гібрыдыза́цыя

(ад гібрыд)

скрыжаванне розных відаў раслін або жывёл, каб атрымаць лепшыя па якасці сарты, віды, пароды (напр. вегетатыўная г.); часта суправаджаецца гетэрозісам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пуцала́ны

(іт. pozzolana, ад Pozzuoli = назва гары каля Неапаля)

горныя пароды вулканічнага паходжання (попел, пемза, туфы; якія ўтвараюцца пры вывяржэнні лавы, багатай крэменязёмам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Кі́рка ’прадаўгаваты завостраны малаток для драблення цвёрдай пароды’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (ТС, Др.-Падб., Бяльк.). Праз рус. кирка ’тс’, якое, паводле Шанскага (2, 136), запазычана з грэч. κερκίς ’матыка’ (?) з пераходам у іншы марфалагічны тып (назоўнікі ж. р. на ‑а). Гэта этымалогія належыць Матцэнаўэру (LF, 8, 165). Але значэнне ’матыка’ для грэчаскага слова застаецца невядомым ні для Матцэнаўэра, ні для Фасмера (2, 238). Апошні сумняваецца ў гэтай этымалогіі, лічачы больш верагоднай этымалогію Корта (AfslPh, 9, 518) (< тур. küräk ’лапата’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІРУЗА́ (ад перс. фірузе),

мінерал класа фасфатаў, водны гідраксілфасфат медзі і алюмінію, CuAl6[PO4]4(OH)8∙5H2O. Мае прымесі жалеза, кальцыю, цынку і інш.

Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае масіўныя, шчыльныя або скрытакрышталічныя да буйназярністых агрэгаты. Колер ад блакітнага да зялёнага. Бляск матавы, васковы. Цв. 5—6. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Другасны мінерал, утвараецца ў арыдных абласцях пры ўздзеянні паверхневых водаў на гліназёмныя пароды. Паўкаштоўны камень. Зялёныя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як ювелірна-вырабныя камяні. Радовішчы ў Іране, Таджыкістане, Узбекістане, ЗША і інш.

Біруза.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБЕ́ЛЬНЫЯ ГЛІ́НЫ,

гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРАПІДО́З пчол, акароз, акарыёз,

кляшчовая хвароба, небяспечная хранічная інвазійная хвароба рабочых пчол, матак і трутняў, якая выклікаецца паразітаваннем кляшча Acarapis Woodi. Пашырана ў краінах Еўропы. Да акарапідозу ўспрыімлівыя ўсе пароды. Кляшчы адкладваюць яйцы ў трахеі, і на 3—6-ы дзень утвараюцца лічынкі. Цыкл развіцця 10—16 сут. На адной пчале можа паразітаваць да 150 кляшчоў. З моманту заражэння адзінкавых пчол да пашкоджання 50% сям’і праходзіць 3—5 гадоў. Ранняй вясной хворыя пчолы не могуць узняцца ў паветра, падаюць на зямлю, сядзяць кучкамі.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. accumulatio намнажэнне, збіранне) у геалогіі, працэс намнажэння на паверхні сушы ці на дне воднага басейна рыхлых мінер. і арган. асадкаў. Вобласць акумуляцыі — пераважна паніжаныя прасторы тэктанічнага і дэнудацыйнага паходжання. Існуюць 2 асн. Тыпы акумуляцыі: вулканічная і асадкавая (гл. Седыментацыя, Намнажэнне асадкаў). У залежнасці ад геал. фактараў адрозніваюць акумуляцыю наземную і падводную. У выніку акумуляцыі ўтвараюцца вулканічныя горныя пароды і разнастайныя формы акумуляцыйнага рэльефу, паклады многіх відаў карысных выкапняў, на Беларусі, напр., торфу, сапрапеляў, вапняку, калійных соляў, галіту і інш.

т. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛОТАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, кіслотатрывалыя матэрыялы,

металічныя і неметалічныя матэрыялы, устойлівыя супраць разбуральнага дзеяння кіслот. К. м. металічныя — высокалегіраваныя сталі і чыгун, некат. металы (напр., нікель, медзь, алюміній, цырконій, серабро) і сплавы. К. м. неметалічныя — горныя пароды (напр., андэзіт, граніт), каменнае ліццё (напр., базальт), палімерныя матэрыялы (полівінілхларыд, поліэтылен, фтарапласты і інш.), кераміка, шкло, спец. замазкі, цэменты і інш. Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. прам-сці для вырабу розных ёмістасцей (і іх футравання), труб, шлангаў, падлогі, пакрыццяў, а таксама як кіслотатрывалыя герметыкі і ўшчыльняльнікі.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́КУЛЬ, каракульскія смушкі,

шкуркі, знятыя з ягнят каракульскай пароды авечак на 1—3-я суткі пасля нараджэння.

Каштоўнае футра, мае пругкую, шаўкавістую, бліскучую воўну з завіткамі рознай формы (валькаватыя, бобападобныя, кольчатыя і інш.) і памераў (4,5—8 мм), якія ўтвараюць малюнак смушка. Найб. каштоўныя шкуркі — з валькаватымі завіткамі, размешчанымі паралельна-канцэнтрычнымі або прамымі радамі даўж. 12—30 мм і больш. Часцей трапляюцца чорныя (больш як 80%) і шэрыя (12—15%) смушкі, каляровых мала. Са шкурак неданошаных каракульскіх ягнят атрымліваюць каракульчу.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ КОНЬ,

парода коней, якая існавала на тэр. Беларусі (Гродзенская і Мінская губ.) са стараж. часоў па 18 ст. Паходзіла ад дзікага продка — ляснога тарпана. Паўплываў на вывядзенне пароды беларускага запражнога каня.

Выш. ў карку да 140 см, маса да 350 кг. Масць шэрая, мышастая, радзей буланая, гнядая, з цёмнай паласой уздоўж спіны. Галава вял., тулава каржакаватае, моцнае, ногі сухія. Пры бегу жвавы, нястомны, трывалы; жыццяздольны, неўспрымальны да хвароб, але без добрых цяглавых якасцей. Выкарыстоўваўся ў ваенных і бытавых мэтах.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)