ЗАСЛО́НАЎ Канстанцін Сяргеевіч (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.

К.С.Заслонаў.

т. 6, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,

газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.​В.​Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.—крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел. нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ. «Рабочий и солдат».

С.​В.​Говін, М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОН (Kon) Фелікс Якаўлевіч (30.5. 1864, Варшава — 28.7.1941),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят». У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917—22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у т. л. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919—30 чл. Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), у ліп.—жн. 1920 чл. Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922—23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927—35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдактар газ. «Красная звезда» (1925—28), час. «Каторга и ссылка». (1927—29), «Наша страна» (1937—41) і інш. Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930—31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931—33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933—37). Быў чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКО́ВІЧ Васіль Пятровіч (н. 18.2. 1914, в. Франопаль Брэсцкага р-на),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1949). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў узбр. выступлення сялян в. Навасёлкі Брэсцкага пав. (1933). У ліст. 1934 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, дэп. Нар. сходу Беларусі ў Беластоку (1939). З чэрв. 1941 на фронце. У вер. 1941 рэпрэсіраваны, сасланы ў г. Омск, у крас. 1942 вызвалены. У вер. 1942 — ліп. 1944 нам. нач. асобага аддзела атрада імя Калініна партыз. брыгады «Народныя мсціўцы», нач. спецгрупы. У 1945—70 на сав. і парт. рабоце і ў органах юстыцыі ў Брэсце. У 1970—89 навук. супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Адзін з аўтараў зб-каў «У працы і баі» (1970), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973). Ганаровы грамадзянін г. Брэст (1978).

Тв.:

Тайными тропами. Мн., 1974.

М.​П.​Клімец.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БКНЕХТ (Liebknecht) Вільгельм (293.1826, г. Гісен, Германія — 7.8.1900),

дзеяч герм. і міжнар. рабочага і сацыяліст. руху, журналіст. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Гісена, Марбурга. Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Германіі, пасля паражэння якой эмігрыраваў у Швейцарыю. У 1850—62 жыў у Лондане, дзе кантактаваў з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. У 1867—70 дэп. рэйхстага Паўн.-Герм. саюза. У 1869 разам з А.Бебелем заснаваў С.-д. рабочую партыю (т.зв. Эйзенахцы), у 1875 садзейнічаў яе аб’яднанню з прыхільнікамі Ф.Ласаля ў адзіную Сацыяліст. рабочую партыю Германіі. У 1874—1900 (з перапынкамі) член с.-д. фракцыі рэйхстага Герм. імперыі. З 1890 гал. рэдактар с.-д. парт. органа газ. «Vorwärts» («Уперад»). Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Інтэрнацыянала 2-га.

Тв.:

Рус. пер. — О политической позиции социал-демократии, в частности по отношению к рейхстагу;

Никаких компромиссов, никаких избирательных соглашений!;

Пауки и мухи. М., 1958;

Из воспоминаний о Марксе. М., 1968.

В.Лібкнехт.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР Саламон Танхелевіч (22.12.1889, г. Кнышын Падляскага ваяв., Польшча — 1.9.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэвалюцыю 1905—07 камандзір атрада самаабароны ў Беластоку, потым у арміі. У 1910 арыштаваны за арганізацыю салдацкага бунту. З турмы ўцёк, эмігрыраваў у ЗША, дзе ўдзельнічаў у левым прафс. руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. З 1919 чл. РКП(б), заг. секцыі па рабоце сярод яўр. насельніцтва Смаленскага гаркома РКП(б). З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Беластоцкага акруговага к-та КПРП. Удзельнік 6-га кангрэса Камінтэрна. З 1923 чл. ЦК, з 1926 чл. Бюро ЦК КПЗБ. У 1932—33 узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ. З 1933 на парт. рабоце ў БССР, з 1936 — у Омскай вобл. Аўтар брашуры «Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі» (1935, пад псеўд. І.​Р.​Валевіч). Скончыў самагубствам.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ Уладзімір Іванавіч (14.4.1888, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — сак. 1938),

рускі паэт. Брат Г.І.Нарбута. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1906—12). Уваходзіў у аб’яднанне акмеістаў «Цэх паэтаў». У 1922—28 на парт. і выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1908. У першым зб. «Вершы» (1910) пераважае тэма прыроды. У паэт. зб-ках «Алілуя» (1912, арыштаваны цэнзурай; 2-е выд. 1922), «Вій» (1915), «Верацяно» (1919), «Плоць», «У вогненных слупах», «Вершы пра вайну» (усе 1920), «Вялікдзень» (1922) і інш. тэмы адчаю і надзеі, спалучэнне розных стылістычных і моўных пластоў — ад біблейскага да вясковага. Аўтар паэмы «Аляксандра Паўлаўна» (1922), апавяданняў, этнагр. нарысаў, артыкулаў пра М.​Гумілёва, С.​Гарадзецкага, М.​Клюева, М.​Цвятаеву, В.​Мандэльштама і інш. Творчасці Н. ўласціва сувязь з укр. фальклорам, выкарыстанне ўкраінізмаў, царкоўнаславянізмаў, інтэнсіўнасць фарбаў, натуралізм.

Тв.:

Избр. стихи. Париж, 1983;

Стихотворения. М., 1990.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ЙСКІ Мікалай Ільіч (28.2.1880, с. Кунашоўка Нежынскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна —28.7.1948),

савецкі паліт. і ваен. дзеяч. Вучыўся ў Дзямідаўскім юрыд. ліцэі (Яраслаўль, 1901—05). Чл. РСДРП з 1901, з 1903 бальшавік. Супрацоўнік бальшавіцкіх газет «Звезда» і «Правда» (1910—14). У 1917 кіраўнік ваен. арг-цыі пры ЦК і Петраградскім к-це РСДРП(б), старшыня Усерас. бюро франтавых і тылавых арг-цый пры ЦК. партыі. У Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 старшыня Петраградскага ВРК, кіраваў узяццем Зімняга палаца. З ліст. 1917 нарком ваен. спраў РСФСР, старшыня Усерас. калегіі па арг-цыі і кіраванні Чырв. Арміі. З сак. 1918 у кіруючым апараце Чырв. Арміі. У 1919 нарком па ваен. і марскіх справах Украіны. У 1919—23 кіраўнік Усевобуча. У 1924—35 на парт. і сав. рабоце, у т. л. чл. ЦКК партыі (1924—30). Працы па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХУ́ТА Яраслаў Сільвестравіч (8.3. 1930, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 20.3.1996),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1949—52), скончыў Мінскую Вышэйшую парт. школу (1973). Працаваў у раённых, рэсп. газетах, на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык», «Родная прырода». Друкаваўся з 1946. Пісаў вершы і прозу. Асн. тэмы твораў — чалавек і прырода, прыгажосць роднай зямлі, каханне. Адметнасць прозы — лірызм, паэтычнасць (зб. «Ты пайшла ў сонца», 1973). Краязнаўчая тэматыка, эцюды пра родны край, яго славутых людзей у кн. «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1992), «Пад высокім сонцам» (абедзве 1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989), «Крыніца ёсць у родным краі...» (1992). Дасціпнасцю і займальнасцю адметныя кн. для дзяцей «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Перапёлачка» (1979). Гумарыстычныя і сатыр. апавяданні, гумарэскі, фельетоны ў кн. «Мудрая цялушка» (1976).

Тв.:

Жальба жытняга коласа: Кн. падарожжаў. Мн., 1993.

Я.С.Пархута.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДКО́Ў Цімафей Ерафеевіч (21.2.1915, в. Шчэжар Магілёўскага р-на — 23.11.1995),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Смаленскі пед. ін-т (1950). З 1946 на парт. рабоце ў Смаленскай вобл. З 1952 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у БДУ. З 1964 заг. кафедры і адначасова (1965—71) прарэктар Мінскага радыётэхн. ін-та. Даследаваў гісторыю рэв. руху на Беларусі напярэдадні і ў перыяд 1-й сусв. вайны, Лют. рэвалюцыі 1917. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1, 2-е выд. 1968).

Тв.:

Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;

Борьба трудящихся Белоруссии против царизма (1907—1917 гг.). Мн., 1967;

Большевистская газета «Правда» в Белоруссии (1912—1917 гг.). 2 изд. Мн., 1972;

Полувековой опыт СССР и современный мир. Мн., 1975.

Э.​А.​Забродскі.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)