запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.А.Карпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЎ (Narew),
рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскай вобл.) і ў Польшчы, правы прыток р.Зах. Буг (бас.р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс.км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр. ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.
самыя вялікія шыротна-занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі. Характарызуюцца асаблівасцямі рэжыму цяпла і вільгаці, цыркуляцыі паветраных мас [гл.Кліматычныя паясы (зоны)], рытмікай біягеахім. і геамарфал. працэсаў, вегетацыі расліннасці, складам глеб, расл. покрыва, жывёльнага свету і інш. Кліматычныя фактары ў межах пояса могуць рэзка адрознівацца, што дазваляе вылучаць унутры кожнага пояса зоны геаграфічныя і падзоны. На канфігурацыю П.г., іх памеры ўплываюць аддаленасць ад акіянаў (вылучаюцца сектары: прыакіянічны, унутрымацерыковы і пераходны паміж імі), рэльеф (вышынная пояснасць), марскія цячэнні. На сушы вылучаюць экватарыяльны пояс, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы, субтрапічныя паясы, умераныя паясы; у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я размяшчаюцца субарктычны пояс і арктычны пояс, у Паўд. паўшар’і — адпаведна субантарктычны пояс і антарктычны пояс. П.г. існуюць і ў Сусветным ак., дзе ім уласціва большая аднароднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́ (у Латвіі Даўгава),
рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс.км²). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на З па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл. шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял. доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м³/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м³/с, у вусці 666 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).
А.А.Макарэвіч.
Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРА́,
рака на ПдЗУсх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл.бас. 1040 тыс.км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСКА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (франц. Golfe de Gascogne, ісп. Golfo de Vizcaya),
заліў у Атлантычным ак. каля зах. берагоў Еўропы. Уразаецца ў сушу на 400 км, абмывае берагі Францыі і Іспаніі. Пл. каля 194 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1715 м, найб. — 5120 м. У Біскайскі заліў упадаюць рэкі Луара і Гарона. Берагі на Пн ад вусця р. Гарона скалістыя, на Пд — нізкія, слаба парэзаныя; берагі Пірэнейскага п-ва скалістыя і абрывістыя. Найбольшыя а-вы Бель-Іль, Нуармуцье, Рэ, Алерон і інш.Т-ра паверхневых водаў у лют. на Пн 5—6 °C, на Пд 12—13 °C, у жн. адпаведна 10 °C і 20—22 °C. Салёнасць 35‰. Прылівы паўсутачныя (выш. да 6,7 м). Моцныя цячэнні, частыя штормы. Рыбалоўства (сардзіны, камбала), промысел вустрыц. Курорты (Біярыц і інш.). Асн. парты: Брэст, Сен-Назер, Ла-Рашэль, Бардо (Францыя), Сан-Себасцьян, Більбао, Сантандэр, Хіхон (Іспанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛХІ́ДСКАЯ НІЗІ́НА, Рыёнская нізіна,
у Заходнім Закаўказзі, у ніжнім цячэнні рэк Рыёні і Інгуры і на ўзбярэжжы Чорнага м., у Грузіі. Працягласць з 3 на У каля 100 км. Выш. да 100—150 м. К.н. — алювіяльная раўніна, што займае ўпадзіну сінклінальнай будовы; магутнасць алювію антрапагену да 700 м. Мінер. крыніцы (Цхалтуба). Паверхня ў зах.ч. са старарэччамі, прырэчышчавымі валамі, невысокімі пясчанымі масівамі; забалочаныя абшары. Клімат субтрапічны вільготны, з мяккай зімой, невял. амплітудамі т-р, багатымі ападкамі на працягу года (у сярэднім 1500 мм). Сярэдняя т-растудз. 4,5—6 °C, жн. 23—24 °C. К.н. перасякаюць рэкі Рыёні, Інгуры і інш. Каля мора воз. Палеастомі. На З пераважаюць балотныя ландшафты з асакова-разнатраўнай і трысняговай расліннасцю, альховымі лясамі. На прыўзнятых участках растуць шыракалістыя лясы з ліянамі і вечназялёнымі хмызнякамі. Вырошчванне субтрапічных культур (цытрусавыя. чай, тунг). Асушэнне балот. У межах К.н. — Калхідскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРА́ЛЬ (ад лац. litoralis берагавы, прыбярэжны),
літаральная зона, зона марскога дна, якая затапляецца ў час прыліву і асушаецца пры адліве. Шырыня Л. ад некалькіх метраў да некалькіх кіламетраў (залежыць ад нахілу дна і амплітуды прыліўна-адліўных ваганняў). Часам у Л. уключаюць супралітараль і сублітараль. Л. на азёрах — прыбярэжная частка вадаёма, якая знаходзіцца пад уздзеяннем ветравых хваль, часам Л. лічаць падводную акумуляцыйную тэрасу ці спадзістую берагавую водмель, занятую доннай расліннасцю. Для Л. характэрны спецыфічны раслінны і жывёльны свет, прыстасаваны да перыяд. асушэння дна, багацця святла, інтэнсіўных рухаў вады (прыбой, хваляванні, цячэнні), рэзкіх сезонных і сутачных ваганняў т-ры і салёнасці вады. У Л. выяўлены карысныя выкапні (гл.Літаральныя адклады). Зона Л. вызначаецца багаццем фауны і флоры, асабліва ў трапічных морах. У вадаёмах Беларусі літаральная зона распасціраецца да глыбіні 2 м, зарастае воднай расліннасцю, трыснягом і чаротам, служыць месцам нерасту і кармлення рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАСПА́Д,
падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць у месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні. Найб. вядомы Ніягарскі вадаспад у Паўн. Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспадаў могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных. Самы высокі ў свеце вадаспад Анхель на р. Чурун у Паўд. Амерыцы (1054 м), самы шырокі — Вікторыя на р. Замбезі (шыр. 1800 м, выш. 120 м), найб. каскад вадаспадаў на р. Тугела (933 м) у Афрыцы. Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для буд-ваГЭС (напр., вадаспад Ківач на р. Суна ў Карэліі). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і інш. гідратэхн. збудаваннямі.
Да арт. Вадаспад. Схематычны профіль Ніягарскага вадаспада.Вадаспад у гарах Паўночнага Каўказа.