сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл.Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл.Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.
Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.
З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала і affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт валокнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННЫЯ БОЕПРЫПА́СЫ,
разнавіднасць ядз. боепрыпасаў з павышаным выхадам нейтроннага выпрамянення; зброя масавага знішчэння. Асн. частка энергіі Н.б. вылучаецца за кошт рэакцыі сінтэзу ядзер дэйтэрыю і трытыю; колькасць энергіі, што атрымліваецца ў выніку дзялення цяжкіх ядраў у дэтанатары, дастатковая для пачатку рэакцыі сінтэзу. Кампаненты (дэйтэрый і трытый) уваходзяць у састаў зарада ў выглядзе цвёрдага рэчыва (гідрыду металу) або знаходзяцца ў сціснутым газападобным стане. Пры выбуху Н.б. на ўтварэнне пранікальнай радыяцыі траціцца да 70% энергіі за кошт змяншэння затрат на інш. паражальныя фактары (ударная хваля, светлавое выпрамяненне і інш.). На аднолькавай адлегласці ад эпіцэнтра выбуху доза пранікальнай радыяцыі ў Н.б. у 5—10 разоў большая, чым у ядз. боепрыпасаў той жа магутнасці. Выкарыстоўваюцца ў артыл. снарадах, бомбах, баявых частках ракет і інш.Вытв-сць Н.б. пачалася ў ЗША і некаторых інш. краінах у пач. 1980-х г.
П.В.Сычоў, І.У.Мацвееў.
Да арт.Нейтронныя боепрыпасы. Схема нейтроннага снарада «пушачнага» тыпу: 1 — корпус з сістэмай утрымання плазмы ў зоне рэакцыі; 2 — сумесь дэйтэрыю і трытыю; 3 — адбівальнік нейтронаў; 4 — зарад плутонію 239; 5 — зарад выбуховага рэчыва; 6 — дэтанатар; 7 — крыніца нейтронаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,
зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 103—106 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл.Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.
Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКАЗА́ЛЬНІК,
пералік упарадкаваных паводле алфавітнай, храналагічнай, нумарацыйнай ці інш. прыкметы апісанняў твораў друку і пісьменства, назваў прадметаў, уласных імён, абазначэнняў і інш., які дазваляе хутка знаходзіць неабходныя звесткі ў адпаведным інфарм. масіве. Паводле зместу і прызначэння традыцыйна адрозніваюць П. бібліягр. і дапаможныя. Бібліягр. П. з’яўляецца разнавіднасцю бібліягр. дапаможнікаў; мае самаст. даведачнае значэнне (гл.Бібліяграфія). Дапаможны П. не мае самаст. даведачнага значэння; выступае ў якасці даведніка па тэксце, ён абавязковы для даведачных, навук. і навуч. выданняў. Складаецца са спасылак да тэксту (старонкі, нумары параграфаў і да т.п.), якія паказваюць на месца знаходжання інфармацыі. У залежнасці ад зместу рубрык П. бываюць імянныя, прадметныя, геагр. і інш.; паводле прынцыпу размяшчэння матэрыялу — алфавітныя, сістэматычныя, храналагічныя і інш.; паводле структуры рубрык — простыя і разгорнутыя П., а пры наяўнасці дадатковых звестак — анатаваныя. Па ступені раскрыцця зместу дакумента бываюць П. да ўсяго тэксту, часткі тэксту, па аднаму ці некалькіх аспектах. Выбар тыпу П. залежыць ад зместу выдання, яго чытацкага прызначэння, аб’ёму, традыцый у канкрэтных галінах ведаў. Чым больш складаны тэкст выдання, тым больш разнастайныя П. да яго.
Літ.:
Кунце Х. Составление вспомогательных указателей: Пер. с нем. М., 1977;
Призмент Э.Л., Динерштейн Е.А. Вспомогательные указатели к книжным изданиям. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.Грэй, О.Холмс, Д.Франк, К.Левелін, Е.Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад ўвагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,
сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.С.Фурнье, удасканалена Ф.А.Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.
У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны 1/72франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны 1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.
Літ.:
Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.