церушы́ць, церушу, цярушыш, цярушыць; незак.

1. што. Пераціраць, здрабняць што‑н. сухое. Васіліне не трэба было церушыць на далоні каласы і браць зерне на зуб, яна вокам вызначыла ступень спеласці збожжа. Хадкевіч. Васіль узяў жменьку трасты, пачаў церушыць: пасыпалася кастрыца, агаляючы тоўстыя, цемнаватага колеру валокны. Савіцкі.

2. што і чым. Прымушаць што‑н. сыпацца, падаць. Стаяла восень: вецер, пранізлівы і калючы, церушыў пажоўклае лісце бяроз, вольхі, асін, усцілаў гм дарогу. Сіўцоў. [Шыковіч] доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі. Шамякін.

3. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў. Купала. З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. В. Вольскі. / у вобразным ужыв. На чысты дол Пілы гнуткія цярушаць Пілавіння жоўты дождж. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак. і незак.

1. незак. Тое, што і цэліцца; цаляць. Мы за мір! А цэліць бомбай Не дазволім мы ў наш дом. Панчанка. Драпежнік цэліць бомбамі ў насціл, І леглі на вадзе крыві салдацкай меткі, Мо суджана і мне не перайсці, Але грымяць імклівыя танкеткі. Вітка. [Рымша:] — Ён [Анішчук], мусіць, толькі з ёю [Лучынінай] падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі. А кайданы ўсё мацней звінелі. І што ні крок — царкоўны перазвон. І кат ужо ў звон у гэты цэліў... Сіпакоў. // Мець намер. Машын вунь колькі калгас накупіў. У мільянеры цэліць. Даніленка. Не было як зразумець, куды цэліць афіцэр. Што ведае пра яго? Страшныя здагадкі перашкаджалі ўважліва слухаць. Асіпенка.

2. зак. Разм. Трапіць, папасці. Юркевіча запытанне цэліла ў .. самыя патайныя думкі [Юзіка]. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяпе́рашні, ‑яя, ‑яе.

1. Які існуе цяпер, мае адносіны да сучаснасці. Цяперашнія маркі тэлевізараў. □ [Сухадольскі:] — Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Крапіва. // Які з’яўляецца кім‑, чым‑н., працуе кім‑н. у сучасны момант; такі, які ёсць зараз (у процілегласць таму, што было даўней). Цяперашнія суседзі. □ — А гэта, — Ваўчок кіўнуў на Паходню, — цяперашні парторг эмтээс. Хадкевіч. Прыйшлі аднойчы старшыня сельсавета з сакратаром, а з імі разам Цімох, брыгадзір цяперашні. Адамчык.

2. у знач. наз. цяпе́рашняе, ‑яга, н. Тое, што ёсць, адбываецца зараз, цяпер; падзеі сучаснасці. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою. Колас. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі.

•••

Цяперашні час гл. час (у 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапта́цца, шапчуся, шэпчашся, шэпчацца; незак.

Гаварыць паміж сабой ціха, шэптам. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. І гэта было ўжо ў далёкім, здаецца, мінулым, калі мы ляжалі з.. [Жарнаком] побач пад зялёнымі жорсткімі коўдрамі і доўга шапталіся пра родныя вёскі, лугі... Брыль. // Ціхенька, па сакрэту займацца абгаворамі, плёткамі. А потым шапталіся [людзі] ў яго за спінаю пра заўчасную смерць яго бацькі — правізара Альшэўскага, пра катоўню ў Навагрудскай турме, пра Зосю. Бажко. [Усевалад:] — Цяпер .. [Галіна] падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб .. [Барыса] прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы. Скрыган. // перан. Слаба, ледзь чутно шумець, шапацець, журчаць і пад. Ціха шэпчуцца чароты, І калышацца аер. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штаб, ‑а; мн. штабы, ‑оў; м.

1. Орган кіравання войскам у часцях, злучэннях усіх відаў узброеных сіл, а таксама асобы, якія ўваходзяць у склад гэтага органа. Здаралася, што на адным дні штаб атрада мяняў некалькі месц. Кулакоўскі. Старыцу Паходня ўяўляў — ён разы два — тры быў у ёй, палі тут адзін час стаяў штаб партызанскай брыгады. Хадкевіч. // Памяшканне, збудаванне, у якім размяшчаецца такі орган. Новы камісар палка Яфім Фамін жыў тым летам у крэпасці. Начаваў у штабе. Кухараў.

2. перан. Кіруючы орган чаго‑н. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас.

•••

Генеральны штаб — цэнтральны орган кіравання ўзброенымі сіламі.

[Ням. Stab.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурм, ‑у, м.

1. Рашучая, напорыстая атака ўмацавання, апорнага пункта праціўніка. Па ўсім было бачна, што фашысты рыхтуюць штурм крэпасці. Кухараў. Пры штурме варожых акопаў смерцю смелых загінуў.. камісар. Брыль. // перан. Рашучы наступ на што‑н. для авалодання, асваення. Ішлі вы [камсамольцы] з песняй, як разводдзе, На штурм скал і дзікіх гор. Колас. Савецкія людзі спакойна і ўпэўнена рыхтуюць новы штурм сусветнай прасторы. «Звязда». Язда дасветнаю парою спрошчана: Ні штурмаў у дзвярах, ні таўкатні. Калачынскі. // перан. Рашучы, напорысты, актыўны наступ з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Капіталізм быў знішчаны штурмам, напорам рэвалюцыйных мас. Пшыркоў.

2. Разм. Тое, што і штурмаўшчына. Народу завіхалася тут [на месцы аварыі] не шмат, і ніякіх прыкмет штурму Лесавец не заўважыў; работа як работа; няхай ноч, няхай сцюжа, кожны, хто быў тут, ведаў, што яму рабіць. Хадкевіч.

[Ням. Sturm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шча́ўе, ‑я, н.

1. Шматгадовая травяністая і паўкустовая расліна сямейства драсёнавых, лісце якой мае кіслы смак і ўжываецца ў ежу. Такое высокае і сакавітае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. Вася натрапіў на багатую шчаўем мясціну і апусціўся на калені. Курто. Юстына кожны год рабіла тры градкі і сеяла на іх шчаўе. Гартны. // Лісце, сцябло такой расліны. Цяпер, седзячы ля стала, на табурэціку і перабіраючы шчаўе, Васілінка ўспамінае сваё небяспечнае падарожжа. Ус.

2. Страва, прыгатаваная з лісця гэтай расліны. Іванка і бацька хутка пасёрбалі шчаўя, забеленага малаком. Мележ. Потым разведчык, зацягнуўшы на выцвіўшай гімнасцёрцы ўсе свае «кавалерыйскія» рамяні, сядзеў за сталом і вельмі ахвотна сёрбаў шчаўе, сяк-так засіўленае смятанай. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лён, лянок ’валакніста-алейная расліна Linum usitatissimum L.’ (Нас., ТСБМ, Касп., Кл., Бес., Сцяшк., Бяльк., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’пража з ільну’ (Бяс., ТСБМ, КЭС, лаг.), ’кужаль’, ’льняное валакно на розных стадыях апрацоўкі’, ’гатаванае льняное семя, якое ўжываецца для прапіткі асновы’ (Уладз., Сл. паўн.-зах.). Укр. льон (лен, закарп. льон), рус. лён, польск. len (lan, lyn, lin, lyjn, lęn, ląn), палаб. lʼån, н.-луж. lan, в.-луж. len, чэш. len, славац. ľan, славен. lȃn, серб.-харв. ла̏н, макед. лен (lʼen, lъn), балг. лен, ле́нът, ц.-слав. льнъ ’тс’, ст.-слав. льнѣнъ ’льняны’. Прасл. lьnъ, якому адпавядаюць: літ. lìnas, linaĩ, лат. lins, lini, ст.-прус. linno, ст.-грэч. λίνον, алб. гег. lįni, ірл. līn ’сетка’, лац. līnum ’тс’, гоц. lein ’палатно’. Паводле Шрэдэра (Reallex, 1, 323) і Кастшэўскага (Sł. staroż. sł., 3, 42), ільнаводства было вядома індаеўрапейцам. Тое ж Слаўскі, 4, 150; Скок, 2, 266; Бязлай, 2, 123. Фасмер (2, 481) не выключае таксама і старажытнага культурнага запазычання. Махэк₂ (326) бачыць у гэтай лексеме рэшткі праіндаеўрапейскага субстрату. Сюды ж лённый ’ільняны, з ільну’ (Бяльк.), лёнішча ’поле, на якім рос лён’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), лёнок ’лянок, зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (Маш.), лёнок ’макрыца’ (ТС), бяроз. лёнык ’праснак з тоўчанага льнянога семя і мукі, які пяклі на Івана Купалу’ (Слав. і балк. фальклор, 141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калбата́ць ’мяшаць, збіваць яйкі з мукой’ (гродз., Мат. АС), калбоціць, калбаціць, калбуціць ’рашчыняць’, ’замешваць’, ’боўтаць’ (гродз., Сл. паўн.-зах.), калбоціцца ’боўтацца, пералівацца’ (Сцяшк. МГ), ’боўтацца, пялёскацца’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж і вытворныя: калбочаная яешня, калбатуха ’амлет, страва з малака, мукі, яец, перамешаных і спечаных на сале’ (Сцяшк. МГ), калбатун ’баўтун, неаплодненае яйцо’ (ашм., воран., іўеў., Сл. паўн.-зах.), калбатуха ’непрыгодная для яды страва, бурда’ (смарг., Сл. паўн.-зах.). Паводле фармальнага крытэрыю і лінгвагеаграфіі (слова прадстаўлена толькі на захадзе Гродзенскай вобласці) верагодней суаднесці яго з літ. kalbė́ti ’гаварыць’. Тут цікавы выпадак, калі ў прамым значэнні ’гаварыць’ слова не зафіксавана, ёсць толькі двухсэнсоўныя прыклады, такія, як калбатун ’балбатун’ («Калбатун кажуць на таго, хто многа гаворыць», лід., Сл. паўн.-зах., 2, 371). Двухсэнсоўны прыклад таму, што калбатун ’балбатун’ можа быць наватворам на базе калбатаць ’боўтаць’ > ’балбатаць’, аднак больш імаверна, што дэрыват суаднесены з калбатаць ’гаварыць’ або, дакладней, з экспрэсіўным варыянтам ’гаварыць’ — ’балбатаць’. Тут цікавы выпадак працэсу, пры якім суаднесеныя па адной прыкмеце запазычаны і спрадвечныя дзеясловы ўзаемадзейнічаюць такім чынам, што запазычаны — калбатаць (і інш. формы) атрымлівае прамую семантыку бел. баўтаць. Парадаксальным з’яўляецца тое, што былі суаднесены толькі пераносныя значэнні абодвух слоў, а за літуанізмам замацавана адно з асноўных значэнняў дзеяслова боўтаць. Запазычанае слова да таго ж было па-рознаму адаптавана (гл. формы вышэй), гэта, аднак, можна разглядаць і як пазнейшыя трансфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́йка ’чыгунка’ (палес., Выг.; Сл. паўн.-зах.; ваўк., Сцяшк. МГ). Да польск. kolej ’тс’, што датычыць словаўтварэння, непасрэднай крыніцай быў польскі дэмінутыў kolejka. Гл. яшчэ каляя. Значэнне ’чыгунка’ ў польск. тлумачыцца Слаўскім (2, 350). У канцы першай палавіны XIX ст. з’яўляецца выраз kolej żelazna — калька зах.-еўр. моў. Параўн. франц. chemin de fer, ням. Eisenbahn. Польск. kolej ’чыгунка’ ўтворана скарачэннем выразу kolej żelazna.

Кале́йка ’чарга’ (слон., Арх. Бяльк.; бяроз., Выг.; ашм., Марч., дыс.; Мат. Гом., Сцяц., Сцяшк. МГ), ’чарга пасвіць жывёлу’ (Мат. Гом., Сцяц., Сцяшк. МГ), ’тс’ (Мат. Гом.; лун., Шатал.). Сл. паўн.-зах. прыводзіць шэраг фіксацый з розных пунктаў на захадзе Беларусь Як асноўнае значэнне аўтары слоўніка выдзяляюць ’чарговасць на ўтрыманне пастуха, на выган і догляд жывёлы’ і адзначаюць яшчэ ’чарга’, ’ісці, рабіць па чарзе’. Не выключана, што значэнне ’чарга пасвіць жывёлу’ — інавацыя ў зах.-бел. гаворках на базе запазычанага польск. kolejka ’чарга’, якое да kolej ’тс’. Адносна далейшай этымалогіі гл. каляя. Сцяцко (Афікс. наз., 151) разглядае як уласца беларускае ўтварэнне з суф. ‑ейк‑акалейка ’чарга ў выглядзе кола’, што паводле таго ж лінгвагеаграфічнага крытэрыю і шырокай распаўсюджанасці слова ў зах. гаворках не пераконвае. Больш імаверна меркаваць, што калейка ’чарга пасвіць жывёлу’ нейкім чынам было суаднесена з бел. коло ’тс’, што і магло выклікаць інавацыю значэння запазычанага слова. Аднак гэта цяжка пацвердзіць, паколькі кола ’чарга’ — рэгіянальна абмежаванае ўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)