РЭ́ЛЕЙ, Рэйлі (Rayleigh) Джон Уільям (12.11.1842, каля г. Малдан, Вялікабрытанія — 30.6.1919), англійскі фізік, адзін са стваральнікаў тэорыі ваганняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1873). Прозвішча да атрымання тытула лорда Рэлея (1873) — Стрэт (Strutt). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1865), дзе і працаваў да 1871. У 1879—84 дырэктар Кавендышскай лабараторыі. У 1905—08 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па акустыцы, оптыцы, гідрадынаміцы, электрамагнетызме і інш. Даследаваў дыфракцыю, рассеянне і паглынанне мех. хваль, устанавіў сувязь паміж фазавай і групавой скорасцю хваль. Заклаў асновы малекулярнага рассеяння святла (гл.Рэлея закон), вывеў адзін з законаў выпрамянення (гл.Рэлея—Джынса закон выпрамянення), устанавіў закон намагнічвання цел (гл.Рэлея закон намагнічвання). Стварыў тэорыю раздзяляльнай здольнасці аптычных прылад. Адкрыў (з У.Рамзаем) хім. элемент — аргон. Сканструяваў і вынайшаў шэраг фіз. прылад (дыск Р., манометр Р., рэфрактометр Р. і інш.). Нобелеўская прэмія 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕТАЛО́ГІЯ,
сукупнасць даследаванняў аб СССР у галіне гісторыі, палітыкі, ідэалогіі, гаспадаркі, культуры, якія праводзіліся да 1991 у заходніх краінах або ў цэнтрах, звязаных з імі. Частка даследчыкаў уключала ў С. і вывучэнне сацыяліст. краін — саюзнікаў СССР. Папярэднікамі ўласна С. былі пераважна рас. эмігранты 1920-х г. М.Бярдзяеў, Г.Фядотаў, М.Суханаў, а таксама К.Каўцкі і інш. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 1940—50-я г.Гал. цэнтрамі былі Гувераўскі ін-т вайны і рэвалюцыі ў ЗША, ун-ты ЗША і Зах. Еўропы (у Фрыбуры, Лондане, Парыжы). Выдаваліся часопісы па С.: «The Journal on Communist Studies» («Часопіс камуністычных даследаванняў»), «Slavic Review» («Славянскі агляд»), «Soviet Studies» («Савецкія даследаванні»), «Soviet Jewish Affairs» («Справы савецкіх яўрэяў» і інш.Найб. вядомыя саветолагі: З.Бжазінскі, Р.Конквест, С.Коэн, Р.Э.Пайпс, Л.Шапіра і інш. Напачатку С. мела практычна-прапагандысцкі характар ва ўмовах ідэалагічнага процістаяння капіталіст. і сацыяліст.сістэм. Творы вядучых саветолагаў пачалі выдавацца ў СССР з канца 1980-х г. Пасля распаду СССР (1991) цэнтры С. даследуюць посткамуністычныя і камуністычныя дзяржавы, пераважна ў Азіі (В’етнам, Кітай, Паўн. Карэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАУ́ХІН (Рэм Іванавіч) (19.11.1930, г. Гусь-Хрустальны Уладзімірскай вобл., Расія — 6.1.1988),
расійскі і беларускі вучоны ў галіне эксперым. фізікі, механікі і газадынамікі. Чл.-кар.АНСССР (1968). Акад.АН Беларусі (1977), д-рфіз.-матэм.н. (1964), праф. (1965). Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1959 у Сібірскім аддз.АНСССР (у 1971—76 дырэктар Ін-та тэарэт. і прыкладной механікі). У 1976—87 дырэктар Ін-та цепла- і масаабмену АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы гарэння і выбуху, лазераў і нізкатэмпературнай плазмы, высокатэмпературнай газадынаміцы. Выявіў заканамернасці фізікі ўдарных хваль і кінетыкі рэлаксацыйных працэсаў, ускладненых іанізацыйнымі з’явамі, хім. рэакцыямі і фазавымі пераўтварэннямі. Распрацаваў асновы інтэнсіфікацыі і аптымізацыі цеплаэнергаабменных працэсаў у праточных лазерных сістэмах. Даследаваў лазерныя сістэмы з селектыўным цеплавым узбуджэннем. Ленінская прэмія 1965.
Тв.:
Ударные волны и детонация в газах. М., 1963;
Макроскопические и молекулярные процессы в газовых лазерах. М., 1981 (разам з У.М.Карнюшыным);
Газодинамические лазеры на смешении. Мн., 1984 (разам з М.А.Фаміным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ ДЭМАКРА́ТЫІ,
грамадска-палітычная арг-цыя заходнерусісцкага кірунку, якая дзейнічала ў Гомелі ў крас.—ліст. 1917. Ініцыятарам стварэння саюза выступіла група работнікаў асветы і дзярж. служачых, эвакуіраваных з Вільні. На сходзе «беларусаў-дэмакратаў» 23 крас. выказана думка пра стварэнне С.б.д. з-за нязгоды з пастановамі з’езда Бел.нац. арг-цый (25—27 сак.) і непрызнаннем Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску ў якасці кіруючага цэнтра нац. руху. Сход пастанавіў стварыць «Часовы беларускі дэмакратычны камітэт» з 10 чал., старшынёй к-та выбраны П.В.Каранкевіч, яго намеснікамі — Д.Г.Гулевіч, і Ф.В.Шышко. Дзейнасць саюза выявілася ў выступленнях супраць заклікаў набыцця нац. аўтаноміі, нацыяналізацыі школы і інш. На выбарах ва Устаноўчы сход С.б.д. аб’яднаўся з Беларускай народнай грамадой, Беларускім нацыянальным камітэтам у Магілёве і Аршанскім бел. к-там. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саюз спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Сяменчык М.Я. Беларускія палітычныя арганізацыі краю і іх дзейнасць у сакавіку—чэрвені 1917 г. // Культурна-нацыянальныя працэсы на Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX стст.: Зб.навук.прац.Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА ТВО́РЧАСЦІ,
неад’емнае права чалавека і грамадзяніна на навуковую, тэхнічную, літаратурна-мастацкую і інш. віды творчасці, а таксама свабоду выкладання. Пачала замацоўвацца ў канстытуцыях розных краін адносна нядаўна. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца п. 2 арт. 51 Канстытуцыі. С.т. азначае магчымасць свабодна займацца рознымі відамі творчасці, выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці і веды, а таксама вольна прымаць рашэнні пра абнародаванне, укараненне і выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці. Канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі С.т. прадугледжваюць не толькі прадастаўленне свабоды займацца пэўным відам творчасці (магчымасць праводзіць навук. даследаванні, рабіць адкрыцці і вынаходствы, ствараць духоўныя каштоўнасці), але і абавязваюць дзяржаву забяспечваць яе рэалізацыю: устанаўленне прававых асноў ажыццяўлення творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для назапашвання ведаў і іх пашырэння, ахова інтэлектуальнай і маст. уласнасці, матэрыяльная падтрымка творчых грамадскіх аб’яднанняў, суд. абарона права на С.т. С.т. мае ўсеагульны характар: яна належыць не толькі асобам творчых прафесій, але і ўсім грамадзянам. Паводле гэтага права грамадзяне могуць патрабаваць ад дзяржавы і грамадскіх арг-цый устаранення любых перашкод, якія замінаюць іх творчай працы. Важнай гарантыяй С.т. з’яўляецца абарона дзяржавай правоў аўтараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў (гл.Аўтарскае права, Вынаходніцкае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫ́ДАЎ (Вадзім Васілевіч) (9.4.1931, в. Вязынь Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.2002),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1980), д-рхім.н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952), дзе і працуе з 1955 (з 1965 заг. кафедры), адначасова ў 1979—93 дырэктар НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па фотахіміі неарган. сістэм, хіміі фатагр. працэсаў, хіміі цвёрдага цела, праблемах выкладання хіміі. Устанавіў заканамернасці тэрмічнага раскладання, фатолізу і радыёлізу цвёрдых солей, заканамернасці фарміравання ультрадысперсных складаных аксідаў з сумесна асаджаных гідраксідаў металаў, умовы сінтэзу ў водным асяроддзі нанакрышт. металаў з рэгулюемым памерам часціц. Выявіў заканамернасці фарміравання нанаструктураваных і аморфных біметал. плёнак, у т. л. плёнак нераўнаважнага саставу, пры хім. і электрахім. асаджэнні. Распрацаваў прынцыпы фотаселектыўнага асаджэння металаў з раствораў і асновы яго выкарыстання для нанясення метал. плёнак на экспанаваныя ўчасткі падложак.
Тв.:
Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;
Химическое осаждение металлов из водных растворов. Мн., 1987 (у сааўт.);
Неорганический синтез. 2 изд. Мн., 2000 (разам з Г.А.Папковіч, А.І.Васілеўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫДЗЁНАК (Анатоль Іванавіч) (н. 7.7.1936, г. Орша Віцебскай вобл),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Акад.Нац.АН Беларусі (1986, чл.-кар. 1984), д-ртэхн.н. (1976), праф. (1981). Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1959 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (з 1967 заг. лабараторыі, з 1969 нам. дырэктара, з 1982 дырэктар). З 1990 дырэктар Аддзела праблем рэсурсазберажэння Нац.АН Беларусі. У 1987—92 чл. прэзідыума АН Беларусі. Навук. працы па матэрыялазнаўстве палімерных кампазітаў, тэорыі трэння і зносу цвёрдых цел, машынабуд. трыбоніцы, метадалогіі рэсурсазберажэння. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння фрыкцыйных матэрыялаў і канструкцый з палімераў і металапалімераў, правёў комплексныя даследаванні ўзаемасувязі іх структуры і ўласцівасцей. Прапанаваў метады кіравання структурай і фрыкцыйнымі ўласцівасцямі металапалімерных сістэм, метады і прыборы для даследавання паверхневых уласцівасцей палімераў і кампазітаў на іх аснове. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);
Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987 (у сааўт.);
Материаловедение и конструкционные материалы. Мн., 1989 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМАЛО́ГІЯ (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...логія),
раздзел геафізікі, які вывучае землетрасенні, будову глыбінных нетраў Зямлі. Падзяляецца на ўласна С., сейсмаметрыю і прыкладную С. Уласна С. аналізуе геагр. пашырэнне ачагоў землетрасення і сейсмаактыўных зон, выяўляе іх сувязі з унутрызямнымі працэсамі, вывучае ўнутр. будову Зямлі і вызначае межы падзелу яе «цвёрдых» абалонак (гл.Зямная кара, Мантыя і інш.), займаецца сейсмічным раянаваннем. Сейсмаметрыя распрацоўвае метады вывучэння пругкіх ваганняў слаёў Зямлі, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Прыкладная С. займаецца пытаннямі сейсматрывалага буд-ва, прагназуе землетрасенні. Як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. з развіццём яе тэарэт., метадычнай і інструментальнай частак. Вял. ўклад у С. зрабілі вучоныя: рус. Б.Б.Галіцын, ням. Э.Віхерт і Б.Гутэнберг, англ. Дж.Мілн і інш. На Беларусі сейсмалаг. даследаванні пачаліся з 1965 на сейсмічнай станцыі «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. У 1979 у Ін-це геал.навукНац.АН Беларусі створана Доследна-метадычная партыя, якая выконвае комплекс сейсмалагічных даследаванняў. Сейсмаметрычныя назіранні вядуцца на стацыянарных («Мінск», «Гомель», «Нарач», «Салігорск») і перасоўных сейсмічных станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ТАН-ТО́МПСАН ((Seton-Thompson) Эрнест) (14.8.1860, г. Саўт-Шылдс, Вялікабрытанія — 23.10.1946),
канадскі пісьменнік, прыродазнавец, мастак-анімаліст. Скончыў каледж мастацтваў у Таронта (1879), вывучаў выяўл. мастацтва ў Парыжы, Лондане, Нью-Йорку. Падарожнічаў, даследаваў жыццё жывёл. Арганізатар руху следапытаў у Амерыцы. Друкаваўся з 1883. Пісаў на англ. мове. Аўтар больш як 40 кніг пра жывёльны свет, індзейскую і эскімоскую нар. культуру. Вядомасць прынеслі праца «Жыццё дзікіх жывёл» (т. 1—8, 1925—27) і блізкія да навук.-папулярнай л-ры аповесці, апавяданні, нарысы «Дзікія жывёлы, як я іх ведаў» (1898), «Біяграфія грызлі» (1900), «Жыцці тых, на каго палююць» (1901), «Два малыя дзікуны» (1903), «Героі-жывёлы» (1906), «Біяграфія серабрыстага ліса» (1909), «Рольф сярод лясоў» (1911), «Кніга аб лесе» (1912) і інш. Аўтар маст. аўтабіяграфіі «След мастака-натураліста» (1940). Сам ілюстраваў свае кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДАРО́ВІЧ (Яўген Антонавіч) (н. 10.3.1928, г. Беразіно Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, экалогіі, інтрадукцыі раслін і ахове навакольнага асяроддзя. Чл.-кар. Нау. АН Беларусі (1989), д-рбіял.н. (1985), праф. (1986). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі тэхнал.ін-т (1952). З 1965 у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі (з 1971 нам. дырэктара, з 1976 дырэктар, з 1997 заг. лабараторыі). Навук. працы па тэарэт. асновах эколага-фізіял. маніторынгу раслін і аптымізацыі тэхнагеннага асяроддзя буйных прамысл. цэнтраў Беларусі сродкамі азелянення. Выявіў адаптацыйныя магчымасці і фітаіндыкацыйную значнасць расл. комплексаў у прамыслова развітых раёнах Беларусі. Распрацаваў матэм. мадэль прадукц. працэсу хвойных экасістэм. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Функционирование лесных фитоценозов в условиях антропогенных нагрузок. Мн., 1985 (разам з Ж.А.Рупасавай, Я.Р.Бусько);
Экологический мониторинг лесных ландшафтов Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);
Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995 (у сааўт.);
Радиационно-тепловой режим лесов Беларуси в условиях техногенной среды. Мн., 1997 (разам з Ж.А.Рупасавай, Я.Р.Бусько).