мімо́за

(н.-лац. mimosa, ад гр. mimos = пераймальнік)

травяністая, кустовая або дрэвавая расліна сям. бабовых з дробнымі кветкамі у коласападобных суквеццях, некаторыя віды якой згортваюць лісцікі пры дотыку да іх; пашырана ў тропіках і субтропіках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пеларго́нія

(н.-лац. pelargonium, ад гр. pelargos = бусел)

травяністая расліна сям. гераніевых з пахучым лісцем, каляровымі кветкамі і падоўжанымі пладамі, якія па форме нагадваюць бусліную дзюбу, пашырана ў Паўд. Афрыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сало́п

(фр. salope)

верхняе жаночае адзенне ў выглядзе шырокай доўгай накідкі з прарэзамі для рук, часта на падкладцы, ваце або футры, якое было пашырана ў Зах. Еўропе і Расіі ў першай пал. 19 ст. сярод гараджанак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АСЕЦІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іранскіх моў (усх. група); мова асецінаў. Пашырана ў Асеціі, на тэр. Цэнтр. Каўказа, у некаторых раёнах Грузіі і Паўд. Каўказа. Паходзіць ад моў качэўнікаў Паўн. Прычарнамор’я (скіфаў, сарматаў, аланаў і інш.). На асецінскую мову моцны ўплыў (асабліва ў фанетыцы і лексіцы) зрабілі каўказскія мовы. Мае 2 асн. дыялекты: іронскі (аснова літ. мовы) і дыгорскі.

Фаналагічная сістэма характарызуецца 7 галоснымі (моцнымі і слабымі) і 28 зычнымі, у тым ліку змычна-гартаннымі гукамі. Граматычны лад аглюцінатыўны (у скланенні) і флектыўны (у спражэнні). Граматычнага роду няма. Першы пісьмовы помнік (грэч. Літары) — Зелянчукскі надпіс (941). У 1844 А.М.Шагрэн стварыў алфавіт на аснове кірыліцы, з 1923 пісьменства на аснове лац., з 1938 — рус. графікі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДО́ТКА

(Burhinus oedicnemus),

птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.

Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.—кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНФІЛА́ДА (франц. enfilade) у архітэктуры, шэраг паслядоўна прылеглых адно да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі, што пры адчыненых дзвярах стварае скразную перспектыву ўсіх інтэр’ераў, звязаных у адзіную арх.-пластычную сістэму.

Анфіладная планіроўка ўзнікла ў Стараж. Егіпце. Пашырана ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У яе аснове — прынцып стварэння пышна аздобленых інтэр’ераў з эфектам бясконцасці, глыбокай перспектывы арх. прасторы (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палац і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваецца ў буйных грамадзянскіх збудаваннях, пераважна музейных і выставачных (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Палац мастацтваў у Мінску і інш.). Анфіладай называюць таксама шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў (праспект Ф.Скарыны ў Мінску).

А.М.Кулагін.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУ́НЦЫЯ

(Opuntia),

род кветкавых раслін сям. кактусавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ад стэпавай зоны Канады да Паўд. Аргенціны (за выключэннем вільготных трапічных абласцей). На Беларусі асобныя віды вырошчваюць у пакаёвай культуры і аранжарэях. Найб. дэкар. апунцыя белаватая (О. leucotricha) і дробнаваласістая (О. microdasys). У пакоях цвітуць рэдка. Размнажэнне чаранкамі.

Сукулентныя шматгадовыя расліны. Сцябло падзелена на членікі, з калючкамі або без іх, паводле формы членікаў бывае шарападобнае, цыліндрычнае і плоскае (найб. пашырана). Лісце невялікае, шылападобнае, сакаўное, рана ападае. Кветкі адзіночныя, двухполыя. Плады ягадападобныя, мякаць сцябла і лісця ў большасці відаў ядомыя; іх выкарыстоўваюць у харч. і спіртавой прам-сці, медыцыне, як корм, фарбавальны сродак, з валокнаў вырабляюць паперу. Расліны прыдатныя на жывыя агароджы, сідэрат і паліва.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЭРНА́РЫЯ

(Alternaria),

род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Больш за 100 відаў. Пашырана па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 10 відаў: паслёнавая (A. solani), капусная (A. brassicae), агурковая (A. cucumerina), парэю (A. porri), каранёвая (A. radicina), чаргаваная (A. tenuis) і інш. Сапратрофы. Узбуджальнікі альтэрнарыёзаў с.-г. раслін. Выклікаюць сухую і мокрую гніль пладоў і агародніны ў час вегетацыі і асабліва пры захоўванні, мікозы чалавека і жывёл.

Міцэлій шматклетачны, гаплоідны, развіваецца ў тканках або паверхневы, бясколерны, з узростам набывае аліўкавы ці аліўкава-буры колер. Размнажаецца канідыямі. Канідыяльны напыл аксамітны, кропкавы, аліўкавы або чорны. Альтэрнарыі зімуюць міцэліем у глебе, на раслінных рэштках.

Альтэрнарыя паслёнавая: 1 — канідыяносец; 2 - пашкоджаны ліст, 3 - пашкоджаны клубень бульбы.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЫ́НА, маліна шызая (Rubus caesius),

кустовая расліна сям. ружавых. Пашырана ў краінах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі ўсюды, асабліва на Палессі. Расце па берагах рэк, на заліўных лугах, узлесках, у хмызняках, утварае густыя, непраходныя зараснікі. Прыдатная для лесамеліярацыйных работ, замацавання яроў.

Кусты выш. 60—150 см. Надземныя парасткі двухгадовыя, фіялетава-шызыя, звычайна ўкрытыя шыпамі і шчацінкамі. Лісце няпарнаперыстараздзельнае з 3—5 лісцікамі. Кветкі двухполыя, белыя, дыям. да 3 см. Цвіце ў чэрв.ліп., плады сакавітыя салодкія складаныя касцянкі, чорныя з шызым налётам, выспяваюць у сярэдзіне жніўня. У аматарскім садоўніцтве культывуецца сорт Агавам, найб. прыстасаваны да клімат. умоў Беларусі. З пладоў гатуюць сокі, варэнне, жэле, яны багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, карацінамі, танідамі.

Ажына.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)