АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.​Ж.​Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.​Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.​С.​Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),

1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл. Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.

2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.​Дзідро, Л.​С.​Мерсье ў Францыі, Г.​Э.​Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.​П.​Чэхава, Б.​Шоу, Б.​Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.​Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.​Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.​Коласа («Антось Лата»), Л.​Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.​Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.​Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял. Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Радавыя» А.​Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.​Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.​Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.​Марчука, «Пятля часу» Р.​Баравіковай і інш.).

Літ.:

гл. ў арт. Драматургія.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМН (грэч. hymnos),

урачыстая песня. У сучасным разуменні разам з дзярж. гербам і дзярж. сцягам з’яўляецца афіц. сімвалам дзяржавы (гімн дзяржаўны). Існуюць таксама гімны рэв., парт., вайск., рэліг., спарт., прысвечаныя пэўным гіст. падзеям, святам, героям і інш. Іх выконваюць у час афіц. дзярж. мерапрыемстваў, масавых маніфестацый, святкаванняў, мітынгаў, сходаў, спарт. спаборніцтваў і інш. Прызначэннем гімна абумоўлены іх муз.-паэт. асаблівасці: заклікальнасць, узнёсласць, рытарычнасць муз. лексікі, велічнасць, шырыня, рытмічная размеранасць (часта маршавасць) музыкі. У розныя часы ствараліся і сатырычна-парадыйныя гімны. Змест паняцця гімна змяняўся ў працэсе гіст. развіцця. Найстаражытнейшыя гімны — малітоўныя песнапенні лірычнага характару (Егіпет, Месапатамія). У Стараж. Грэцыі гімнамі называлі харавыя песні ў гонар багоў і герояў, разнастайныя культавыя песнапенні (дыфірамб, праомія, прасодыя, пеон і інш.). У перыяд ранняга хрысціянства гімнамі лічыліся страфічныя духоўныя песні. У богаслужэнне хрысц. Рымскай царквы гімн ўведзены ў 4 ст. н. э., у інш. краінах Зах. Еўропы — у 5—6 ст. З 14 ст. вядомы ўзоры гімнічнага шматгалосся (творы Г.Дзюфаі). Сац.-рэліг. рух 15—16 ст. спарадзіў новыя, аддаленыя ад царк. абраду формы гімна, разнастайныя пратэстанцкія гімны, у якіх адчувальны ўплыў нац. фальклору. На Беларусі пашырэнне рэфармацыйных ідэй суправаджалася пранікненнем пратэстанцкіх песнапенняў. Своеасаблівай разнавіднасцю гімна сталі распаўсюджаныя на Беларусі з 2-й пал. 16 ст. канты і псальмы (свецкія харавыя песні) — носьбіты сутнасных рыс беларусаў, адлюстраваных у муз.-паэт. вобразнасці гэтых твораў (напр., героіка-патрыят. кант «Даруй спакой» А.​Філіповіча, 1646). Канты-гімны друкаваліся ў канцыяналах, багагласніках, у т. л. ў адных з першых ва Усх. Еўропе друкаваных зб-ках «Брэсцкі канцыянал» (1558), «Нясвіжскі песеннік» (1563). Да 19 ст. гімн сфарміраваўся як урачыстая песня свецкага характару. У працэсе рэв. і нац.-вызв. барацьбы з’явілася шмат песень-гімнаў, у т. л. «Марсельеза» К.​Ж.​Ружэ дэ Ліля, «Гімн свабодзе» Ф.​Гасека, «Гімн розуму» Э.​Мегюля (Францыя), «Гімн Гарыбальдзі» А.​Аліўеры (Італія), «Гімн Рыега» Ф.​Уэрты (Іспанія), «Ракацы-марш» (Венгрыя), «Мазурка Дамброўскага» (Польшча). «Інтэрнацыянал» П.​Дэгейтэра стаў гімнам салідарнасці працоўных. На Беларусі ў час паўстання 1863—64 пашырыліся баявыя (ваяцкія) песні-гімны (таксама польскія і бел. паўстанцкія гімнічныя песні на вершы Ф.​Ражанскага). Шмат бел. песень-гімнаў напісана ў час рэв. руху пач. 20 ст.: «А хто там ідзе?» Л.​Рагоўскага, «Не пагаснуць зоркі ў небе» М.​Янчука, «Гэй, наперад, покі сэрца б’ецца» (усе на вершы Я.​Купалы), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» М.​Тэраўскага на вершы М.​Краўцова, «Пагоня» М.​Куліковіча-Шчаглова на словы М.​Багдановіча і інш.

У 1955 Дзярж. гімнам Рэспублікі Беларусь зацверджана песня «Мы беларусы», напісаная кампазітарам Н.​Сакалоўскім на словы М.​Клімковіча. У характары і стылістыцы гімна шмат песень створана бел. кампазітарамі: «Радзіма мая дарагая» У.​Алоўнікава на словы А.​Бачылы, «Беларусь — мая песня» Ю.​Семянякі на словы М.​Браўна, «Песня пра Нёман» Сакалоўскага на словы А.​Астрэйкі, а таксама «Жыві, Беларусь» А.​Багатырова, «На родных прасторах» Р.​Пукста, «Красуй, Беларусь» Я.​Цікоцкага, «Беларусь — наша родная маці» Сакалоўскага. У пач. 1990-х г. песні-гімны створаны У.​Мулявіным («Пагоня» на словы М.​Багдановіча), В.​Раінчыкам («Жыве Беларусь» на словы Л.​Пранчака), В.​Войцікам («Патрыятычны кант» на словы аўтара) і інш. Жанравыя рысы гімна маюць асобныя часткі, фрагменты, тэмы ў буйных муз. творах розных жанраў (фінал 9-й сімфоніі Л.​Бетховена, 8-я сімфонія Г.​Малера, хор «Слаўся» з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Гімн вялікаму гораду» з балета «Медны коннік» Р.​Гліэра, «Гімн жыццю» — фінал 10-й сімфоніі М.​Аладава, «Жыццесцвярджэнне» — фінал 5-й сімфоніі Цікоцкага і інш.).

Літ.:

Бернштейн Н.Д. История национальных гимнов. Пг., 1914;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Gerber R. Zur Geschichte des mehrstimmigen Humnus. Musikwissenschaftliche Arbeiten. B. 21. Kassel, 1965.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎКА,

апрацоўка металаў шматразовым перарывістым ударным уздзеяннем кавальскага інструменту на нагрэтую загатоўку. У выніку яна дэфармуецца і паступова набывае зададзеныя форму і памеры. Адрозніваюць К. ручную і машынную. Машынная К. робіцца на ковачных машынах і бывае свабодная — з выкарыстаннем плоскіх байкоў (адзінкавая і дробнасерыйная вытв-сць) або ў штампах (масавая і буйнасерыйная вытв-сць). Асн. аперацыі К.: асадка, высадка, працяжка, раскатка, прашыўка.

З стараж. часоў К. самародных медзі, бронзы, волава, серабра, золата, метэарытнага і вырабленага (сырадутнага) жалеза стала адным з асн. спосабаў апрацоўкі металаў, пашыраным рамяством — кавальствам. Халодная, а затым і гарачая К. вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце і інш. Кавальства раней за інш. рамёствы вылучылася з земляробства, у сярэдневякоўі дасягнула росквіту ў краінах Зах. Еўропы. Да 15—16 ст. завяршылася спецыялізацыя кавальства па галінах (выраб халоднай і агнястрэльнай зброі, інструментаў, дэталей с.-г. прылад, дзвярэй і сундукоў куфраў*, каганцоў, замкоў, гадзіннікаў і інш.). Каваныя вырабы ўпрыгожваліся насечкай, узорамі, сусальным золатам, бронзавай паталлю і інш. (гл. Коўка мастацкая). У 16 ст. з’явіліся першыя мех. молаты, у пач. 19 ст. пачала выкарыстоўвацца машынная штампоўка, у сярэдзіне 19 ст. вынайдзены паравы молат (Дж.​Несміт, Англія), у канцы гэтага ж стагоддзя з’явіўся гідраўлічны прэс. Кавальства ператварылася ў асобную галіну прамысл. вытв-сці — кавальска-прэсавую вытворчасць, у якой зліткі, сартавы і профільны пракат, лісты і інш. загатоўкі (пры неабходнасці нагрэтыя ў полымных і эл. печах) апрацоўваюць на ковачных машынах. У 19—20 ст. распрацаваны асновы тэорыі К. (П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, М.С.Курнакоў, С.І.Губкін і інш.).

На Беларусі К. вядома з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невял. паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі коп’яў, нажы, долаты, конскую збрую і інш. Кавальства набывае пашырэнне ў 11—13 ст., калі становіцца высокаразвітым гарадскім рамяством. У 16 ст. ўзнікаюць першыя кавальскія цэхі, якія аб’ядноўваліся з іншымі (пераважна слясарнымі) ці вылучаліся ў самаст. прадпрыемствы. Значнага развіцця кавальства дасягнула ў 17—18 ст., калі ў гарадах працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцей: нажоўшчыкі, мечнікі, замочнікі, кацельшчыкі і інш. Большасць гарадскіх майстроў працавалі ў сферы манументальнага буд-ва: выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя поручні, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. У 19 ст. з развіццём прам-сці гарадское кавальства заняпала, адначасова расла яго роля ў вёсцы. Асн. работамі тут былі акоўка трансп. сродкаў, падкоўванне коней, выраб с.-г. інвентару (сярпоў, сашнікоў, матык, драпешак), слясарнага і сталярнага інструменту (сякер, свярдзёлкаў, стругаў, долатаў, скобляў), прылад хатняга ўжытку (секачоў, качэргаў, багроў, бязменаў і інш.), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завес, клямак, замкоў, крукоў, зашчапак, кратаў і інш.). Для занятку К. будавалі драўляную, часам глінабітную ці цагляную кузню, абсталёўвалі яе кавальскай печчу (горнам), калодай з кавадлам, карытам з вадой для ахаладжэння і загартоўкі вырабаў, варштатам. Як кавальскі інструмент выкарыстоўвалі абцугі, малаткі, ціскі, прабойнікі, зубілы, метчыкі, цвікарні, дрылі, тачыла і інш. Вугаль (драўняны) набывалі на смалакурнях ці выпальвалі самі. Асн. кавальскай аперацыяй было награванне дачырвана загатоўкі і наданне ёй ударамі малатка патрэбнай формы. Вырабы пры неабходнасці загартоўвалі, цэментавалі, адпускалі, злучалі кавальскай зваркай, клёпкай, хамутамі. У наш час К. ў традыцыйным выглядзе захоўваецца пры калгасных і саўгасных майстэрнях, дзе з’яўляецца дапаможнай аперацыяй пры рамонце с.-г. тэхнікі і інвентару, абслугоўванні бытавых патрэб насельніцтва і звычайна спалучаецца з газа- і электразваркай.

Літ.:

Ковка и объемная штамповка стали: Справ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1967—68;

Семерак Г., Богман К. Художественная ковка и слесарное искусство: Пер. с чеш. М., 1982;

Беларусы: У 8 т. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995.

Я.​М.​Сахута, У.​М.​Сацута.

т. 8, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКАКО́ (франц. rococo),

стыль у еўрап. пластычных мастацтвах і архітэктуры 1-й пал. 18 ст.

Узнік у Францыі ў перыяд крызісу абсалютызму, адлюстраваў уласцівыя для арыстакратыі геданістычны настрой. імкненне ўцячы ад рэчаіснасці ў свет тэатралізаванай гульні. Сярэдневяковай рэліг. дагматыцы і строгай маралі проціпастаўляў вольны нораў, пераборлівы густ, патрабавальнасць у забавах. У краінах Зах. Еўропы і Расіі Р. — пераважна своеасаблівы мясц. варыянт позняга барока. Характарызаваўся надзвычайнай вытанчанасцю сродкаў маст. выразнасці, імкненнем да стварэння ўражання лёгкасці і прывабнасці. Стылявая сістэма Р. будавалася на поўным. адмаўленні архітэктонікі, на свабоднай і абстрактнай пластычнай мадэліроўцы прасторавых і арнаментальна-дэкар. кампазіцый. У пластычных мастацтвах Р. паўплывала на характар дэкору, які набыў падкрэслена мудрагелісты і ўскладнены характар. На раннім этапе развіцця Р. (1700—25, т.зв. стыль рэгенцтва) формы барока страцілі сваю манументальнасць. у афармленне памяшканняў уводзіўся дробны арнамент, прадметам інтэр’ера надаваліся вычварныя паверхні. Развіты этап Р. (1725—50, т.зв. стыль Людовіка XV) характарызаваўся выкарыстаннем складаных разных і ляпных узораў, завіткоў, ракайля і інш.; у аддзелцы памяшканняў важную ролю сталі адыгрываць рэльефы і жывапісныя пано ў вытанчаных абрамленнях, шматлікія люстэркі і інш. Архітэктуры Р. ўласціва візуальнае разбурэнне буд. канструкцый, наданне ім расл. форм, ілюзорнае пашырэнне рэальнай прасторы з дапамогай вял. колькасці люстэркаў, залачэння, хрусталю. Быў пераважна сістэмай дэкору інтэр’ераў, афармленне якіх спалучалася з адносна строгім вонкавым абліччам збудаванняў. Сярод архітэктараў, якія працавалі ў такім стылі Ж.​М.​Апенар, Ж.​Бафран, Ж.​А.​Мейсанье (Францыя), Г.​Кнобельсдорф, Б.​Нойман, Д.​Пёпельман (Германія), В.​Растрэлі, С.​Чавакінскі (Расія) і інш.

На Беларусі рысы Р. выявіліся ў палацава-сядзібнай і культавай архітэктуры 18 ст. Важную ролю ў стварэнні арх. аблічча палаца, узбагачэння яго аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі адыгрывалі пластычныя формы мансардавага даху з заломам (Гродзенскі Новы замак) вуглавыя алькежы з фігурнымі шлемамі ў завяршэнні (Дзятлаўская сядзіба). Гал. акцэнтам быў цэнтр. рызаліт (сядзібны дом у р.п. Татарка Асіповіцкага р-на), часам завершаны крывалінейным франтонам або шчытом перарывістага плаўнага малюнка (Лявонпальская сядзіба). У маляўнічых прыгарадах магнаты будавалі сядзібныя дамы, паляўнічыя домікі, якія мелі рысы Р. (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Станіславоўская сядзіба, Аўгустоўскі палац у б. прыгарадзе Гродна і інш.). У інтэр’еры палацаў і сядзібных дамоў стыль Р. выявіўся пераважна ў мудрагелістай, часта асіметрычнай аддзелцы арнамент. матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін. Для памяшканняў характэрна анфіладная планіроўка, канфігурацыя планаў набыла складаную форму (авал, многавугольнік). Пластычныя арх. формы інтэр’ера арганічна спалучаны з дынамічным арнаментальным дэкорам. У культавых збудаваннях рысы Р. выявіліся ў арх. формах віленскага барока, у канструкцыі і дэкоры алтароў, якія завяршаліся фігурнымі шчытамі (у касцёле бернардзінцаў у г. Слонім), амбонаў (у касцёлах езуітаў у Гродне, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.) і інш. абсталявання храмаў (бра ў касцёле бернардзінцаў у Гродне). Майстры садова-паркавага мастацтва ўносілі арнаментальнае багацце палацавага інтэр’ера ў формаўтварэнне зялёных насаджэнняў, якія набывалі шарападобныя, пірамідальныя, кубападобныя формы. Дамінуючым элементам кампазіцыі паркаў былі курціны з перспектывамі; месцы адпачынку абсталёўвалі ажурнымі альтанкамі. Кветнікі і газоны набывалі ракайльны і арабескавы малюнак (парк у г.п. Свіслач).

Літ.:

Кулагін А.М. Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Ракако. Амбон Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. 1745.
Да арт. Ракако. Ф.​Бушэ. Трыумф Венеры. 1740.
Да арт. Ракако. Падсвечнік. Беларусь. 18 ст.
Да арт. Ракако. І.​М.​Гопенгаўпт. Пакой для музыкі ў палацы Сан-Сусі. Патсдам. Германія. 1746—47.
Да арт. Ракако. І.​М.​Камблі. Камода з антрапаморфным і раслінным дэкорам. Германія. Каля 1765.
Да арт. Ракако: Інтэр’ер касцёла ў г. Дысен. Германія. 2-я пал. 18 ст.

т. 13, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жо́ўкнуць ’рабіцца жоўтым, жаўцець (пра зеляніну)’ (ТСБМ). Рус. же́лкнуть, укр. жо́вкнути, польск. żółknąć, славац. žltnúť, дыял. žlknuť, балг. жлътвам се, серб.-харв. жу̏тнути ’жоўкнуць’, чэш. žluknouti ’набываць непрыемны запах і горкі смак, псавацца (пра тлушч)’, славен. žółgniti, žółkniti ’псавацца (пра арэхі, муку і г. д.)’. Балг., серб.-харв., славац. формы з ‑t‑ адлюстроўваюць кантамінацыю з жоўты (гл.). Для іншых рэканструюецца прасл. *žьlknǫti са значэннем ’псавацца, горкнуць, жоўкнуць (пра зеляніну)’, дзе ‑nǫ‑ti — дзеяслоўныя суфіксы. Элемент *žьlk‑ (Брукнер, 665) выступае ў значэнні ’горкі’ (жоўклы агурок, жаўкляк таксама, як і тлушч, і арэхі, горкі); ён, аднак, ужо адлюстроўвае ўплыў *žьlt‑. Зыходнай слав. формай можна лічыць *zьlknǫti. Магчыма, такая форма адлюстравана ў чэш. дыял. zelknouti, zliknút ’жоўкнуць’, zalklý ’затхлы’, якія прыводзіць Махэк₂, 729. Менавіта ад формы *zьlk‑ ’горкі’ ўтвораны адцягнены назоўнік ад прыметніка на > ‑ь: *zьlčь ’жоўць’, адлюстраваны ў ранейшых. ст.-слав. помніках як злъчь. Назва жоўці (гл.) потым зазнала ўплыў слова жоўты, як і жоўкнуць. І.‑е. адпаведнікам для *zьlk‑ ’горкі’, магчыма, трэба лічыць занатаваную у Покарнага (1, 434) форму gʼhēlā: ст.-інд. hālā ’гарэлка’, грэч. χάλις ’неразбаўленае віно’. Але магчыма, што сюды і корань gʼhel‑ (Покарны, 1, 429), прадстаўлены грэч. χολος ’жоўць, злосць’, ст.-в.-ням. galla ’тс’. ‑к‑ звычайна — пашырэнне кораня. Магчыма, без гэтага пашырэння корань прадстаўлены ў *zъlъ (гл. злы), які ў Покарнага (1, 489–90) семантычна не вельмі верагодна аднесены да сям’і *g̑h​uel ’згінацца’: не выпадкова так шырока вядома пераноснае значэнне *žьlčь ’злоба’. Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (729) супастаўляў žluknouti (бел. форму ён не ўказваў) з рус. ёлкийбел. ёлкі, ёлкнуць, гл.) і выводзіў žluknouti з jьz‑jьlъk‑nǫti. Фасмер (2, 43 і 45), спасылаючыся на познюю фіксацыю желкнуть, схільны лічыць яго прадуктам трансфармацыі желтый, а ўзнікненне ‑к‑ на месцы ‑т‑ тлумачыць праз форму *žьltlъ (адкуль желклый), у якой, відаць, адбылася дысіміляцыя. Так ці іначай форма жоўкнуць*zьlčь > жоўць) у далейшым семантычна развівалася побач з жоўты і пад яго моцным уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Какту́н ’нараст на дрэве’ (Бяльк.). Статус слова няясны (адзіная фіксацыя на бел. моўнай тэрыторыі, адсутнасць паралелей і бел. адпаведнікаў), што не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб прыналежнасці лексемы да бел. мовы. Разглядаючы ‑ун як суфіксальнае, можна выдзеліць аснову какт‑ (кокт) і суаднесці яе з рус. кокта і какта ’дрэва, вывернутае з коранем цячэннем і выкінутае на водмель або якое завязла на дне рэчкі’ (валаг.). Іншыя значэнні рус. лексем (’частка сахі’, ’дрэўка ў брадніку’ і інш.) дазваляюць меркаваць, што гэтыя словы частковыя сінонімы да кокора і пад., для якога значэнні ’патаўшчэнне’, ’нараст’ з’яўляюцца натуральнымі. Можна меркаваць, што слоўнікі не адзначылі ўсіх семем для рус. кокта, у прыватнасці, такіх, як ’сук’, ’парастак’, ’нараст’. Рус. дыял. конта можна разглядаць і як двухсэнсоўны прыклад аналагічны кокот, г. зн. лексемы або ўскосна, або, магчыма, і генетычна суадносяцца з назвамі курыцы або пеўня. У першым выпадку ўскосная сувязь разумеецца як ад’ідэацыя, суаднясенне тэрміна з назвай птушкі і пашырэнне або трансфармацыя семантыкі ў выніку гэтага. Вельмі двухсэнсоўныя прыклады: рус. кокот (магчыма, як ’певень’, у Афанасьева, арханг.), ’вілы з двума жалезнымі тачкамі’, ’разгалінаваны сук, вялікая галіна’, наўг. кокта ’курыца, кульба, малая какора на сялянскай страсе’, пск., асташк цвяр. коктиться ’ўладкоўвацца зручней, усесціся, улегчыся’, кочет ’певень’ і ’ручка ў касільна’, кочетина ’вялікі певень’ і ’жэрдкі або дрэва, загнутыя з аднаго боку або з часткай кораня, якія ўтрымліваюць салому на даху’, куричина ’жэрдка з загнутым канцом’, ’дышаль сахі’, магчыма, і арханг. курка ’губа на дрэве’ (хоць апошняе, магчыма, да курить ’дыміць’) і да т. п. Калі дапусціць, што дэрываты ад кокш‑ могуць суадносіцца з назвай курыцы, можна меркаваць, што значэнне ’нараст’ для такога заоніма не з’яўляецца незвычайным; ва ўсякім разе можна прыгадаць балг. дыял. кокошинец ’мазоль, бародаўка’, кокоши трън ’тс’. Гэта, аднак, вельмі няпэўныя меркаванні. Да магчымай формы кокша ’курыца’ параўн. серб.-харв. кокша (прыклад вельмі ненадзейны, не выключана, што ўтвораны як рыфмаваная структура на базе іншай, параўн. RHSJ, 5, 175): нам, аднак, гэты прыклад важны як магчымая словаўтваральная паралель да рус. лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,

від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.

У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д. Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).

Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар. т-ра масак — італьян. камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.​С.​Станіслаўскі (гл. Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.​Меерхольда, Б.​Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).

Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл. т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.

Развіццё бел. прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.​Ждановіча, У.​Галубка, У.​Крыловіча, Г.​Грыгоніса, К.​Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.​Уладамірскі, Г.​Глебаў, А.​Ільінскі, Л.​Ржэцкая. Акцёры Б.​Платонаў, І.​Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.​Дзядзюшка, Ц.​Сяргейчык, В.​Галіна, В.​Пола, І.​Шаціла, М.​Бялінская, М.​Звездачотаў, Р.​Кашэльнікава, Я.​Глебаўская, А.​Радзялоўская, С.​Бірыла, А.​Шэлег.

З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.​Станюта, Л.​Рахленка, З.​Стома, Г.​Макарава, Ф.​Шмакаў, І.​Матусевіч, З.​Канапелька, З.​Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.​Тарасаў, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, М.​Захарэвіч, П.​Дубашынскі, А.​Мілаванаў, Г.​Талкачова, У.​Куляшоў, Г.​Дубаў, Т.​Кокштыс, Я.​Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.​Кумельскі, А.​Кістаў, Дз.​Арлоў, А.​Клімава, Р.​Янкоўскі і інш.).

У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.​Купалы і Я.​Коласа, з 1945 у Бел. тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.

У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.​Пікфард, Л. і Д.​Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.​Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.​Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.​Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.​Чаплін, Д.​Фербенкс, Пікфард, Л.​Гіш, І.​Мазжухін, А.​Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.​Габэн, М.​Сімон, М.​Дзітрых, В.​Лі, Л.​Аліўе, Ч.​Лоўтан, Г.​Гарба, Х.​Богарт, Г.​Фонда, Б.​Бабачкін, В.​Марэцкая, Л.​Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.​Філіпа, Ж.​Маро, Дж.​Мазіны, М.​Мастраяні, С.​Ларэн, І.​Тулін, М. фон Сюдаў, Б.​Ланкастэра, С.​Трэсі, М.​Бранда, З.​Цыбульскага, Л.​Вініцкай, С.​Бандарчука, І.​Смактуноўскага, Д.​Баніёніса, М.​Ульянава.

У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.​Дэпардзьё, Дж.​Нікалсан, Д.​Хофман, Дж.​Фонда, Л.​Ульман, Х.​Шыгула).

У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.​Крыловіч, В.​Пола, Б.​Платонаў, Л.​Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.​Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.​Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.​Дзянісава, В.​Белахвосціка, Т.​Мархель, У.​Гасцюхіна, Г.​Гарбука, М.​Яроменкі, С.​Сухавей.

Літ.:

Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;

Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;

Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;

Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;

Няфёд У. Народны артыст СССР П.​С.​Малчанаў. Мн., 1958;

Яго ж. Народны артыст БССР У.​І.​Уладамірскі. Мн., 1954;

Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд. Мн., 1989;

Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;

Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.​К.​Ільінскі. Мн., 1954;

Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;

Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;

Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;

Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;

Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;

Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;

Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;

Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.

А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Да арт. Акцёрскае мастацтва. А.​Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.​Вольскага).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. М.​Ульянаў у ролі маршала Г.​К.​Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. С.​Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. Ч.​Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт. Акцёрскае мастацтва. Г.​Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.​Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.​Купалы).

т. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апо́ка1 ’гатунак вапняка’, ’рама для ліцейнай формы’ (БРС). Рус., укр. опока ’тс’, польск. opoka ’скала, камень, камяністы грунт; фундамент’, чэш., славац. opuka ’вапняк’, славен. opǫ̑ka ’вапняк, камяністая глеба’, ц.-слав. опока ’скала, камень’; гэта значэнне адзначаецца ў старабеларускім помніку XV ст. (Карскі, Труды, 313), зафіксавана ва ўкраінскай мове ў XIX ст. Першаснае значэнне ’вапняк’, хаця зарэгістравана яно на ўсходнеславянскай тэрыторыі толькі ў XVI ст. (Сразн.), ад гэтага значэння, паводле матэрыялу, апокай стала называцца ліцейная форма (рэгіструецца ва ўсходнеславянскіх мовах з XVII ст.), а пазней — рама для ліцейнай формы. Іншае разгалінаванне значэння ’вапняк’ > ’скала з вапняка (крэйды)’ > ’скала’ > ’камень’ > ’камяністы грунт’, ’фундамент’. Пашырэнне значэння ’скала’ ў старабеларускай і ўкраінскай, магчыма, адбылося шляхам запазычання з польскай ці царкоўнаславянскай. Этымалогія — перагаласоўка e/o да дзеяслоўнага кораня *pek‑ (параўн. пяку, пячора), прынятая Міклашычаім, 235, і Бернекерам IF, 13, 214, выклікае сумненні з боку семантыкі (Праабражэнскі, 1, 653). Чэш. форма з u замест o тлумачыцца кантамінацыяй з коранем *puk ’трэскацца’ ў сувязі з тым, што апокавыя пароды часта трэскаюцца на пласты; у сувязі з гэтым Махэк₂ (416) лічыў чэшскую форму першаснай, а ‑o‑ ў іншых мовах паясняў вынікам асіміляцыі з першым o; апошняе малаверагодна. Прымаючы семантычны бок тлумачэння Махэка, Супрун (Веснік БДУ, 1970, 2, 83–84) звязвае корань слова апока з беларускім дзеясловам покацца ’трэскацца, расколвацца, расшчапляцца’ (гл.), звязаным, магчыма, з выклічнікам пок гукапераймальнага характару. Корань пок‑ адвечна быў варыянтам кораня пук‑ з блізкім значэннем (гл. апука2) ці быў пазней ім выцеснены.

Апока2 ’цяжкі прадмет, напр. бервяно’ (Крывіцкі ў Бяльк.), апо́чча, апо́чына ’палена, што кепска колецца’. Гэта далейшае развіццё значэння апока1: ’скала’ > ’камень’ > ’цяжкі камень’ > ’цяжкі прадмет’. Праз выраз ляжаць апокай гэта значэнне пераносіцца і на чалавека: апока ’абібок, гультай, лодар’ (Касп., Юрч., Бяльк., Серб., Мядзв.), апочына ’гультаіна’ (Бяльк.). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Апо́ка3 ’аб’ядала, п’яніца’ (Нас.). Рус. смал. опока ’тс’ (Дабр.). Параўн. покала ’абжора’ (Нас.). Утворана ад дзеяслова по́каць ’жэрці’ (Нас.) паводле мадэлі, блізкай да той, што ляжыць у аснове слова абʼядала; магчыма, усечана з *апокала пад уплывам апока ’гультай’, кантамінацыя з якім, напэўна, адбывалася (гл. апока2). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГА́НДАЛЬ,

галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.

Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст. Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.

Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл. Гандлёвы цэнтр).

На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст. гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр. ўсерас. рынку. У 2-й пал 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.

Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.

Літ.:

Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​А.​Плашчынскі.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)