склад к-та ўваходзілі старшыня К-та міністраў кн. П.​П.​Гагарын (старшыня), шэф жандараў, міністры замежных спраў, ваенны, юстыцыі, унутр. спраў, фінансаў, нар. асветы, дзярж. маёмасці, обер-пракурор Сінода, у рабоце ўдзельнічалі віленскі і кіеўскі ген.-губернатары. Меў шырокія паўнамоцтвы. Скасаваны ў студз. 1865.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́РНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі будынкаў і збудаванняў, якія збіраюць (манціруюць) на буд. пляцоўцы з элементаў, папярэдне зробленых на заводах і палігонах. Робяцца з жалезабетону, бетону, металу, драўніны і інш. Выкарыстанне З.к. зніжае працаёмкасць і кошт буд-ва, павышае якасць работ, спрыяе комплекснай механізацыі буд. вытв-сці. З.к. найб. эфектыўныя пры вял. паўторнасці аднатыпных элементаў у жыллёвым, прамысл., камунальным і трансп. буд-ве (гл. Буйнаблочныя канструкцыі, Буйнапанэльныя канструкцыі). На Беларусі пашырана буйнаблочнае, буйнапанэльнае і аб’ёмнаблочнае домабудаванне.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМАВА́ЛЬНАЯ Я́МА,

месца масавай зімоўкі рыб у рэках і азёрах. У стаячых вадаёмах З.я. найчасцей размяшчаюцца насупраць або ніжэй вусцяў рэк і ручаёў, што ўпадаюць у вадаёмы, у месцах выхаду падводных крыніц; у праточных — рыбы зімуюць на глыбокіх месцах з павольным цячэннем. На Беларусі ахоўваюцца 215 З.я., збор у якіх найбольш уласцівы рыбам сям. карпавых (лешч, гусцяра, плотка і інш.). У вызначаных З.я. штогод з 1 кастр. да 15 крас. забараняецца рыбная лоўля.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНКЕ́ВІЧ (Марыя Міронаўна) (н. 13.3.1924, в. Карзюкі Мінскага р-на),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыла студыю пры т-ры імя Я.​Купалы (1948), у якім працавала да 1995. Характарная актрыса камедыйнага плана, майстар эпізадычных роляў: Агата, Адэлька («Паўлінка» Я.​Купалы), цётка Каця, Застрамілава («Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Сарока («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Аксюта («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота) і інш.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗНА́МЯ Ю́НОСТИ»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 10.4.1938 у Мінску 5 разоў на тыдзень на рус. мове. Да чэрв. 1956 (№ 120) наз. «Сталинская молодежь» (у час Вял. Айч. вайны не выдавалася). Асвятляе жыццё моладзі на Беларусі і за яе межамі. Расказвае пра вучобу і адпачынак студэнтаў, жыццё бел. арміі, сучасныя маладзёжныя рухі і аб’яднанні. Змяшчае матэрыялы для жанчын, вернікаў. Закранае праблемы экалогіі, аховы здароўя, сям’і. Друкуе навіны папулярнай музыкі, спорту і інш.

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫ КАНВЕ́ЕР,

сістэма вытворчасці і выкарыстання зялёных кармоў, пры якой жывёлы забяспечваюцца імі бесперабойна і раўнамерна з ранняй вясны да позняй восені. У склад З.к. ўключаюць прыродную і штучную пашу, адна- і шматгадовыя травы (зялёная маса), кармавыя формы бахчавых, караняплодаў, капусты, азімы рапс. Адрозніваюць прыродны, штучны і мяшаны тыпы З.к. У ім выкарыстоўваюць прыродную і сеяную пашу, атаву прыродных сенажацей, культуры палявой кормавытворчасці. На Беларусі культуры З.к. пачынаюць скормліваць жывёле з сярэдзіны мая.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ДАЛ (ад грэч. eidōlon вобраз, падабенства),

матэрыяльны прадмет, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. пакланення. На Беларусі І. — каменныя, драўляныя або металічныя скульпт. выявы язычніцкіх багоў (напр., Шклоўскі ідал). Лакальныя назвы — багі, балваны, каменныя бабы, куміры, стоды, ёлупы. У час язычніцтва І. ставілі на капішчах як аб’екты пакланення. Пасля ўсталявання хрысціянства большасць І. была знішчана, закапана ў зямлю ці ўтоплена; на многіх выбівалі крыжы ці надавалі ім форму крыжа. У пераносным сэнсе — прадмет сляпога пакланення.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)